Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Бясплатныя шэнгенскія веды

14.03.2013 культура

Пачуўшы назоў літаратурнага фэста «Шэнгенка», некаторыя маглі падумаць, што там раздаюць бясплатныя шэнгенскія візы.

Аднак там раздавалі бясплатныя веды па сучаснай літаратуры некаторых краін Шэнгенскай зоны, піша generation.by.

Цікава, што назву для мерапрыемства прыдумаў пісьменнік Павел Касцюкевіч, перад якім праблемы атрымаць шэнгенскую візу не стаіць, бо ён мае ізраільскае грамадзянства.

«На наш супольны погляд, гэта вельмі ўдалая канцэпцыя, канцэпцыя «Шэнгенкі», як адказ на замкнёнасць межаў, з якімі беларусы сутыкаюцца», —  тлумачыць выбар назвы адзін з арганізатараў фэсту філосаф Павел Баркоўскі.

Імпрэза пачалася са спажывання вітамінак, якімі частавалі арганізатары мерапрыемства прысутных. Усе прэзентаваныя кнігі польскіх, чэшскіх, вугорскіх і славацкіх аўтараў выйшлі ў 2012 годзе ў перакладзе на беларускую. Замест пісьменнікаў і паэтаў іх кнігі прадстаўлялі тыя асобы, якія звычайна застаюцца незаўважанымі чытачамі  — перакладчыкі. Дапамагаў ім паўсюльісны паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Апошняга цяжка было назваць мадэратарам сустрэчы, бо асобныя ягоныя пытанні-прамовы цягнуліся даўжэй за адказы саміх перакладчыкаў кніг. Напрыканцы аднаго з такіх пытанняў перакладчыца Марыя Пушкіна пажартавала: «Самы час паўтарыць пытанне спачатку». І прысутныя засмяяліся і запляскалі ў ладкі. Марыя перакладала вандроўныя нататкі польскага эсэіста Анджэя Стасюка, там, са словаў перакладчыцы, можна знайсці і трэшовыя кавалкі Румыніі і коцікаў Славеніі.  

«Чытаючы Стасюка, усе падарожныя даведнікі губляюць сэнс», — лічыць Марыя, якая сама вандруе спынам і часам узгадвае тэксты Анджэя Стасюка.

Урыўкі з усіх пяці кніг зачытвалі вядомыя акцёры Павел Харлачук і Ганна Хітрык.

Падчас прэзентацыі апошняй кнігі вугорскага пісьменніка Пэтэра Надаша можна было з захапленнем паназіраць за вясёлымі пераўвасабленнямі Паўла, з дзеда ў бацьку, а потым у суседскага хлопчыка. Папулярны вугорскі аўтар Надаш у 2011 годзе быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію, але не атрымаў яе. Аднак Андрэй Хадановіч упэўнены, што ў бліжэйшай будучыні Надаш займее свайго Нобеля. Раман «Канец адной сямейнай сагі» перакладаўся Алесем Карцелем на беларускую не з арыгінальнай мовы раману (вугороскай), а з польскай.

Таксама на адкрыцці прадставілі вершы авангарднага польскага паэта Тадэвуша Ружэвіча, эсэ пра культуру славацкага дысідэнта Дамініка Татаркі і славацкі «Розум» Рудольфа Слабады.

«Кнігі абіраліся з дапамогай нашых калег з краін Сярэдняй Еўропы, яны стараліся абраць тых аўтараў, якія, на іх погляд, найлепш прэзентуюць іх краіну», — кажа Павел Баркоўскі.

Фестываль сярэднееўрапейскай літаратуры працягнецца да 29 сакавіка ў галерэі «Ў».

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2020 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]