Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Павал Аракелян: «Законы не працуюць ні ў эканоміцы, ні ў шоў-бізнэсе»

16.03.2013 культура
Павал Аракелян: «Законы не працуюць ні ў эканоміцы, ні ў шоў-бізнэсе»

Калярытнага музыканта Паўла Аракеляна па праву можна лічыць гонарам беларускага джазу.

Ён перайграў разам з шэрагам славутых нашых і замежных артыстаў – ад Святаслава «Света» Хадановіча і «Камераты» да Сяргея Манукяна і Дэбары Браўн. Апошнім часам ён гастралюе ў складзе «Крамбамбулі», не забываючыся на сольную творчасць – ён мае ўласны праект «Аўтсайдэры» і дае канцэрты разам з сястрой Аленай Аракелян. На жаль, віртуозную ігру на саксафоне  Аракеляна ў Мінску пачуеш рэдка. Сёння Павал адказвае на пытанні charter97.org.

- Павал, чаму так ня часта выступаеш у Мінску?

- Арганізацыяй нашых канцэртаў тут проста няма каму заняцца. Былі спробы зладзіць выступы, але выходзіла хранова – то рэклямы не было, то гук быў дрэнны, то ўсё разам. І немагчыма потым гэтых арганізатараў знайсьці, каб зь імі разабрацца. Прыйшоў да высновы, што лепей самому займацца, знайсьці грошы, спонсараў. На гэта трэба месяц выкінуць. Мала, што на гэта сыходзіць час, дык яно яшчэ і ў мінус можа апынуцца. Так што па выніку можна змарнаваць месяц на арганізацыю ды яшчэ і застацца вінным.

- Ты ўжо прызнаны музыкант, маеш статус аднаго зь лепшых джазмэнаў і саксафаністаў краіны, але пры гэтым ты не запатрабаваны ў гэтай краіне, я так разумею?

- Ёсьць такая рэч, як праца, калі запрашаюць паіграць у рэстарацыі ці на карпаратыве, аднак гэта ж не канцэрт, на які можа патрапіць слухач, набыўшы квіток. Я сам не адчуваю ніякай запатрабанасьці, і статус тут аніяк не ўплывае. Нават на працу запатрабаваныя больш танныя музыкі, моладзь, нават аматары, гэта асобная тэма. А каб прыцягваць спонсарскія грошы, трэба таксама мець асаблівы талент, якога ў мяне няма. Нават сорамна, калі прапануюць: вазьмі грошы ды запішы дыск ці зрабі канцэрт. Я хутчэй за ўсё не вазьму.

- Ты сам пра сябе можаш сказаць, што ты - пасьпяховы музыкант?

- Хутчэй за ўсё не. Не хапае пэўных рысаў характару, каб свой узровень пераўтварыць у вартыя заробкі. А па-другое, у нас, як і ў напэўна кожнай іншай галіне, не працуюць законы, у прыватнасьці, ў эканоміцы і ў шоў-бізнэсе. Таму непатрэбныя тут музыкі высокага ўзроўню. Тут працуе закон «чым таньней – тым лепш» ці нават «чым больш пантоў – тым лепш».

- Ведаю, што ты пэўны час нават грузчыкам працаваў, каб зарабіць на жыцьцё. Вельмі нагадвае савецкія часы, калі шмат выдатных музыкаў не маглі прыладзіцца паводле абранай прафесіі.

- Так, было такое, быў і грузчыкам. Працу ў сваёй сферы знайсьці сабе можна. Самае запатрабаванае – гэта кавэр-бэнд. Можна граць Антонава, Пугачову, сучасныя поп-гіты і з гэтага зарабляць. Але для мяне лепш грузчыкам пайсьці працаваць. Можа я і не маю рацыі, але для мяне музыка важная частка майго жыцьця і не хацелася б стаць звычайным лабухам, каб гэта было толькі прафэсіяй, прычым ня самай лепшай. Калі ўжо абіраць, дык лепш стаць айцішнікам, юрыстам ці доктарам, чым музыкам, які грае Антонава.

- Ты жывеш у Менску, але ці можаш ты назваць гэты горад – яшчэ і ня родны табе -  зручным для твайго жыцьця?

-  Беларусь і Менск лічу сваёй Радзімай, хоць і не нарадзіўся тут. Але не сказаў бы, што гэта месца зручнае для працы і для жыцьця. Мяркую, што ў рэгіёнах для прадстаўнікоў творчых прафэсій справа выглядае яшчэ горш.  Думаю, калі б зьмянілася б палітычная сытуацыя, і ўсё б запрацавала на рынку па тых жа законах, што і ў сьвеце, то і праца зьявілася б. Канечне, працы будзе заўжды меней, чым, скажам, у Нью-Ёрку, але нашмат болей, чым сёньня.

- Абсалютна натуральна ў такім разе задумацца ўсур’ёз – ці з’язджаць адсюль? Ты агучваў ужо сам сабе такое пытаньне?

- Агучваў. І я б наважыўся, каб была магчымасьць зьехаць працаваць, падтрымліваць сям’ю ці наогул перавезьці яе. Мяне тут шмат чаго і каго трымае, але з працай тут сапраўды цяжка, амаль што немагчыма.  Дык мала што з працай – ты тут нават ня можаш зрабіць тое, што хочацца зьдзейсьніць паводле пакліканьня. Маю на ўвазе праекты некамерцыйныя, якія трэба зрабіць ды пусьціць у вольнае плаваньне. Падобныя задумы назапашваюцца, але не даводзяцца да завяршэньня, бо няма грошай на студыю і нават часу. І ня робіш тое, дзеля чаго ты абраў гэтую прафэсію.  

- Ты прызнаваўся ўжо, як на цябе істотна паўплывалі падзеі сьнежня 2010 году, калі ты ўпершыню ўсьвядоміў сябе беларусам. Але якія пачуцьці ў цябе былі пасьля і што ты думаеш цяпер наконт магчымасьці пераменаў у краіне?

- Прызнаюся, што я расчараваўся. Найперш у палітычных дзеяньнях, у палітыках і ў палітыцы. Цяпер я бачу, што для кагосьці палітыка – гэта бізнэс і тых, хто называе сябе палітыкамі, сытуацыя, якая склалалася, цалкам задавальняе. Куды больш важнай задачай для сябе бачу тое, каб змагацца за захаваньне беларускай культуры і, дай Божа, як будзе магчымасьць, зрабіць яшчэ трошачкі свайго. Ня ведаю як і калі зьменіцца сытуацыя і хто там прыйдзе да ўлады, але каб у гэты момант было бачна, што мы зрабілі, каб гэта можна было ўзьняць і парадавацца.

- Ці можа Беларусь прапанаваць нечага цікавага астатняму сьвету?

- Канечне можа! Беларусь, як і кожная краіна, што не далучаная да сусьветнага мэйнстрыму, багатая на самародкаў. І тое, што зроблена такімі людзьмі, не падпарадкоўваецца ніякім правілам і законам, ад таго і можа ўяўляць вялікі інтарэс. Кубінская музыка, напрыклад, хлынула і накрыла ўсе Злучаныя Штаты… Не лічу сябе вялікім знаўцам у беларускай культуры, але лічу, што ў беларускай паэзіі, напрыклад, ёсьць чалавек, пра вершы якога мусіць ведаць увесь сьвет. Гэта Анатоль Сыс, паэзія якога мяне неймаверна ўразіла.  У музыцы – этна-трыё «Троіца», якое робіць абсалютна ўнікальны прадукт, які зь цікавасьцю будзе прымацца ў якой заўгодна краіне сьвета. Толькі ў нашай сытуацыі зь беларусамі працаваць рызыкоўна прадусару з Галяндыі ці з Штатаў, бо яму трэба ўкласьці грошы ў абслютна невядомы гурт у яго краіне і ня ведаць пры гэтым, ці дадуць музыкам візу, ці не затрымаюць на мяжы і гэтак далей. Працуючы ў той жа Вільні па агульназразумелых законах, музыкант можа мець у дзесяткі разоў больш паездак, бо сама сыстэма перасоўваньня простая: сеў у цягнік ці самалёт ды паехаў-паляцеў.

- Такое ўражаньне, што ты на сваю сольную кар’еру апошнім часам падзабыўся ці гэта толькі  так падаецца?

- Можа быць і так, бо зараз вельмі шмат часу працуем зь Лявонам Вольскім і гэта праца, якая мне надта падабаецца. Зрэшты, я ніколі і не імкнуўся да таго, каб зрабіць зь сябе зорачку. Калі запрашалі – тады адгукаўся. Гэтак жа было і з «Крамбамбуляй», супрацоўніцтва зь якой зацягнулася.

- Гэта ты так сам зь сябе кпіў, калі назваў уласны праект «Аўтсайдэры»? Чаму, напрыклад, не «Лідэры»?

- Таму што, калі ў Беларусі нехта імкнецца паказаць нешта новае, то ён будзе «аўтсайдэрам». Канечне, доля іроніі тут была. Можа быць тут так і сталася, што як назвалі карабель, так ён і паплыў (сьмяецца). Але назву ўсё ж у бліжэйшы час зьмяняць не плянуем.

- У сольным пляне для цябе зараз праект №1 гэта «Сыс»?

- Я на 100% разумею, што гэта не прынясе ніякага рэнамэ, ані грошай…нічога. Але я ведаю, што я мушу яго зрабіць. Я пазнаёміўся з творчасьцю Сыса ў складаны час свайго жыцьця, калі быў у цяжкім запоі і месяц сядзеў дома, кідаў піць. Не выходзіў нават у краму, каб не было спакусаў. Не было такой задачы – стварыць паводле вершаў кампазыцыі, проста яно вылілася ў музыку. І лічу, што тое, што атрымалася, проста неабходна захаваць і запісаць, каб людзі пачулі гэтую паэзію. На жаль, зараз мала чытаюць, тым больш беларускае. Мы паказвалі рэшту гэтай праграмы на вечарыне, прысьвечанай Караткевічу і я ўбачыў, што некаторыя ўпершыню для сябе адкрылі Сыса, сярод іх былі нават расейцы, якія ня ведаючы мовы адчулі, што ў гэтых радках схаваны глыбокі зьмест.

- А сам ты зараз спрабуеш пісаць тэксты?

- Раней пісаў па-ангельску, але зараз гэтага не раблю. Ёсьць тэксты па-расейску, але гэта хутчэй такія дзіцячыя песенькі. Ані ангельская, ані беларуская для мяне мовы няродныя, я іх ня ведаю настолькі, каб на іх пісаць. Гляджу, як працуе з тэкстамі Лявон Вольскі, і разумею, што мне трэба яшчэ доўга вучыцца. І, найперш, вучыцца думаць па-беларуску.

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter97.org

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]