Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вячаслаў Корань: У нас няма шоў-бізнэса

12.04.2013 культура
Вячаслаў Корань: У нас няма шоў-бізнэса

Музычныя гурты стаміліся ад адсутнасьці грошай, таму працэс разьвіцьця беларускамоўнай музыкі запаволіўся.

Лідэр славутага беларускага гурта ULIS Вячаслаў Корань цяпер працуе ў Польшчы і зрэдку наведваецца дамоў. Тым ня менш, ён мяркуе аднавіць тут рэпетыцыі сваёй каманды пасля перапынку ў некалькі год. Падчас прыезду ў Менск, культавы музыкант даў інтэрвію сайту charter97.org, згадаў слаўную гісторыю айчыннай рок-музыкі ды паразважаў пра будучыню нашага музычнага андэграўнду.

У свой час ULIS задаў высокую плянку для ўсёй беларускай рок-музыцы. Музыка, створаная камандай на пачатку 90-х, працягвае натхняць новае пакаленьне. Новая праграма гурта Akute, напрыклад, называецца паводле даўняга хіта ULIS «Як на далоні». Безумоўна, Кораня такія факты радуюць, але ранейшую творчасьць гурта ён сам лічыць састарэлай.  

- Як вы сёньня самі ўспрымаеце песьні,  створаныя больш чым 20 год таму ў гурце ULIS?

- Лічу гэты матэрыял ужо састарэлым. Ён быў сучасным у тыя часы, гэта была рок-музыка, цяпер жа гэта можна назваць поп-рокам. Наогул поп-музыка зь цягам часу робіцца цяжэйшай, у яе прыходзяць электрагітары з драйвам. Вось, у Боўі, які раней граў на канцэртах драйвова, а запісваўся больш папсова, апошні альбом атрымаўся драйвовым. Граць зараз у такім рэчышчы, у якім граў ULIS на пачатку – гэта значыць вярнуцца ў мінулае на больш чым 20 год. А я хачу рабіць музыку больш сучасную і альтэрнатыўную.

- Тым ня менш, шмат якія песьні зь першых альбомаў слухаюцца актуальна дагэтуль.

- Яны выглядаюць актуальнымі, таму што з тых часоў у нашай краіне нічога не зьмянілася – як быў Савецкі Саюз, так і застаўся.

- Якія вашы цяперашнія прыярытэты?

- Рабіць такую музыку, якая ня будзе ні на што падобна. Заўжды да гэтага імкнуўся, хоць і не заўжды атрымлівалася. Ідэі ўсплываюць, калі слухаеш шмат рознай музыкі. Канешне, падабенства можна знайсьці заўжды, але я за тое, каб рабіць музыку з чыстым сумленьнем і не плагіяціць, як гэта робіць вялікае мноства выканаўцаў. Яны, бывае, зьдзіраюць адзін у адзін усё пад чыстую – мэлёдыю, уступ, тэмп, танальнасьць, як у выпадку зь Лепсам і Coldplay, напрыклад. Гэта вельмі просты шлях да папулярнасьці, а вось зрабіць нешта сваё адрознае, што можа прынесьці вядомасьць – куды складаней. Мы заўжды імкнуліся да гэтага, таму і частка публікі нас адразу не прымала і называла «чухнёй», а затое праз 10-15 год сталі казаць, якія добрыя ў нас былі першыя альбомы.

- Вы стаіце на пазыцыі, што беларускаму гурту трэба сьпяваць толькі па-беларуску?

- Гэта пытаньне сам для сябе я вырашыў ужо даўно. Мая музыка, якой я займаюся і жыву, павінна быць беларускамоўнай. Іншага шляху тут я не бачу. Пазыцыя іншых гуртоў можа адрозьнівацца ад маёй, але тыя, хто арыентуецца на расейскую ці ангельскую мовы, становяцца адразу ж больш падобнымі да сотняў іншых камандаў у сьвеце. Беларуская мова ўносіць сваё ў мэлёдыку і рытміку, у аранжыроўку і робіць песьню адрознай. Я, напрыклад, не магу слухаць гурты зь Беларусі, якія робяць нешта па-ангельску.

- Калі да вас прыйшло такое ўсьведамленьне наконт беларускай мовы? Вы ж нават не ў Беларусі нарадзіліся.

- Так, я нарадзіўся ў Пскове, але ў беларускай сям’і. Тата быў ваенным мэдыкам, і яго паслалі туды па службе. Калі мне было пяць год, мы вярнуліся ў Беларусь і з таго часу жылі ў Менску. Мушу прызнаць, што савецкая прапаганда ў тыя часы папросту вынішчала беларускасьць. Рабілася гэта настолькі ўдала, што і я пэўны час верыў, што жыву ў самай лепшай краіне ў сьвеце, а мова наша – расейская. Сьвядомасьць да мяне прыйшла дастаткова позна. Калі было ўжо за 30, я стаў граць у гурце «Бонда», потым пачало зьяўляцца болей інфармацыі, і канчаткова стала зразумела, што сытуацыя выглядае зусім ня так, як нам казалі.

- «Улісу» дапамагло ці зашкодзіла тое, што ён прабіваўся зь песьнямі па-беларуску, напрыклад, у Расію?

- Мы гралі канцэрты зь вядомымі гуртамі і былі нароўне зь імі. З DDT і Сукачовым, напрыклад. Тады мы думалі, што ўсё будзе ў парадку і з нашай краінай, і з нашай кар’ерай. Ужо пазьней, у 1993 годзе, мы рабілі фільм пра «Уліс», які да жалю так і ня выйшаў. Для яго было запісана інтэрвію з Арцеміям Троіцкім, дзе ён называў наш гурт адным зь лепшых у былым Савецкім Саюзе. Калі мы езьдзілі ў Расею на фэстываль «Сырок», то нам там усе дыфірамбы сьпявалі і казалі, што нам трэба да Стаса Наміна, але патрапіць у расейскі шоў-бізнес чужым вельмі няпроста. Тут патрэбны вельмі добры мэнеджмент, у нас яго проста не было. А вось у «Ляпісаў» прадусары спрацавалі і яны прасунуліся. Сама мова тут ролі не грае, пра гэта сьведчаць і украінцы, што прабіліся на расейскі рынак.  

- Можаце сказаць, як чалавек, што быў зьвязаны з «Басовішчам» ад пачатку яго правядзеньня, чаму фэст страціў былую прыцягальнасьць для музыкаў і слухачоў?

- «Басовішча» загубілі тыя людзі, якія займаліся фэстывалем у апошні час. Фэстывалі павінны рабіць прафэсыяналы, што могуць падыйсьці да арганізацыі з пункту гледжаньня шоў-бізнеса і зрабіць так, каб публіка прыязджала. Аднак запрашалі і прывозілі туды зусім ня тых.

- У сучаснай беларускай музыцы вас нешта абнайдзейвае?

- Ня тое, што беларуская, сусьветная музычная тэндэнцыя мяне апошнім часам мала натхняе, акрамя тых рэдкіх альтэрнатыўных гуртоў, якія імкнуцца рабіць нешта сваё арыгінальнае. Але іх не пабачыш па тэлевізары і не пачуеш па радыё, іх музыка не мае шырокай вядомасьці. Да нас такая музыка, калі і даходзіць, то са значным спазненьнем. Атрымліваецца, што тут яна прымаецца за сьвежую і актуальную, а на Захадзе яна ўжо лічыцца састарэлай. З нашых сучасных гуртоў я вылучу Akute, Re1ilkt, магчыма «Дай дарогу», толькі менавіта, як канцэртную каманду, а не студыйную. Вартых гуртоў па пальцах пералічыць, а іх павінна быць вялікая колькасьць.  

- У 90-ыя беларускамоўны рок безумоўна тут панаваў. Вы, як чалавек, што меў дачыненьне прынамсі да трох гуртоў, якія тады актыўна выступалі, можаце сказаць, чаму гэты час скончыўся?

- Старыя каманды проста стаміліся ад адсутнасьці грошай, бо ва ўсіх сем’і і трэба неяк жыць і зарабляць, таму працэс разьвіцьця беларускамоўнай музыкі запаволіўся. Мы ня можам зарабіць з музыкі, у нас няма шоў-бізнэса, адсутнічае мэдыйная падтрымка і дайсьці да слухача можна толькі праз інтэрнэт, сродкаў няма, каб запісаць альбом, зьняць кліп і так далей. Тым часам прыйшло новае пакаленьне, якое гадавалася на іншай музыцы, новыя музыкі пайшлі шляхам прыпадабненьня, яны не выкарыстоўваюць беларускую мову, таму і згасае інтарэс да ўсяго беларускамоўнага року. Ангельскамоўныя каманды зь Беларусі зараз пакуль знаходзяцца ў стане эўфарыі, думаючы, што яны здабудуць сусьветную папулярнасьць. Але гэта ўсё няпраўда, ніколі так ня будзе. Варта найперш працаваць на сваю аўдыторыю.

- Дык чаму новае пакаленьне можа, а старыя каманды запаволіліся?

- Таму што ў гуртоў, якія пачынаюць, яшчэ гарыць агонь і ёсьць надзея, ім дапамагаюць бацькі, і зарабляць грошы ў іх няма пакуль вялікай патрэбы, яны не маюць сем’яў. Праблема якраз у тым, што ў нашай краіне няма магчымасьці жыць і зарабляць, займаючыся сваёй улюбёнай справай. У нас няма сеткі клубаў, якія павінны быць на кожным кроку і даваць магчымасьць для заробку. А ў нас выходзіць шоў-бізнэс наадварот – музыкі нават гатовы самі прыплачваць, каб недзе выступіць.

- Дык выходзіць тады, што ня варта і пачынаць?

- Калі чалавек адчувае свае сілы, ён павінен гэтым займацца, наколькі яго хапае. Сытуацыя можа зьмяніцца і калі-небудзь пачнецца тут нармальнае жыцьцё, як ва ўсёй Эўропе.

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter97.org

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]