Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Армейский дневник Франака Вячорки (Часть 2)

24.02.2009 политика

Насильно призванный в армию лидер «Моладзі БНФ» Франак Вячорка рассказывает в своих очередных письмах о буднях белорусской армии и о том, как он попал в госпиталь.

«Беларускія навіны» надрукавалі другую частку дзённіка моладзевага лідэра Франака Вячоркі.

23 лютага. Дзе Яны — абаронцы Айчыны?

Дзень абаронцы Айчыны. Дзень узброеных сілаў Рэспубліки Беларусь. Ніхто з хлапцоў ня ведае, чаму адзначаем менавіта 23 лютага, але «раз так прынята, значыць, так трэба».

У гісторыі ёсьць выбітнейшыя даты, якія маглі б сымбалізаваць веліч узброеных сілаў Беларусі. 8 верасьня 1514 года беларускія войскі ВКЛ атрымалі самую значную перамогу над амаль утрая большай маскоўскай арміяй. Тая перамога зьяўляецца ўзорам эўрапейскага ваенна-тактычнага майстэрства.

БНФ рабіў спробы абвесьціць 8 верасьня нацыянальным сьвятам — Днём беларускай вайсковай славы. 8 верасьня 1992 на плошчы Незалежнасьці ў Менску пад бел-чырвона-белым сьцягам афіцэры-беларусы прынялі прысягу на вернасьць свайму народу. Удзел бралі афіцэры ў адстаўцы, дзеячы Беларускага Народнага Фронту Васіль Быкаў, Анатоль Грыцкевіч, Зянон Пазьняк. Сярод тых, хто прымаў прысягу, быў і Віктар Шэйман, які неўзабаве стаў найбліжэйшым паплечнікам Лукашэнкі.

У афіцыйнай ідэалягічнай дагматыцы нават адсутнічае міф пра 23 лютага. Затое ён ёсьць у нацыяналістаў. 23 лютага 1944 было падпісана распараджэньне аб утварэньні Беларускай Краевай Абароны (БКА). БКА паўстала зь ініцыятывы Беларускай Цэнтральнай Рады і яе прэзыдэнта Радаслава Астроўскага. У сакавіку 1944 адбыўся першы ў гісторыі прызыў у беларускую нацыянальную армію. Больш за 25 тысяч жаўнераў і афіцэраў супрацьстаялі бальшавікам, бандытам-партызанам, а пасьля і фашыстам. Галоўная мэта БКА — вольная і незалежная Беларусь — ня спраўдзілася. Многія эмігравалі, а хто застаўся — пакараныя як калябаранты.

У вайскоўцаў БКА былі ўласныя песьня-марш, малітва і нават уніформа. Тэкст прысягі амаль ня розьніцца ад сучаснай беларускай, у гэтым адчуваецца прыемная пераемнасьць. Але самае галоунае — ідэйная плятформа, усьведамленьне вайсковага абавязку як місіі.

У нас у шпіталі адбылася цэлая дыскусія. Нават салдат-стараслужачы — актывіст БРСМу пагадзіўся, што войска без нацыянальнай ідэі — ня войска. Афіцыйная дзяржаўная ідэалёгія не дае адказу, ЗА што мы змагаемся. Зампаліт ня здолеў мне патлумачыць, чаму МЫ абавязаныя бараніць расейскае неба і якая Беларусі ад гэтага карысьць (маецца на ўвазе супольная з Расеяй сетка СПА).

Усё гэта для хлапцоў было адкрыцьцём. Я ім даў перапісаць тэксты «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «У гушчарах», «За Случчыну». Гэтыя маршы значна лепш кладуцца пад крок, чым тое, што нас прымушаюць сьпяваць на вечаровай прагулцы.

20 лютага. «Ваеннаслужачы абавязаны мужна вытрываць цяжкасьці ваеннай службы».

«Армейскі дзёньнік» не прымусіу чакаць рэакцыі. На наступны дзень пасьля яго зьяўленьня ў газэце Naviny.by у казарме апынуліся рабочыя, якія адрамантавалі зьліўныя бачкі ў прыбіральні. Цікава, што замінала гэта зрабіць апошнія паўтара года? Салдаты ўспрынялі навіну як маю асабістую перамогу, пасыпаліся скаргі і прапановы...

А вось у баранавіцкай лякарні ВПС і войск СПА, куды мяне засунулі, праблема стаіць яшчэ вастрэй. Мэдыкі вымушаныя працаваць у жорсткіх антысанітарных умовах. Усякая зараза імгненна разыходзіцца па ўсіх пацыентах. Нягледзячы на стараньні ўрачоў і медсясьцёр, некаторыя вайскоўцы ляжаць з прастудай па два тыдні, прымаюць па тры ўколы на дзень і усё адно не ідуць на папраўку.

Салдаты мне усе раяць напрасіцца на нарад у сталовую. «Адной рукой, — кажуць, — будзеш мыць посуд, іншай — душыць тараканаў».

— А што зробіш? — кажа кухарка. — Грошай на рамонт няма!..

17 лютага. Лячэньне

Мяне павезьлі лячыць. Мой стан здароўя нікога ўжо не задавальняе, нават вайскоўцаў. Спачатку павезьлі з Мазыра ў Баранавічы, дзе знаходзіцца штаб брыгады.

На наступны дзень з Баранавічау павезьлі ў Менск на кансультацыю кардыёляга. Ля дзьвярэй Рэспубліканскага вайсковага шпіталя сустрэў Зьмітра Хведарука — салдата, таксама ў форме: толькі я — ў параднай, ён — у баявой.

Мяне глядзеў загадчык другога кардыялягічнага аддзяленьня. Побач сядзеў Водчыц, які мяне «абсьледаваў» у студзені. Маё зьяўленьне для іх было нечаканасьцю. Сказалі, што першыя тры месяцы службы — выпрабаваўчы пэрыяд. І калі праблемы зь ціскам ды сэрцам будуць працягвацца, магчыма, камісуюць. «Але пакуль, — гавораць, — лячыся!»

Не маглі вызначыцца, дзе мяне лячыць — у Бабруйску ці Баранавічах. У рэшце рэшт, пакінулі ў Баранавічах у 222 лячэбным цэнтры Ваенна-паветраных сілаў і войск Супрацьпаветранай абароны.

16 лютага. Ваенныя вучэньні

«Пад'ём!!!» — салдаты падскокваюць з ложкаў, адкідваюць коўдру, хапаюцца за штаны. «Вучэбна-баявая трывога!» Хлопцы сударгава спрабуюць нацягнуць анучы на ногі і ў берцы. Два крайнія робяць «сьвятламаскіроуку»: вешаюць на вакно коўдры. Салдаты бягуць атрымоўваць зброю, штаны і кіцялі зашпільваюць па дарозе. Хапаюць шапку, свой-нясвой бушлат і нясуцца на індывідуальную баявую пазыцыю. На ўсё пра ўсё даецца 5 хвілінаў.

Гэтак пачынаюцца ваенныя вучэньні. Мая праца — у камандным пункце, куды трэба пасьпець дабегчы. Я — пляншэтыст, адзначаю перамяшчэньні паветраных судоў і патэнцыйнага ворага. Іншым пашанцавала менш: іх задача — сядзець у акопах у чаканьні ўяўнага праціўніка.

На паўдарозе да баявой пазыцыі, а яна ідзе пад гару, у мяне падскочыў ціск, забалела сэрца. Наступныя разы я ужо ня бегаў...

14 лютага. Салдацкае шчасьце. Мазыр

Шэсьць кабінак, тры з іх спраўныя, і толькі ў адной працуе зьліўны бачок. Стараслужачыя рэкамендуюць " ...адразу ў дзірку". Ачко за чвэрць стагодзьдзя эксплуатацыі згніло, патрэскалася, сьмярдзіць.

Калі цябе забралі ў армію, зьмірыся. Ты быдла. Аб цябе будзе выціраць ногі кожны. Прынамсі пакуль не атрымаеш лычкі і зорачкі, будзеш мець падначалены асабісты склад, зможаш зьневажаць сам...

У войску матам не лаюцца, на ім размаўляюць. Нават тыя, хто пачапіў зоркі і носіць высакароднае імя афіцэра. 18-гадовыя юнакі, якія воляй-няволяй патрапілі ў войска, глядзяць на хамства і… прызвычайваюцца.

"Вы павінны быць як усе!" — чуем мы штодзень. Людзьмі без гонару і годнасці. "Ня думайце! За вас падумаюць!" — скажа прапаршчык.

Стараслужачыя відавочна няправільна юрыдычна, але называюць нашу часьць "дысбатам". Гэта самая строгае і суворае падразьдзяленьне брыгады, сюды адпраўляюць вінаватых на "перавыхаваньне". Дзедаўшчыны няма. Статутчына. Мы завучваем воінскія статуты на памяць і расказваем іх на адзнаку.

Наш батальён працуе ў рэжыме безупыннай баявой падрыхтаванасьці. Салдатам прыходзіцца працаваць на дзяжурствах ці нарадах па 16—20 гадзінаў на суткі. Сумаваць не прыходзіцца. Зрэшты, чытаць таксама. Бібліятэкі няма.

Кожнаму жаўнеру належыць звальненьне раз на тыдзень. Гэта паводле статуту. Тут вызваляюць раз на квартал ці паўгода, і то калі пашанцуе. Замест гэтага ставяць у нарады і дзяжурствы.

Вада ў кранах толькі халодная, саланаватага прысмаку. Пітной вады не даюць. Праз тыдзень пачынаюцца праблемы са скурай. Казармы трэба прадэманстраваць якім-небудзь экспертам ад правоў чалавека. Праславіліся б на ўвесь свет.

Кормяць няблага. На сьняданак падаюць кашу з кавалачкам каўбасы, на абед — суп і бульбу з катлетамі, на вячэру — бульбу з мясам. Даюць згушчонку, булачкі з карыцай, іншыя прысмакі.

Тэлефоны строга забаронены. Аднак ты можаш пакінуць свой мабільны старышыну і, у выпадку пільнай неабходнасьці, — пазваніць.

Заўтра цырымонія ўручэньня зброі, дзень адчыненых дзвярэй. Малодшыя прыбіралі сьнег, старэйшыя фарбавалі падлогу. Прадэманструем бацькам, якія мы мужныя салдаты...

9 лютага. Служу ў войсках СПА

У войскі супрацьпаветранай абароны, згодна з сядзячай спецыфікай, бяруць, як правіла, хворых на плоскаступнёвасьць, ціск, сэрца і г.д. Сярод жаўнераў ходзіць анекдот:

"У ваенкамаце камісар распытвае прызыўніка:

— Дзе служыць хочаш?

— У лётных войсках.

— Не! Лётаць ты не будзеш, у цябе ж гіпертанія, скаліёз!..

— Ну тады ў войсках супрацьпаветранай абароны!

— ?!

— Раз я лётаць не буду — ніхто не будзе!"

8-я радыётэхнічная брыгада хуткага рэагаваньня ахоўвае паветраныя межы Беларусі. Яе падразьдзяленьні разьмяшчаюцца ва ўсіх абласьцях, апроч Віцебскай.

Нашая брыгада атрымала асаблівую славу за зьбіты паветраны шар з турыстамі. Пра гэта гаварыў увесь сьвет год 10 таму: беларускае войска выявіла і нейтралізавала праціўніка...

Мяне закінулі ў Мазыр. Мы выяўляем патэнцыяльнага праціўніка на мяжы з Украінай, адсочваем самалёты ды іншыя лётныя аб'екты, якія пагражаюць сінявокай. На палітзанятках нам давялі, што, паколькі Украіна рухаецца да НАТО, нам трэба быць асабліва пільнымі.

У часы міграцыяў птушак дадаецца складанасьцяў. Клін крылатых абрысам нагадвае самалёт. На сувязь яны, натуральна, не выходзяць. Тады па гэтых птушак пасылаюць самалёты-зьнішчальнікі. Некаторыя афіцэры зьдзіўляюцца, зь якой такой нагоды мяне і маіх паплечнікаў накіравалі ў стратэгічна важныя войскі — СПА. Жартуюць: Франак выявіць і перадасьць нешта не тое, а Шыла і Каліта гэтае нешта саб'юць...

Дарэчы, нашая брыгада суправаджае палёты прэзідэнта і дзяржэлегацый.

7 лютага. Прысягнуць на вернасьць Радзіме

Напярэдадні прысягі далі новую уніформу: кіцель, штаны, берцы, нават кукарду на шапку. Анучы памянялі на шкарпэткі. Усе чакалі нечага іншага. Гэта тая самая міліцэйская уніформа, толькі іншай расфарбоўкі і на парадак ніжэйшай якасьці. Адпаведных памераў не хапала. Хлопцы нацягвалі штаны, як ласіны, меншыя танулі ў кіцялях. Магілёўскія "берцы" аказаліся гумавай падробкай, расклейваліся на вачах.

Расчараваньню хлопцаў не было мяжы.

Нас пашыхтавалі за дзьве гадзіны да прысягі. Двумстам салдатам не было дзе разьвярнуцца на маленькім плацы з патрушчаным асфальтам. Бацькі залазілі на стэнды, футбольныя брамы, фізкультурныя прыстасаваньні, пускалі сьлязу і крычалі: "Саша! Саша!" Пачуўшы сваё імя, ледзь не чвэрць роты абарочвалася.

Ля сцэны ўвіхаліся жвавыя хлапцы. З дынамікаў загучаў "Чырвоным па-беламу" — "Не жадаю":

"…Бо мы ж не бязродныя,

Мы — беларусы.

З агеньчыкам у вачах,

З усьмешкай на вуснах.

Трэба мець гонар і верыць у тое,

Што маем сваё, бо сваё — не чужое".

Начальства крамолы не прыкмеціла. "Вось гэта прысяга!" — думалася мне. Я быў адзіны, хто яе прымаў па-беларуску: "Я прысягаю годна выконваць воінскі абавязак, мужна і самааддана бараніць незалежнасьць, тэрытарыяльную цэласнасьць і канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь".

Напрыканцы салдат мусіў выгукнуць "Служу Рэспубліцы Беларусь!" Адзін хлопец ад хваляваньня ляпнуў "Служу Советскому Союзу!"

Я крыкнуў "Жыве Беларусь!" З натоўпу пачулася дружнае "Жыве!" Крыкі маёй маці, у якой сілай вырвалі бел-чырвона-белы сцяг. "Моладзь БНФ" разгарнула расцяжку "За прафесійнае войска". Двух хлапцоў забралі ў міліцыю...

Увечары, пасьля "увалкі", салдаты "адзначалі". Пустыя бутэлькі выкідалі мяшкамі...

Шаснаццаць хлапцоў, у тым ліку я, першымі пакінулі так званы "каранцін". Зрабілі марш-кідок да вакзала, а там - начным цягніком да Мазыра...

28 студзеня. You're in the Army Now

"Я выйшаў купіць хлеба, і мяне забралі ў армію", — расказваю, салдаты сьмяюцца. Іронія лёсу.

Маё затрыманьне нагадвала галівудскі блокбастэр. Затрыманьне небясьпечнага злачынцы. "Фальксваген" з таніраванымі вокнамі, падазроны мужчына ля пад'езда, паўсюдна міліцыянты… На сьвятлафоры падбягаюць двое, заломваюць рукі і, не прадстаўляючыся, валакуць у аўтамабіль. Канвоем (ці картэжам?) вязуць у ваенкамат. Усё здымаецца на камеру.

Са мной паводзілі сябе жорстка. Ваенны камісар падпалкоўнік Загорскі зачытаў рашэньне аб маім накіраваньні на вайсковую службу. У кабінеце людзі ў цывільным, вайскоўцы, тэлеаператар, — усё загадзя пралічана і падрыхтавана. Калі я заявіў, што рашэньне незаконнае, парушаная працэдура, мяне пачалі біць, абражаць, кінулі на падлогу, зацягнулі кайданкі…

Ад наручнікаў пабляднелі рукі. Рэзкі і глыбокі боль...

— Куды вязуць? — пытаюся.

— Родину защищать!

У Баранавічы мы прыехалі па абедзе. Мяне сустрэлі 120 параў такіх жа разгубленых вачэй. Бальшыня хлапцоў — з Магілёўскай і Гомельскай абласьцей, беларусы. Пэўны час мяне не заўважалі, пакуль начальства не зьвярнула ўвагу. За мной прыставілі сяржанта, які ні на хвіліну не адлучаўся. Сяржант запісваў прозьвішчы хлапцоў, з кім я размаўляў, дакладваў гэта начальству. Адзін стараслужачы са згоды кіраўніцтва даў мне тэлефон паведаміць дадому, што са мною і дзе я. Мой уласны тэлефон забралі.

Да беларускай мовы жаўнеры паставіліся па-рознаму, але ўсе намагаліся слухаць і разумець. Давялося стаць салдацкім "адвакатам", гаварыць камандзірам пра нашы праблемы. Да іхнага гонару, мае заўвагі не пакідалі ўбаку.

З 200 новапрыбылых салдатаў не сустрэў ніводнага, хто ішоў бы ў войска добраахвотна. Для некаторых гэта стала асабістай ці сямейнай трагедыяй. У аднаго хлапца дачцэ споўнілася тры гады, жонка цяжарная і беспрацоўная. Прыслалі позву, на наступны дзень забралі...

Многія патрапілі пад новы ўказ міністра абароны пра медыцынскія патрабаваньні да прызыўнікоў, падпісаны напрыканцы ліпеня 2008. "Годнымі" сталі тысячы хлапцоў, якія раней мелі адтэрміноўку ці былі непрыдатныя да службы па стане здароўя.

У 21.00 мы ўключаем "Панараму". Салдаты глядзяць і сьмяюцца. Яны больш ня вераць прапагандзе.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2017 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр info@moyby.com