Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Катаванні. Гісторыя аднога дня

04.03.2014 политика
Катаванні. Гісторыя аднога дня

Вы можаце сабе ўявіць, што вас заводзяць у камеру, дзе няма святла (толькі начное асвятленне круглыя суткі) і вады.

Не гарачай, а проста вады. Каб яе ўключылі, трэба спецыяльна прасіць прадольнага.

…Не думаю, што гэта робіць кожны ў камеры на 7 чалавек, пасля таго як сходзіць у прыбіральню. Ідзем далей. 7 чалавек паліць. Фортка проста не адкрываецца. Т.б. не таму што нехта лянуецца, а таму што яе закрылі такім чынам, каб яе не адкрылі. І як, соры, у гэтым смуродзе знаходзіцца таму, хто не паліць ці не выносіць тытунёвы пах?

Ідзем далей. Вас выводзяць з камеры і кажуць, што вы едзеце ў суд. Здаецца, някепская навіна. Можна пабачыць блізкіх і каханых людзей, а таксама мець нейкую пэўнасць адносна перспектываў свайго жыцця на бліжэйшы месяц. Вы падыходзіце да газэлькі, пустой газэлькі, але замест таго, каб адчыніць дзверы ў салон – Вам адчыняюць дзверы ў багажніку. Недзе больш за метр у даўжыню  і палову метра ўшыркі, куды хочуць пасадзіць трох мужчын.  Нагадваю, газэль пустая.

Калі ў цябе ёсць хоць троху самапавагі і пачуцця чалавечай годнасці, ты кажаш, што пры наяўнасці абсалютна пустой машыны ты ў багажніку машыны не паедзеш. І ведаеце, што адбываецца далей? На цябе апранаюць кайданкі, б’юць у твар, разбіваючы акуляры, перакідваюць у салон, дзе працягваюць біць, а пасля нейкі падонак-лейцінанцішка пад імём Чарняўскі Аляксей Анатольевіч ставіць на цябе дзьве нагі і так вы едзеце ад ЦІПа ў Цэнтральны РАУС усю дарогу. Пры гэтым па руках Зьмітра я бачу, што апранулі яго ў кайданкі не для таго, каб зрабіць гэта акуратна. А для таго, каб нармальна папіхаць ва ўсё бакі, пакідаючы на руках чырвоныя браслеты ў выглядзе сцёртай скуры.

У акулярах выляцела шкло і Зьміцер кажа, што здолеў яго ўставіць. І толькі на носе бачны след ад удару, бо білі, калі акуляры былі на твары і на пераноссі засталіся пашкоджанні. Пасля РАУСа Зьмітра такі запіхалі ў багажнік, да астатніх – і так мы пабачылі яго перад будынкам суда.

З учорашняга дня іх ніхто не карміў. Хіба што ранкам паспелі выдаць 150 гр кашы. Усе спробы перадаць затрыманым ежу скончваліся выкідваннем з машыны гэтага пакунку. У выніку дазволу чалавеку паесці прыйшлося прасіць у суддзі. Калі, канешне, гэтых людзей можна называць суддзямі. Зьмітра асудзілі да 12 сутак арышту ў 14 гадзін. А да 18 гадзін ён усё гэтак жа сядзеў у машыне ў багажніку і чакаў, пакуль асудзяць усіх астатніх. І я магла бачыць і размаўляць з ім праз бруднае шкло айчыннай газэлькі.

ЯК ГЭТА МОЖНА НАЗВАЦЬ, АПРОЧ ЯК КАТАВАННЯМІ?

…І ён зноўку вернецца ў камеру, дзе няма вады, святла і стаіць тытунёвы  смурод. І я магу толькі маліцца Богу, каб гэтыя мразі, каторыя зусім абнаглелі і забыліся на слова закон, трымалі свае рукі і ногі падалей ад Зьмітра, Яўгена і Сяргея па дарозе на Акрэсціна.

Наста Дашкевіч, «Малады Фронт»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]