Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусь пасля Cаланы

26.02.2009 политика
Беларусь пасля Cаланы

На мінулым тыдні адбыўся сапраўдны прарыў. У заходнім напрамку. Ажно чатыры еўрапейскія дэлегацыі наведалі Мінск.

Ды яшчэ якія. Тут і дэпутаты Еўрапарламенту. І прэм’ер міністр Латвіі. А самае галоўнае – вярхоўны прадстаўнік па пытаннях агульнай знешняй палітыкі і бяспекі, генеральны сакратар Рады Еўразвязу Хаўер Салана. Хто цяпер можа сказаць, што рэжым у ізаляцыі?

Усё як у старой кітайскай прымаўцы: сядзі сабе каля ракі і чакай, калі міма праплыве труп твайго ворага. Дачакаліся. Гара прыйшла да Магамета. Не вінаватая ў бясконцых парушэннях правоў чалавека ўлада, а тыя, хто яшчэ ўчора яе за гэта асуджаў, прарываюць блакаду. Нават мілагучнае слова “Мюнхен” мімаволі пачало ўзнікаць у размовах пра гэты нечаканы ўсплёск еўрапейскай сімпатыі да невыязднога правіцеля. Сапраўды, стратэгія тая ж. Не ўдалося санкцыямі суцішыць неўтаймаваную ўладу, пайшлі ёй насустрач. Як і тады, з самымі найлепшымі намерамі. У імя ўсеагульнага міру і згоды. І якія дзівосныя ўжо шмат каму бачацца перспектывы. А той, каго яшчэ ўчора называлі “апошнім дыктатарам Еўропы”, у высокапастаўленага брусельскага чыноўніка выклікаў жаданне і надалей падтрымліваць самыя цесныя кантакты. Такі мілы, памяркоўны чалавек – і за што яго крыўдзілі?..

Высокі еўрапейскі госць вынікам візіту быў надта ўсцешаны. І ад непрыемных пытанняў навязлівых журналістаў амаль што адмахнуўся. Нічога істотнага ў адказ. Агульныя словы, двухсэнсоўныя рэплікі. А вось пра свае асабістыя ўражанні ад дарогі з аэрапорту распавядаў ахвотна. Ён дасведчаны дыпламат. І не мог не ўлічваць той факт, што Еўразвяз яшчэ зусім нядаўна ад гэтага рэжыму настойліва дамагаўся выканання дванаццаці патрабаванняў. З якіх ні адно не было выканана. Нары палітзняволеных, якіх выпусцілі ўлады, не пуставалі доўга. Паспяшаліся захапіць новых закладнікаў. Толькі іх лёс ужо амаль нікога не цікавіць, бо перакрэслівае нядаўнюю перамогу еўразвязаўскіх палітычных выхавацеляў. А тыя зверствы, якія нібы наўмысна напярэдадні доўгачаканага візіту ўчыні карнікі на вуліцах Мінску, у Гомелі і Ваўкавыску, таксама засталіся па-за ўвагай. Інакш немагчыма было б пачаць перамовы з новай старонкі і знайсці падставы для безагляднага аптымізму.

Хаўер Салана цудоўна ведаў, чаго ад яго чакалі журналісты. І тыя, каго цікавілі іх паведамленні. Але ён распавядаў пра іншае: “А Мінск? Тут чыстае паветра – гэта добра і для лёгкіх, і для мазгоў”. Што ж, магчыма, і Асвенцым добра прадуваўся ветрам. Толькі ці варта было яго хваліць за тое?

Дыпламат такога ўзроўню гаворыць толькі тое, што трэба сказаць. І ягоныя своеасаблівыя адказы на пытанні – пэўны мэсідж. Выразны і недвухсэнсоўны. На адрас тых, хто ягоным партнёрам у перамовах тут незадаволены. У Мінску легка дыхаецца. Да гэтай думкі давядзецца ўсім прывыкнуць.

Нездарма ж начальнік праблемнай краіны, яшчэ толькі пачынаючы размову з высокім госцем, закрануў адразу набалелае. “Я бы очень попросил, чтобы в отношениях между Беларусью и Евросоюзом мы постарались исключить всяких посредников. Я имею в виду как посредников внутри страны, так и за ее пределами”. Інакш кажучы, выключыць з палітычнага працэсу апазіцыю.

Пра сваю запаветную мару ён мог бы і не ўзгадваць. Еўразвяз, які пасля вызвалення Казуліна і вяртання ў шапікі дзвюх малатыражных газет здолеў заўважыць тут “лібералізацыю”, ужо даўно падштурхоўвае апазіцыю да кантактаў з рэжымам. Дакладней, да поўнай капітуляцыі. Таму што сам факт яе існавання надта замінае Еўразвязу ў ягонай новай усходняй палітыцы. І стварае процьму непажаданых праблем.

Так, вядома, правы чалавека – гэта добра. Але ж акрамя іх існуе яшчэ жорсткая рэальнасць. Ад якой нікуды не падзецца. А сутнасць яе ў тым, што Беларусь – тэрыторыя трубы. Тут праходзіць транзітам значная частка нафты і газу. Расійска-украінскі газавы канфлікт прымусіў Еўразвяз зрабіць істотныя карэктывы ва ўсходняй палітыцы. Нават з чортам, калі той будзе кантраляваць транзіт, Брусэль усталюе кантакты трывалыя і доўгатэрміновыя. Вось і “Усходняе партнерства” не прымусіла сябе доўга чакаць. Дыктатуры там самае месца.

Не, Еўропа не супраць дэмакратыі і правоў чалавека. Гэта ж яе найвышэйшыя каштоўнасці. І яна будзе весці з “апошнім дыктарам” доўгі і няспынны дыялог. А суразмоўца будзе пагаджацца, што і для яго згаданыя правы – не пустыя словы. І каб пацвердзіць тое, пасадзіць ні ў чым не вінаватых людзей. А потым выпусціць. Па хадайніцтву еўразвязаўскіх чыноўнікаў. І будуць новыя палымяныя сустрэчы. І далейшыя поспехі ў нялёгкай справе лібералізацыі. І што характэрна, без аніяках пасярэднікаў.

І тым не менш, візіт Хаўера Саланы быў надзвычай карысным для Беларусі. Ягоныя перамовы дапамаглі зразумець відавочную ісціну: у беларускай дэмакратыі сапраўдных саюзнікаў сёння няма.

І гэта не навіна. Так было заўсёды. Ніхто ніколі не хацеў з’яўлення на мапе Еўропы вольнай і незалежнай Беларусі. І калі мы самі гэтага хочам, то разлічваць трэба не на чужую дапамогу. Той шлях, якім краіна не пайшла ў дзевяноста чацвертым, давядзецца прайсці. І выправіць нарэшце трагічную памылку нашай гісторыі.

Інакш дыялог, які на мінулым тыдні тут пачаў Еўразвяз, паспяхова прадоўжыцца.

Без пасярэднікаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]