Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусь і Украіна ва ўмовах расійскай агрэсіі

11.07.2014 политика
Беларусь і Украіна ва ўмовах расійскай агрэсіі

Якой бы ні была падтрымка з Захаду, Беларусі і Украіне трэба быць разам, каб збудаваць паўнавартасныя, свабодныя і дэмакратычныя нацыі.

Распад СССР, дзве расійска-чачэнскія вайны, расійска-грузінская война, падзенне міжнароднага аўтарытэту, умацаванне самастойнасці постсавецкіх рэспублік і, як вынік, значная страта Расіяй уплыву на гэтыя краіны, прывялі расійскае кіраўніцтва да неабходнасці дэманстрацыі сілы, якую яно вырашыла ўжыць да сваіх бліжэйшых суседзяў, да украінцаў. Вымушана пакініўшы былыя краіны сацыялістычнага лагера, Расія, каб засцерагчы сферы сваіх інтарэсаў, выступае цяпер у якасці жандарма на тэрыторыі Саюза Незалежных Дзяржаў (СНД).

Здавалася, 2-я сусветная вайна скончылася 70 гадоў таму назад і як быццам бы людзі жылі ў мірны перыяд. Аднак, успомнім колькі спробаў было здабыць свабоду ў краінах, што знаходзіліся пад акупацыяй СССР: ГДР (1953), Венгрыя (1956), Польшча (1956), Чэхаславакія (1967) - усе спробы былі брутальна падаўлены. Для ўпамянутых вышэй краін сітуацыя сёння кардынальна памянялася. Аднак, імперскія напады, цяпер ужо на тэрыторыі былога Саюза, не спыніліся: аб’яўленне незалежнасці Чачні ў 1991 г. скончылася двумя крывапралітнымі расійска-чачэнскімі войнамі (1994-1996, 1999-2009) і чарговым заваяваннем Чачні; толькі ўмяшанне заходніх краін спыніла захоп Грузіі (2008). І вось зараз Украіна (2014).

У выніку гібрыднай, інфармацыйнай і дыпламатычнай вайны адбылася анэксія Крыму і падтрымліваецца сепаратызм ва ўсходне-паўднёвай частцы Украіны. Як матыў і інструмент агрэсіі ва Украіне, нараўне з вайсковымі сродкамі, выкарыстоўваецца руская мова. Расія захапіла Крым з дапамогай «ветлівых зялёных чалавечкаў» і георгіеўскіх стужак задоўга да рашэння Савета Федэрацыі, якое дазваляла кіраўніку Расіі распачаць вайну (гэтак жа лёгка Савет Федэрацыі нядаўна адмяніў дазвол, праўда, часова). Агрэсія пашырылася на іншыя раёны Украіны і зноў жа, прысутнасць там расійскіх сіл (ваенных, спецыяльных) у радах тэрарыстаў адмаўляецца Расіяй, як гэта рабілася і ў Крыме.

Падпарадкаваць сабе Украіну і украінскі народ – вось першапачатковая мэта агрэсіі. Без Украіны моц Расіі як унутры саюзаў (Мытнага, Еўразійскага), ці па-за межамі гэтых саюзаў, значна губляецца. Што тычыцца Беларусі, то яна з кожным годам ўсё больш і больш вязне ў абдымках Расіі, як у эканамічным, так і ў ваенным плане (саюзная дзяржава, Еўразійскі Эканамічны Саюз, Мытны Саюз, Арганізацыя Дзяржаў Калектыўнай Бяспекі, войскі Расіі на тэрыторыі Беларусі, удзел расійскіх вайскоўцаў у мінскіх парадах). Беларускае кіраўніцтва спрабуе атрымаць ад Расіі эканамічныя прэферэнцыі і ядзерны парасон для «абароны» ад заўжды варожага для яго Захаду ў абмен на лаяльнасць і перспектыву ўключэння беларускай дзяржавы ў структуру РФ; прычым апошняе ініцыюецца з абодвух бакоў і па розных прычынах (успомніце патугі беларускага кіраўніка заняць маскоўскі прэстол ці заяву Пуціна ў 2005 г. аб уваходзе Беларусі ў склад Расіі шасцю губернямі).

Відавочна, што чарговая нацыянальна-дэмакратычная рэвалюцыя ва Украіне, выкліканая непадпісаннем урадам Янкуковіча (пад ціскам Расіі) ассацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам у лістападзе 2013 года, ніяк не ўваходзіла ў планы Расіі. Каб выратаваць сітуацыю была прыдумана ілжывая легенда спачатку аб пагрозе для грамадзян Расіі у Крыме, а пасля аб пагрозе для рускамоўных ва ўсёй украінскай дзяржаве. У апошні час дадаўся тэзіс аб абароне «рускага міра» ва Украіне, а значыць можна чакаць такой абароны і ў іншых краінах. Цынізм і ілжа, якія суправаджаюць гэту ганебную вайну, уражваюць. Выкарыстанне Расіяй «праблемы рускай мовы» для абароны рускамоўных ва Украіне не адпавядае рэальным фактам. Як паказана ў нядаўнім артыкуле (О. Гава, 2014) гістарычна і этнічна ўсходнія і паўднёвыя рэгіёны Украіны ніяк не могуць адносіцца да «Новаросіі» ці Расіі. Доля этнічных рускіх у Луганскай, Данецкай і Адэскай абласцях, напрыклад, складае 39%, 38% і 21%, адпаведна, тады як украінцаў - 58%, 57%, і 63%. Такім чынам, больш паловы насельніцтва гэтых рэгіёнаў з’яўляюцца украінцамі і відавочна ніколі не захочуць аб’яднацца з Расіяй, як і большая частка украінскіх грамадзян, рускіх па паходжанню, якія не захочуць быць у радах «пятай калоны». Як не хочуць такога аб’ядання рускамоўныя Латвіі і Эстоніі, па крайней меры з іх боку такіх сур’ёзных заяў не было. Праведзеныя рэферэндумы ў Луганскай і Данецкай абласцях выглядаюць проста смешнымі для нармальных людзей, але не для «зялёных шавіністычных чалавечкаў».

Амбіцыйна ўзятыя Расіяй правы граць ролю старэйшай сястры ў адносінах паміж трымя краінамі: Беларуссю, Украінай і Расіяй, выкарыстоўваючы рускую мову і міф аб трыадзінстве трох славянскіх народаў, вынікаюць толькі з імперскіх інтарэсаў падпарадкаваць беларускі і украінскі народ. Расія найменш славянская з трох краін (Беларусь, Расія, Украіна) па прычыне найбольшай ассіміляцыі са шматлікімі плямёнамі і народамі. Тым не менш, яна бярэ на сябе абавязак абараняць «рускі мір» ва Украіне, дзе ён нарадзіўся і адкуль пазней быў выкрадзены. Аналіз дынамікі роста колькасці беларусаў і украінцаў на сучасных тэрыторыях за апошнія пяць стагоддзяў паказвае, што яна значна адстае ў параўнанні з рускімі, што можна тлумачыць прамым пераходам людзей іншых нацыянальнасьцяў, народаў і плямён да рускіх. Так, калі суадносіны ўсходніх славян у Масковіі і Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ) у канцы 15 ст. найбольш маглі быць 1.3:1, то прапорцыя рускіх да беларусаў і украінцаў па перапісу Расіі 1897 г. была ўжо 2:1 , а па перапісу СССР 1989 г. - 3.2:. Можна казаць, што колькасць славян-вялікаросаў-рускіх па паходжанню завышана як мінімум у 2-2.5 разы. Некаторыя даследчыкі лічылі, што рускія нават ня ёсць славянамі (Paszkiewicz, 1970).

У аснове сучаснага адкрытага кафлікта паміж Расіяй і Украінай ляжыць розніца ў гістарычных, культурных і ментальных каштоўнасцях паміж дзвюма цывілізацыямі, утворанымі усходнімі славянамі, усходнеславянскай ці беларуска-украінскай і еўразійскай. У этнанацыянальным размежаванні ўсходніх славян, якое пачалося ў часы Кіеўскай Русі, значную ролю адыграла дыфферэнцыя усходнеславянскіх моў і шэраг іншых фактараў, такіх як міграцыя і рассяленне, прыродныя умовы, ассіміляцыя славян з лакальнымі плямёнамі, і распад Кіеўскай Русі, выкліканы міжусобнымі войнамі паміж удзельнымі княствамі. Але галоўнымі прычынамі ў размежаванні гэтых цывілізацый быў прыход мангола-татараў на землі Паўночна-Усходняй Русі і ўтварэнне ВКЛ, як аб’яднальніка ўсходнеславянскіх зямель. ВКЛ было процівагай Залатой Ардзе, яно спыніла рух манголаў, а ў далейшым і рух на захад Еўразійскай цывілізацыі, утворанай у выніку зліцця Масковіі з астаткамі Залатой Арды і з мноствам пазней заваяваных зямель і народаў на ўсход, поўнач і поўдзень ад Масквы. ВКЛ выратавала беларусаў і украінцаў ад ассіміляцыі з цюркскімі народамі. Сярод другіх фактараў, якія праводзяць геаграфічную, гістарычную і цывілізацыйную мяжу паміж гэтымі цывілізацыямі, трэба адзначыць розніцу ў працягласці існавання, змены ў тэрыторыі рассялення, розныя мовы, суадносіны славян (балгары, беларусы, вялікаросы, палякі, украінцы) да прадстаўнікоў іншых этнічных груп, суадносіны вернікаў-хрысціян да вернікаў-мусульман, прызнакі прыналежнасці да заходняй цывілізацыі.

Такім чынам, гісторыя развіцця трох дзяржаў, а таксама розніца ў этнічным складзе народаў, якія ў іх пражываюць, могуць часткова тлумачыць прычыны агрэсіі Расіі да Беларусі і Украіны.

Улічваючы значны распаўсюд паўсядзённага выкарыстання рускай мовы ў Беларусі і Украіне, а таксама знешні моўны, культурны, эканамічны і ваенны ціск Расіі, нацыянальнае будаўніцтва ў гэтых усходнеславянскіх краінах значна ускладняецца. Паралельна з традыцыйнай тэрытарыяльнай экспансіяй Расіі руская мова адыгрывае значную ролю ў захопе і падпарадкаванні народаў і спыняе любыя спробы будаўніцтва маленькіх нацый. Некаторымі аўтарамі сцвярджаецца, што ўплыў мовы ў ассіміляцыі лакальных плямён існаваў яшчэ на самых ранніх этапах засялення славянамі Масковіі і Паўночна-Усходняга Краю. Ніхто не прыпамінае ўжо такія плямёны як мурома, мяшчэра, меря - некаторыя з якіх зліліся з усходнімі славянамі яшчэ ў 11-12 ст. і склалі аснову рускага этнасу. У канчатковым выглядзе веданне рускай мовы ў значнай ступені асацыявалася, асабліва ў апошнія два стагоддзі, з нацыянальным самавызначэннем па формуле: веданне і карыстанне рускай мовай = рускі па нацыянальнасці. Паступова ассімілююцца ці знікаюць цэлыя народы, у асноўным угора-фінскія, на землях якіх і пачыналася Масковія (пры гэтым трэба адзначыць значны прырост народаў Паўночнага Каўказа). Так, паводле апошніх перапісаў 1989, 2002 і 2010 гг. у параўнанні з даваенным часам (перапісы 1926 і 1939 гг.) у Расіі у некалькі разоў зменшылася колькасць мардвінаў, карэлаў, вепсаў, іжорцаў, няма натуральнага прыросту насельніцтва Чувашыі, Комі, Удмурціі. Без сумневу русіфікацыя адыграла тут сваю ролю. Калі не адбудуцца сур’ёзныя змены ў нацыянальнай самаідэндыфікацыі, то гэты ж лёс чакае і беларусаў і украінцаў. Колькі часу гэта зойме ніхто не ведае – ад дзесяцігоддзяў да стагоддзяў.

Існаванне дзвюх цывілізацый, усходнеславянскай і еўразійскай, з’яўляецца аб’ектыўнай рэальнасцю, якая тлумачыць прыроду і непазбежнасць сёняшняга канфлікта. Нягледзячы на вельмі трывожную і неадназначную сітуацыю на Украіне, у гістарычнай перспектыве развіццё дзвюх нацый, беларускай і украінскай, трэба разглядаць аптымістычным. У гэтым аптымізме бачацца два аспекты – знешні і ўнутраны. Знешні аспект абумоўлены працягам барацьбы паміж каштоўнасцямі Усходу і Захаду, на мяжы якой знаходзяцца і беларуская, і украінская дзяржавы. У той жа час, трэба мець на ўвазе, што расійская агрэсія можа не скончыцца толькі захопам Крыма і ўсходніх рэгіёнаў Украіны. Хвалююцца балгары, пагражаюць румынам, латышам, эстонцам – народам якія спазналі ГУЛАГі і ўсе любаты рабскага стану. Менавіта гэтыя краіны, якія знаходзяцца бліжэй да Расіі, трубяць на ўвесь свет аб пагрозе для свабоды і дэмакратыі, у адрозненні ад заходніх краін, якія пакрысе толькі пачынаюць разумець, што адбываецца і што ім пагражае. Можна думаць, што калі Расійская Федэрацыя/расійская імперыя будзе і надалей выкарыстоўваць «рускамоўны» падыход, то постсавецкія і несавецкія суседнія краіны не змогуць самастойна абараніцца ад падобнай агрэсіі і надзея застаецца толькі на падтрымку больш моцных і ўплывовых сіл свету. Гэта ня значыць, што Украіна і Беларусь павінны адразу ўступіць у НАТО. Саюзнікі патрэбны для таго, каб стварыць умовы для дэмакратычнага развіцця гэтых і іншых краін. Здаецца такое разуменне пачынае складвацца на Захадзе.

Унутраны аптымізм вызначаецца гатоўнасцю грамадства Беларусі і Украіны да пераменаў. Што тычыцца украінскага грамадства, то яно двумя рэвалюцыямі за апошняе дзесяцігоддзе даказала сваё імкненне рухацца наперад. Трэба адзначыць, што мова ва ўнутраным канфлікце на Украіне была адной з цэнтральных праблем на працягу апошніх 20 год і застаецца ёю. Відавочна, што без знешняга ўздзеяння украінцы, праз дыялогі, круглыя сталы, дамовіліся б як па мове, так і па іншых пытаннях. Але Расія са сваімі меркамі выключнасці ў сваім разуменні свету навязвае свае рабскія правілы жыцця, якія знешне, пад «ветлівай маскай зялёных чалавечкаў», хоча прадставіць як добрыя намеры, пры гэтым не пытаючыся у гаспадароў дома, куды яны брутальна ўварваліся. Што да беларускага грамадства, то выглядае, што яно яшчэ недастаткова падрыхтавана ўвогуле. Тым не менш, тэарэтычная верагоднасць пабудовы нацыянальнай дзяржавы ў Беларусі існуе, і яе рэалізацыя ў значнай меры будзе залежаць ад сітуацыі ва Украіне.

Дзяржаўнасць мовы тытульнай нацыі з’яўляецца адным з ключавых фактараў у вызначэнні незалежнага і свабоднага развіцця як Беларусі, так і Украіны. Няма мовы – няма нацыі. Напрасна кіраўнік Беларусі цешыцца, што амаль усе беларусы размаўляюць па руску і таму не варта баяцца расійскай агрэсіі, як гэта адбываецца ў адносінах да Украіны. Але ж менавіта рускамоўнасць і была адным з матываў агрэсіі на Украіне. Відавочна, што небяспека для ўсходнеславянскай цывілізацыі і для беларускай і украінскай нацый зараз ідзе з усходу, а не з захаду. Каля 1.4 млн беларусаў з 2.9 млн загінулі толькі ў войнах з Масковіяй (1654-1657), у 30-40-я гады мінулага стагоддзя знішчана большая частка беларускай эліты. Ці можна перакрыць гэтыя і іншыя страты ў мінулым горам і стратамі апошняй вайны, якую толькі і помняць у Беларусі?

Відаць планы ў кіраўніка дзяржавы не скіраваны на нацыянальнае будаўніцтва, бо як выглядала (не ў першы раз) ў нядаўнім інтэрв'ю з Ксеніяй Сабчак (май 2014), кіраўнік усё яшчэ ня бачыць нацыянальнай ідэі з-пад «шапкі манамаха (адзін раз ужо украдзенай)». Пакуль што, Беларусь, падпісаннем дамовы аб Еўразійскім Саюзе, лезе ў пашчу дракону, якому патрэбны новыя і новыя ахвяры. Расія сваёй ваеннай агрэсіяй у адносінах да Украіны паказала свой «еўразійскі твар» - ні Хельсінскія пагадненні (1975), ні Мемарандум аб гарантыях бяспекі (1994) яе не спыняюць. Відавочна, што гэта агрэсія надоўга паставіць крыж на ўтварэнні «славянскіх» саюзаў. У нармальных умовах «Славянскія базары» патрэбны для развіцця дружбы паміж народамі, але калі яны становяцца інструментамі ў палітыцы, то ўрэшце яны ператвараюцца ў сцэну для пошукаў ворагаў ці прыхільнікаў, як гэта адбываецца на конкурсах Еўрабачання, ці як гэта адбывалася ў перыяд халоднай вайны.

Якой бы ні была патрымка з Захаду, Беларусі і Украіне трэба быць разам і працаваць разам, каб збудаваць паўнавартасныя, свабодныя і дэмакратычныя нацыі. Улічваючы гістарычную блізкасць лёсаў абедзвюх краін і агульную цывілізацыйную прастору, роль Беларусі ў абароне інтарэсаў Украіны павінна быць значна большай. Аднак кіраўніцтва Беларусі заняло больш чым нейтральную пазіцыю, калі меркаваць па галасаванню супраць рэзалюцыі ААН, якая асуджала агрэсію Расіі ў адносінах да Украіны. Да таго ж, Беларусь de facto прызнала анэксію Крыма. Таму вельмі важнымі ў перспектыве будуць усе магчымыя кантакты паміж недзяржаўнымі беларускімі сіламі (СМІ, апазіцыйныя арганізацыі) і украінскімі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі. Падтрымка Беларусі з Украіны пасля перамогі рэвалюцыі будзе таксама найважнейшай. Гістарычны аналіз паказвае, што сітуацыя будзе паляпшацца для абедзвюх краін - гэта паступовы і непазбежны працэс.

Пётра Мурзёнак, рэдактар часопіса «Сакавік: КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ»


Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]