Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Усе мы – апазіцыя

12.03.2009 политика
Усе мы – апазіцыя

З гэтай апазіцыяй бяда. Вядома ўсім, яна ў нас не тая. І ўжо даўно шмат каго не задавальняе. Тыя з тутэйшых, хто ў цяжкі час хаваецца ў бульбу, на яе ў бязмежнай крыўдзе.

Змагаецца з рэжымам каторы год запар, а шчасця і свабоды нікому не прынесла. Усё тое - эмоцыі, вядома. Звычайныя і шмат у чым зразумелыя настроі ў народзе.

А вось замежная Еўропа мысліць прагматычна і канкрэтна. І некаторыя з яе высокапастаўленых чыноўнікаў сфармулявалі ўжо дакладна сутнасць усеагульнага незадавальнення нашай апазіцыяй. Ёсць меркаванне, што беларусы ідуць на акцыі пратэсту зусім не бескарысна. А з мэтай наўмысна патрапіць пад рэпрэсіі. Каб потым лягчэй было ўцячы ў Еўропу.

Логіку незадаволенай часткі беларускага грамадства можна зразумець. Ніхто апазіцыю тую не наймаў і нават пальцам не паварушыў, каб хоць у нечым ёй дапамагчы. Але ці не кожны ўпэўнены, што яна проста абавязана на сподачку прынесці ўсё тое, чаго не можа даць родная ўлада. А калі так, то няхай сыдзе ўвогуле, каб не перашкаджаць простаму чалавеку ў пошуках утульнага месца ва ўмовах непахіснай дыктатуры.

На вялікі жаль, і логіка еўрапейскага чынавенства не надта ўжо адрозніваецца ад меркаванняў тутэйшых абывацеляў. Ім, еўрапейцам, таксама было б куды лягчэй паразумецца з апошнім дыктатарам, калі б не замінала гэтая апазіцыя. Знайшлі ж калісьці агульную мову нават і з самім Сталіным. І нічога, жылі побач. І нават супрацоўнічалі плённа. А ГУЛАГ – хто яго тады бачыў? І ці быў ён увогуле?

А гэты беларускі дэмакратычны рух проста раздражняе. Чаго ён дамагаецца? Чаму не можа рэальна ацаніць стан рэчаў і надоўга супакоіцца? Бачна ж кожнаму, што дэманстрацыяй або пікетам да зубоў узброены рэжым не пераможаш. Як ні круці, а з’явіцца АМАП або спецназ. Дык навошта лезці на ражон?

Усё тут зразумела. Трапяць за краты, а потым будуць дамагацца палітычнага прытулку. Надзейны шлях у заможныя краіны. Магчыма, хтосьці і сапраўды ім скарыстаўся. Толькі якое дачыненне да таго мае апазіцыя? Калі б усе толькі і думалі пра эмігранцкае шчасце ў Еўропе, то напэўна ж дэмакратычны рух канцэнтраваўся б выключна ў Мінску. Тут і амбасады, і замежныя дэлегацыі, і хоць нейкая ўвага прэсы. А змагацца з рэжымам у беларускай глыбінцы – амаль тое ж, што ісці ўначы праз дзікі лес. Разлічваць можна толькі на сябе. І калі нешта здарыцца, хто там дапаможа? І трапіць за краты ў раённым цэнтры - гэта не толькі выклікаць надоўга нянавісць усемагутнай мясцовай улады, але яшчэ і адчуць варожасць выхаваных тэлевізарам, затурканых уладаю суседзяў. Ды і працу страціць там па матывах палітычных – гэта ўжо яе амаль ніколі не знайсці. І тыя, хто там мае мужнасць адстойваць свабоду і незалежнасць сваёй заняволенай краіны – сапраўдныя героі. І наўрад ці хто з іх пойдзе абіваць парогі заходніх устаноў. Тым болей, што і рэжым ахоўвае надзейна інтарэсы сваіх брусэльскіх партнёраў па недарэчна цёплых перамовах.

У Ваўкавыску правялі маштабную аперацыю па захопу няўгодных актывістаў прадпрымальніцкага руху. Са спецназам у масках. З грукатам і крыкам. Узялі трох чалавек і па бязглуздаму абвінавачванню кінулі за краты. І каб адразу ім адрэзаць нават ілюзію падтрымкі з-за мяжы, загаддзя абвесцілі тэрарыстамі ўсіх трох. Хто ж гэткіх дзе-небудзь падтрымае?

А колькі людзей падчас выбарчых кампаній ды розных палітычных акцый у раённых і абласных цэнтрах, у вёсках ды мястэчках страцілі працу ды трапілі пад арышт. Наўрад ці хто з іх дамагаўся потым статусу палітычнага ўцекача ў Еўропе. Яны, як сапраўдныя грамадзяне, проста ў цяжкі час ратавалі гонар сваёй зняважанай краіны і ні пра што іншае не думалі. Сорам абражаць іх подлым падазрэннем.

Еўразвязаўскае чынавенства ніяк не можа ўцяміць, што сённяшняя Беларусь – гэта не тыповая краіна кантыненту, а жорсткая рэліктавая дыктатура. З усімі яе наступствамі. Ды яшчэ са сваёй непаўторнай адметнасцю. Дзе яшчэ, у якой краіне свету, грамадзянам даводзіцца змагацца не толькі за вядомыя ўсім правы чалавека, але яшчэ і за права на сваёй зямлі гаварыць на ўласнай мове.

У Гомелі ў Міжнародны дзень роднай мовы некалькі маладых людзей ішлі па вуліцы, каб ускласці кветкі да помніка Кірылу Тураўскаму, беларускаму залатавусту і святому. Ды парадвацца варта было, што ёсць гэткія маладзёны. Але рэжым рэагаваў па-свойму. Іх схапілі, на шэсць гадзін кінулі ў пастарунак, прысудзілі шалёныя штрафы. А аднаго з іх, Канстанціна Жукоўскага, і ўвогуле арыштавалі на сем сутак. За што?..

Той, каму давялося зведаць тутэйшы аўтазак, напэўна ж памятае, што праз пэўны час ужо не хапае ў ім паветра. І сённяшняя дыктатарская Беларусь – гэта вялізны, пачварны аўтазак. У ім ажно дзевяць мільёнаў. Вядома, хто за рулём. І куды ён едзе. І тут ўжо нельга дыхаць. Вось толькі не ўсе разам пачынаюць тое адчуваць. Хтосьці раней. А нехта пазней. Але рана ці позна тое адчуюць усе. І выйсце застанецца толькі адно – ламаць жалезную сцяну. Біцца аб яе ілбом. Насуперак халоднай еўрапейскай логіцы. Бо інакш застанецца толькі апошняе выйсце.

Рэжым упарта і бязлітасна заганяў у гэтае апошняе выйсце маладую жанчыну. Яна не была ні знакамітай дысідэнткай, ні вядомай у свеце асобаю. Яна была адною з многіх. І яе каты разумелі: рабіць з ёй можна што заўгодна. Адказнасці не будзе. Кожным крокам, кожным допытам і працэсуальным дзеяннем у мэтах захавання аўтарытэта дыктатарскай улады яе настойліва падштурхоўвалі да згубы. Гэта не самагубства. Гэта паказальнае пакаранне. Урок усім тым, хто скарыцца не жадае. Яшчэ адным уцекачом у Беларусі стала болей. Толькі гэтым разам цывілізаваная Еўропа можа спаць спакойна.

Яна Палякова палітычнага прытулку не папросіць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]