Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Хакейны клуб «Металург» далучыўся да адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom»

06.05.2016 спорт

Прэс-сакратар «Металурга» разам з беларускімі пісьменнікамі правёў урок роднай мовы для малодшых школьнікаў у Жлобіне.

Следам за футбольным клубам «Славія» да сацыяльнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» далучыўся хакейны клуб «Металург». Прэс-сакратар «Металурга» Іван Грунтоў разам з беларускімі пісьменнікамі правёў займальны ўрок роднай мовы для малодшых школьнікаў у Жлобіне, піша «Прессбол».

Фото: pressball.by

На працягу красавіка і траўня заняткі сацыяльнага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» прашлі ў 26 школах Гомельскай вобласці. У ім прынялі ўдзел больш за 2500 вучняў другіх і трэціх класаў з Гомеля, Рэчыцы, Жлобіна, Мазыра, Светлагорска, Брагіна і вёскі Малейкі Брагінскага раёна.

Галоўная задача сацыяльнага адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» — падтрымаць і развіць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры ў малодшых школьнікаў. Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

«Мы вельмі рады, што праект «Чытаем па-беларуску з velcom» аб’яднаў вакол сябе як творчых людзей, так і спартыўную супольнасць, — падкрэсліў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. — Усё пачалося з таго, што ў Мінску праект падтрымаў баскетбольны клуб «Цмокі-Мінскя». Для дзяцей вельмі важныя сустрэчы з камандамі, якія прадстаўляюць іх родныя гарады і неабыякавыя да роднай мовы і літаратуры».

Прэс-сакратар ХК «Металург» Іван Грунтоў пракаментаваў: «Хакейны клуб «Металург» імкнецца падтрымліваць усе добрыя ініцыятывы. У клуба ёсць вызначаная папулярнасць і за кошт яе можна прыцягваць увагу да канкрэтных пытанняў, як у нашым выпадку да беларускай мовы. «Чытаем па-беларуску з velcom» вельмі патрэбны для краіны праект, таму што, нават калі з 30 дзяцей 2 прасякнуліся атмасферай і ведамі, вынесенымі з уроку — гэта ўжо велізарны ўклад. А дзякуючы таму, што гэты адукацыйны праект ахопіць усю Беларусь, зацікаўленых роднай мовай дзяцей стане нашмат больш».

Працяг адукацыйнага праекта плануецца напачатку новага навучальнага года і пачнецца са школ Брэста і Брэсцкай вобласці. У агульнай колькасці 150 школ і больш за 15 000 вучняў па ўсёй Беларусі прымуць удзел у сацыяльнай адукацыйнай ініцыятыве «Чытаем па-беларуску з velcom».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]