Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Сяргей Сахараў: Беларускія медыя пры дапамозе інтэрнэту прыспешваюць фармаванне нацыі

22.05.2016 общество
Сяргей Сахараў: Беларускія медыя пры дапамозе інтэрнэту прыспешваюць фармаванне нацыі

Беларуская медыяпрастора змагаецца з рускай, каб мы маглі развівацца як супольнасць нашмат хутчэй, чым нашы продкі.

Галоўны рэдактар інтэрнэт-часопіса пра Мінск CityDog.by «расклаў» СМІ па стылях мастацтва і распавёў, што іх чакае ў будучыні.

Лекцыю «Плюс-мінус дваццаць гадоў: што адбываецца з медыя сёння і чым гэта адгукнецца заўтра?» зладзілі Лятучы ўніверсітэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі ў межах цыкла «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні».

Пасля гэтага выступлення, насычанага машынамі часу, штучным інтэлектам і аднарогамі на вясёлках, студэнткі Інстытута журналістыкі разгублена абмяркоўвалі: няўжо гэта магчыма, што робаты змогуць пісаць якасныя тэксты не горш за людзей?

Зрэшты, як адзначыў Сяргей Сахараў, адказваючы на пытанне Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі», у прыйшласці з добрымі журналістамі ўсё будзе ў парадку, яны нікуды не знікнуць і іх праца па-ранейшаму будзе запатрабаванай.

Сяргей Сахараў па адукацыі выкладчык беларускай мовы і літаратуры і культуролаг, і ніколі не думаў, што будзе займацца тым, што сёння называюць новымі медыя.

– Гэта перадусім інтэрнэт-медыя, якія па-новаму падыходзяць да таго, што раней адбывалася са сродкамі масавай інфармацыі, – акрэсліў сваё разуменне галоўны рэдактар CityDog.by.

Ён адзначыў, што мы шмат за чым не паспяваем, ды й не толькі мы – увесь свет. Бо будучыня здзяйсняецца ўжо цяпер. А што ў гэтым плане адбываецца з медыя? Выступоўца, як сапраўдны культуролаг, паспрабаваў патлумачыць гэта на прыкладзе стыляў (і твораў) мастацтва.

Найперш было «Сярэднявечча», якое пачалося ў СМІ з эпохі газет, калі нельга было зняць з паласы матэрыял. Была пільнасць, адпаведная сапраўднай сярэднявечнай, калі жыццё грунтавалася на страху Божай кары. З часам “Рэнесансу” стала зразумела, што медыя, якія пашыраюцца ў інтэрнэце, маюць неабмежаваныя магчымасці. І, як у часы Адраджэння, галоўным героем, вакол якога ўсё гэта круціцца, стаў чалавек – чытач.

– Але час «Адраджэння» знік і, як мне здаецца, беларускія медыя цяпер жывуць у барока, нават у ракако. У барока ўсё моцна падзяляецца на светлае і цёмнае. А ракако – гэта ўсё ў завітушках, блёстках, мішуры. І зараз, калі чытач стаміўся ад усяго, што ёсць у інтэрнэце, ён пачынае рэагаваць на тое, што выклікае ў яго цікавасць. А выклікаць цікавасць – і ў нас гэты “грашок” таксама ёсць – троху ўтрыраваць, рабіць нейкія завітушкі. І гэтым таксама ёсць плюс: пасля барока і ракако мы можам чакаць Асветніцтва.

Сяргей Сахараў мяркуе, што новыя медыя могуць стаць больш разумнымі, усё больш будзе матэрыялаў, прысвечаных развіццю і самаразвіццю чалавека.

– Калі вы хочаце даваць інфармацыю, якая, на ваш погляд, можа змяняць чытача – калі ласка, рабіце ўсё, каб ён да вас цягнуўся – і ён сапраўды пацягнецца. Толькі такіх чытачоў зараз будзе вельмі мала. Калі вы хочаце арыентавацца на масу, то, безумоўна, вы мусіце арыентавацца на цікавасці людзей. Але вар’яты як раз і даюць тыя тэндэнцыі, якія пасля падхопліваюць усе і робяць іх масавымі.

Разам з тым медыя цяпер перажываюць даволі сур’ёзныя выклікі. Нягледзячы на тое, што інтэрнэт-СМІ пачалі развівацца каля 10 гадоў таму, яны ўсё яшчэ працуюць па старых шаблонах. У гэтай сітуацыі не зразумела, чаму чытачы «спажываюць» той ці іншы кантэнт, як можна зарабляць грошы (бо каля 80% медыя ў свеце непрыбытковыя), што рабіць з сацсеткамі?..

Яшчэ адна праблема – знікае павестка дня. З’яўляецца «жаўцізна», якой, на думку Сяргея Сахарава, у Беларусі насамрэч ніколі не было, бо ў нашай краіне нельга такое пісаць. Наступная хвароба айчыннай медыяпрасторы – адсутнасць сваіх герояў. Вельмі цяжка ў СМІ знайсці новых «незамыленых» экспертаў.

– Беларуская медыяпрастора змагаецца з рускай (і не толькі), каб не губляць аўдыторыю, – дадае эксперт.

Па яго словах, у сферы СМІ нам не абмінуць максімальнай аўтаматызацыі. З’явяцца сістэмы, якія самі будуць пісаць навіны – і гэта дазволіць сэканоміць на працы журналістаў. Пры гэтым аўтаматычна будуць стварацца нават вялікія тэксты – усё гэта справа 3 – 5 – 10 гадоў. З’явіцца магчымасць поўнага пагружэння і прысутнасці ў падзеях, адлюстраваных у навінах, а таксама перамяшчэння ў часе – гэта дазволіць атрымаць многія адказы на пытанні гісторыі. Таксама галоўрэд CityDog.by прагназуе развіццё лакальных медыя і адукацыйных праектаў накшталт расійскіх «Арзамаса», «ПостНауки» і інш.

– Беларускія медыя пры дапамозе інтэрнэту прыспешваюць фармаванне нацыі. Мы вельмі запаволена развіваліся да пэўнага часу. Інтэрнэт дазваляе нам абменьвацца інфармацыяй, ствараць сацыяльныя кантакты, мы можам развівацца як супольнасць нашмат хутчэй, чым нашы продкі. І гэтым трэба карыстацца, – мяркуе Сяргей Сахараў.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2022 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]