Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ручаёўка — самая беларуская вёска ў Беларусі

30.05.2016 общество

Ручаёўскі сельсавет Лоеўскага раёну на днях выйшаў у топ-навіны.

Паводле апублікаваных лічбаў перапісу карыстаньня беларускай мовай сельскімі жыхарамі ён названы ў Беларусі абсалютным лідэрам. У сельсавеце 669 жыхароў, зь іх — 99,4% размаўляюць дома па-беларуску. Двое жыхароў карыстаюцца расейскай мовай і яшчэ двое — размаўляюць на трасянцы, пішуць «Белорусские новости».

Тры чыньнікі беларускай мовы

Вёска Ручаёўка месьціцца на правабярэжжы Дняпра, паабапал ціхай шашы з Лоеву на Брагін. Мясцовыя жыхары назву сваёй вёскі зьвязваюць з невялікай рэчкай Песачанкай, якую прашчуры называлі Ручаём. Ад яго нібыта й пайшла назва вёскі. І ня дзіўна: любая рэчка побач з Дняпром, да якога рукой падаць, сапраўды выглядае ручайком.

Рэчка Песачанка

Паўз ручэй і сяліліся продкі цяперашніх ручаёўцаў. Ёсьць сярод іх ня толькі нашчадкі хлебаробаў, але нават і мэталюргаў — тых, хто пры рэчцы ў зніклым цяпер паселішчы Рудня выплаўляў у домніцах з балотнай руды жалеза, а пасьля вырабляў патрэбныя ў гаспадарцы рэчы — сякеры, замкі, клямкі, сьвёрлы. Іх мясцовая дзятва знаходзіла ў Песачанцы яшчэ нават 40-45 гадоў таму.

Старшыня Ручаёўскага сельсавета Валянціна Краўчанка апавядае:

“У 2009 годзе, калі праходзіў перапіс насельніцтва, я працавала дырэктарам нашага сельскага дома культуры і таксама ўдзельнічала ў перапісу. Людзі самі называлі беларускую мову сваёй роднай — мы так і запісвалі. І размаўляюць людзі ў нас па-беларуску. Канечне, гэта ня чыстая беларуская мова, як у пісьменьнікаў там ці навукоўцаў-філёлягаў, але ж гэта наша родная мова. У мяне й самой, можа, не заўсёды добра атрымліваецца размаўляць па-беларуску, але ж імкнемся сьвяты вёсак, іншыя масавыя культурныя мерапрыемствы праводзіць менавіта па-беларуску”.

Валянціна Віктараўна называе найперш тры чыньнікі, якія спрыяюць таму, каб родная мова не сыходзіла з ужытку. У Ручаёўцы дзеці ў школе й дзіцячым садку навучаюцца па-беларуску. Моўную традыцыю імкнуцца падтрымліваць мясцовыя культасьветустановы — дом культуры і бібліятэка. Сам сельскі савет, калі бярэцца ладзіць сьвята вёсак, то таксама робіць гэта па-беларуску. Трэці досыць важны чыньнік — зносіны ў сям’і.

“У мяне сёлета сын заканчвае адзінаццатую клясу, — дадае Валянціна Краўчанка. — Зьбіраецца паступаць у Гомель ва ўнівэрсытэт. Дык кажа мне: “Мама, буду здаваць тэст па беларускай мове”. Яму зручней і лягчэй па-беларуску і сачыненьне пісаць. Я некалі й сама, калі паступала ў Магілёўскае культасьветвучылішча, таксама здавала экзамены на роднай мове”.

Валянціна Краўчанка

Валянціна Краўчанка — тутэйшая. Жыве з сям’ёй у бацькоўскай хаце, дзе й нарадзілася. Трымае, як і большасьць вяскоўцаў, сваю гаспадарку. Але падворак у яе чысты, дагледжаны, з мноствам невялікіх кветкавых клюмбаў, акаймаваных звычайнымі камянямі. І сярод гэтай прыгажосьці “шпацыруе” самаробны бусел, расфарбаванаы ў натуральныя колеры.

“У нас насупраць сельсавета, — кажа Краўчанка, — жывая бусьлянка на электрычным слупе, Ну, і захацелася, каб сымбаль Беларусі быў і на падворку. Ёсьць задума зрабіць у вёсцы музей побыту ручаёўцаў — пакуль толькі адпаведнай хаты не падабралі”.

Адна галавешка ў печы не гарыць

Цэнтрам навучаньня й выхаваньня у Ручаёўцы была й застаецца мясцовая сярэдняя школа, якая апошнім часам займела дадатак — дзіцячы сад. Афіцыйна цяпер яна называецца гэтак: “Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Ручаеўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа”.

Усё пакаленьні ручаёўцаў навучаліся тут па-беларуску. І ня важна, які гэта прадмет — гісторыя альбо хімія, біялёгія ці матэматыка.

У мясцовых школьнікаў — перадканікульны настрой. Першаклясьнікі ўжо зладзілі свой ранішнік “Да пабачэньня, першая кляса!” Дзевяты й адзінаццаты клясы рыхтуюцца да экзаменаў.

Завуч школы, настаўніца беларускай мовы й літаратуры Таццяна Белаш пераканана, што ў дзяцей няма праблемаў з засваеньнем ведаў. Кожны год, запісваючыся на цэнтралізаванае тэставаньне, амаль усе выпускнікі выбіраюць беларускую мову. За невялікім выняткам, па-беларуску аформлены ў навучальнай установе ўвесь інфармацыйны асяродак.

Тацяна Белаш

“Тры гады ў нашай школе, — дадае Тацяна Міхайлаўна, — Дзейнічала рэспубліканская інавацыйная пляцоўка “Школа беларускай культуры”.

У гадавыя выхаваўчыя пляны ўключаліся шматлікія класныя й пазакласныя выхаваўчыя мерапрыемствы, зьвязаныя з адраджэньнем традыцыяў і культуры нашага народу. Ставілася на мэце, каб са школы выходзілі асобы з пачуцьцём гонару за сваю нацыянальную культуру, мову, за свой народ”.

Назапашаны досьвед школа не губляе. Намесьніца дырэктара ў пытаньнях пазакляснай працы Сьвятлана Анісавец распавядае, што сёлета на заканчэньне навучальнага году вучні сярэдніх і старэйшых клясаў пакажуць у межах шостага школьнага дня забаўляльную праграму “Беларускія вячоркі”. Пэдагогі і школьнікі аднавілі таксама старадаўнія абрады “Калядкі”, “Гуканьне вясны”, “Купальле”, “Сваты”.

“У малодшых клясах, — кажа Сьвятлана Аляксандраўна, — Практыкуем лягчэйшыя рэчы, напрыклад, такія заняткі: “Жарты ад бабулі й дзядулі”.

Узяць хоць бы такое выслоўе: “Адна галавешка ў печы не гарыць”. Тут і гумар, і кемлівасьць, і павучальныя высновы. Я наагул лічу, што калі школа бярэ і распрацоўвае нейкі напрамак у сваёй пазакляснай дзейнасьці — экалягіяны, гістарычны, культуралягічны , турыстычны, то ўсё гэта па- беларуску мусіць рабіцца”.

У якой краіне жыць

Пакуль гутарым ў настаўніцкай, гучыць званок. У васьміклясьнікаў — клясная гадзіна на даволі цікавую тэму: “Краіна, у якой мне хацелася б жыць”.

Кляс невялікі — тры дзяўчынкі й тры хлопчыкі. Клясны кіраўнік — настаўнік хіміі й біялёгіі Ўладзімер Абібок. Падзяліўшы прысутных на дзьве групы, Уладзімер Канстанцінавіч дае невялічкія заданьні па сымболіцы дзяржавы, ладзіць інтэрактыўнае апытаньне па гісторыі краіны, запытваецца ў навучэнцаў, што б кожны зь іх зрабіў, калі б стаў прэзыдэнтам.

Прапановаў у васьміклясьнікаў нямала: зрабіць прыцягальнай Беларусь для турыстаў, аднаўляць гістарычныя сядзібы пад музэі, ажыўляць гандаль. І амаль у кожным выказваньні: “Павялічыў бы заробкі, пэнсіі, сацыяльныя дапамогі”. Цяжэй было з адказамі: а дзе ўзяць на гэта сродкі?

Нарэшце дайшлі да галоўнага: у якой краіне хацелася б жыць? Адзін васьміклясьнік выбраў Нямеччыну, у якой быў, другі — Італію, паколькі таксама наведваў яе. Дзяўчынка хацела б жыць у Расеі, бо аддуль прыехала яе маці. Астатнія трое васьміклясьнікаў, альбо 50% ад складу клясы, жадаюць застацца ў Беларусі: дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся.

Ручаёўская дзятва

У настаўніка пацікавіўся, ці складана яму, пэдагогу, выхоўваць і навучаць дзяцей па-беларуску. Усё ж такі хімія й біялогія — гэта не клясная гадзіна, не размова на адвольныя тэмы.

“Я хоць і вучыўся ў Лоеўскім каледжы і ў Гомельскім унівэрсытэце а рускай мове, — кажа Ўладзімер Канстанцінавіч, — Але мне не складана выкладаць па-беларускуі хімію, і біялёгіі. Я ж тутэйшы, вучыўся ў Бывальках у беларускай школе. Праўда, дзеці іншы раз скардзяцца, што на алімпіядах заданьні даюць выключна на рускай мове. Гэта іх, бывае, моцна напружвае”.

Фізіка па-беларуску

У вытокаў беларускамоўнага навучаньня ў Ручаёўцы стаялі пэдагогі, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Сярод іх настаўніцы фізыкі Лідзія Малахоўская й гісторыі Лідзія Прымак.

Лідзія Малахоўская і Лідзія Прымак (справа)

Малахоўская родам з Браншчыны. Беларускай мовы, вядома, не вывучала. Настаўнічаць прыехала ў Ручаёўку пасьля сканчэньня фізычнага факультэту Гомельскага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Тут і замуж выйшла. Працяглы час працавала завучам школы. Мову ёй давялося засвойваць разам з пачаткам сталай пэдагагічнай працы.

“Падручнік фізыкі ў дзяцей быў на беларускай мове. Цягам году я па гэтым падручніку й вывучыла беларускую мову. Трэба ж было прыстасоўвацца да дзяцей і да падручніка. Можа, калі й праскоквае ў мяне слова “надо” замест “трэба”, але я й цяпер беларускай мовы не цураюся, карыстаюся ёю. Калі жывеш ў краіне, то мову яе трэба шанаваць, як бацьку ці матку”.

Лідзія Прымак, суседка Малахоўскіх па чатырохкватэрнаму блёчнаму дамку для вясковых спэцыялістаў, родам з Ручаёўкі. Скончыла ў свой час гістарычны факультэт галоўнай вышэйшай навучальнай установы краіны — Белдзяржунівэрсытэту. Вярнулася ў родную вёску сеяць, як кажуць, добрае, разумнае, вечнае.

“Зь дзяцінства мы сваёй мовай карысталіся — вось яна й перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне. Да таго ж школа заўсёды была з беларускамоўным навучаньнем. Таму ў тутэйшых жыхароў роднай мова — беларуская. Але я не магу сказаць, што беларуская мова — галоўная ў дзяржаве. У нашых суседзяў украінцаў свая мова галоўная, у нас — не. Такая палітыка вядзецца “зьверху”. Сам прэзыдэнт наш карыстаецца расейскай мовай. Гэта ж нікуды не гадзіцца! Калі забудзем сваю мову, то хутка станем нецікавымі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Патрэбна пашыраць навучаньне па-беларуску ў школах, садках. Але найперш трэба ўводзіць беларускую мову ў дзяржаўных структурах — яе ж там няма. Усе чыноўнікі размаўляюць на расейскай мове — ад райвыканкаму да самага верху”.

Жывая нітка

На адной вуліцы са школай у Ручаёўцы разьмешчаны і вясковыя дом культуры з бібліятэкай. Праз свае масавыя мерапрыемствы гэтыя ўстановы таксама далучаюць мясцовае насельніцтва да беларушчыны.

Адсюль звычайна пачынаюцца “Калядкі”, “Гуканьне вясны”, “Зажынкі”, усе іншыя сьвяты ў вёсцы.

Мясцовая бібліятэка, апрача выдачы кніг, дбае пра краязнаўства.

“На тэматычных паліцах, — апавядае бібліятэкарка Ірына Пінчук, — Сабраны летапісы ўсіх дзевяці вёсак сельсавету — ад Абрамаўкі й Ручаёўкі да Карчомкі й Грохава. Падабрана літаратура па гісторыі нашага рэгіёну, ткацтве, сьпеўных традыцыях у Беларусі. Ладзім таксама агляды беларускай паэзіі й прозы. У прыватнасьці, “Слова беларускае — наша нітка жывая”, “Глыбокая плынь”, “Я — расінка твая, Беларусь”.

У беларускую мову могуць запрэгціся толькі беларусы

З кім бы ні завёў гаворку у Ручаёўцы пра моўную адметнасьць вёскі, амаль кожны лічыў сваім абавязкам сказаць пра блізкіх суседзяў за Дняпром — украінцаў.

“Там сваю мову шануюць лепш за нас, — разважае трактарыст Аляксандар, седзячы на ладным валуне пры гаспадарчай пабудове. — Пасьля перапісу прыежджых людзей ужо дадалося, і ня ўсе прытрымліваюцца роднай мовы. Некаторыя, мусіць, нават саромеюцца. Дый мова ў нас тут больш зьмешаная — трасянка”.

Падобныя заўвагі робіць і вясковы інжынэр Сяргей Лямешчанка, які імкнецца дабудаваць дом і зрабіць сваю сядзібу максімальна камфортнай.

Сяргей Лямешчанка

“Мне б тысяч пяць даляраў, і я б дабудаваў свой дом. Можа, нават экалягічным турызмам заняўся б. Тут у нас такія мясьціны паабапал Песачанкі. Верыш, калі я быў прадпрымальнікам, зарабляў па дзьве тысячы даляраў на месяц. Цяпер я ў саўгасе інжынэр-энэргетык, маю два мільёны восемсот тысяч беларускіх рублёў. У кішэнях, лічы, вецер гуляе і на душы вольна. А мову, мову па-сапраўднаму шануюць ва Ўкраіне — ад Марыюпаля й Адэсы да бліжэйшых да нас Радуля й Любечы, ад прэзыдэнта і прэм’ера да апошняга клерка ў сельскай адміністрацыі”.

Лямешчанка цьвердзіць, што ягоная радзіна здатная гаварыць цяпер на розных мовах — беларускай, ангельскай, расейскай. Тры сястры і два браты Сяргея і сам ён — усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Пётар, дык той наагул доктар эканамічных навук, прафэсар у галоўнай сталічнай вну.

Суразмоўца, ня гледзячы на сваю тэхнічную адукацыю, даволі няблага размаўляе па-беларуску. Нават некаторыя русізмы ня надта псуюць ягоную гаворку нізкага тэмбру:

“У Беларусі найперш дзяржаўныя чыноўнікі павінны перайсьці на беларускую мову. Я ж умею размаўляць, і яны, думаю, добра рабіць гэта ўмеюць. Створаная “вэртыкаль” калі стане беларускамоўнай, то ўсе наўкола падцягнуцца. Гэта заадно згуртуе нацыю. Глядзіш, і эканамічны крызыс паддасца, дзякуючы агульным высілкам. Дзяржава мусіць стварыць моду на беларускую мову”.

Галіна Кацуба й Кацярына Рагожнік (справа)

Яшчэ больш дасьціпна і нават неяк афарыстычна выказваецца вяскоўка Кацярына Рагожнік: “Хто ж запражэцца ў нашу мову, калі не мы, беларусы?!”

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]