Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Культуру танцуюць усе

29.07.2016 политика
Культуру танцуюць усе

Мысленне аўтараў «Кодэкса аб культуры» палягае на савецкім разуменні культуры як часткі ідэялогіі.

Лукашэнка падпісаў “Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры”. 



Шматгадовымі стараннямі ўлады нацыянальная культура, беларуская мова даведзеныя да крызіснага стану, знаходзяцца на мяжы выжывання. Страціўшы іх, мы страцім Беларусь. Што ў такіх варунках можна было б чакаць ад закона, падпісанага кіраўніком дзяржавы?

Правільна: палажэнняў, выразна прапісаных артыкулаў, якія былі б скіраваныя на выпраўленне сітуацыі, на выратаванне культуры і мовы. Напрыклад, артыкула, які б абавязваў усіх, хто працуе ў дзяржаўных установах культуры, увогуле ў гуманітарнай сферы, карыстацца беларускай мовай. Без гэтага, без выкарыстання беларускай мовы беларускай дзяржавай, яе не ўратаваць. 



Гэта ўсе разумеюць — і што?.. Мяркуеце, гэтакі артыкул, ці падобныя да яго, якія б сведчылі пра рэальныя намеры ўлады захаваць нацыянальную культуру, мову, зберагчы для нашых нашчадкаў Беларусь, у Кодэксе ёсць?.. 



Няма. Амаль 230 старонак чынавенскай працы скіраваныя не на тое, каб дапамагаць, спрыяць культуры, а пераважна на тое, каб кіраваць. Усім, усімі і кожным паасобку. 



Перапісаўшы “Закон аб культуры” 1991 года, аўтары Кодэкса творча “ўдасканалілі” яго, суаднеслі з патрабаваннямі часу. Вось асноўны артыкул Кодэкса, на якім і вакол якога базуюцца ці не ўсе астатнія прынцыповыя палажэнні: 



“Артыкул 10. Дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры”. 


Дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры ажыццяўляюць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, Савет Міністраў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы і iншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй”. 


Культуру “танцуюць усе”. 



Параўнайце назву гэтага артыкула з тым, як ён быў названы ў папярэднім “Законе аб культуры”, прынятым у 1991 годзе: 



“Артыкул 10. Асноўныя мэты і прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры”. 


Калі нехта не бачыць розніцы між дзяржаўнай палітыкай у галіне культуры і дзяржаўным кіраваннем ёй, што ж… Праз пяць гадоў, як запісана ў Кодэксе, вас паклічуць на пераатэстацыю. 



Мысленне аўтараў Кодэкса палягае на савецкім разуменні культуры як часткі ідэялогіі, апошняй цалкам падпарадкаванай. Таму кіруюць культурай ідэялагічныя аддзелы, якія й вырашаюць, што ёсць культура, а што не. Культура разглядаецца імі як сфера сцверджання ўлады — і якая ў нас улада ёсць, тое яна і сцвярджае, гэткія піша і падпісвае законы, кодэксы, указы.

Уладзімер Някляеў, «Беларускі партызан»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]