Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Топ-6 неадкапаных таямніцаў Беларусі

17.10.2016 общество
Топ-6 неадкапаных таямніцаў Беларусі

15 кастрычніка адзначаўся Міжнародны дзень археалёгіі.

Яго ў 2011 годзе ўстанавіў Кангрэс ЗША, але геаграфія яго адзначэньня значна шырэйшая, чым Амэрыка.

Штогод да сьвяткаваньня далучаюцца новыя краіны. Беларускія дасьледнікі-археолягі сваё прафэсійнае сьвята адзначаюць 15 жніўня. Аднак для папулярызацыі навукі добрая кожная нагода. Адмыслова для «Радыё Свабода» беларускі археоляг Максім Чарняўскі склаў аўтарскі рэйтынг 6 мясьцінаў Беларусі, усё яшчэ таямнічых для археолягаў.

Паходжаньне сучаснага Менску

Сучаснае гарадзішча на рацэ Менцы ў вёсцы Гарадзішча Менскага раёну афіцыйна лічыцца «прарадзімаю» гораду, хоць і разьмешчана прыблізна за 15 км ад яго цэнтру. Аднак у першай пісьмовай згадцы Менску пад 1067 годам, у «Аповесці мінулых гадоў», досыць дзіўна апісаны кірунак руху войска Яраславічаў пасьля разбурэньня Менску (як мяркуецца, згаданага гарадзішча) — яны пайшлі «к Нямізе», як раней прыйшлі «к Менску». Калі б ішлі да ракі, то хутчэй напісалі б «на Нямігу». А ісьці «к» нечаму — так казалі пра горад. Дык што гэта: апіска старажытнага летапісца ці Менск стаіць на месцы гораду Нямігі, які зьмяніў імя?

Навагарадак — першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага

І, згодна зь легендай, месца супачынку ягонага першага князя — Міндоўга. Ён пахаваны пад вялізным курганам, сёньня вядомым як гара Міндоўга.

Юравічы

Гэта адзін з найранейшых археалягічных помнікаў на тэрыторыі Беларусі. Доўгі час лічылася, што гэта першая стаянка, а значыць, месца жытла першабытных людзей. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што, магчыма, археолягі выявілі не стаянку, а месца забою і наступнай разьдзелкі ўпаляваных мамантаў.

Мядзельскі замак

Ён стаяў на паўвысьпе возера Мястра на ўскрайку сучаснага горада Мядзела. Ягоная мініятура на старажытнай мапе паказвае магутныя муры, якія атачаюць цэнтральную вежу-данжон. Аднак усе археалягічныя дасьледаваньні пакуль дазволілі выявіць толькі гэтую вежу-данжон, а іншыя каменныя ўмацаваньні замку або пасьпяхова ўхіляюцца ад сустрэчы з археолягамі, або іх проста не было, а сярэднявечная мініятура — фантазія старажытнага аўтара.

Старажытнае Берасьце

Яго, празь яго разьмяшчэньне на астравах ракі Буг, называлі «Літоўскай Вэнэцыяй». Тое Берасьце было зьнішчана ў 1835 годзе на загад расейскага цара Мікалая І дзеля пабудовы Берасьцейскай крэпасьці — адной з новых заходніх фартэцыяў імпэрыі. Хоць найранейшыя напластаваньні дасьледаваныя і музэефікаваныя, большая частка зьнішчанага гораду яшчэ хавае свае скарбы ў чаканьні дасьледнікаў.

Месца бітвы пад Улай

Бітва адбылася 26 студзеня 1564 году і была адной з найславутых перамогаў нашых продкаў, калі было разьбітае ўдвая большае войска захопнікаў. Паводле сучасьнікаў падзеі, на месцы бою палеглі каля 9 тысяч ваяроў, у тым ліку нямала патанула ў рацэ. Месца бою дагэтуль невядомае.

Максім Чарняўскі - старэйшы навуковы супрацоўнік аддзелу археалёгіі першабытнага грамадзтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]