Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Аляксандра Амбражэйчык - пра «пакаленне крайнасцяў» і любоў да Радзімы

23.10.2016 общество

Чаму беларуская мова вывучаецца як замежная.

Пра прафесію цьютара ў нашай краіне мала хто ведае. Як і наогул пра патрэбы дзяцей з асаблівасцямі. Ім прапануюць часцей за ўсё спачуванне ці грошы, рэдка звяртаюцца да сутнасці пытання “А ці трэба гэта ім?”. Гераіня праекту “Будзьма беларусамі!” “Ёсць маладосць!”, Аляксандра Амбражэйчык, кінула прэстыжную ВНУ і цяпер працуе цьютарам у звычайнай мінскай школе. З ёй мы пагаварылі пра “звычайных” і “асаблівых”дзяцей, талерантнасць і тое, як гэта важна – бачыць вынік сваёй працы для пэўнага чалавека.

ФОТА: budzma.by

Мова для мяне – гэта інструмент, а не сэнс

У Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на міжнародныя адносіны я паступала, не да канца разумеючы, навошта. Я была пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, а значыць, магла без іспытаў паступаць у БДУ на факултэты Лінгвакраіназнаўства, ФФСН ці Юрыдычным факультэт Правазнаўства. Маю ініцыятыву папрацаваць крыху, каб вызначыцца, бацькі і сябры не падтрымалі: маўляў, такі шанц як не выкарыстаць. Ну і чамусьці я вырашыла, што на міжнародных адносінах мне будзе цікава. Здала першую сесію, правучылася яшчэ крыху і канчаткова зразумела: не маё. Выкарыстаць шанец не атрымалася, але я не шкадую.

Чаму кінула? Галоўнае: вывучэнне замежнай мовы – а я паступіла на “Лінгвакраіназнаўства” (спецыялізацыя – усходнія мовы) – пачало займаць цалкам усё жыццё. Я прыходзіла пасля параў, садзілася за мову, рабіла яе да 3 гадзін ночы. На іншых парах таксама займалася ўсходняй мовай, нічога больш не паспявала.. усё жыццё ператварылася ў яе вывучэнне. Мова для мяне – гэта інструмент, а не сэнс.

Ніхто не можа жыць у бочцы на краі свету

Пасля я шукала працу. Напачатку лета знайшла месца ў кніжнай краме. Мне там падабалася, але аднойчы падышоў супрацоўнік і сказаў, што я ім не падыходжу. Працавала ў кавярні, потым прадавала вокны па тэлефоне, спрабавала ўладкавацца сакратаром…. Мая маці, псіхолаг, неяк прапанавала праслухаць першы модуль інклюзіўнага сэрвісу. Я пайшла. Пасля першага дня ў галаве была абсалютная каша. Да канца трэцяга дня я вырашыла, што курс дахаджу да канца, але ці буду карыстацца ведамі – незразумела. Скончылася ўсё тым, што мне спадабалася, і я вельмі хацела, каб мяне, без аніякага вопыту ў гэтай сферы, запрасілі на працу. На здзіўленне, прапаноў было некалькі.

ФОТА: budzma.by

Дагэтуль ніякага дачынення да стасункаў з асаблівымі дзеткамі ў мяне не было. У школе я іх ніколі не бачыла. Дзе яны ўсе былі – невядома. Дома? Але ж правесці ўсё жыццё дома ці ў спецінтэрнаце – не найлепшы варыянт існавання, які можна сабе ўявіць. Без іншых людзей цяжка пражыць любому чалавеку: і асабліваму, і нарматыпічнаму. Сацыялізацыя – гэта важна. Ніхто не можа жыць у бочцы на краі свету.

Неяк са сваім аматарскім тэатрам я была ў Еўропе на гастролях. У Францыі мы выступалі для людзей з інваліднасцю, а потым глядзелі іх выступленне. Тое, што яны рабілі на інвалідных вазках, нас проста ашаламіла. Гэта было так крута, што іх выступленне я памятаю дагэтуль. У Беларусі, на жаль, сітуацыя з інклюзіяй значна горшая. Найлепшае, што можна пабачыць, – вонкавую добразычлівасць, але гэтым часцей за ўсё маскіруюцца спачуванне і насцярожанасць. Галоўнае, што бачыць наш чалавек, – бяда. І стасункаў з ёй імкнецца пазбегнуць. Гэта не талерантнасць. Так, непатрэбнае шкадаванне і нежаданне бачыць такіх людзей побач.

Інклюзія – гэта зусім не пра шкадаванне слабага

Пра прафесію цьютара ў нас мала ведаюць. Кожны раз трэба тлумачыць, што я, дарослая, раблю ў класе побач з малымі. Больш за ўсё мне падабаецца камунікаваць з дзецьмі. Яны там самыя клёвыя. Пасябравалі мы досыць хутка, цяпер яны часцяком звяртаюцца да мяне па дапамогу: шалік завязаць, зашпіліць, што-небудзь дастаць з верхніх паліц. Зазіраюць у наш рэсурсны клас: там ёсць і батут, і цацкі, і шмат чаго цікавага, неабходнага ўсім дзецям пачатковых класаў.

ФОТА: budzma.by

Маю падапечную завуць Іра. Яна нарадзілася з цяжкім храмасомным захворваннем: бацькам казалі, што яна не будзе хадзіць, размаўляць… Але цяпер ёй 8, і намаганнямі бацькоў і неабыякавых людзей яна ходзіць у звычайную школу, чытае, піша, займаецца спортам, добра ведае ангельскую… З ёй кожны дзень розны. І ніколі не ведаеш, што ёй захочацца заўтра. Можа спадабацца шарык, і яна будзе ўсё паслухмяна выконваць, абы толькі яго часцей давалі. А бывае, бярэ абутак і моўчкі, абсалютна спакойна, кідае яго ў мяне. Яна не любіць здымаць абутак. Даводзіцца шукаць варыянты, як гэта можна зрабіць інакш.

Гэта праца, якая вучыць цярпенню. Я па складзе характару халерык. Так што тут для мяне пэўны выклік. Пастаянна патрэбна звяртацца да сябе, нагадваць, што я працую на пазітыўнае, сачыць на сваімі рэакцыямі, пазіцыяй у дачыненні да дзіцяці. Стэрэатыпы паводзінаў вельмі добра ўкараняюцца ў свядомасці. Складана прызнаваць, што ты не маеш рацыі. А ў гэтай працы, калі дзіця штосьці адмаўляецца рабіць ці ў яго дрэнныя паводзіны, – гэта твае “касякі”.

Бываюць дні, калі я выходжу са школы такая стомленая, спустошаная, што здаецца, ва ўсім гэтым няма сэнсу, што нічога добрага я не раблю. І трэба кідаць і не марнаваць час – ні свой, ні дзіцяці. Але на наступны дзень гэтае адчуванне знікае. Дастаткова згадаць, якой прыйшла Іра 1 верасня і што яна можа ўжо ў кастрычніку. Маўленне стала лепшым, грамчэйшым, яе разумеюць без маёй дапамогі і выкладчыкі, і дзеці, яна стала больш упэўненай… калі бачыш гэтыя малыя “перамогі”, адчуваеш карысць сваёй працы. Пэўны сэнс для пэўнага чалавека.

Я не назіраю за дзецьмі з пункту гледжання іх акадэмічнай паспяховасці. Для мяне больш важна тое, што яны любяць, як паводзяць сябе ў розных абставінах. Якія яны: закрытыя ці адкрытыя, агрэсіўныя ці добразычлівыя. Я назіраю як складаюцца адносіны паміж імі: першыя сімпатыі, сяброўства… Я даведваюся ад іх шмат новага. Па некалькі разоў на дзень у мяне страляе сваёй павуцінай Чалавек-павук, а я раскідваю рукі, нібыта мяне забілі.

Калі сярод дня ў размове са мной выкарыстаць тэрмін “дзеці з асаблівасцямі”, я нават не адразу зразумею, што гэта пра дзяцей, якія бегаюць па класе, гуляюць… Для мяне яны звычайныя.

У Беларусі інклюзіі баяцца. Але менавіта таму, што нічога пра гэта не ведаюць: няма ж альтэрнатыўнага вопыту. Баяцца “складаных” дзяцей, баяцца, што яны будуць перашкаджаць “нармальным”. Нават у нашай школе, дзе ёсць асобны клас, дзе пра гэта ведаюць. А бывае, нібыта клапоцяцца пра імідж. Не разумеючы, што імідж установы толькі палепшыцца.

ФОТА: budzma.by

Лепш за ўсё да гэтага ставяцца дзеці. Ведаеце, ім усё роўна, што з Ірай. Яны падыходзяць, бяруць яе за руку, прапануюць дапамогу. Калі Іра выходзіць на калідор, дзяўчаты, якія там гуляюць, махаюць рукамі: “Іра, прывітанне! Ідзі да нас!” Ёсць, канечне, і такія, хто абыходзіць бокам. Але ў асноўным паводзяць сябе з ёй як з малодшым дзіцем у сям’і. Я думаю, ёсць шанец, што з гэтых дзяцей атрымаюцца сапраўды талерантныя дарослыя, якія ўмеюць глядзець на з’яву ці падзею не пад адным вуглом. Адкрытыя, гнуткія, свабодныя ад стэрэатыпаў.

Самі па сабе дзеці такія і ёсць. Гэта ад дарослых яны паступова пераймаюць іншую мадэль адносінаў. Калі падзяляць па гендарным прынцыпе, дык, мне здаецца, хлопчыкі крыху больш талерантныя да дзяўчат. Наша камунікацыя ў класе пачалася менавіта з іх. Дзяўчынкі больш увагі надаюць знешняму выгляду. Падлеткі ўжо губляюць частку сваёй талерантнасці. Яны часта нават жорсткія. Калі мне было 13-15 гадоў, мяне цяжка было назваць гнуткай і памяркоўнай. Але самыя неталерантныя – гэта пакаленне цяперашніх бабуль. Галоўнае ў іх жыцці – гэта правілы. Яны ведаюць, што трэба, як правільна. Ім важна, каб усё было “як у людзей”.

Пра “пакаленне крайнасцяў” і любоў да Радзімы

Маё пакаленне… Яно рознае. Шмат у чым гэта пакаленне крайнасцяў. Тут ёсць і адкрытыя мізантропы, маргіналы, а ёсць, наадварот, адкрытыя ўсім прапановам. Нас цяжка прымусіць займацца справай, да якой не ляжыць душа, выконваць сацыяльны кантракт. Не падабаецца вучыцца – матывацыя “каб быў дыплом” не спрацуе. Я ведаю чалавек 5, якія кінулі ўніверсітэт, бо ім там не спадабалася. Маё пакаленне заўжды ў актыўным пошуку: людзей, стасункаў, праектаў… Нам важна знайсці сваю нішу, няхай гэта будуць камп’ютарныя гульні, тэатр, праца з дзецьмі ці бізнес. Мае сябры добра ведаюць: важна адчуваць сябе шчаслівым. Калі ў тваім азначэнні шчасця ёсць паспяховая кар’ера – будуй яе. Калі значна больш важна адчуваць сябе не прывязаным да пэўнай працы, месца, людзей – вандруй. Заўсёды можна пайсці іншым шляхам. Свет – не чорны і белы, у ім ёсць месца для кожнага.

ФОТА: budzma.by

Што да мяне, то я люблю вандроўкі. Неабавязкова за акіян: дастаткова сабраць заплечнік і пайсці на некалькі дзён уздоўж чыгункі. Люблю сустракацца і гутарыць з людзьмі, бачыць іх патэнцыял, дапамагаць яму раскрывацца. Гэта інтуітыўныя рэчы, але я ў іх рэдка памыляюся.

Лепш за ўсё патрыятызм выхоўваецца на ўроках мовы і літаратуры

Ведаеце, беларуская мова цяпер вывучаецца як замежная. Усю маю пачатковую школу мова была горшай за матэматыку: слёзы і рыданні. Мая маці, дачка вайскоўца, яе не ведала. Бацька, які вучыўся ў спартыўнай школе, таксама. Але потым да нас у клас трапіў цудоўны выкладчык, і беларуская мова перастала быць чужой. Больш за тое, я два гады на ёй размаўляла. Проста захацела. Было асяроддзе адпаведнае, сябры далучыліся, з’явілася музыка, якая спадабалася, потым мне падкінулі кнігі… Раптам я адкрыла, што беларуская літаратура можа быць сучаснай, а не толькі пра вайну, нядолю і галечу. Калі стварыць у жыцці дзіцяці асяроддзе, дзе будзе такая мова, ён з радасцю адкрыецца ёй і будзе вучыць.

Патрыятызм… Гэта жаданне зрабіць нешта добрае для сваёй краіны, быць ёй нечым карысным. Цяпер у школе шмат увагі надаюць патрыятычнаму выхаванню. Асабліва ў 10-11 класах. Думаю, гэта ўжо позна. Дзецям трэба расказваць цікавыя факты пра краіну, дзе яны жывуць, пра яе герояў, падзеі гісторыі.. Але лепш за ўсё патрыятызм выхоўваецца на ўроках літаратуры і мовы. Ён там натуральны, не надакучлівы.

ФОТА: budzma.by

Я добра разумею тых, хто хоча з’ехаць адсюль пры першай магчымасці: свет вялікі і адкрыты. Мае сябры разважаюць над гэтым праз аднаго. Некаторыя ўжо з’ехалі. Што да мяне, то паехаць павучыцца, свет паглядзець было б цікава, але застацца там назаўсёды пакуль няма жадання. У Мінску зараз таксама нясумна. Асабліва калі вядзецца пра людзей, праекты. Але як складзецца жыццё, няясна.

Я чалавек апалітычны. Як і ўсе мае знаёмыя. І знаёмыя знаёмых. Няма такіх, хто хоча ісці ў палітыку. Больш папулярныя сацыяльная сфера, культура ці інфармацыйныя тэхналогіі… Часта жартую, што ў мяне найлепшая ў свеце краіна, найлепшы ўрад, эканоміка таксама найлепшая– і кропка! Што я думаю насамрэч – справа дзясятая. Мне здаецца, ёсць у нас яшчэ такая рыса – не думаць пра глабальнае. Пакуль у нашым маленькім хатнім свеце ўсё добра – мы нічога не будзем мяняць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]