Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Прусакі Жука і жукі Давыдзькі

31.10.2016 политика
Прусакі Жука і жукі Давыдзькі

Нічога не паробіш з тым, што ў галовах многіх людзей поўзае безьліч казурак.

- У яго поўна прусакоў у галаве, – тлумачыць адзін неадэкватныя дзеяньні кагосьці.

- У яго адны жукі ў галаве, – апісвае другі вар’яцкія заявы іншага.

Калі такія індывідумы трапляюцца па адной асобіне, гэта яшчэ паўбяды – іх можна абмінуць. Калі дзівосьнікі зьбіваюцца ў кучу – гэта ўжо перашкаджае жыць. У выпадку ж, як падуладныя казуркам асобіны займаюць галоўныя пасады ў краіне – становіцца пакутліва балюча за змарнаваныя 22 гады. На варя’ятаў, канешне, можна было б не зьвяртаць увагі, але казуркавая залежнасьць перадаецца ня толькі БэТэшна-палавым шляхам, але і паветрана-кропельным – і таму ёй трэба супрацьстаць з усёй адказнасьцю. Дык паспрабуем класыфікаваць казурак, якія палезьлі ў вушы электарату пасьля таго, як мы зь некалькімі сябрамі сабралі за месяц і падалі ў Мінкульт больш за 10 тысяч подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг.

Больш за ўсё насьмяшылі прусакі кіраўніка Белты Дзьмітрыя Жука, якія адмарозілі наступнае: “Хачу вярнуцца да подпісаў. Хлопцы, якія падпісаліся, можа, вы яшчэ і свае пашпартныя дадзеныя сказалі? Дык за кагосьці крэдыт заплаціце. Не сьпяшайцеся падпісвацца”.

Чаму ў прусакоў узьнікаюць такія хворыя асацыяцыі? Бо Жукі прывыклі, што пасьля кожнай выбарчай кампаніі за Лукашэнку – ўвесь народ расплачваецца па ягоных крэдытах. Мы ж ніякіх грошаў і крэдытаў не бярэм ані ў Сані, ані ў любых донараў – мы жывем і рэалізуем маладафронтаўскую дзейнасьць толькі за свае грошы, толькі за ўнёскі сябраў арганізацыі. У адрозьненьні, дарэчы, ад Жукоў, якія чым хіба ня круцяць перад Расеяй ці МВФам – абы толькі ўрваць з чужой кішэні. А нумары пашпартоў, дарэчы, мы не перапісвалі - толькі адрас і кантакты, каб можна было праверыць подпіс чалавека.

Жукі ж кіраўніка БТРК Генадзя Давыдзькі спачатку распавялі нам свае дзіцячыя фобіі: “Фармальна подпісы збіраліся для перадачы ў Мінкультуры. /…/ Хутчэй за ўсё, гэтая папяровая армія патрэбна была, каб затым тыкаць дзесяццю тысячамі подпісаў у твар еўрачыноўнікам”.

Тлумачу рупару прапаганды: подпісы і фармальна, і фактычна – ужо ў Мінкульце. Адносна ж еўрачыноўнікаў, дык я мяркую, што сёньняшнія Давыдзькі зь імі сустракаюцца ў наццаць разоў часьцей, чым маладафронтаўцы. Напрыклад я і прыгадаць не магу, калі я ці нехта з МФ сустракаўся з еўрачынавенствам (у сёньняшнім палітычным гандлі нам такія сустрэчы і не цікавы нават), а вось як вынікае з Давыдзькаўскіх жа СМІ, рознага плану прапагандысты і клеркі дыктатара з такіх сустрэчаў не вылазяць. Таму калі хто і тыкае чым перад еўрачыноўнікамі, дык гэта толькі Давыдзькі.

Далей жукі Давыдзькі пайшлі ў наступ і вырашылі нам хоць здалёк, але ж прыгразіць: “Нехта падпісваўся за вельмі прыгожае спалучэньне: белы, чырвоны і белы – прыгожы сьцяг. /…/ Сярод падпісантаў мог бы быць і я, і Павал Ізотавіч /…/ Але цягам месяца незарэгістраваныя маладафронтаўцы парушалі крымінальны кодэкс – артыкул 193 п.1, да двух гадоў /…/ Чаму іх не пасадзілі?! /…/ Баяцца?”

Давыдзьку, як кіраўніку белпрапаганды, трэба навучыцца правільнасьці фармулёвак. Маладафронтаўцаў ня проста “баяцца” саджаць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, але маладафронтаўцы адваявалі сабе гэтае права – чхаць на артыкул КК РБ 193.1 і дзейнічаць. Нагадаю прапагандысту, што Малады Фронт некалькі разоў спрабаваў у Беларусі зарэгістравацца, але шматразова атрымоўваў адмовы. У 2006-ым жа годзе пачаўся крымінальны перасьлед: дзясяткі актывістаў пад справамі, судзілішчы ў Менску, Салігорску, Нясьвіжы, Жлобіне, Полацку, Баранавічах – усё гэта не прымусіла нас самараспусьціцца і сыстэма адступіла.

Непаважаны спадар Давыдзька, мы адваявалі сабе права быць і дзейнічаць на сваёй зямлі – і як бы вы ня пыжыліся, у вас і вашай сыстэмы кішка танка ў нас гэтае права забраць. Бо ўсё чым вы моцныя, дык толькі прусакамі вашымі і жукамі. Але і тых мы хутка вытравім з нашай зямлі.

Зьміцер Дашкевіч, «Фейсбук»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]