Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Гурт «Крама» прэзентаваў канцэртную версію «Стэфкі праз 30 год»

20.03.2017 культура
Гурт «Крама» прэзентаваў канцэртную версію «Стэфкі праз 30 год»

Упершыню яна прагучала на апошнім выступе гурта ў канцы 2016 года.

Гурт «Крама» прэзентуе на Еўрарадыё канцэртную версію новай песні «Стэфка праз 30 год». Упершыню яна прагучала на апошнім выступе гурта ў канцы 2016 года.

Увогуле, «Стэфка» — адна з песень гурта «Бонда», аўтарамі якой з'яўляюцца бубнач Сяргей Кныш і спявак Ігар Варашкевіч. Пасля таго, як музыкі сышлі з «Бонды», яны сталі граць у «Краме», адпаведна, некаторыя песні іх аўтарства — «Мама», «Стэфка», «Слуцкая брама»сталі выконвацца новым гуртом. Пазней Сяргей Кныш перастаў пісаць тэксты і цалкам адышоў ад музыкі. «Стэфка»ж стала хітом не толькі гурта «Бонда», але і «Крама», а яе прыхільнікі задумаліся пра лёс самой дзяўчыны, ды і музыкі падумалі: чаму б не?

«Сяргей знайшоў вельмі ўдалы вобраз — рамантычнае каханне звычайных беларускіх хлопца і дзяўчыны з невялікага мястэчка ці вёскі, — распавядае цяперашні тэкставік «Крамы» Зміцер Лукашук, які ўзяўся прыдумаць працяг гісторыі пасля таго, як Ігар Варашкевіч напісаў мелодыю ў духу першай «Стэфкі». — У аснову наступнай "серыі" я паклаў лёс нашай рок-н-рольнай тусоўкі, удзельнікаў гурта «Крама». Як мы жылі? Зразумела, не зусім у стылі сэкс-драгз-рок-н-рол, але без алкаголю, музыкі і вясёлых прыхільніц не абыходзілася. Не склалася жыццё ў герояў «Стэфкі», бо хлопец палюбіў алкаголь, больш думаў пра «гулі», чым пра сур'ёзныя адносіны. Стэфка ж — нармальная беларуская дзяўчына, якая хацела светлага кахання і адказнага мужа, а не раздзяўбая рок-н-рольшчыка. Ён разумее, што ён вінаваты ў тым, што ў іх не атрымалася, ён яе дагэтуль кахае, але не можа змяніць свой лад жыцця».

Песня "Стэфка праз 20 гадоў" увайшла ў альбом "Крамы" 2007 года "Усё жыццё — дзіўны сон". Але музыкі вырашылі на гэтым не спыняцца і зрабіць з гісторыі трылогію. Прайшло яшчэ 10 гадоў, героі наблізіліся да перадпенсійнага ўзросту. І вось яны выпадкова сустракаюцца.

«Яна ўжо бабуля, у яе ёсць унукі, у яго жыццё ў плане сямейным не склалася. І што далей? — працягвае Зміцер Лукашук, які ўзяўся і за трэцюю «Стэфку». — У нас было шмат ваганняў. Бо, з аднаго боку, хацелася напісаць баладу кшталту Стэфка «пайшла ўгару», зрабіла кар'еру, стала чыноўніцай, жартавалі нават, што гастролькі на канцэрты выдае».

Але, кажа Лукашук, вырашылі ў выніку спыніцца на простым варыянце песні: маўляў, жыццё прайшло, але ўсё добрае ў ім застаецца. Хаця думаць над лёсам Стэфкі Змітру даводзілася нават па начах:

«Тры разы я перапісваў тэкст, у выніку канчатковыя праўкі я ўносіў на рэпетыцыі непасрэдна перад прэзентацыяй... Ёсць у Ігара песні, якія не «кладуцца»мне, не магу напісаць тэкст, і ўсё. А некаторыя, калі музыка падабаецца, нараджаюцца адразу. Так і тут было, першы баладны тэкст ўначы прыйшоў у галаву, хаця, разумеў, што ён не пойдзе, бо не клаўся на музыку Ігара».

Што думае пра працяг гісторыі аўтар першай «Стэфкі»Сяргей Кныш?

«Лёс Стэфкі мог скласціся па-рознаму, — кажа былы бубнач «Крамы». — Але тое, што атрымалася ў Лукашука, мне падабаецца. Што будзе са Стэфкай далей — не ведаю».

Але, кажа Зміцер Лукашук, «крамчукі»вырашылі на трылогіі скончыць гісторыю Стэфкі, хоць сам Зміцер спадзяецца, што аднойчы гурт перадумае.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2017 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр info@moyby.com