Новости БеларусиRSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Ваван

29.03.2017 культура
Ваван

Ваван вярнуўся стомлены. Змрочны. Зьняў абутак і адразу пайшоў на кухню.

Адчыніў лядоўнік, выняў з маразілкі запацелую бутэльку гарэлкі. Наліў у шклянку і залпам выпіў. Запіў півам. Крыху палягчэла.

Марына ведала, што да Вавана лепей не чапіцца, калі ён прыходзіць вось у такім во стане. Яна сядзела «ў кантакце». Запосьціла ржачныя фоткі з апошніх выходных, калі яны зь дзяўчатамі пасядзелі ў рэстаране. Было рэальна ржачна, асабліва калі Сьветка набухалася і спрабавала танчыць на стале.

- Сышыш, я тУт лягу, - адрасаваў з кухні ў пакой Ваван.

- Ага, - адказала Марына. Яна ведала, што лепей зараз да Вавана не чапіцца.

Ваван наліў сабе яшчэ. «Ім жа ж падаецца, што гэта мы — дармаеды. Што гэта мы, а не яны. Яны думаюць, …дзь, што нам плоцяць ні за што. Што, …дзь, у нас зарплаты а..енныя, што мы нічога ня робім, а толькі грошы шуфлем грабем. Казлы!»

Ваван прачнуўся, бо нехта кратаў яго за плячо.

«…дзь, ад…ся! — зароў быў ён. — Але раптам убачыў, што гэта не Марына. Насупраць яго знаходзілася нешта… Ну, як сказаць?.. Тыпу, і быццам чалавек, а быццам і не зусім. У кухні было цёмна, а ад гэтае істоты сыходзіла нейкае халоднае прывіднае сьвятло.

- Э-а, што за… - пачаў Ваван, але істота жэстам супакоіла яго.

- Спакойна, Ваван. Нас зараз ніхто ня бачыць і ня чуе. Мы тут толькі двох. Зразумеў?

- Цыпа таго, - сказаў Ваван, намагаючыся выглядаць не напалоханым.

- Ты навошта, Ваван, гэта робіш? — запыталася зіхоткая субстанцыя.

- Я ня поняў…

- Усё ты, Вовачка, поняў. Нашто ты хлусіш у судзе? Навошта без дай прычыны б'еш і вінціш людзей?

- Эа, спакойна, што за без дай прычыны? Гэта ня людзі, гэта адмарозкі, фашысты…

- Вова, у цябе ж свастыка наколатая на грудзёх.

Не, я разумею, памылкі маладосьці, было толькі васямнаццаць, амаль што і не відаць ужо гэтае сымболікі, бо старанна выводзіў… Але ж…

- Вы гаворыце нейкую чуш, - пакрывіў вусны Ваван. — Якія-такія свастыкі? Не было нічога такога!

І тут раптам сам сабою на сьцяне кухні ўтварыўся экран, і Ваван убачыў, як яму б'юць тату на хаце ў родных Ёцэвічах. І ўсе тут — і Пашка, і Надзька, і Буба-маленькі.

- Ты хто? — хрыпануў Ваван.

- А ты, Вова — хто? — запыталася субстанцыя. — Навошта ты тут, чаго ты хочаш зрабіць у жыцьці? Чаго дасягнуць?

- Ну, павысіцца хачу…

- Гэта ў якім сэнсе?

- Ну, па службе…

- А як можна падвысіцца праз хлусьню і незаконныя дзеяньні? Гэта ж супрацьпраўна, - істота роўна мігцела ў кухоннай цемры.

- Знаеш што?

- Што?

- Ня знаю, хто ты, але ты мусіш усё выдатна разумець. У нас тут такі парадак.

- Так? Дзіўна. Як гэта можа займацца ілжэсьведчаньнем ахоўнік закону? Ты ж вучыў права, Ваван? Ну, хоць крыху вучыў?

- Давай ня будзем тут расказваць байкі. Права-…ява… Жыцьцё — яно не такое простае.

У кухонным пакоі зрабілася сьвятлей. І зьзяньне, чамусьці, займела фіялетаве адценьне.

- А навошта ты, Валодзя, браў грошы ў старой маці Бубы-маленькага, каб, нібыта, адмазаць яго ад крымінальнай справы? Ты ж ведаў, што і сума для старое Марыі жахлівая, і ты нікога не адмажаш. Навошта ты гэта рабіў?

На экране зьявілася выява перадачы грошай.

- Эа, сышыш…

- Я табе, Ваван, не Сергунёк і не Марынка. Са мной так ня трэба.

- Дык а хто ты? — Ваван рэальна занепакоіўся.

- Вось. А навошта так з бацькам Пашкі? Ну, быў ён бізнэсовец, ну, пачалі капаць… Але ж ты яго ведаў з самага свайго маленства. Мог бы ўстрымацца. Але не — допыт, наезд, прэсінг… Тры гады турмы, дыябэт, інсульт, рак… Думаеш, ты тут не прыклаў руку? — сьвятло крыху пазелянела.

- Ён быў вінаваты паводле дзейнага заканадаўства…

- Але ты ж ведаў, што рэальна ён ня быў ні ў чым вінаваты. Навошта ж ты рабіў гэта ўсё?

- Вы не разумееце. Гэты сьвет — жорсткі. Мы ўсе ў ім — драпежнікі.

- Мы ўсе? — сьвятло пачырванела. — Пагаворым пра Надзьку?

- Ня трэба пра Надзьку! — нема зароў Ваван. — Ня трэба! Я не вінаваты! Яна сама забілася! Я ні пры чым!

Зноў запаліўся экран…

Ёсьць варыянты фіналу:

1. Ваван выкінуўся з вакна восьмага паверху. Як ні дзіўна, застаўся жывы, але рэшту жыцьця быў гароднінай.

2. Прыйшоўшы на працу, Ваван стрэліў сабе ў галаву з табэльнай зброі. Перадавая мэдыцына ўратавала яго, але рэшту жыцьця ён быў амёбай.

3. Ваван зьнік. Казалі, што яго бачылі на станцыях мэтро ў жабрацкім амплуа. Гаварылі яшчэ, што зьехаў на радзіму ў Ёцэвічы і сьпіўся.

4. Уладзімір Іванавіч выйшаў на пэнсію заслужаным работнікам МУС. І тут пачаліся нейкія працэсы, недасяжныя спарахнеламу розуму Ўладзіміра Іванавіча. І вось адным позьнявосеньскім вечарам на дачы…

Які варыянт табе болей падабаецца, Ваван?

Лявон Вольскі

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2022 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]