Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як скандынаўскія фільмы па-беларуску трэці год зьбіраюць поўныя залі

14.04.2017 общество
Як скандынаўскія фільмы па-беларуску трэці год зьбіраюць поўныя залі

З 19 па 25 красавіка трэці раз у Беларусі пройдзе кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне».

Шалёная ідэя — рабіць прэм’еры скандынаўскага кіно ў беларускім перакладзе і праводзіць майстар-клясы для беларускіх фільммэйкераў — нечакана для ўсіх ператварылася ў аўтарытэтны і стабільны праект, перадае «Свабода».

Дырэктарка фэстывалю Вольга Чайкоўская распавядае, як зьбіраюць поўныя залі на фільмы рэжысэраў, чые імёны цяжка вымавіць, і чым падобныя беларусы са скандынавамі.

— Воля, тры гады таму здавалася, што гэта аднаразовая падзея. Як удалося ня толькі не спыніцца пасьля першага фэстывалю, але і дабіцца таго, што ён пашыраецца?

— Гісторыя такая: тры гады таму аддзяленьне амбасады Фінляндзкай Рэспублікі папрасіла мяне зрабіць праграму для паказаў скандынаўскага кіно ў Менску. Гэта мусіў быць аднаразовы праект, які фінансаваў офіс Рады міністраў Паўночных краінаў у Літве. Я адразу заўважыла ў гэтым вялікі патэнцыял, што з гэтага можна зрабіць кляснае мерапрыемства і разьвіваць яго. Таму адразу прыдумалася назва фэстывалю — «Паўночнае зьзяньне». Гэта было неабходна, каб далей прасоўваць брэнд.

Вольга Чайкоўская

Тады ж была прапанова браць ня толькі фільмы, якія ёсьць у доступе ў амбасадаў. Бо ў кожнай амбасады ёсьць пакет фільмаў з «ачышчанымі» аўтарскімі правамі, якія яна мае права паказваць, не купляючы дадатковых правоў. Але, каб падзея ператварылася ў падабенства фэстывалю, мы непасрэдна кантактавалі з агентамі, займаліся адборам і палову фільмаў адабралі па-за гэтымі пакетамі. Такім чынам я склала праграму на першы год.

Першы фэстываль прайшоў «на ўра». Далей была ідэя прывучаць гледачоў да сапраўднага фэстывалю з платным уваходам. Летась у нас гэта атрымалася, сёлета мы трымаемся той самай практыкі.

Такім чынам фэстываль жыве тры гады. Цяпер цалкам сэлекцыя праграмы робіцца мной, незалежна ад амбасадаў. Мы не бяром фільмы з амбасадаўскіх пакетаў, якія дзесьці ўжо ішлі ў Беларусі. Усе фільмы — гэта беларускія прэм’еры. Такое фэстывальнае правіла.

Шмат працы, недаяданьні, бяссонныя ночы... Шмат вандровак па фэстывалях. Я гляджу, як робяцца іншыя фэстывалі, адтуль нешта пазычаю. Гляджу паўночныя, балтыйскія фільмы, адбіраю тое, што хочацца паказаць тут.

Чаму яшчэ так фэстываль прыжываецца? Мне здаецца, што мэнталітэты падобныя. Гэта адзначаюць з абодвух бакоў. Там адчуваюць нейкую еднасьць, з ахвотай едуць да нас і аддаюць свае фільмы на паказы. А беларуская публіка галасуе нагамі. Летась гэта было вельмі паказальна. Усе фільмы на фэстывалі дэманструюцца аднойчы, і калі хочацца на іх трапіць, то лепш купіць квіток загадзя.

— А чым падобныя мэнталітэты? Бо ня раз гучала такая думка — пра падабенства беларусаў і скандынаваў, але ці ёсьць нешта канкрэтнае, што можна параўнаць?

— Я не прыхільніца абагульненьняў, хоць сама толькі што абагульніла. Але варта адзначыць, што мы вельмі падобныя сваёй вытрымкай. Тым, што мы свой сусьвет трымаем унутры, часта не дэманструем яго, закрываемся. І працавітасьцю таксама. Шмат ад каго чула, што беларусы такія ж працавітыя, як і паўночныя народы, і ім можна давяраць. Да людзей з поўначы цяжка знайсьці падыход і вельмі лёгка страціць давер. Але калі ты знайшоў падыход і заслужыў давер, то гэта надоўга. Пра гэта і сам фэстываль сьведчыць. Першы вельмі добра атрымаўся, і мы працягваем ужо трэці год. Мне здаецца, гэта красамоўнае параўнаньне.

— Штогод фэстывальная праграма мае пэўную канцэпцыю, і сёлета, калі не памыляюся, гэта якраз «ідэнтычнасьць»?

— Сёлета слоган гучыць, як «сусьвет унутры». Ён уключае ў сябе такія паняцьці, як ідэнтычнасьць, ідэнтыфікацыя, самаідэнтыфікацыя, унутраны сьвет, сусьвет кожнага чалавека, які раскрываецца, дасьледуецца і аналізуецца сродкамі кінамовы.

Сёлета ў нас праграма ўдвая большая, чым летась, — 14 стужак. Упершыню дзьве рэчы: паказваем кіно балтыйскіх краінаў і ў нас у праграме дакумэнтальныя фільмы. Гэта была мая мара, бо я прадусарка дакумэнтальнага кіно, і мне хочацца кляснае дакумэнтальнае кіно ў Менску паказваць. Гэта чарговы экспэрымэнт. А што да тэмы ідэнтычнасьці, то аспэктаў закранута вельмі шмат.

Ёсьць фільм «Каменнае сэрца». Ісьляндзкая стужка рэжысэра Гудмундура Арнара Гудмундсана, якая распавядае пра сяброўства двух хлопчыкаў. Гэтае сяброўства разьвіваецца, яны сталеюць, іх унутраны сусьвет пашыраецца. І ў пэўны момант адзін пачынае выказваць прыязнасьць да дзяўчынкі, а другі — да свайго сябра. Ён саромеецца і баіцца гэтага, баіцца сябе. Фільм пра тое, як ня трэба баяцца сябе, прымаць такім, які ты ёсьць.

Швэдзкая драма «Гігант» рэжысэра Ёханэса Нюхольма. Яна атрымала некалькі прызоў на вельмі прэстыжным фэстывалі ў Сан-Сэбаст’яне. Журы там узначальваў Біль Аўгуст, культавы дацкі рэжысэр. Я памятаю зь дзяцінства такі выпадак: я вучылася граць на гітары і пазнаёмілася з адной жанчынай-бардам. Яна была маленькая, пухленькая, з кароткай стрыжкай, цёмнымі валасамі і цёмнымі вачыма. Мы зь ёю разгаварыліся, і яна мне сказала: «Ведаеш, я сябе адчуваю зусім ня так, як я выглядаю. Я сябе адчуваю высокай бляндынкай з доўгай касой і блакітнымі вачыма». І гэта для мяне было такое адкрыцьцё, што чалавек можа сябе ўспрымаць зусім ня так, як ён выглядае.

«Гігант» абсалютна пра гэта і пра тое, якія траўмы можа наносіць чалавеку грамадзтва, калі мяркуе пра яго выключна па ягонай зьнешнасьці. Герой фільма выглядае своеасабліва: ён аўтыст, у яго заганы зьнешнасьці, ён, можна сказаць, інвалід. Усе яго ўспрымаюць толькі вонкава. А насамрэч гэта добры чалавек, які мае свае перажываньні і ўяўляе сябе гігантам. Хоць у жыцьці ён нягеглы чалавек маленькага росту.

Яшчэ я б адзначыла фінскую драму «Народжаныя ў Хейнала» ад экс-удзельніка гурту Apulanta Туука Тэманэна. Ён вельмі папулярны ў Фінляндыі. Яны граюць хэві-мэтал, хард-рок, стаяць у адным шэрагу з гуртамі HIM, Lordi, The Rasmus. Ён зьняў фільм пра тое, як гурт зараджаўся, зь якімі складанасьцямі падлеткі сутыкаліся, калі толькі пачыналі, і ўва што ўсё ператварылася. Гэта таксама сутыкненьне ўнутраных космасаў кожнага чалавека і контрадыкцый, якія адбываюцца падчас камунікацыі, калі сусьветы супадаюць ці не супадаюць.

Важна, што сёлета ў нас упершыню зьявіліся прыватная партнэры. Мы разам з AirBaltic разыгрываем квіткі на цырымонію адкрыцьця фэстывалю, а AirBaltic дорыць квіткі на рэйс «Менск — Рыга —Менск». Ёсьць латыскі партнэр — крама LittleLatvia, які дапамагае нам прывезьці латыскі фільм.

Таксама сёлета шмат гасьцей. Фільм «Маленькія крылы» будзе ў залі прадстаўлены непасрэдна прадусарам. Фільм «Ад Літвы не ўцячы» (гісторыя гея-актывіста-рэжысэра зь Літвы) будзе прадстаўленая самім рэжысэрам Ромасам Забараўскасам. Фільм «Нарвэскі дамок» прадставіць рэжысэр Ян Вардзёен, і потым ён правядзе два воркшопы.

Я рада, што мы прывозім фільм «У крыві» Расмуса Хэйстэрбэрга, які таксама сусцэнарыст фільму «Дзяўчына з тату дракона». А дакумэнтальная стужка «Усім відовішчам відовішча» аздобленая музыкай Sigur Ros, і толькі дзеля гэтага можна яе паглядзець.

— Ці такая праграма цікавая беларускай публіцы? Ці зьбіраеце поўныя залі?

— Летась у нас былі поўныя залі. Гэта сьведчыць пра інтарэс. Спадзяёмся, што сёлета будзе тое ж. Цяпер праграма пашыраная, мы стараліся зрабіць паказы максымальна зручнымі для гледачоў.

У Менску ёсьць шмат прыкладаў бясплатных паказаў, калі мы бачым цісканіну на бясплатныя сэансы. Гэтага хочацца пазьбягаць. Хочацца, каб да мастацтва сапраўды цягнуліся і гэта пэўным чынам пацьвярджалі. Тым больш для мастацтва патрэбны грошы. Яно ня можа існаваць безь фінансаваньня.

Грошы досыць сымбалічныя ў параўнаньні з тым, што плоцяць людзі ў камэрцыйных кінатэатрах. 5 рублёў за паказ — гэта даволі сьціплая цана. Але яна мусіць быць, каб фэстываль працягваў існаваць і мы пакрывалі свае выдаткі. Прывезьці кожны фільм каштуе немалых грошай: ачыстка аўтарскіх правоў, забесьпячэньне перакладу, інкарпарацыя беларускіх субтытраў. Гэта вялікая праца мноства людзей і вялікія выдаткі.

— Кожны фэстываль суправаджаецца грунтоўнай навучальнай праграмай. Гэта вашае ноў-хаў, ці на іншых фэстывалях таксама так робяць?

— Гэта ня нашае ноў-хаў. Амаль усе фэстывалі ў сьвеце маюць індустрыйную плятформу. Гэта вельмі прэстыжна, клясна, аб’ядноўвае людзей вакол кіно, дапамагае ім пашыраць веды. У Беларусі кінэматаграфічная суполка вельмі вузкая для краіны зь 10-мільённым насельніцтвам. Толькі ў Менску існуюць інстытуцыі, якія вучаць рэжысэраў, апэратараў. У рэгіёнах нават бессэнсоўна праводзіць індустрыйныя мерапрыемствы, бо ты проста не зьбярэш аўдыторыю. Ёсьць аматары, здымаюць на аматарскія камэры, нават на «айфон», але гэта чалавек пяць. Таму ў Віцебску, дзе мы робім паказы фільмаў, індустрыйную праграму мы ня робім, бо ёсьць разуменьне, што для гэтага няма аўдыторыі.

Але тое, што ў Менску мы праводзім, гэтага не бывае зашмат. Чым больш мы будзем расштурхоўваць гэтую сытуацыю, чым больш мы будзем прывозіць кампэтэнтных людзей і чым больш маладыя беларускія кінэматаграфісты будуць уцягнутыя ў гэты працэс, слухаць знаўцаў і камунікаваць зь імі, тым лепей. Тым больш шанцаў, што нешта зьменіцца ў лепшы бок.

— У Беларусі таксама бывае паўночнае зьзяньне. Ці ёсьць пляны ўводзіць у праграму беларускія фільмы? Ты, дарэчы, сама бачыла зьзяньне?

— Ня бачыла ніколі. Але сёлета летам я еду ў Ляпляндыю, мяне запрасілі на кінафэстываль на высокай-высокай поўначы. Спадзяюся, што пабачу там і сапраўднае паўночнае зьзяньне.

Уключаць беларускія фільмы ў саму праграму выглядае для мяне даволі спрэчным момантам. Я ня ўпэўненая, што яе будзе чым напаўняць. У нас ня так шмат кантэнту, і пакуль што ён даволі добра ўпісваецца ў праграмы іншых фэстываляў, якія маем. Калі будзе нешта зьяўляцца, напрыклад нейкая сумесная прадукцыя з «нардычнай» краінай, то мы, вядома, з задавальненьнем пакажам і будзем спрыяць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]