Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Ад Рагнеды да Касцюшкі: У Брэсце прэзентавалі кнігу Уладзіміра Арлова

15.04.2017 общество
Ад Рагнеды да Касцюшкі: У Брэсце прэзентавалі кнігу Уладзіміра Арлова

У Брэсце адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова і Паўла Татарнікава «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі».

Поспех кнігі аўтары тлумачаць так: «Усё больш нашых суайчыннікаў хочуць мець сваю Айчыну», піша vb.by.

11 красавіка былі абвешчаны дзве аўтограф-сесіі з удзелам пісьменніка Уладзіміра Арлова і мастака, ураджэнца Брэста Паўла Татарнікава. Першая адбылася ў БрДУ імя Пушкіна, а другая ўвечары на вул. Дзяржынскага, 50, пры арганізацыйнай падтрымцы кіраўнікоў праекта «Мова нанова». Суразмоўнікамі былі студэнты і выкладчыкі універсітэта, аматары гісторыі, прадстаўнікі інтэлігенцыі.

«З’явіўся на свет я ў радзільні насупроць Сафійскага сабора ў Полацку. Гэта, безумоўна, паўплывала на мой лёс», - так пачаў адну з сустрэч Уладзімір Арлоў.

Аўтар шматлікіх кніг, у тым ліку знакамітай «Адкуль наш род», расказаў пра тое, як нараджаўся новы твор. З моманту выдання першага прайшло 20 гадоў, і кніжка гістарычных, добра ілюстраваных апавяданняў для дзяцей была вельмі неабходна. Пісьменніка, паводле яго слоў, даймалі пытаннямі: калі ён гэту кніжку напіша і хто будзе мастаком? І, калі гэтая ідэя авалодала ім, адбылася шчаслівая сустрэча з мастаком Паўлам Татарнікавым.

Атрымалася, што аўтэнтычных гравюр і фотаздымкаў у кнізе «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі» няма. Усё маляваў Павел Татарнікаў - уладальнік самых прэстыжных узнагарод, пра якія толькі можа марыць мастак-ілюстратар, у тым ліку двух «Залатых яблыкаў» міжнароднага Браціслаўскага біенале кніжных ілюстратараў. У новай кнізе больш за 200 ілюстрацый: 50 партрэтаў, дакладныя гістарычныя рэканструкцыі старажытных гарадоў і замкаў. Гэта той рэдкі выпадак, калі на вокладцы побач стаяць прозвішчы аўтара і мастака.

Падчас працы здаралася, што мастак выходзіў за межы тэксту і ствараў «незапланаваныя» ілюстрацыі, напрыклад, пра некаторых Радзівілаў. І тады пісьменнік пісаў на зададзеную суаўтарам тэму. Урэшце — усё на карысць чытачоў, якія шмат даведаюцца пра такіх выдатных асоб у нашай гісторыі, як княгіня Сафія Слуцкая, аўтар драматычных твораў Францішка Уршуля Радзівіл, Мікалай Радзівіл Чорны і Мікалай Радзівіл Руды, якія займалі па чарзе пасаду вялікага гетмана ВКЛ.

Поспех кнігі перасягнуў чаканні аўтараў, выдаўцоў і фундатараў, За два тыдні ў Мінску прадалі ўвесь першапачатковы наклад - 3 тысячы экзэмпляраў. На адной з аўтограф-сесій быў пастаўлены своеасаблівы рэкорд: аўтарам давялося падпісаць 387 кніг. Дзеля гэтага людзі стаялі па некалькі гадзін у чарзе.

Пісьменнік расказаў пра такі выпадак: «Калі я падпісваў кніжку «Адкуль наш род», прыходзіў дзядуля і даў мне паперку, на якой было напісана: «Майму ўнуку Арцёму, каб ніколі не забываўся пра наш беларускі род, іначай прыйдзе дзядзька Арлоў і надае па с...». Праз 20 гадоў прыйшоў Арцём - па кнігу «Айчына». Нас уразіла, што многія прыходзілі з дзеткамі. Многія прасілі напісаць: «Прадстаўніку шляхецкага роду, чые продкі ўдзельнічалі ў паўстанні Каліноўскага. Альбо спадкаемцу роду Буйніцкіх — заснавальніка нацыянальнага тэатра Ігната Буйніцкага. І яшчэ мы з Паўлам адзначылі для сябе, як многа з’явілася носьбітаў непаўторных нашых імёнаў: Рагнеда, Вітаўт, Францішак, Дамініка, Уладзя, Стэфанія».

Аўтары паабяцалі, што будуць другая і трэцяя часткі кнігі. Другая будзе прысвечана XIX ст., а трэцяя — навейшай гісторыі краіны. Прыхільнікі творчага тандэма набылі экзэмпляры папулярнай кнігі з аўтарскімі аўтографамі.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2018 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]