Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вянок памяці: Алег Бябенін

06.09.2010 политика
Вянок памяці: Алег Бябенін

Алег Бябенін - гэта адзін са «сталпоў» нашай інтэрнэт-журналістыкі, і нам усім яго будзе вельмі не хапаць.

Як нагадвае «Радыё Свабода», 3 верасьня ўвечары знайшлі мёртвым на лецішчы кіраўніка сайту «Хартыя-97» Алега Бябеніна. Вядомаму журналісту было толькі 36 гадоў.

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе ў Расеі ў сям'і вайсковага пракурора. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. І адразу ж прыйшоў працаваць у незалежную прэсу – у «Белорусскую деловую газету», а потым – у новаствораную газэту «Имя». Узгадвае калега Алега журналістка Натальля Радзіна:

«Алег Бябенін быў ня толькі маім калегам, ён быў маім сябрам і маім настаўнікам. Калі 17-гадовай дзяўчынай я прыйшла ў газэту «Имя», дзе Алег Бябенін працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара, менавіта ён вучыў мяне азам журналістыкі. Зь вялікім цярпеньнем, з павагай, якіх так не хапае часам некаторым выбітным журналістам, калі ім даводзіцца вучыць маладых. Праз некалькі год ён мне сказаў: «Усё! Хопіць, я больш ня твой настаўнік. Ты – прафэсіянал, і мы можам вучыцца адзін у аднаго. Гэты давер быў вельмі важны для мяне на той час. Увогуле, я сябравала з Алегам 14 гадоў. І заўсёды ў найбольш складаныя часы майго жыцьця ён быў побач, заўсёды дапамагаў».

Усе калегі Алега Бябеніна адзначаюць, што яго самыя першыя матэрыялы былі надзвычай грунтоўнымі, глыбокімі, цікавымі. Ужо ў 20 гадоў ён браўся за сур'ёзныя журналісцкія расьсьледаваньні. Зьміцер Падбярэзскі падчас працы ў «Имени» быў ужо вядомым, «масьцітым», журналістам, які ўжо меў імя. Вось што ён узгадвае пра зусім маладога тады Бябеніна:

«Алег быў вельмі «вострым» журналістам. Ён залазіў у такія тэмы, у якія нехта іншы проста пабаяўся б лезьці. Пісаў вельмі адказна. Узгадваю выпадак: некалі яго схадзілі нейкія людзі ў цывільным у цэнтры горада, завалаклі ў машыну, вывезьлі некуды ў лес. Відаць, яго хацелі проста прыпалохаць такім чынам. Гэта была рэакцыя на тое, як ён працаваў. Ня ўсе журналісты маюць такі «гонар», я б сказаў, каб іх вось так прыпалохвалі. Працаваць зь ім мне, больш старэйшаму чалавеку, было вельмі ўтульна, ён выдатна разумеў многія рэчы, падказваць яму, што і як зрабіць – бадай, што не было такіх выпадкаў».

З 1998 года Алег Бябенін быў заснавальнікам і кіраўніком сайту charter97.org.

Узгадвае каардынатар «Хартыі-97» Зьміцер Бандарэнка:

«Алег Бябенін – гэта мой сябар, гэта сапраўдны журналіст, гэта сапраўдны мужчына, Мы зь ім былі ня раз у складаных сытуацыях, і ў нашай камандзе ён заўсёды быў такім цэнтрам стабільнасьці. Я яго памятаю зь сярэдзіны 1990-х, калі сам працаваў на Радыё 101,2, а ён – у газэце «Имя». З 1997 года мы бачыліся зь ім амаль кожны дзень, будавалі пляны на будучыню. Ніякіх падставаў для сканчэньня жыцьця, пра якое зараз кажа міліцыя, не было. Мы ў гэта абсалютна ня верым. Я быў на месцы, і ўжо бачыў Алега нежывога, і я ня веру, што гэта магло быць самагубства. Гэта адзін са «сталпоў» нашай інтэрнэт-журналістыкі, і, безумоўна, нам усім яго будзе вельмі не хапаць».

Ніхто з калегаў ня верыць ў афіцыйную вэрсію праваахоўных органаў – самагубства Алега Бябеніна. Тыдзень таму ён разам зь сям'ёй вярнуўся з апдачынку з Грэцыі, у яго было поўна аптымізму і плянаў на будучыню. Калега Алега Натальля Радзіна кажа:

«Больш жыцьцярадаснага чалавека я ня ведала».

У Алега Бябеніна засталіся жонка і двое сыноў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]