Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Парад як дэманстрацыя чаго?

28.06.2017 политика
Парад як дэманстрацыя чаго?

Падобна на тое, што й «падвышеньне голасу» народ ужо не натхняе.

«Парадны» танк, які заваліў ліхтарню на праспэкце Незалежнасьці справакаваў размовы пра мэтазгоднасьць вайсковых парадаў як такіх. Наўпрост сутыкнуліся дзьве сьвядомасьці, мілітарная й грамадзянская.

Увогуле дзеля чаго праводзяцца ў Беларусі вайсковыя парады? Напалохаць НАТО альбо «зялёных чалавечкаў» імі не напалохаеш, што толькі даказаў зьбіты слуп. Пэўна і тыя, і тыя ведаюць магчымасьці войска РБ выдатна. Толькі каб пацешыць самалюбства галоўнакамандуючага? Але надта ж дарагая пацеха. І народу, генэральнаму, так бы мовіць, спонсару ўсяго гэтага відовішча, яно сто гадоў ня трэба. Думаю, у адміністрацыі гэта ведаюць.

Дык дзеля чаго?

Застаецца, на мой погляд, адзіная вэрсія: каб падтрымаць у грамадзтве мілітарную сьвядомасьць. Каб на зьмену ёй, крый Бог, не прыйшла сьвядомасьць цывільная, грамадзянская, якая «аць-два» рабіць ужо ня будзе. Кіраваць мілітарызаваным грамадзтвам – гэта ня вуліцай кіраваць.

Наша грамадзтва цяжка аддзірае ад цела вайсковы шынэль, хоць і насіць яго на сваіх плячах моцна стамілася.

Памятаю, як у другой палове 1980-х, пад час маёй вучобы ў Беларускім інстытуце фізкультуры, прарэктар па вучэбнай частцы Марозаў абсалютна сур’ёзна прасоўваў ідэю апрануць студэнтаў у паўвайсковую форму, што, на ягоную думку, падвысіла б дысцыпліну наведваньня заняткаў.

Час мяняецца, ідэалягічны мілітарны чыньнік на беларусаў уплывае мала, таму для яго падтрымкі і ладзяцца ваенізаваныя шоў. Як Чэрчыль калісьці рабіў пазнакі на тэкстах уласных прамоваў: «Аргумэнт слабы, павысіць голас».

Але падобна на тое, што й «падвышеньне голасу» народ ужо не натхняе.

Таму напярэдадні парадаў можна назіраць аўтамабільныя заторы на выезд са сталіцы, таму разрастаецца нэгатыўная рэакцыя з боку грамадзтва, якое становіцца цывільным. Мірным людзям парад мілітарызму зусім не да твару.

Алег Дашкевіч, «Радыё Cвабода»

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2020 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]