Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Вавілонская вежа дыктатара

26.09.2010 политика
Вавілонская вежа дыктатара

Правіцель на саміт у Нью-Йорк не паехаў. Знайшлася больш надзённая справа.

Узнікла неабходнасць тэрмінова давесці грамадству ідэю пераапранання шматлікага чынавенства ва ўсё ільняное. За акіян скіраваўся міністр замежных спраў. Але і ў ягоным выступе з трыбуны ААН прагучала ідэя не менш крэатыўная.

Саміт да таго абавязваў. Ён прысвячаўся мэтам развіцця тысячагоддзя. Тэматыка ці не самая актуальная для рэжыма тутэйшага. Бо рэжым гэты, як высветлілася апошнім часам, таксама збіраецца гарманічна ўпісацца ў кантэкст новага тысячагоддзя. Узяўшы ўладу аднойчы, застацца назаўсёды. Нездарма ж нават старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі, яшчэ нават не дачакаўшыся вылучэння незаменнага ў якасці кандыдата на новы тэрмін кіравання, паспяшалася публічна абвесціць, што верыць у ягоную перамогу. Пры такіх перспектывах застаецца хіба што дробязь – давесці да сусветнай супольнасці думку пра непазбежнасць яе далейшага суіснавання з апошняй дыктатурай Еўропы.

А таму на прадстаўнічым аанаўскім саміце міністр надзвычай упэўнена вызначыў каардынаты гэтага архаічнага ўтварэння ў бязмежнай прасторы тысячагоддзя. Паводле ягонай заявы, прыярытэтам чалавецтва – і рэжыма таксама! – павінна стаць патрэба будучых пакаленняў. Мала таго, ён яшчэ заклікаў увесь цывілізаваны свет больш актыўна супрацьстаяць тым пагрозам, з якімі сустракаецца моладзь.

Тыя, што заставаліся ў залі падчас гістарычнага выступу міністра, з замілаваннем пляскалі ў далоні. Сапраўды, па-бацькоўску клапоціцца гэтая ўлада аб тых пакаленнях, якія ўступаюць ў жыццё! Чым не прыклад для іншых народаў?

А на радзіме крэатыўнай міністэрскай ідэі, у самым цэнтры беларускай сталіцы, стаялі менавіта тыя дзяўчаты і хлопцы, лёсам якіх аанаўскі выступоўца заклікаў усіх апекавацца. Яны маліліся. Мелі надзею, што словы малітвы крануць глухія сэрцы сённяшніх уладароў жыцця. І адмовяцца яны ад дзікай задумы ператварыць кляштар бэрнардынцаў і касцёл Святога Язэпа ў чарговы шыкоўны гатэль. Такія страшэнныя разбурэнні перажыў гэты шматпакутны горад, столькі кіруючых ідыётаў ён бачыў, што амаль не засталося тут старадаўніх будынкаў. І вось яшчэ апошнія спатрэбілася апаганіць і знішчыць. А заадно зняважыць усіх тых, хто шануе сваю гісторыю.

Але там, дзе пахне грашыма, цёмным прыбыткам ад здзелкі з замежнымі пакупнікамі, улада выяўляе непахісную рашучасць. І дэманструе нораў сквапнай шпаны. Абаронцаў апошніх святыняў з дня ў дзень хапаюць і з маніякальнай упартасцю адвозяць у пастарунак. Затрымліваюць каля касцёла. І далёка на падыходзе. Здзекуюцца. Збіваюць. Подла зневажаюць. Аператыўнікі наўмысна пераапранутыя ў цывільнае. Каб у людзей спакваля ўзнікаў страх і адчуванне, што спецслужбы тут побач з кожным. На вуліцы. У натоўпе. Паўсюдна. І кожны крок – пад наглядам. Не толькі ў Мінску. Па ўсёй краіне.

На гэтым тыдні ў адной з гарадзенскіх крамаў грамадская актывістка Крысціна Шацікава раздавала людзям буклеты і паветраныя балонікі. Такая жудасная небяспека – атрымае чалавек нейкі буклет. Няйначай, пагартае і пойдзе адразу на штурм аблвыканкама. Выклікалі імгненна міліцыю. А тая з’явілася з аўтаматамі напагатове. А як жа інакш, у краме – вораг народа!

Аднак і гэта яшчэ толькі кветачкі няспыннага клопату ўлады пра моладзь. Дайшло ўжо да поўнага маразму. Маладафронтавец Эдуард Лобаў ехаў у тралейбусе. Хтосьці там пацікавіўся, што азначае нашыўка на ягонай куртцы - “Малады фронт”? Хлопец патлумачыў. Як тое зазвычай здараецца, далучыліся да размовы і іншыя пасажыры. Пачалі выказвацца наконт блізкіх выбараў, на якіх, па іх меркаванні, зноў галасы палічаць на карысць усім вядомага прэтэндэнта. Звычайная па цяперашнім часе размова.

Але як толькі маладафронтавец выйшаў на прыпынку, яго схапілі міліцыянты. Адвезлі у апорны пункт. Потым у аддзел міліцыі. Дапыталі. Нібы ў зацятага крымінальніка, знялі адбіткі пальцаў.

На якой падставе? А на ўсякі выпадак. Тым, хто наверсе, страшна. Баяцца звычайнай размовы. Нават паветранага балоніка. І непазбежнага канца, нягледзячы на амбітныя планы навечна ўпісацца ў бягучае тысячагоддзе. А таму мітусяцца, хапаюць людзей, кідаюць за краты. Найперш маладых. І хлусяць з высокіх трыбун, што іх хвалюе лёс будучых пакаленняў. Дня не праходзіць без карных акцый.

У Мінску перад зняважаным касцёлам пераапранутыя дэбілы праводзяць зачыстку. А ў Нью-Йорку рэжым разгортвае атаку дыпламатычную. Ды так далікатна, з разлікам на спачуванне. У выступе міністра замежных спраў на саміце гучаць біблейскія матывы. Але ён не ўпускае магчымасці сказаць і пра набалелае гэтага хітраватага рэжыму. “В строительстве здания нашего будущего мы все должны быть понимающими друг друга партнерами – чтобы не повторить судьбу Вавилонской башни. Где реальных партнерских отношений выстроить не удалось, там доминирует сиюминутная выгода и пренебрежительное отношение к чужим интересам”.

Сапраўды, навошта ўвесь час нагадваць, што тут дыктатура? Ці не лепей быць проста партнерамі і паважаць гэтыя самыя “чужие интересы”? Вядома якія. Заплюшчыць вочы на экзатычныя адметнасці тутэйшых выбараў. Не заўважаць азвярэлай паліцэйшчыны. Забыць назаўсёды пра бясследна зніклых. І ўвогуле, навошта ўвесь час варушыць мінулае? Сказаў жа міністр проста і выразна пра сваё разуменне партнерства. А нагадваючы ўвесь час пра нейкую там дэмакратыю ды правы чалавека, хіба можна збудаваць Вавілонскую вежу?

Тым болей, што ёсць жа такі цудоўны і незаменны прараб. І ён гатовы ўзяцца за будаўніцтва. Нездарма ж паслаў за акіян свайго міністра з сенсацыйнай ідэяй супольнага будаўніцтва вежы тысячагоддзя. Зразумела, з ягоным удзелам. Ім здаецца, што ўсё яшчэ наперадзе. І менавіта яны перарэжуць калісьці чырвоную стужку завершанай новабудоўлі. Выйдуць кагортай паплечнікі – усе, як адзін, у кужэльным. І тысячагоддзе будзе для іх лагодным і бясхмарным.

А тут, няведама адкуль, - 19 снежня. Звычайны нібыта дзень. Але высвятляецца раптам, што краіна ўжо не тая, якой яшчэ ўчора бачылася яна з Драздоў. І над шматлюднай плошчай ляціць легкадумны балонік, які не паспелі злавіць гарадзенскія аўтаматчыкі. І мінулага ўжо не вернеш.

Такі гэты свет – нічога вечнага.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]