Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Алесь Адамовіч: Няўжо вы ўсё яшчэ дазваляеце фюрэрам дурыць вас?

03.09.2017 общество
Алесь Адамовіч: Няўжо вы ўсё яшчэ дазваляеце фюрэрам дурыць вас?

Лёсы Васіля Быкава і Алеся Адамовіча шмат у чым падобныя.

Прарваць блакаду на «Беларусьфільме» Адамовічу давялося толькі пасля таго, як былі надрукаваныя яго раманы «Война под крышами» і «Сыновья уходят в бой». Аднак рэжысёр Віктар Тураў нават не ўяўляў, які іспыт чакае яго ў часе працы з такім «нязручным» аўтарам, піша novychas.by.

Лёсы Васіля Быкава і Алеся Адамовіча шмат у чым падобныя — у абодвух канфлікт з уладай пачаўся ў 1966-м: у Быкава — з-за аповесці «Мёртвым не баліць», у Адамовіча — з прычыны адмовы падпісаць ліст супраць літаратараў-«здраднікаў» Даніэля і Сіняўскага. Зноў жа, абодва, хоць і ў розныя часы, але вымушаны былі пакінуць Беларусь. Нарэшце, абодвум гадамі перакрывалі кісларод адны і тыя ж высокія чыноўнікі.

Сёння спаўняецца 90 год з дня нараджэння Алеся Адамовіча.?

Як у 1937-м

1966 год. Адамовіч чытае ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце курс лекцый па беларускай літаратуры. Маладому прафесару, абяцаючы жыллё, прапануюць застацца ў Маскве. Аднак хрушчоўская «адліга» паступова змяняецца брэжнеўскімі «замаразкамі». Дзяржаве зноў патрэбныя «ворагі народа». Якраз у гэты час на Захадзе з’яўляюцца "паклёпніцкія" публікацыі Андрэя Сіняўскага і Юлія Даніэля. І мішэнь знойдзена — фабрыкуецца справа савецкіх літаратараў-«здраднікаў». З ЦК КПСС у Маскоўскі ўніверсітэт накіроўваецца распараджэнне: прафесура павінна выступіць з асуджальным лістом.

Аднак Адамовіча папярэджваюць — у яго ёсць шанец знікнуць ці хоць бы назвацца хворым… Праз гады ён напіша ў сваіх нататках «Путешествие из Минска в Москву и обратно»: «Не пайсці, згадзіцца, што мяне “не знайшлі”, — як пасля будзеш адчуваць сябе? Вось мы ўсе папракалі “старых”, што яны дазволілі сталінскай бандзе асядлаць краіну, загнаць усіх у Страх, у Паслухмянасць. Аднак не адразу ж гэта пачалося, з нечага пачыналася, і тады яшчэ можна было нешта выправіць, змяніць сваю і нашу будучыню. А ці не такі момант зноў падступае?.. Потым ужо ў нас будуць пытацца, катаваць нашае сумленне: як гэта вы дазволілі?»

…У 1988 годзе Юрый Хашчавацкі і Аркадзь Рудэрман знялі фільм «Встречный иск» (першапачатковая назва — «Алесь Адамович. Наблюдение» — была забаронена), адным з эпізодаў якога быў судовы працэс: былы пракурор Шахаўцоў падаў у суд пазоў на Адамовіча за тое, што той назваў Сталіна злачынцам. «Падчас гэтага суда, — прыгадваў Юрый Хашчавацкі, — Адамовіч сказаў пра адну вельмі істотную рэч, якая стала для мяне як камертонная нота для дырыжора. Ён сказаў, што стары Майсей быў забыўлівы — Гасподзь пакінуў яму 11 запаведзяў, а той запомніў толькі 10. 11-я гучыць так: “Не бойся”».

Адамовіч не баяўся ўжо тады, у 1966-м. Яго прынцып: «Досыць, што да нас жылі, не жывучы». І таму цяпер адкрыта заявіў: «Суда яшчэ не было. Якое ж мы маем права папярэднічаць рашэнню суда?.. Ці не мала з нас аднаго 37-га года?»

Адмовіўшыся падпісаць калектыўны ліст прафесуры Маскоўскага ўніверсітэта, ён вымушаны быў звольніцца. «Трэба тэрмінова з’язджаць, — занатуе ён, — пакуль яны мяне не даціснулі, найперш псіхалагічна». Тыя падзеі ён успрымаў настолькі сур’ёзна, што нават па начах прачынаўся ад уласных крыкаў: «Нягоднікі!»

У выніку Адамовіч вярнуўся ў Мінск. «Жыццё на два горада», — так ён вызначыў потым уласны лёс, паколькі, маючы патрэбу ў «запасным выхадзе», вымушаны быў жыць то ў Мінску, то ў Маскве.

Аднак афіцыйны Мінск сустрэў халодна — Адамовіч год заставаўся без працы. Яму працяглы час не дазвалялі вярнуцца ў Інстытут літаратуры АН БССР, паколькі сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Станіслаў Пілатовіч прыстрашыў: «Партыя не выпусціць са сваіх рук літаратурную крытыку, хай Алесь Адамовіч не разлічвае, што аддадзім яму».

Больш за тое, Адамовічу нават хацелі адмовіць у прапісцы, бо першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў заявіў: «Хай там адмываецца, дзе награшыў!», але Адамовіча выратаваў драматург Андрэй Макаёнак.

Канчаткова ж прымірыць Машэрава з думкай, што нязручны літаратар усё ж вярнуўся ў Мінск, здолеў сакратар ЦК КПБ Аляксандр Кузьмін. Але адбылося гэта ўжо праз гады — пасля публікацыі кніг «Карнікі» і «Я з вогненнай вёскі…», якая была напісана Адамовічам у суаўтарстве з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам і якую Святлана Алексіевіч потым назаве геніяльнай кнігай. «Толькі калі сустрэла кнігу “Я з вогненнай вёскі...”, раптам зразумела, што менавіта так я і чую свет — праз галасы, — казала Алексіевіч падчас адной з нашых з ёй гутарак. — Я ж вырасла і сфармавалася ў вёсцы. А вёска — гэта найперш галасавая культура, у вёсцы галасы — гэта знаёмы табе свет… Тады ж і адчула, намацала свой жанр».

Аднак што тычыцца яшчэ Машэрава. Калі праз гады, маючы на ўвазе справу Сіняўскага–Даніэля, першы сакратар ледзь не абняў Адамовіча: «Вы былі малады, вядома, маладосць, гарачнасць…», той парыраваў: «Няўжо, Пётр Міронавіч, вы думаеце, што сёння я падпісаў бы такі ліст? Я і сёння не падпісаў бы».

Чарговы Іван Іванавіч

Прарваць блакаду на «Беларусьфільме» Адамовічу, які ў 1964 годзе скончыў у Маскве Вышэйшыя сцэнарныя курсы, давялося толькі пасля таго, як былі надрукаваныя яго раманы «Война под крышами» і «Сыновья уходят в бой». Аднак рэжысёр Віктар Тураў нават не ўяўляў, які іспыт чакае яго ў часе працы з такім «нязручным» аўтарам. Адамовіч прыгадваў: «Садзіліся нейкія функцыянеры з ЦК… упісвалі… ледзь не эпізоды ў фільм, каб “пашырыць маштабы дзеяння”. А гэта, згодна з іх разуменнем, значыла паказаць у фільме камандаванне, партыйнае кіраўніцтва… Аднойчы Тураў… у адчаі і злосці сказаў Станіславу Пілатовічу, які займаўся тады ў ЦК ідэалогіяй: “А чаму вы лічыце, што ваша меркаванне самае галоўнае?” Той грукнуў па сталу кулаком: “Таму што нас паставілі кіраваць!” Дык вось гэты Станіслаў глядзіць гатовы, ужо прыняты Дзяржкіно фільм, і раптам гаворыць: “Слухайце, там у вас у фільме камісар кепку носіць неяк па-анархісцку. Дык падраўняйце яму кепку…”»

У тыя, 1960-я, гады Адамовіч меркаваў, што глухую сцяну, якой яго атачылі, цэкоўская зграя склала з уласнай ініцыятывы. Аднак пазней зразумеў — за ўсім стаяў асабіста Машэраў. І тым не менш, менавіта першы сакратар ЦК КПБ падтрымаў ідэю фільма «Убейте Гитлера» (пазней пераназваны ў «Иди и смотри»), бо, сам былы партызан, Машэраў лічыў, што трэба нарэшце зрабіць добрае кіно пра партызанаў, а Элем Клімаў якраз у той час хацеў экранізаваць «Хатынскую повесть» Адамовіча. Гэта было своечасовае супадзенне. Машэраў нават аддаў распараджэнне прадставіць верталёт і выдаць 45 тысяч інвалютных рублёў на закупку кінаапаратуры.

Зрэшты, і першы сакратар не быў усёмагутны — Адамовіч прыгадваў: «Сцэнар, які быў ужо прыняты, перадалі на дадатковы водгук нейкім генералам, якія ніколі не маглі вымавіць слова “экзістэнцыялізм”, аднак у іх водгуку гэтае слова паўтаралася не менш пяці разоў…» На адрас сцэнару было зроблена дванаццаць заўваг. Элем Клімаў пагадзіўся толькі з адной. Вынік — фільм здымацца не будзе…

Дазвол быў атрыманы праз шэсць гадоў, пасля гібелі Машэрава. Прычым праўкі ў сцэнары ўжо былі, як высветлілася, без патрэбы — трэба было толькі атрымаць «дабро» парткіраўніцтва. І ў гэтым палягала новая праблема, бо пасля трагічнай смерці Машэрава пазіцыі сакратара ЦК КПБ Кузьміна аслабелі, затое сілы набіраў Іван Антановіч: маючы падтрымку «ўверсе», ён пачаў барацьбу за месца галоўнага ідэолага. А паколькі Кузьмін фільм падтрымліваў, Антановіч, па словах Алеся Адамовіча, вырашыў яго загубіць. Так, ужо падчас прагляду гатовага фільма Антановіч шчыра прызнаўся Элему Клімаву: «Вы, магчыма, і геній… а я чалавек ардынарны, просты, і ў нас з вамі ніколі міра не будзе. Я ніколі побач з вамі не буду змагацца, дапамагаць вам». І яшчэ: «У вакууме мастак тварыць не можа… Яму павінен нехта стаяць і назіраць цераз плячо. Наша бяда ў тым, што мы наравілі апрануць кірзавыя боты перш, чым паглядзець цераз плячо. Гэта праблема Сістэмы. Мы былі яе ахвярамі».

З нататнікаў А. Адамовіча:

«Маленькі чалавечак, які да адрыжкі абжэрся ўладай (і ў прамым сэнсе — маленькі, сыценькі):

— Фільм амаль геніяльны, але я супраць!

І не думае, нават не баіцца, што афарызмам можа прыпячатаць сябе, прышпіліць сябе, як казюльку, у літаратуры навекі, гэты чарговы Ів. Ів….»

Фільм удалося абараніць толькі пасля таго, як на прагляд карціны былі запрошаны лепшыя тагачасныя рэжысёры. Зрэшты, яны таксама спачатку ледзь не пахавалі фільм, аднак становішча выратаваў Адамовіч, які на прамую звярнуўся да кіраўніка Саюза кінематаграфістаў Льва Куліджанава: «Мы, літаратары, — лайно, але такога дзярма, як вы, кіношнікі, я яшчэ не бачыў. Вы што, не разумееце, што загубілі свайго таварыша? Мы, пісьменнікі, таксама адзін аднаго не гладзім па поўсці, але калі пытанне стаіць пра жыццё і смерць таварыша па прафесіі, не дазволім сабе такога. Вы ж аддалі карціну і рэжысёра на расправу…»

Пасля такога жорсткага выступу фільм быў прыняты.

На напаўсагнутых

Вернемся ў 1966 год. Менавіта тады ў газеце «Правда» з’явілася імя ўраджэнца Беларусі Уладзіміра Сеўрука, які пасля шальмавання аповесці «Мёртвым не баліць» не толькі пачаў імкліва падымацца па партыйнай лесвіцы (выслужыўшыся да пасады загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПСС, ён, па сутнасці, курыраваў усю савецкую літаратуру) — з таго часу ён зрабіўся пажыццёвым ганіцелем Васіля Быкава. Адамовіч ведаў пра гэта і, аднойчы не ўтрымаўшыся, паўстаў на абарону сябра.

З нататнікаў А. Адамовіча:

«Неяк па тэлефоне Быкаў паведаміў мне: ну ўсё, узяўся ён [Сяўрук] і за “Знак бяды”! Выклікаў рэдакцыю, “Др[ужбу] нар[одов]”, “на ковёр” і ўжо даваў-даваў — за Быкава…

Пасля размовы з Бык[авым], усё яшчэ чуючы яго змрочны і стомлены голас, набраў Маскву. І — прама на Ул. М. [Сеўрука. — С. Ш.] Прадставіўся яму і:

— Ці вы пакінеце Б[ыкава] ў спакоі нарэшце, ці я пра ўсё, пра ўсе 25 гадоў траўлі, скажу публічна! Ну, зрабілі на ім кар’еру… Сказалі б дзякуй чалавеку і пакінулі яго ў спакоі…

Вядома, размова па такім тэлефоне з майго боку — нахабнейшая. Магчыма, гэта і збянтэжыла. О, яны чуюць, што нездарма. Раз загаварылі так — ці няма за гэтым некага? Таму мяне не абарвалі, не паслалі, не адчыталі, а сталі... скардзіцца. На тое, якія несправядлівыя беларусы да яго, земляка. Ён столькі зрабіў для Быкава (і для Ад[амовіча], між іншым, таксама), і замест падзякі што?..»

Яшчэ праз нейкі час Адамовіч запіша: «Гад ён помслівы, не даруе гэтыя 20 хвіл. праўды ў лоб». І іншым разам: «Ведаеце, як бывае: на кагосьці накідваецца сабака, ты адганяць — таго пакінуў, увязаўся за табой і не адстае». Менавіта так і здарылася: у хуткім часе Адамовіча і яго сааўтара па «Блокадной книге» Данііла Граніна запрасілі ў Германію — з выпадку выхаду якраз «Блокадной книги», але Адамовіча з краіны… не выпусцілі. Адначасова сталі злятаць з газет — артыкулы, з плана выдавецтва «Советский писатель» — кніга…

Не стрымаўшыся, Адамовіч угаварыў Быкава напісаць першую ў жыцці скаргу, і ні больш, ні менш — на імя Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова. Яе сэнс: пакуль ідэалогіяй кіруюць сеўрукі — якая ўжо там перабудова!..

Два месяцы прайшлі ў чаканні адказу, як раптам абодвух выклікаюць у ЦК КПБ — пазнаёміцца з адказам, а там — пералік, колькі разоў іх выдавалі, колькі і куды яны ездзілі. Адамовіч прыгадваў у гэтай сувязі: «Васіль аж крэкнуў ад здзіўлення... Дый мы ж не пра гэта пісалі! Мы — пра тое, як 25 гадоў не злазілі з пісьменніка... а нас адлюстравалі гэткімі ненажэрнымі».

Апроч таго, сябрам паказалі «дадатак», у якім кіраўнікі з «Советского писателя», «Литературной газеты» і Саюза пісьменнікаў апавядалі пра… сеўрукоўскія вартасці і пра тое, як Быкаў і Адамовіч даўно пераследуюць добрага чалавека…

«Тая папка пра многае нам распавяла. Па-першае, што мы скардзіліся на тое, што нас мала выдаюць і мала ездзім па замежжах. (Прыкладаўся дакумент, што ўсё зусім наадварот.) Далей, што Сяўрук У. М. не толькі не надакучыў інтэлігенцыі за 25 гадоў сядзення “на друку”, але, наадварот, працаваць з ім — асалода і задавальненне… — прыгадваў Адамовіч. — Васіль змрочна глядзеў на мяне: ну, што, казаў я табе? А я быў у захапленні: майстар ёсць майстар, нават калі ён на тваёй спіне выдае чачотку! А. Т. Кузьмін глядзеў на нас як дарослы на бязмозглых юнакоў, паабяцаў: у спакоі ён вас не пакіне, але будзе цяпер асцярожней».

З нататнікаў А. Адамовіча:

«Пра Сеўрука і Сеўрукоў даводзіцца казаць бясконца. Так, ён з тых, хто выштурхоўвае з нашай культуры, літаратуры жыццё, жывое, на гэтым паразітуе, расце па чыноўніцкай лесвіцы. І помсціць, помсціць, гадзіць ва ўсім, ведаючы, якая ён гадзіна ў вачах усіх нас, гнойшчык, вугор. Са мной яму нават нескладана пачынаць вайну: я паспеў настроіць супраць сябе ўсіх гэтых А. Савіцкіх ды С…, Паўлавых-Антановічаў — у нас, Бондаравых-Стаднюкоў — у Маскве. Ну, а для яго гэта вунь як зручна: за імі хавацца або іх рукамі дзейнічаць... Ды што ты можаш, чым напалохаць, калі я пра сябе даўно і думаць забыўся, пра сваю бяспеку і да т. п.»

«Не павінна быць гэтай улады ў апаратчыкаў. Улада іх падбірае, такіх. Яна іх нявечыць, вырадкаў, яшчэ мацней. І як яны скажона дзейнічаюць на ўсё грамадства. Генсекі высока і час ад часу дзейнічаюць. Гэтыя — увесь час, як толькі Сталін. Ён — асабіста, гэтыя — безаблічна, але з той жа сталасцю».

У 1999 годзе Сяўрук высту­піць на старонках газеты «Рэспубліка» з вялікім артыкулам, у якім назаве той даўні ліст супраць яго «даносам» і дадасць не без злараднасці: «Апаратчыка майго рангу можна было звольніць толькі шляхам аднагалоснага пісьмовага галасавання членаў Сакратарыята ЦК КПСС. Гэта значыць, кожны павінен быў паставіць на бланку праекта пастановы ЦК КПСС “за” ці “супраць” і распісацца. Але нават пры адным голасе “супраць” пытанне з разгляду здымалася. Першы прагаласаваў “супраць” М. В. Зімянін, затым — Б. М. Панамароў (а ён ведаў мяне добра па Афганістане. Дарэчы, Адамовіч дапісаўся да таго, што я краў у Афганістане сала з салдацкіх пасылак. Інтэлігенцыя!).

Гарбачоў закруціўся. Даручыў Якаўлеву стварыць камісію, каб дабіць усё-ткі мяне. У камісію ўвайшлі вядомыя літаратары, выдаўцы, журналісты. Узначальваў яе першы намеснік старшыні Камітэта партыйнага кантролю пры ЦК КПСС Іван Сцяпанавіч Густаў. Прасвяцілі мяне, як гаворыцца, да апошняй костачкі. І аднагалосна прызналі: не, не вінаваты. НІВОДНЫ ФАКТ з даносаў НЕ ПАЦВЕР­ДЗІЎСЯ!..

Але тады даносчыкі аскандаліўся. Як паведаміў у ЦК КПСС сакратар ЦК КПБ А. Т. Кузьмін, “азнаёміўшыся з вынікамі праверкі іх ліста, тт. Быкаў і Адамовіч выказалі шкадаванне, што напісалі яго на аснове непраўдзівай інфармацыі” (Архіў ЦК КПСС да № 08603; 02 ад 16 красавіка 1986 г.). У той жа дзень А. Якаўлеў спісаў данос у архіў…»

Тут дарэчы будзе прыгадаць: калі літаратуразнаўца Валянцін Аскоцкі неяк кінуў папрок Аляксандру Якаўлеву (які ў той час быў сакратаром ЦК КПСС і правай рукой Гарбачова): «Вы ж самі прыгрэлі Сеўрука», Якаўлеў адказаў: «А вы ведаеце, як ён уваходзіў да мяне ў кабінет? На напаўсагнутых». І ўжо падчас нашай з ім размовы Аляксандр Мікалаевіч пацвердзіў: «Сяўрук сапраўды хадзіў на напаўсагнутых. Справа ў тым, што Сяўрук такі ўжо чалавек — як ледзь начальнік пабольш яго... Браў я яго па рэкамендацыі. І толькі потым прыйшло разуменне... Але ён жа добра маскіраваўся: Сяўрук пісаў артыкулы і тыя, і іншыя — якія скажаш, такія і напіша».

Хоць няправільна было б думаць, што толькі цэкоўцы — сяўрукі, антановічы, марцалевы, паўлавы, — свядома ці не кіруючыся гебельсаўскім прынцыпам: «Вылучайце аб’екты для нянавісці», шальмавалі Адамовіча. Яго білі з усіх бакоў. Так, да прыкладу, Рыгор Барадулін прыгадваў: «Самыя “магутныя” плёткі, якія ўпарта распаўсюджвалі ў нашым СП пра Адамовіча, — быццам бы ён жыд. А чаму, казалі, ды таму што яго маці ў аптэцы працавала. Ах, маці-аптэкарка?! І ўзнікалі асацыяцыі: Адамовіч-Хаймовіч… Калі ж і гэта не дзейнічала, тады пускалі чуткі, нібыта Адамовіч прадаўся Маскве і плюе на Беларусь, паколькі піша па-руску».

«Шкодны пацыфіст»

У 1983 годзе пры ўдзеле Алеся Адамовіча была арганізавана канферэнцыя на тэму ядзернага апакаліпсісу. Менавіта тады ён, актыўна выступаючы з ідэяй ядзернага раззбраення, спрабаваў прабіцца да камандзіраў падводных лодак, здольных «пры неабходнасці» двума дзясяткамі ракет знесці Еўропу ці Амерыку. Адамовіч хацеў зразумець, «хто ж у кнопак і чаго можна чакаць ад іх». Пагаварыць атрымалася з трыма капітанамі — адным амерыканскім і двума савецкімі. Адну такую гутарку пісьменнік «рассакрэціў» — яна была надрукаваная ў «Московскіх новостях», пасля чаго яго абвінавацілі ў «кашчунстве», «здрадзе», «абстрактным гуманізме» і «шкодным пацыфізме».

Зрэшты, генералы не маглі дараваць яму не толькі заклік да раззбраення. Вось што некалі распавёў мне сакратар Саюза пісьменнікаў Масквы Валянцін Аскоцкі: «У вайскоўцаў з Адамовічам былі асаблівыя рахункі. Справа ў тым, што Васіль Быкаў, уведзены ў камітэт па абароне, аднойчы пачуў на сходзе камітэта такія размовы: Гарбачоў развальвае армію, Гарбачоў патурае пісьменнікам, якія прыдумалі “дзедаўшчыну”. “Я нават не стаў далей слухаць, — распавядаў Быкаў, — і, сышоўшы ў знак пратэсту, адразу распавёў пра ўсё Адамовічу”. А Адамовіч, выступаючы на з’ездзе народных дэпутатаў, звярнуўся прама да Гарбачова: “Міхаіл Сяргеевіч, асноўная небяспека для вас сыходзіць не ад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, а ад генералаў, якія сядзяць ззаду вас і дыхаюць вам у патыліцу. Яны — вашы галоўныя праціўнікі”».

Сам Адамовіч прызнаваўся, што ўпершыню ў поўнай меры ўсвядоміў, з кім мае справу грамадства, і каму акадэмік Сахараў уручыў сваю бомбу, яшчэ ў 1984-м ці 1985 годзе — пасля размовы з незабыўным Антановічам. Адамовіч прыгадваў: «Выклікалі мяне ў ЦК, і я ад Івана Іванавіча пачуў, нарэшце, што такое сацыялістычны, не абстрактны гуманізм.

— Што вы ўсё палохаеце атамнай бомбай? Адкуль вы ўзялі, што загіне ўсё чалавецтва?

На мае аргументы... прагучаў адказ. Вось ён:

— Калі нават ад усяго нашага народа застанецца ў жывых 10 чалавек, задача ў тым, каб яны засталіся савецкімі людзьмі. У гэтым я бачу мэту сваёй працы, але і вашай, пісьменніцкай, таксама».

З нататнікаў А. Адамовіча:

«У звароце ЦК КПСС, Прэзідыума Вярх[оўнага] Савета СССР і Савета мін[істраў] СССР... “Калі над планетай пранясецца ядзерны ўраган, ён не пакіне на ёй нават аазісаў жыцця...” “Не можа быць мэтаў, якія б апраўдвалі развязванне ядзернай вайны”. Ну што, м[…]ла-Антановіч! Што цяпер скажаш, са сваёй упэўненасцю, што твая місія (Напалеончык с[…]ны!) выхоўваць далей у духу сваім “нават калі 10 чалавек застанецца на Зямлі”. Маўляў, нешта ды застанецца. Ты, напрыклад, а раз ты, значыць, 5 млрд. можна і рызыкнуць...»

«Краіна, якой не шкада»

А быў жа яшчэ красавік 1986-га і Чарнобыль. Адразу пасля катастрофы Адамовіч сустракаецца з навукоўцамі і збірае засакрэчаную інфармацыю, якая датычылася і ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці населеных пунктаў, і вынікаў лячэння. Але Адамовіч прарваў гэтую блакаду, неаднаразова публікуючы факты, якія сталі яму вядомыя. І, выступаючы на сходзе навукоўцаў-фізікаў, ён заклікаў: «Сціпласць беларусаў павярнулася супраць іх. Не верце, дзеля бога, што нармальна. Патрэбна дапамога, амаль як у 1941-м годзе».

Не абмежаваўшыся гэтым, у самым пачатку чэрвеня ён адвёз ліст асабіста Міхаілу Гарбачову: «Радыяцыя ўдарыла найперш па нашай рэспубліцы: Гомель, Магілёў, Жлобін, Мазыр, Слаўгарад, Краснаполле, Рэчыца, Хойнікі, Нароўля, Брагін, Пінск, Слуцк, Брэст. Дасталося і Мінску. А паміж гэтымі гарадамі тысячы вёсак... Людзям пагражае радыяцыйнае атручванне праз прадукты харчавання... У нас фактычна няма патрэбнай колькасці прыбораў для замеру радыяцыі ў прадуктах харчавання... Патрэбна дапамога ўрачамi-спецыялiстамi... І вывозіць дзяцей, падлеткаў, цяжарных жанчын і наогул усіх, каго магчыма!.. Толькі не згубіць час!»

Ужо праз тры дні ў Мінск прыехала камісія з 60 чалавек. Яе сустрэла дружная сям’я чынушаў-аптымістаў, якая запэўніла: ад радыяцыі пацярпелі толькі тры раёны, а не пятая частка рэспублікі. Адамовіча мінскія чыноўнікі абвінавацілі ў панікёрстве. Гэта была свядомая пазіцыя афіцыйнага Мінска.

Яшчэ да паездкі ў Маскву Адамовіча запрасіў да сябе першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў. Гутарка працягвалася больш за шэсць гадзін. Адамовіч прыгадваў: «першы» пераконваў, што «сітуацыя пад кантролем» (аднак у адказ на пытанне: «Але прыбораў-та няма?» — Слюнькоў прамямліў: «Ды не») і не без гонару распавёў, што ўкраінцы паўтары гадзіны скардзіліся старшыні Савета міністраў СССР Рыжкову на чарнобыльскія праблемы, а старшыня Савета міністраў БССР Кавалёў за 10 хвілін даў справаздачу! (І Рыжкоў, зразумелая справа, быў відавочна задаволены: «Вучыцеся, украінцы, у беларусаў!»). Потым Адамовіч напіша: «10 хвілін кавалёўска-слюньк[оўскіх] дорага абышліся бел[арускаму] народу!» І, усвядоміўшы, якое злачынства адбылося, прыгадае выраз «жалезнага канцлера» Германіі Бісмарка — «краіна, якой не шкада». Гэта пра Беларусь.

Аднак неўтаймаванасць пісьменніка будзе мець наступствы не толькі для яго: у выніку, «Несцярэнку “выперлі” з ядзернага інстытута, Барысевіча — з Акадэміі, Кузьміна — з ЦК». А самога Адамовіча — з Мінска. У адным з інтэрв’ю ён так і скажа: «Мяне выжылі з Беларусі».

Што ж да Кузьміна: я гаварыў з ім незадоўга да яго смерці. Ён ведаў пра прысуд урачоў — анкалогія, — і таму даваў дазвол на публікацыю свайго «чарнобыльскага» дзённіка, але толькі пасля смерці, іначай, як сказаў Аляксандр Трыфанавіч, яго ніхто хаваць не прыйдзе. Той дзённік і дасюль не апублікаваны…

Увосень 1987-га Адамовіч з’ехаў у Маскву, бо прайшоў паводле конкурсу на пасаду дырэктара Усесаюзнага НДІ кінамастацтва. Хоць дзеля справядлівасці заўважым, што ён доўга не згаджаўся на гэтую прапанову Элема Клімава.

Васіль Быкаў, калі я папрасіў яго распавесці пра сябра, зазначыў: «Вядома, Адамовіч быў чалавек нязручны, са сваімі перакананнямі, са сваёй грамадзянскай пазіцыяй для таго таталітарнага часу. І таму ён проста не мог знайсці месца, адэкватнага сваім жыццёвым устаноўкам, ні ў Мінску, ні, па вялікім рахунку, у Маскве».

Сам жа Адамовіч у размове з крытыкам і сябрам Уладзімірам Бойкам наракаў: «Пачуцьцё блякаваньня... У каторы раз!.. У Маскве я для Беларусі больш здолею зрабіць».

«Вораг народа»

І сапраўды, думкі Адамовіча і ў Маскве былі звернутыя найперш да Беларусі. Так, да прыкладу, у кастрычніку 1988-га ён апублікаваў у часопісе «Огонёк» выкрывальніцкі артыкул пра сталінізм і Курапаты, у якім ужыў у дачыненні да афіцыйнага Мінска эпітэт, які адразу зрабіўся крылатым: «антыперабудовачная Вандэя». Вядома, не пакрыўдзіцца беларуская Вандэя не магла — пачалі збірацца «народныя сходы», падчас якіх «простыя працаўнікі» кляймілі Адамовіча, а газеты стракацелі загалоўкамі: «Эволюция политического невежества», «Перестройка — не игра в демократию», «Барьер политической слепоты», «Ярлыки вчера и сегодня» і г. д.

Прывядзём толькі адну цытату: «Набіўшы руку на персаналіях, налаўчыўшыся ў славеснай расправе з непажаданымі яму асобамі, Адамовіч перайшоў на больш буйныя мішэні — на Узброеныя сілы СССР, на цэлыя рэгіёны і гарады. Чаго, скажам, вартае яго сцвярджэнне, быццам горад Мінск заслужыў “у апошні час сумную рэпутацыю антыперабудовачнай Вандэі”? Што ж цяпер загадаеце рабіць больш чым паўтара мільёнам мінчукоў, як “адмыцца” ад налепленага на іх “ярлыка”?..» Між іншым, пад гэтым артыкулам у «Советской Белоруссии» значылася і імя акадэміка АН БССР М. Дарожкіна — таго самага, які ў 1948-м прыціскаў генетыку.

Зноў жа дзеля справядлівасці варта зазначыць, што спачатку рэдакцыі газет адмаўляліся друкаваць артыкулы супраць Адамовіча, але гэта было распараджэнне ЦК КПБ. Праўда, адначасова СМІ пачалі друкаваць і іншыя выступленні, ужо не пажаданыя з пункту гледжання ЦК. На абарону сябра паўстаў у тым ліку Васіль Быкаў, які пісаў, у прыватнасці: «У нядаўна яшчэ мірнай, цалкам дзелавой грамадскай атмасферы Беларусі адбыліся ашаламляльныя перамены, і забушавалі эмоцыі, славесныя цыклоны завіхорыліся на грамадскіх мерапрыемствах і ў друку. Што тычыцца друку, то яго дзіўна аднадушны хор і з’явіўся пачынальнікам шумнай кампаніі выкрыцця “каварных задум” ворагаў і падрыўнікоў дзяржаўных асноў.

Хто ж гэтыя ворагі і дзе іх прапаноўвалася шукаць?

Шукаць, зразумела, трэба было ва ўласных шэрагах, таму што ўсе яны д’ябальскі маскіруюцца пад “сваіх” — гэтыя заўзятыя нацыяналісты, сіяністы і масоны. І яшчэ асабліва ненавісныя “паклёпнікі”, якія паквапіліся на незаплямлены гонар паўтарамільённага горада-героя, якія западозрылі ў ім антыперабудовачную Вандэю. У гэтым сэнсе дасталося шматлікім, пераважана людзям творчых прафесій — пісьменнікам, мастакам, кінадзеячам. Асабліваму ганьбаванню падвергся пісьменнік Алесь Адамовіч, які асмеліўся ў адной з “огоньковских” публікацый спажыць намёк на падабенства таго, што адбываецца ў Мінску, з некаторымі момантамі французскай буржуазнай рэвалюцыі і назваць імёны. Па ўсім бачна, менавіта гэтая публікацыя А. Адамовіча мацней за ўсё зачапіла празмерна адчувальныя амбіцыі некаторых людзей з ліку беларускага рэспубліканскага кіраўніцтва…»

Наогул кажучы, на абарону Адамовіча Быкаў паўставаў у друку неаднойчы. Яго імя значыцца ў тым ліку і пад калектыўным лістом у рэдакцыю газеты «Советская культура», подпісы пад якім паставілі таксама Аляксандр Дракахруст, Навум Кіслік, Віктар Казько, Алесь Разанаў, Валянцін Тарас, Кастусь Тарасаў і — Святлана Алексіевіч. Але сапраўды, як напісала Алексіевіч у 1988 годзе ў дарчым надпісу свайму настаўніку Алесю Адамовічу, «часам здаецца, што мастацтва зусім бяссільна…»

Увогуле, для разумных людзей прычына шальмавання Адамовіча была зразумелая, таму нават песні пачалі з’яўляцца, як, напрыклад, гэтая, за аўтарствам Міхаіла Карпачова:

Адамович, вы же порете чушь!

Объяснили ж вам герои труда:

Фронт народный Белоруссии чужд,

Демократия была всегда.

Брось подзуживать людей на бузу!

Жил бы в Минске — был бы тише воды.

Вам повестка — распишитесь внизу.

Дуй в Чернобыль, мать твою растуды!..

Жывучы ў Маскве і падвяргаючыся хуле на радзіме, Адамовіч тым не менш заўсёды імкнуўся ў Беларусь (Радзім Гарэцкі прыгадваў, што Алесь Міхайлавіч цікавіўся, ці можна вярнуцца ў беларускую Акадэмію навук). Памёр жа ён (а па сутнасці, загінуў) у Маскве ў 1994-м, адразу пасля выступу ў Вярхоўным судзе ў падтрымку Міжнароднага літфонду ў пытанні аб непадзельнасці ўласнасці пісьменнікаў былога СССР. Вось ужо сапраўды не будзе перабольшваннем сказаць, што праўды Адамовіч дамагаўся да апошняй хвіліны.

Але яшчэ месяцаў за пяць да скону наказаў дачцэ Наталлі, каб у выпадку смерці яго абавязкова перавезлі на радзіму, у Глушу. Так таму і наканавана было стацца.

З нататнікаў Алеся Адамовіча:

...А нехта, магчыма, будзе глядзець на фотаздымак твайго часу ці чытаць вось гэта.

Цябе ўжо няма, а яны — вось ён, вы, якія чытаюць, ёсць.

Вітаю вас — шчаслівы, што вы ёсць.

Значыць, розуму ў нас хапіла. І значыць, мы неяк доўжымся вось хоць бы ў тым, што ты, чал[авек] ХХI ст., чытаеш гэта...

...А мы зараз спадзяемся, што, стаўшы лепш, мы зробім лепш свет...

Ну, а вы? Вы як?..

Няўжо вы ўсё яшчэ дазваляеце фюрэрам дурыць вас?

1989 г.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]