Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Гісторык: Віцебск – горад, заснаваны крывічамі

01.10.2017 общество
Гісторык: Віцебск – горад, заснаваны крывічамі

Чаму вiцебскiя ўлады адкрыта ігнаруюць меркаваньні месьцічаў і не прыслухоўваюцца да парадаў адмыслоўцаў.

Апошнім часам практыка ўсталяваньня ў Віцебску супярэчлівых з гістарычнага пункту гледжаньня помнікаў праяўляецца выразна. Гарадзкія ўлады адкрыта ігнаруюць меркаваньні месьцічаў і не прыслухоўваюцца да парадаў адмыслоўцаў. Горад пакрысе засьмечваецца дзіўнымі скульптурамі.

Размовы пра ўсталяваньне ў Віцебску помніка княгіні Вользе вядуцца ня першы год. У 2009 -2010 гадох нават праводзіўся конкурс, і быў вызначаны пераможца. Перамог праект менскага скульптара Ўладзімера Слабодчыкава. Нядаўна ж месьцічы даведаліся, што помнік Вользе нарэшце ўсталююць, а на добраўпарадкаваньне прылеглай тэрыторыі гарадзкая ЖКГ абвясьціла тэндэр. Агучаная нават сума, у якую абыдуцца падрыхтоўчыя работы: 1 154 546 рублёў.

Пракамэнтаваць усталяваньне помніка мітычнай заснавальніцы Віцебску cайт vitebskspring.org папрасіў вядомага грамадзкага дзеяча, гісторыка Ігара Цішкіна.

- Спадар Ігар, пытаньне наконт будучага помніка бадай што вырашанае. Але ці мае гэтая гістарычная асоба рэальнае дачыненьне да Віцебску?

З гістарычнага пункту гледжаньня ніякага дачыненьня да Віцебску княгіня Вольга ня мае. І гэта гістарычна даказаны факт. Вольга для Віцебску – цалкам мітычная постаць. І, тым ня менш, з ідэяй пра нібыта датычнасьць гэтай асобы да нашага гораду носяцца не адзін дзясятак гадоў.

Калі ў сямідзесятыя гады гарадзкое кіраўніцтва паехала ў Маскву прасіць грошы на сьвяткаваньне дня гораду, “шэры кардынал” Міхаіл Суслаў запытаў: “А колькі Віцебску гадоў?” Вось тады і аказалася запатрабаванай згадка з гэтак званага “Віцебскага летапісу” Панцырнага і Аверкі пра тое, што “въ л?то 974” горад нібыта быў заснаваны на загад княгіні Вольгі. Зразумела, што вялікія грошы маглі выдзеліць толькі пад нешта значнае. Такім значным і стала сьвяткаваньне тысячагодзьдзя гораду.

Праўда, ёсьць у тым летапісе адна гістарычная недакладнасьць, якую трэба было нейкім чынам выправіць. Справа ў тым, што княгіня памерла ў 969 годзе і прысутнічаць у Віцебску ў 974 ніяк не магла. Знайсьці гістарычна абгрунтаванае выйсьце з сытуацыі даручылі акадэміку гістарычных навук Барысу Рыбакову і доктару гістарычных навук Леаніду Аляксееву. Заданьне партыі і савецкага кіраўніцтва было выкананае. Прыдумалі чарговую легенду: нібыта віцебскі летапісец 18 стагодзьдзя, пераводзячы летазьлічэньне ад стварэньня сьвету ў летазьлічэньне ад нараджэньня Хрыстова пры лучыне нешта наблытаў і замест дакладнай даты 947 напісаў 974. Відаць, пасьля чарговай чаркі “Талачынскага” затрымцела рука летапісца, і чацьвёрка зь сямёркай памяняліся месцамі. Сорак сем, семдзесят чатыры – гэта ўжо ня так істотна. Галоўнае – ніхто ня будзе аспрэчваць той факт, што Віцебск у 10 стагодзьдзі ўжо існаваў.

Калі ж казаць абсалютна сур’ёзна: ніхто з гістарычных асобаў, вядомых нам, Віцебск, як і Полацак, не засноўваў. Паселішча існавала задоўга да Вольгі. Віцебск – горад, заснаваны крывічамі.

Часам можна пачуць, што, усталёўваючы помнік такім асобам, як Аляксандар Неўскі ці тая ж Вольга, гарадзкія ўлады кіруюцца выключна мэркантыльнымі інтарэсамі. Маўляў, гэта прыцягне ў горад турыстаў. Што думае на гэты конт гісторык?

У тутэйшай помнікаманіі можна дайсьці да таго, каб паставіць у Віцебску помнік нават Гераклу. Наогул, я гляджу, тэндэнцыя з ўсталяваньнем помнікаў у віцебскіх уладаў чамусьці зьвязаная зь мітычнамі асобамі і нават істотамі: той жа Стары Хатабыч, тая ж Залатая рыбка. І чаму б у такім разе не паставіць помнік Гераклу, які б сымбалізаваў самі ведаеце каго. Да таго ж, я мяркую, чаму б нашым уладам ні прагнуцца пад адэптаў “рускага сьвету” і ні паставіць помнік Мікалаю Другому?

Я ня ведаю, якую карысьць можна займець ад усіх гэтых мітычных помнікаў. Адзінае, калі глядзець на гэта ў духу сучаснасьці, то, мабыць, адмыць нейкія грошы, атрымаць нейкі адкацік, як гэта модна ў суседняй краіне. Але, паставіўшы помнік той жа Вользе, няхай ня цешаць сябе і ня дураць глузды іншым, што тут хлыне плынь турыстаў. На што глядзець? На залатога карася ў сутоцы Віцьбы? Ну, паставілі яны зусім недарэчны помнік Аляксандру Неўскаму, які таксама ніякага гістарычнага дачыненьня да Віцебску ня меў.

Карыстаючыся тым, што большасьць насельніцтва не абазнаная ў сваёй гісторыі, улады робяць, што хочуць. Я зразумеў бы такую пазыцыю, калі б гэта былі цалкам фундатарскія грошы, але ж яны цягнуць грошы з бюджэту. Бюджэтныя ж разьмеркаваньні ў нас закрытыя, таму ўсё робіцца ціхай сапай, без усялякага абмеркаваньня. Вось вам гараджане Старык Хатабыч, а вось – Залаты карась, ежце.

Я ня супраць нейкай паркавай скульптуры, але ж гістарычныя помнікі вымагаюць грамадзкага абмеркаваньня і ацэнкі адмыслоўцаў. Аднак тутэйшае кіраўніцтва ад самага верху да самага нізу плявала на думку народу і меркаваньне спэцыялістаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]