Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Беларускамоўны стэндапер: Я хачу стаць самым смешным у свеце

21.10.2017 общество
Беларускамоўны стэндапер: Я хачу стаць самым смешным у свеце

Стэндап па-беларуску – што гэта: панты, жыццёвая пазіцыя, або абсалютна нармальная сітуацыя?

«Белсат» вырашыў праверыць і схадзіць на сольнік першага (прынамсі гомельскага) стэндапера Яўгена Буракевіча, а заадно і паразмаўляць з ім на гэты конт. Яўген пачаў свой выступ акурат з жарта пра стаўленне сяброў да яго беларускамоўнасці: «Вось некаторыя мне кажуць, «ну ты же не умеешь разговаривать по-беларуски, ты же даже не знаешь, что такое «шахрайка». Мне здаецца, такія ж самыя людзі падыходзілі калісьці да Скарыны і казалі «ой, ну ты же не умеешь разговаривать по-беларуски, ты даже не знаешь, что такое “шахрайка”».

Напачатку хлопец спытаў у гледачоў ці ведалі яны, што выступ будзе беларускамоўны і ці не расчараваны хтосці такой навіной. З некалькіх дзясяткаў тых, хто прыйшоў, не знайшлося ніводнага расчараванага. Адпаведна, усе прыйшлі на выступ адмыслова: ці то ацаніць, як гэта наагул – стэндап па-беларуску, ці то ўжо ведаючы творчасць Яўгена.

«Калі ідзеш на такі канцэрт, то перад ім здаецца, што ўсе жарты тут будуць толькі пра бульбу, трактары ды Лукашэнку, – дзеліцца ўражаннямі глядачка Марыя. – Але гэта ня так. Яўген жартуе абсалютна на ўсе звычайныя для маладзёна тэмы: стасункі, вучоба, вандроўкі. І адчуванні пры гэтым абсалютна натуральныя: што ў стэндапера, што ў гледачоў. Няма ўражання, нібыта нехта выціскае з сябе мову».

І сапраўды! На мерапрыемстве панавала разняволеная і абсалютна нявымушаная атмасфера: Яўген жартаваў на мове, прысутныя гэтую мову разумелі і ніхто не казаў: «я не понял». Мы вырашылі пацікавіцца ў стэндапера ці часта ў іншых аўдыторыях падчас выступаў узнікаюць такія пытанні.

«Насамрэч было вельмі шмат знаёмых, якіх я запрашаў на гэты выступ. І вельмі папулярны адказ быў: «я не знаю беларуский, чего я пойду». Але, я спадзяюся, што ў хуткім часе ўсё зменіцца».

Хлопец таксама распавёў крыху пра сябе, стан стэндапу ў Беларусі і іншых краінах ды пра тое, як прыйшоў да такога занятку: «Я скончыў гістфак і таму даўно дужа прыязна стаўлюся да беларускай мовы. Гумар таксама заўжды быў мне блізкі: падчас вучобы я гуляў у КВЗ, потым спрабаваў сябе ў мінскім праекце «Стэндап-кавярня», які працаваў некалькі год таму. Цяпер таксама ўдзельнічаю ў падобных шоў і спрабую сябе ў сольнай кар’еры. Вырашыў пачаць з роднага Гомеля, а далей буду штурмаваць Менск. Калі казаць пра тое, чаго мне ўвогуле хацелася б дамагчыся – то, можа гэта і нясціпла, але я хацеў бы быць самым смешным у свеце.

Наагул галоўнае адрозненне стэндапу ад іншых гумарыстычных шоў у тым, што падчас выступу ты адзін, выступаеш сольна: стаіш, трымаеш мікрафон ды спрабуеш жартаваць так, каб у залі ўсе рагаталі.

У праграму, што сёння пабачылі гледачы ў Гомелі, увайшлі ўсе мае лепшыя жарты, некаторыя жарты былі напісаныя адмыслова для гэтай праграмы, некаторыя былі перакладзеныя з расейскай мовы. Я спрабаваў дамагчыся таго, каб гэта не выглядала неяк шаблонна, кшталту «калі па-беларуску, значыць толькі пра Беларусь».

У наступным месяцы хлопец дае свой сольнік у Менску і жыхары сталіцы таксама будуць мець магчымасць на ўласныя вочы пабачыць ды на ўласныя вушы пачуць і ацаніць чым жа адрозніваецца беларускамоўны стэндап ад больш звыклага публіцы расейскамоўнага.

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2017 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр info@moyby.com