Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як жанчына з Нясвіжа пайшла ў госці да міліцыянера, які ў 1949 годзе арыштоўваў яе бабу і дзеда

25.11.2017 общество
Як жанчына з Нясвіжа пайшла ў госці да міліцыянера, які ў 1949 годзе арыштоўваў яе бабу і дзеда

Беларуска падзялілася гісторыяй сваёй сям'і.

Гісторыю сваёй сям'і і міліцыянта Янчэўскага nn.by апавядае Наста Азарка:

- Што тады насамрэч адбывалася — ніхто ўжо не скажа. Чыёй віны было болей — таксама.

Тады ў нас вёсак не было, а былі хутары. Калі пачалася вайна, Сашы было 15, Мані — 13. Была ў Сашы стрыечная сястра Наташа. І была яна замужам за камуністам. У памяці людзей засталося гэтае прозвішча, якое доўгі час наводзіла на ўсіх партыйных актывістаў ды простых людзей самы натуральны жах і якое па гэты дзень узгадваюць шэптам. Дэмух Мікалай. І пайшоў ён на фронт. Кажуць, што да жанчыны пачаў заляцацца нейкі ўпаўнаважаны. Жонка напісала пра гэта мужу, той вярнуўся дадому. Забіў упаўнаважанага. А далей…

Назад — расстраляюць за дэзерцірства. Тут заставацца — ці то ўжо ўзяў страх, ці то сумленне, ці то што яшчэ. Сышоў у лес. Да партызанаў.

Аляксандр Азарка, дзед Настассі, быў паранены на вайне

Гэта ў падручніках пра партызанаў пішуць, што яны героі. А насамрэч не разбярэш, хто лепшы — чужак з цукеркаю ці свой партызан з аўтаматам…

Знайшоў групоўку людзей, якая хавалася таксама, з розных прычынаў. У прынцыпе, гэта стандартны варыянт. І пачалося. Можа, і не хацеў забіваць, але ў вайну ўсё спісвалася на вайну. Падумаць і пакаяцца можна было потым… калі паспееш.

Кіраваў групай з шаснаццаці чалавек (а можа, іх было болей, ды не ўсіх схапілі ці з цягам часу засталося столькі) Раманчук з Баяраў.

Група брала на сябе залішне рызыкі. Рабавалі, забівалі, здзекаваліся. Расстралялі камуністычных дзеячаў…

Дэмух клікаў у свой хаўрус й майго дзеда, якому тады было каля дваццаці. Але той з вайны вярнуўся з медалямі й на мыліцах, з падстрэленай нагою. У 1946 г. ажаніўся. Маладая жонка, маленькае дзіця. Якое тут партызанства?! Але злачынцы зрабілі налёт на мясцовую краму, а потым тое, што скралі, знайшлося закапаным на дзедавым гародзе… Помста? Падстава? Зноў-такі, безвыходнасць?

І ці не ад безвыходнасці Дэмух з галаварэзамі наважыўся пры канцы свае шалёнае эпапеі (1949 год) «прыйсці» ў Квачоўскі сельсавет падчас сходу актывістаў пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Бірукова… Была жорсткая разня, падчас якой Дэмуха падстрэлілі.

Уначы ён і некалькі ацалелых партызанаў, узброеныя, уваліліся да дзеда ў хату.

Міліцыянт Мар'ян Янчэўскі (на матацыкле) угаварыў Марыю Азарку не браць з сабой сына, каб той не прапаў у ГУЛАГу

Гэта цяпер лёгка казаць, што маглі б не пусціць і справы не было б. Гэта цяпер лёгка ўсіх вінаваціць. А тады што б зрабіў малады хлапец, якому толькі споўнілася 23 гады, якому балюча было стаяць на цяжка параненай назе, калі побач была яшчэ зусім маладзенькая жонка й паўтарагадовы сын? А хтосьці знайшоўся добразычлівы, хто гэта бачыў.

Якое ў той час следства? На гары схаваўся забойца, да таго ж сваяк, а на гародзе пакрадзеныя з крамы рэчы… вінаваты. У сваяцтве са злачынцам. Кампаннік. У тым, што своечасова не паведаміў, куды патрэбна. А калі ты вінаваты, то й жонка твая, вядома, таксама. А пра маці з бацькам і гаварыць няма чаго. Усіх, пад корань, на Калыму. У Салаўкі. У Джэзказган. Паўвёскі тады вымелі. Больш як сто чалавек.

Справу вёў падпалкоўнік М.А. Аршынаў. Цікава было б даведацца, што з ім сталася… Спачатку забралі маіх прадзеда Фёдара й прабабку Соф’ю. Потым дзеда Сашу. Потым і па бабу Маню прыйшлі.

І вось тут ужо пачатак новае гісторыі. Баба Маня хацела ўзяць з сабою дзіця. Майго дзядзьку. Міліцыянт, які яе арыштоўваў, пачаў упрошваць, каб яна пакінула сына, не брала з сабою. Таму што іх усё роўна разлучылі б. Забралі б хлопчыка ў дзіцячы дом, а там — іншае прозвішча, іншае імя, іншая біяграфія… Згубіліся б назаўсёды.

Спытаеце, адкуль знайшоўся такі, сардэчны? Але ж знайшоўся! Мар’ян Іосіфавіч Янчэўскі. Самому тады было 25. Ці ж дзядзька не разумеў, што ў гэтай дурной справе ну хай сабе хлапец вінаваты, што своечасова не сказаў, не здаў, а можа, і дапамагаў насамрэч, бо баяўся за жонку з дзіцем. А можа, і у вайну з імі ведаўся, раз сваякі… А можа, перакананні. Але якая сувязь са страшнаю бандаю ў гэтае дзяўчыны, што й сама яшчэ дзіця, а ўжо на руках малое? У бабы бабскі клопат…

Маленькі Аўгуст, дзіця ворагаў савецкай улады, з бабай Вікцяй

Яму быў дадзены загад. І ён мусіў яго выконваць. Гэта цяпер лёгка казаць — а мог і не, мог сысці з органаў, мог перайсці ўвогуле ў штаб, каб не бачыць і не чуць, каго… Не мог! Сам бы пайшоў па этапах, і гэта ў мяккім варыянце. Каб не панеслі. Жыць хацелася ўсім. А тое, што даводзілася вось такіх вось дзяцей кідаць у турмы, лагеры, ссылкі, дык час быў такі. Магчыма, дзяўчына спадабалася Мар’яну, магчыма, ён ужо й сам разумеў, што яна ні ў чым не вінаватая, і таму стараўся як мага дапамагаць ёй ды іншым дзяўчатам у этапе.

Бабуля пакінула сына ў роднай вёсцы, а сама паехала па лагерах. Аўгуста потым забрала да сябе бабуліна сястра Эфця. Гадавала, пакуль Маня вярнулася.

Шмат давялося прайсці дзядулю й бабулі, перш як лёс зусім выпадкова ізноў звёў іх разам. Дзед быў ва Уладзіміры — сядзеў у закрытай турме. Трымаў галадоўку. У Куйбышаве сядзеў, Іркуцкай вобласці, у Тайшэце і Брацку, і, нарэшце, Казахстан — горад Джэзказган. Назва якая — нібы пясок на зубах. Мужчынскі й жаночы лягеры. Яны сустрэліся там. Маладосць брала сваё. Схітроўваліся ладкаваць таемныя спатканні.

У лагеры Кенгір баба падарыла дзеду ўласнаручна пашытую наўлечку, а дзед бабе — самаробную шкатулку.

Дамаўляліся з ахоўнікамі, таварышамі, сядзелі ў карцарах, але ўжо болей не выпускалі адно аднаго з поля зроку.

Потым быў 1953 год. Смерць Сталіна перакуліла свет з ног на галаву. Пераглядаліся справы. Пераглядаліся вінаватасці. Амністыя прыйшла да бабулі ў 1954 годзе, да дзядулі — у 1956 годзе.

Вярнуліся дадому. Да сына. Да сям’і. Пачалі адбудоўваць наноў двойчы пакалечанае жыццё.

Таго маладзенькага міліцыянта Янчэўскага бабуля й дагэтуль узгадвае з вялікаю ўдзячнасцю і добрымі словамі. Міліцыянт аказаўся больш чалавечным, чым стрыечны дзядзька. Разумею, што пра гэта было б лепей таксама прамаўчаць, таму што гаворка ідзе пра Якуба Коласа.

Падчас пераследу мы звярталіся да яго з просьбаю дапамагчы. Уратаваць. Паслабіць прысуд. Ён збаяўся. Вядома, і тут трэба казаць пра тое, што час быў такі. Нават калі й паспрабаваў бы Якуб Колас зрабіць хоць што-небудзь, то ўсё адно не дапамог бы, а, мала таго, і сам бы заграз у той багне. Можна цяпер казаць, што час чумы прабачае ўсё. І страх, і адступніцтва. Але хіба можна зразумець дарослага сталага чалавека, якому бліжэйшы быў статус Народнага пісьменніка, чым лёс нікому не вядомае няшчаснае дзяўчыны, аднае з мільёнаў…

У лагеры Кенгір баба падарыла дзеду ўласнаручна пашытую наўлечку, а дзед бабе — самаробную шкатулку

Дэмух адсядзеў усе дадзеныя яму 25 гадоў. Хворы й разбіты, недзе яшчэ доўга бадзяўся, перш як аднойчы ноччу вярнуўся ў родную вёску. Ноччу ж і памёр. І ноччу яго пахавалі. Баяліся помсты.

Ягоная ўнучка, Ілона Мікалаеўна, была маёй першай настаўніцаю. Выйшла замуж. Цяпер яна матушка ў царкве ў Нясвіжскім раёне.

Дзядуля й бабуля пасля 1990 году падавалі ці не штогод на рэабілітацыю. І заўсёды прыходзіў адказ — яны былі асуджаныя правільна. Крыўдна. Дзед дажыў да васьмідзесяці. Памёр у 2007. Хворы. Ляжаў каля года.

Калі на мяне ў 2006 годзе была распачатая крымінальная справа за ўдзел у Маладым Фронце і міліцыянты ці не штодзень хадзілі па хаце, той страх, які яны здолелі ўтаймаваць за доўгае спакойнае жыццё, вярнуўся. Старым было цяжка й страшна. За мяне. За ўсіх нас. Разумелі, што тых павальных рэпрэсіяў ужо не можа быць, што больш нікога ў турму не пацягнуць следам за мною, калі справа дайшла б да суду. Але было вельмі цяжка. Міліцыянты гэта бачылі, таму стараліся як мага супакойваць старых, казалі, што нічога страшнага не будзе, што хутка ўсё скончыцца й скончыцца добра. Так яно й сталася.

Дзядуля моцна перажываў за ўсіх нас, маладых. Пасля нашае маладафронтаўскае галадоўкі ён негалосна пераняў эстафету й давёў яе да фіналу. Свайго фіналу. Ціха й спакойна.

І нечаканы працяг гэтае гісторыі. Была для школьнікаў сустрэча з ветэранам міліцыі ў нашым аддзеле МУС. Мар’янам Ёсіфавічам Янчэўскім. Пра гэта было напісана ў раённай газеце, адкуль я і даведалася, што чалавек, які некалі арыштоўваў бабулю, жывы і жыве ў нашым горадзе.

Вырашыла схадзіць да Мар'яна Янчэўскага ў госці.

Дый нагода была — бабуля ўвесь час яго ўзгадвала, чаму б не зрабіць так, каб гэты чалавек ведаў, што на яго ніхто зла не трымае… Дзядок, які адчыніў мне дзверы, выглядаў даволі бадзёра. Калі ж я растлумачыла мэту свайго візіту, твар ягоны дык і зусім прасвятлеў. Ён памятае кожны эпізод з тых часоў ліхалецця, памятае й маю бабулю, і маці майго дзядулі. Нават сам узгадаў іх імёны, ледзь толькі я нагадала пра год зняволення.

Ён узгадаў і Дэмуха. Са спачуваннем. Выказаўся, што няшчасны быў проста заблытаным чалавекам, якому насамрэч не было ўжо ніякага выйсця, як толькі забіваць, забіваць, забіваць… Калі б знайшоўся хтосьці, хто мог яго своечасова спыніць, магчыма, пакаранне за страшныя ўчынкі панёс бы толькі адзін Дэмух альбо нашмат менш людзей, чым тады…

У гады ягонай маладосці загады не аспрэчваліся. Забаранялася нават думаць над іхным сэнсам. Усе разважанні пакідаліся на пасля, калі ён заставаўся сам-насам з сабою, ды і то таемна нават ад самога сябе, таму што асэнсаванне падзеяў прыводзіла да яшчэ больш страшэнных вынікаў. Мар’ян Ёсіфавіч вельмі хацеў спадзявацца, што з гэтых дзяўчат, якіх ён вымушаны быў арыштоўваць, хоць хто-небудзь выжыве, хоць хто-небудзь здолее вярнуцца. Ён прыехаў на нашу нясвіжскую зямлю ў 1942 г. ды так тут і застаўся. Усё сваё жыццё сп.Янчэўскі прысвяціў адданаму служэнню народу і ніколі не забываўся пра тых, хто не без ягонага ўдзелу быў вырваны з жыцця, кінуты ў пустэчы Казахстана, на каго назаўсёды было пастаўлена кляймо ворага.

Дзед Аляксандр пасля вяртання з лагера

Я прыйшла да яго не з абвінавачваннем, але з падзякаю. Падзякаю за тое, што ён застаўся чалавекам у нечалавечых абставінах.

Гэта й ёсць адзін з хрысціянскіх прынцыпаў: прабачыць сёння ўчорашнім нашым ворагам. Мы не маем права іх вінаваціць. За свае ўчынкі яны адкажуць перад Богам. А нам патрэбна маліцца пра іх пакаянне й уратаванне. І самае лепшае, што мы можам зрабіць для тых, хто насамрэч гэтага заслугоўвае, — падзякаваць за нястрачаную чалавечнасць.

Таму што гэта і наш крыж таксама.

Замест пасляслоўя. Дзевяць гадоў пазней

Артыкул быў упершыню апублікаваны ў «Нашай Ніве» ў 2008 годзе. Настасся Азарка перачытала, удакладніла яго і дапоўніла фотамі сёлета.

«Мар'ян Янчэўскі пайшоў з жыцця ў 2014 годзе, — расказвае яна. — Бабуля Марыя з 2014 года знаходзіцца на нашым даглядзе ў сувязі з тым, што зламала шыйку сцягна і не рухаецца.

У 2024 годзе, праз 75 год пасля прысуду, можна будзе дабіцца чытання справы, планую перачакаць гэтыя гады і звярнуцца ў КДБ з просьбаю аб рэабілітацыі.

І напоўніцу разумееш, што адчуваў і з якімі думкамі Мікола Дэмух «клаў» сельсавет, калі ўсю цябе калоціць адначасова з раз'юшанасці і ўласнага бяссілля перад службоўцамі, якія здзекліва пасміхаюцца табе ў твар, бо ўпэўненыя ў сваёй абсалютнай беспакаранасці», — дадае Азарка.

Баба Марыя Азарка паспела нацешыцца праўнучкай
Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]