Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Атаман «Зялёнага Дуба»: Як бальшавікі ўцякалі

11.12.2017 общество
Атаман «Зялёнага Дуба»: Як бальшавікі ўцякалі

Невядомыя старонкi беларускага партызанскага руху.

У 1929 годзе ў Берліне выйшла кніга „Тамъ, гд? ещё бьются”, большую частку якой склалі нататкі зробленыя беларускімі атаманамі „Зялёнага Дуба” Дзяргачом (Вячаслаў Адамовіч) і Крэчатам (Ярашэвіч?) яшчэ ў 1919-1924 гг. Кніга змяшчае малавядомыя факты датычныя дзейнасці партызанскага руху таго часу. У прадмове да кнігі адзначаецца: „Некаторыя з гэтых нарысаў былі першапачаткова напісаныя іх аўтарамі на беларускай мове і спецыяльна для гэтай кнігі перакладзены на расейскую сваімі ж братамі паўстанцамі”, перадае «Радыё Рацыя».

Вячаслаў Адамовіч (1890, Ашмянскі павет – пасля 1939) – беларускі палітычны дзеяч, вайсковец; псеўданім: Язэп Дзяргач. Адна з частак яго ўспамінаў апублікаваных у кнізе:

„Яна кліча”

Тах, тах-тах… Адзін за другім прагрымелі тры асобныя стрэлы. Партызаны паднялі галовы. Было бачна, як кожны па гуку стрэлаў стараўся адгадаць адлегласць і накірунак, адкуль яны даносіліся. Зноў зашчоўкалі, аддаючыся рэхам, адзіночныя стрэлы, а за імі часта, затрашчаў кулямёт. Партызаны ўжо былі на нагах. З усіх бакоў чуўся глухі трэск вінтовачных затвораў.

– Ну і жараць, – сказаў Сом, падыходзячы да мяне.

– Судзячы па накірунку стрэлаў, усё павінна было адбывацца каля Старобіна, – заўважыў удумліва Зміцер.

Я таксама падняўся з зямлі і разам з іншымі партызанамі прыслухоўваўся да гукаў перастрэлкі. – Цікава, з кім гэта яны счапіліся, сказаў паручнік Корч. Сярод дрэваў паказаліся двое нашых партызан, што сталяі ў дазоры, якія хутка беглі да нас. Калі яны былі побач, іх абкружылі шчыльным колам людзі атрада.

– Што там такое? – раздаваліся галасы.

Хлопцы, запыхаўшыся ад бега, цяжка дыхалі і не маглі гаварыць…

– Дайце ім глотку прамачыць, – раздаўся голас Рака.

Некалькі рук пацягнуліся да іх з фляжкамі. Я падышоў да іх.

– Падцягніцеся хлопцы. Горача будзе, – нарэшце, сказаў адзін з дазорных, адрываючыся ад флягі.

– Кажы дакладна, – загадаў я.

Дазорны даклаў, што стрэлы гучаць з боку мястэчка Старобіна, на якое насядаюць з боку Грабова нейкія невядомыя часткі, а па дарозе на Любань ідуць адступаючыя абозы, едуць сем’і камісараў і бягуць дызертыры… Адным словам, ідзе паспешанае адступленне бальшавікоў з польскага фронта…

Выслухаўшы даклад дазорных, я аддаў рапараджэнне рыхтавацца да пахода.

Хутка мы выбраліся з лесу на прасёлачную дарогу, якая вяла да Старобінскага тракта. Прыблізна праз гадзіну мы звярнулі на вузкую лясную дарожку і гуськом пусціліся па ёй рыссю…

Цяпер стрэлы даносіліся да нас вельмі дакладна, і з боку бальшака гучаліся нейкія крыкі. Яшчэ дваццаць хвілін і мы ўехалі на так званы “Слуцкі бальшак”, дзе цягнуліся адзіночныя падводы з нейкімі рэчамі.

Спыніўшы адну з іх, мы даведаліся, што ў Старобіне ішоў бой з нейкімі наступаючымі на яго часткамі і што бальшавікі наступленне адбілі. Акрамя таго, падводчыкі распавялі, што нейкія жаўнеры ў пагонах і пры іх афіцэры старой расейскай царскай арміі праехалі бальшаком на падводах і звярнулі на дарогу у вёску Міцявічы.

Зразумець з аповеда селяніна, што насамрэч адбылося было цяжка. Зразумела было толькі тое, што з боку польскага фронта пачалося наступленне. Гэта навіна ажывіла ўсіх і ў вачах партызан было бачна жаданне як найхутчэй пусціць у ход зброю. Дарога пайшла на гару. Агледзеўшы мясцовасць, я вырашыў зрабіць прыпынак, каб даць перадышку коням і людзям. Кулямётнага агню ўжо не было чуваць. Даносіліся толькі гукі асобных вінтовачных стрэлаў. Мы звярнулі з дарогі ў лес і ўжо лесам праехалі навяршыню халма, з якога ўся дарога была бачная, як на далоні.

Скрытыя ў лесе, мы былі не бачныя з дарогі. Расставіўшы дазоры, атрад мог свабодна адпачываць, ведаючы, што ў кожную хвіліну ён будзе папярэджаны пра пагражаючую небяспеку. Партызаны размясціліся так, каб была бачная дарога і з супрацьлеглага боку халма. Хутка ўвагу ўсіх прыцягнуў воз, у які быў запрэжаны белы конь. На ім сядзелі два чалавекі, а фурман ішоў побач паганяючы яго пугай… Конь увесь час спыняўся і да нас даносілася лаянка седакоў. Слухай, стары чорт! Калі твой конь не пойдзе, ты нас сам павязеш.

– Но!.. А каб цябе ваўкі! Но! – даносіўся пакорлівы голас фурмана.

Цялега пачала падымацца на гару. Конь цяжка дыхаў і сапеў, раздуваючы ноздры. Было бачна, як уздымаліся яе бакі.

– А воз, здаецца, з паклажай. Цяжкі, – заўважыў хтосьці з партызан.

– Не, каб злезлі, гультаі! Усё ж каню было б лягчэй, сказаў іншы.

Я прыглядаўся да людзей, якія сядзелі на возе. Цяпер можна было разабраць, што на возе сядзелі мужчына і жанчына. Жанчына была ў капялюшыку-шлеме і на ёй крававай плямай была бачная пентаграма. Побач з ёй сядзеў мужчына, таксама з зоркай на шапцы, у скураной чорнай куртцы. Перад імі ляжалі чорныя валізкі. Хтосьці з партызан ужо пасунуўся, каб выйсці на дарогу, але я зрабіў знак не кранацца з месца. Цялега падымалася на гару чарапашымі крокамі. Толькі яна ўзабралася на вяршыню, як конь, выбіўшыся з сілаў, упаў. Стары селянін кінуўся да яе, стараючыся падняць яе, але бедная жывёліна цяжка дыхала і сударажна білася нагамі, падымаючы пыл…

– Ах ты, стары чорт! Дык вось ты якія фокусы робіш! – кінуўся на фурмана сядзеўшы на падводзе мужчына.

– Застрэлю, як сабаку, калі праз хвіліну конь не ўстане! Крычаў ён, пагражаючы рэвальверам старому, які стаяў перад заваліўшымся канём.

– Чаго стаіш? Распрагай! – крыкнуў мужчына і падыйшоў да сваёй спадарожніцы, якая з непакоем азіралася назад на дарогу.

– Не хвалюйся Сара. Даедзем. Яшчэ нашы трымаюцца, – сказаў ён ёй і сам, у сваю чаргу прыклаўшы руку да казырка, стаў прыглядацца ў далечыню дарогі. Нарэшце, стары распрог каня и стаў яго падымаць…

Аднак, конь, відавочна, не меў жадання ўставаць на ногі і толькі зрэдку патрасаў галавой і адмахваўся хвастом… Карціна была забаўная. Некаторыя з партызанаў ледзьве ўтрымліваліся ад смеху. Камісар таксама падышоў да каня і стаў яго падымаць. Злезла з воза і яго спадарожніца. Узяўшы трохі сена, яна паднесла яго каню. Той пачаў ляніва жаваць.

– Конік, конік, уставай, уставай, – просячым голасам казала жанчына і трапала каня па грыве. Затое яе спадарожнік быў у іншым настроі. Ён злаваўся і выходзіў з сябе. Лаянка так і вісела ў паветры. Нечакана недзе, далёка ззаду раздаліся два стрэлы.

– Дык ты нас у засаду завёз? Вось табе, здраднік, вось табе! Атрымай! – з асцервяненнем накінуўся камісар на старога, абсыпаючы яго ўдарамі рукаяткай нагана па галаве і твару. Тут мае людзі не вытрымалі. Я не паспеў і вокам міргнуць, як воз быў абкружаны імі. У адно імгненне саветчык быў абяззброены імі.

– Вось як вы, народная ўлада, паступаеце з народам! Добра! Будзе і вам, сукіны дзеці, на арэхі! – былі чутны галасы абураных партызан. Я загадаў падвесці палонных да сябе. Праз некалькі імгненняў яны, бледныя і разгубленыя, стаялі перада мной.

– Хто вы і куды едзеце?

Яны абодва маўчалі. Толькі ў жанчыны сударажна дрыжэлі вусны. Я паўтарыў сваё пытанне.

– Я не ведаю, хто вы і на якой падставе вашы людзі мяне абяззброілі, – пачаў камісар. Яго перабіў Корч.

– Адказвайце на зададзенае вам пытанне, – грозна і настойліва сказаў ён.

У гэтую хвіліну праз абступіўшы нас натоўп партызан праштурхнуўся бледны Зміцер і з дрыжыкамі ў голасе сказаў:

– Пан атаман! Гэта забойца майго бацькі і маёй маці. Гэта камісар Цэпік. Пры гэтых словах камісар зірнуў на Зміцера і задрыжаў, як у ліхарадцы. Сумневаў не было: ён таксама пазнаў яго. Натоўп партызан ускалыхнуўся і рушыў бліжэй. Цэпік быў бледным. У Зміцера блішчэлі вочы і сударажна сціскаліся рукі на карабіне.

– Куды вы ехалі? Запытаў я зноў Цэпіка.

– Я ехаў у Слуцк, але даведаўся, што дарога на Слуцк ненадзейная, і вырашыў ехаць проста на Любань. Толькі вось конь не пайшоў, – заікаючыся патлумачыў ён.

У гэты момант падышла Аксана, сястра Зміцера. У вопратцы партызана яна была мала падобнай да жанчыны. Зірнуўшы на яе, Цэпік пабляднеў яшчэ больш. Было бачна, як дрыжэла ў яго сківіца… З боку дарогі пачуўся смех. Я зірнуў туды: конь ужо стаяў на нагах і мірна пашчыпваў траву на ўзбоччы дарогі, а партызаны вазіліся каля валізак.

– Нясіце сюды! Крыкнуў Корч.

Усе валізкі былі знесены у лес. Калі іх адкрылі, раздаліся галасы:

– Вось дык файна! Нарабавалі і дзёру… Абаронцы народныя! Чаго толькі не было ў гэтых валізках! Больш за дваццаць пар мужчынскай бялізны разнастайных сартоў з рознымі меткамі. Яшчэ больш жаночай бялізны… Разглядаючы яго, партызаны перакідваліся жартамі. Фурман стаяў тут жа, з цікавасцю разглядаючы партызан.

– Вось табе дзядуля, фрак, а вось гэта бабе сваёй аддасі, – прагаварыў адзін з партызан, працягваючы яму цудоўны фрак і яшчэ штосьці белае. Усе павярнулі галовы да старога. Селянін разглядаў фрак і па яго твары было бачна, што ён не разумеў, што гэта за штука. Ён паціснуў плячыма і да ўсеагульнага задавальнення прамовіў:

– Чорт яго ведае, з якога канца яго апранаць. Потым разгарнуў белы скрутак, у якім аказалася баціставая жаночая кашуля і жаночыя панталоны з карункамі.

– Кашуля яшчэ туды сюды, а вось гэтая рэч, дык чорт яго ведае, што гэта, – прамовіў ён круцячы і разглядаючы панталоны. Раздаўся гучны смех. Стары плюнуў ірашуча кінуў панталоны на зямлю.

– Мая Агапка з роду гэткае дрэні не насіла. Хохат узмацніўся.

– Ну хопіць, хлопцы! – строга сказаў я. Партызаны адразу змоўклі.

– Пан атаман! Дазвольце нам з сястрой асабіста пакараць забойцаў нашых бацькоў, – звярнуўся да мяне Зміцер. У яго поглядзе была такая пякучая мальба, што я пагадзіўся.

– Можаце. Партызаны адвялі камісара Цэпіка і яго спадарожніцу ў глыб леса і адтуль хутка данесліся адзін за адным чатыры стрэлы. З лесу да мяне падышлі Зміцер і Аксана, і першы сказаў:

– Бог сам перадаў у нашы рукі забойцаў нашых бацькоў. Цяпер мы адпомсцілі… У кішэні ў гэтага нягодніка я знайшоў крыжык майго мучаніка-бацькі. Вось ён. Зміцер паказаў мне маленькі залаты крыжык. Ён быў бледны, як крэйда. Я бачыў, як цяжка падымаліся грудзі Аксаны.

– Супакойцеся, сябры, – сказаў я,

– Здзейснілася правасуддзе за ваша асабістае гора. Будзем змагацца, каб яно здзейснілася і за ўсеагульнае гора. Наша Радзіма пераможана. Але яна не памерла. Яна чакае. Яна кліча. Яны абодва моцна паціснулі мне руку. Неба цямнела… Толькі захад яшчэ гарэў патухаючай зарой і вярталіся са злавесным карканнем вароны ў свае гнёзды. Лес засынаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]