Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Біскуп Буткевіч: Хай моцная вера, непахісная надзея і трывалая любоў паселяцца ў сэрцах

24.12.2017 общество
Біскуп Буткевіч: Хай моцная вера, непахісная надзея і трывалая любоў паселяцца ў сэрцах

24 снежня ў католікаў апошні дзень Адвэнту, яны рыхтуюцца да Вігіліі і святочнага набажэнства ў касцёлах, якое называецца пастэркай.

Яна з’яўляецца першай урачыстасцю Божага Нараджэння, звязаная з біблейскім матывам чакання і малітвы віфліемскіх пастухоў, якія спяшаліся павітаць народжанага Сына Божага. І ўжо цяпер, па словах біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, можна падводзіць вынікі года, паведамляе «Радыё Рацыя».

Гэты год, паводле яго словаў, для Віцебскай дыяцэзіі быў няпросты, але сёлета было зроблена шмат карыснага ў парафіях.

– Вельмі напружаны быў 2017 год, дзе асноўная частка парафій была наведана. І, канешне ж, гэта дало мне шмат тэмаў для разважання. Мне было вельмі прыемна сустрэцца з людзьмі, паглядзець бліжэй на іх, на іх душпастырскае жыццё, на працу святароў. І трэба зазначыць, што ў большасці парафій нашай дыяцэзіі створаны добрыя ўмовы дзеля таго, каб чалавек меў магчымасць прыйсці да Бога. Знайсці душпастырскую апеку. І гэта вельмі радуе.

У гэтым годзе прамая трансляцыя Свята Божага нараджэння адбудзецца з Полацку. І гэтым нам хацелася б яшчэ раз падкрэсліць юбілей 500-годдзя перакладу Бібліі на беларускую мову. А 21-й гадзіне 24 снежня адбудзецца гэтая Вігілійная святая імша.

«Нова радасць стала, што яшчэ не бывала. Над Бэтлеем зорка ясна свету заззяла». Менавіта так, як штосьці даўняе, заўсёды новае, жывое і непаўторнае ўспрымае хрысціянскі свет праўду пра Божае нараджэнне. І менавіта таму запальваюцца калядныя елкі, гучаць радасныя спевы і рыхтуюцца падарункі. І гэта вельмі важна, бо па-сапраўднаму перажыць Божае нараджэнне можам тады, калі паяднаемся з нашымі бліжнімі, калі папросім аб прабачэнні і самі прабачым тых, хто нас пакрыўдзіў.

Бо так паступае з намі Бог у сваім Сыне. Ён адорвае нас любоўю, бо прымае нас такімі, якія мы ёсць. Не памятае, не згаджаецца на зло, але ніколі не перакрэслівае чалавека. Хрыстос нараджаецца ў стайні. Гэтым хоча падкрэсліць, што не цураецца ніякай жыццёвай сітуацыі чалавека, у якую б мы не патрапілі. Ён прыйшоў, каб яе змяніць. І менавіта таму мы гатовыя паверыць у гэтую збаўчую моц Езуса Хрыста. У тое, што ён можа змяніць жыццё чалавека. Так, як гэтую моц адчула на сабе Найсвяцейшая Дзева Марыя, тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае ёй Панам. І праз гэта сталася шчаслівай.

Вядома, ніхто з нас без нашага ўдзелу не зменіць нашага жыцця. Але ў гэтым мы патрабуем святла, патрабуем Божай моцы, крыніцай якой з’яўляецца ўцелаўлёнае Божае Слова. Таму хачу пажадаць усім вам, кожнаму з нас, каб святло Бетлеемскай зоркі, якое прывяло да стайні Езуса Хрыста трох мудрацоў з Усходу, звыклых пастушкоў, што паслі свой статак, і нас. Яно нам паказала шлях да Божай мудрасці. А прынятая ўсім сэрцам, яна дапамагла нам жыць у згодзе, радасці і супакоі. Моцная вера, непахісная надзея і трывалая любоў няхай паселяцца ў кожным вашым сэрцы, у кожным вашым доме. Так, як гэта калісьці сталася ў звычайнай сціплай бетлеемскай стайні.

Са святам! Хрыстос нарадзіўся! Славім яго!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]