Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Хронікі Нарніі» прэзэнтавалі па-беларуску ў кіно і кнізе

05.01.2018 культура
«Хронікі Нарніі» прэзэнтавалі па-беларуску ў кіно і кнізе

У Менску прайшоў першы паказ кінастужкі «Хронікі Нарніі: Леў, вядзьмарка і гардэроб» на беларускай мове.

Падзея адбылася ў рамках праекту «Беларускія ўікэнды». Домам старога прафэсара Кёрка і месцам, адкуль адкрываецца праход у чароўную краіну Нарнію, на адзін вечар стаў Лошыцкі маёнтак, паведамляе «Радыё Свабода».

«Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» стаў восьмым фільмам, які выйшаў на вялікія экраны Менску ў прафэсійнай беларускай агучцы пры падтрымцы кампаніі Velcom. Раней у пракаце былі «Таямніца Келза», «Кніга Ілая», «Пакуль ногі носяць», «Маленькі прынц», «Шторм», «Форэст Гамп» і «Жонка наглядчыка заапарку».

Менш чым за год зь невялікіх аматарскіх кінапаказаў у адным кінатэатры «Беларускія ўікенды» ператварыліся ў поўнамаштабны агульнанацыянальны праект: з сакавіка па сьнежань адбылося больш за 200 сеансаў у 27 гарадах Беларусі, якія сабралі каля 20 тысяч гледачоў.

Ірына Карэліна, прадстаўніца кампаніі Velcom

«Партнэрства зь „Беларускімі ўікэндамі“ для нас — гэта ня толькі сацыяльная адказнасьць, але ўнікальны досьвед працы з кантэнтам. У новым годзе мы плянуем працягваць паказы сусьветна вядомага кіно, а таксама паспрабаваць выйсьці да гледача з кінанавінкамі і папулярнымі сэрыяламі ў беларускай агучцы. На сэрвісе Voka будзе створаны асобны разьдзел, дзе можна будзе паглядзець фільмы і сэрыялы, агучаныя ў межах праекту», — заявіла прадстаўніца кампаніі Velcom Ірына Карэліна.

Паралельна з пракатам беларускай вэрсіі стужкі адбылося выданьне кнігі «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» на беларускай мове. Кніга пабачыла сьвет у беларускім перакладзе Андрэя Кіма, кіраўніка праекту «Кінаконг», дзякуючы якому ў пракаце зьявіліся фільмы па-беларуску. Дзьве тысячы экзэмпляраў будуць распаўсюджвацца ў кнігарнях і праз інтэрнэт-крамы. Частка накладу перададуць у дзіцячыя бібліятэкі.

Андрэй Кім, перакладчык кнігі і кіраўнік праекту «Кінаконг»

«Калі казаць пра „Хронікі Нарніі“, то гэта дзясяткі мільёнаў асобнікаў, больш за 50 моваў, на якія гэтая кніга перакладзеная. Томік, якія я трымаю ў руках, — гэта першая зь сямі кніг пра Нарнію. І калі ў Льюіса пыталіся, як яму ў галаву прыйшла гэтая гісторыя, ён адказваў, што яму гэтая казка прысьнілася і што ён проста сам марыў прачытаць нешта падобнае. Наша матывацыя і ў перакладзе кнігі і ў агучцы фільму такая ж самая: мы хочам, каб такія творы зьяўляліся па-беларуску. Дзякуючы многім людзям і нашым партнэрам гэта сёньня рэальнасьць», — заявіў на папярэднім паказе фільму перакладчык Андрэй Кім.

Паказы фільму «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» пройдуць з 5 па 7 студзеня ў менскім кінатэатры «Масква» і з 12 па 14 студзеня ў кінатэатры Velcom cinema by Silverscreen.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]