Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ад Мірона да сцяны Шчоткінай: палітычныя пэрформансы ў Беларусі

11.01.2018 общество
Ад Мірона да сцяны Шчоткінай: палітычныя пэрформансы ў Беларусі

Гісторыя беларускага крэатыўнага супраціву.

«Радыё Свабода» сабрала 11 моцных палітычных пэрформансаў, што ладзіліся ў Беларусі ў апошнія 20 гадоў.

Журналісты ў турэмных робах, зашыты рот паэта Славаміра Адамовіча, труна ў тралейбусе, лялькі ў горадзе, цацачны плюшавы дэсант, маўклівыя пратэсты пад аплядысмэнты на плошчах — падрабязнасьці ніжэй.

1. Няўлоўны Мірон

У 1995 годзе ў Беларусі зьявіўся легендарны «Мірон»: на коміне мясцовай кацельні ў Лёзьне быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. З тае пары нацыянальныя сьцягі ў цяжкадаступных месцах — на будынках, мастах, лініях электраперадач — пачалі зьяўляцца рэгулярна. Часам «Мірон» чапляе да сьцягоў цыдулкі з натхняльнымі тэкстамі, часам зьяўляюцца толькі сьцягі. Зьняць іх заўжды вельмі няпроста: найчасьцей ужываюць спэцтэхніку або выклікаюць адмыслоўцаў з МНС. Таму сьцягі вісяць досыць доўга, а потым іх здымаюць на вачах у дзесяткаў цікаўных мінакоў.

Міліцыі так і не ўдалося высьветліць, хто робіць такія пэрформансы, таму «Мірон» дагэтуль застаецца легендай.

2. Журналісты ў турэмных робах

30 жніўня 1997 году трынаццаць журналістаў, апранутых у турэмныя робы, несьлі імправізаваныя краты на плошчу Бангалор. Акцыя праводзілася на знак салідарнасьці з карэспандэнтам ОНТ Паўлам Шараметам і апэратарам Зьмітром Завадзкім, якія на той час былі ў зьняволеньні. На плошчы Бангалор сабралася каля трох тысяч чалавек. На мітынгу выступалі толькі журналісты — палітыкам не далі слова. Пазьней журналісты хадзілі з рукамі за галавой каля будынку КДБ — таксама пратэставалі супраць арышту калегаў Шарамета і Завадзкага.

3. Паэт Славамір Адамовіч зашыў сабе рот

На гэтай жа акцыі 30 жніўня 1997 году на плошчы Бангалор паэт Славамір Адамовіч дастаў з кішэні голку зь ніткай і зашыў сабе рот на вачах агаломшанай публікі. Перад гэтым, у лістападзе 1995-га, Славамір Адамовіч напісаў верш «Убей президента!», за які быў арыштаваны. Праз 10 месяцаў яго выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Славамір Адамовіч кажа, што форму пратэсту ён вынес менавіта з турмы:

«Там я пачуў пра гэта і сказаў сабе, што, на жаль, на волі, напэўна ж, гэта давядзецца скарыстаць. Акт зашываньня рота, як і лёзунг „Ня вер, ня бойся, не прасі“, нарадзіў яшчэ ў 1939-я гады вялікі кантынгент савецкіх палітычных зьняволеных у якасьці, я сказаў бы, духоўнага акту супраціву».

А моладзевыя актывісты крыху пазьней правялі акцыю непадалёк ад першага «Макдональдса». Яны стаялі, трымаючы партрэты Славаміра Адамовіча з зашытым ротам і надпісам: «Ён ня есьць гамбургеры».

4. «Падарунак прэзыдэнту» — вазок з гноем

21 ліпеня 1999 году, калі скончыліся першыя пяць гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, мастак Алесь Пушкін прывёз да адміністрацыі прэзыдэнта зь мястэчка Бобр вазок гною зь віламі, а яшчэ там быў плякат з партрэтам кіраўніка краіны і лёзунгам «Аляксандар Лукашэнка — з народам», шыльдачка з надпісам «За пяцігадовую плённую працу», купюра вартасьцю адна тысяча дэнамінаваных рублёў, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 году, кайданкі, чырвона-зялёны сьцяг і керамічны герб. Калі да дзьвярэй рэзыдэнцыі заставалася некалькі мэтраў, яго спынілі. Пушкін вываліў зьмесьціва вазка на плітку, паклаў зьверху плякат і праткнуў усё гэта віламі. Яго затрымалі.

Алесь Пушкін быў зьвінавачаны ў злосным хуліганстве і пакараны двума гадамі зьняволеньня ўмоўна. Пра той пэрформанс мастак выказваецца так:

«Ён для мяне, хутчэй, учынак, хэпэнінг мастака і творчага інтэлігента, які быў ня згодны з палітыкай нашай дзяржавы. Можа, пройдзе час, і з гонарам змагу прызнацца, што былі й сярод беларускай інтэлігенцыі людзі, якія адкрыта і проста выступілі ў 1999 годзе супраць узурпацыі ўлады адным чалавекам».

5. «Культ асобы» — сэрыя пэрформансаў літаратара Зьмітра Вішнёва

Падчас адной зь іх Зьміцер Вішнёў, а таксама паэты Віктар Жыбуль і Дзьмітры Серабракоў набылі ў пахавальным бюро труну і ад станцыі мэтро Пушкінская везьлі яе да праспэкта Скарыны ў тралейбусе № 13. Труну на руках даставілі ў Дом літаратара. За гэта Саюз пісьменьнікаў звольніў свайго кансультанта Вішнёва. Праз два тыдні Вішнёва ў труне вынесьлі да Палаца мастацтваў, дзе праходзіў Міжнародны фэстываль пэрформансу «Навінкі».

6. Сяргей Каваленка павесіў наверсе 35-мэтровай ёлкі бел-чырвона-белы сьцяг

7 студзеня 2010 году сябра партыі КХП-БНФ Сяргей Каваленка ў цэнтры Віцебску вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы вышынёй 35 мэтраў. Пасьля інцыдэнту ён быў арыштаваны і асуджаны на тры гады ўмоўнага пакараньня. Суд над Каваленкам выклікаў вялікі розгалас, праваабаронцы сьведчылі пра палітычны характар працэсу над актывістам. Падчас працэсу Каваленка вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг і над будынкам Кастрычніцкага райсуду Віцебску.

7. Маўклівыя пратэсты і аплядысмэнты на Кастрычніцкай плошчы

Сэрыя грамадзянскіх акцый пратэсту ў Беларусі адбылася летам 2011 году. Яны былі выкліканыя вострым эканамічным крызісам і масавымі рэпрэсіямі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. Акцыі праходзілі з чэрвеня па жнівень 2011 году па серадах. Пра час і месца збору людзі даведваліся праз сацыяльныя сеткі. Пасьля правядзеньня першых акцый праваахоўныя органы пачалі жорстка душыць «маўклівыя пратэсты». Маўклівыя акцыі адбываліся ня толькі ў сталіцы, але і ў шмат якіх яшчэ гарадах Беларусі.

8. Плюшавы дэсант з цацачнымі мядзьведзікамі

4 ліпеня 2012 году лёгкаматорны швэдзкі самалёт вылецеў з аэрадрому ў Пацюнах (Летува, Ковенскі раён), перасек літоўска-беларускую мяжу ў раёне Дзевянішак, праляцеў над Івянцом і, па некаторых меркаваньнях, лётаў нават над Менскам. Пілёты спачатку меліся скінуць цацкі на рэзыдэнцыю прэзыдэнта Беларусі, але ўрэшце збаяліся гэта рабіць і над Івянцом скінулі пакеты з парашутамі, да якіх былі прывязаныя цацкі — плюшавыя мядзьведзікі з улёткамі, якія заклікалі да выкананьня свабоды слова ў Беларусі.

Пасьля акцыі пацярпеў фотажурналіст Антон Сурапін, які здымаў цацкі — больш за месяц ён правёў у СІЗА КДБ Беларусі па абвінавачаньні ў тым, што нібыта дапамагаў арганізатарам «плюшавага дэсанту» нелегальна трапіць у краіну. Пазьней абвінавачаньні зь яго зьнялі, і фатограф адсудзіў у дзяржавы 8 мільёнаў кампэнсацыі за адседку.

Пасьля акцыі беларуска-швэдзкія стасункі пагоршыліся, з краіны быў высланы амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан.

9. Праект з кубікамі «Прыватны манумэнт»

У кастрычніку 2012 году мастак Міхаіл Гулін ажыцьцявіў праект «Прыватны дакумэнт». Мастак хадзіў па Менску з каляровымі кубікамі і паралелепіпэдамі і складаў зь іх розныя фігуры. Свой пэрформанс мастак зладзіў на плошчы Калініна, потым на плошчы Якуба Коласа. А вось на Кастрычніцкай плошчы яго затрымалі разам з валянтэрамі і адвезьлі ў міліцыю. Пазьней Гуліна звольнілі з БНТУ, палічыўшы ягоны праект палітычным. А вось суд Гуліна апраўдаў.

10. Павал Вінаградаў зь лялькамі

У 2012 годзе ў розных раёнах Менску грамадзкі актывіст Павал Вінаградаў выстаўляў лялек з плякатамі. Так, у менскім мікрараёне «Ўсход» побач з праспэктам Незалежнасьці і непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі прайшла акцыя лялек, якія трымалі ў руках плякаты з наступнымі тэкстамі:

«Лшиь 1% балеусров знаиамют актвиуню гарджанксую поцизию»

«Ншаи дпиолмы о выесшм орбавзоании не пизранются за гранцией»

«Рбуль за год пдошевеел в три рзаа»

«Мнгоие берлаусы уежазют за гнраицу на зрабатоки»

«Ншаи рулби не пирнмиают за гарнцией»

«Буылтка вокди девешле киолгармма мсяа»

«Кое-кто у рлуя уже 18 лет»

«12 гарджан Берласуи сиядт в тюмьрах за то, что им не нвриатся десйвтущюий перзиндет»

11. Партрэты міністраў на плякатах і сьценах — пасьля «дармаедзкага» дэкрэту № 3

У сакавіку 2017 году ў Менску на вуліцы Карла Маркса зьявіўся насьценны партрэт з выявай Марыяны Шчоткінай і надпісам «Гэта я аўтар падатку для беспрацоўных». Атрымалася пародыя на сэрыю сацыяльных білбордаў «Гэта я», дзе можна ўбачыць партрэты людзей, якія жывуць у Менску, з кароткім апісаньнем таго, чым яны займаюцца. Зьявіліся таксама партрэты Міхаіла Мясьніковіча, міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў форме НКВД, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч ды іншых.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]