Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Натальля Гарачка: Людзям на Акрэсьціна трэба дапамагаць

13.01.2018 политика
Натальля Гарачка:  Людзям на Акрэсьціна трэба дапамагаць

Праваабаронца Гарачка, якая не падала рукі Лукашэнку, расказвае пра свае 15 сутак у турме на Акрэсьціна.

У менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), што на завулку Акрэсьціна, некаторых арыштантак прымушаюць прыбіраць ня толькі свае камэры, але і калідоры ды іншыя службовыя памяшканьні. Пра гэта «Радыё Свабода» сказала праваабаронца Натальля Гарачка, якая выйшла зь ЦІПу пасьля 15 сутак арышту, які прыпаў на Новы год. Паводле Натальлі Гарачкі, у асаблівым становішчы апынуліся жанчыны, якіх трымаюць у ЦІПе перад дэпартацыяй зь Беларусі. «Там ёсьць такая Вера, якой 57 гадоў, дык яна ўжо 8 месяцаў увесь гэты ЦІП бясплатна драіць», — абураецца Натальля Гарачка.

Хто такая Натальля Гарачка?

Натальля Гарачка — праваабаронца зь міжнароднага Цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом». Яе добра ведаюць як жанчыну, якая ў 2015 годзе не падала рукі Аляксандру Лукашэнку на выбарчым участку, дзе яна была назіральнікам.

Летась восеньню імя Натальлі Гарачкі зноў прагучала на ўсю краіну: яе затрымалі на палігоне пад Барысавам перад сумеснымі беларуска-расейскімі манэўрамі. 28 сьнежня Натальля Гарачка трапіла ў новую гісторыю — міліцыянт запатрабаваў у яе дакумэнты на ўваходзе ў менскі гарадзкі суд, дзе меліся судзіць праваабаронцу Валера Шчукіна, а жанчына запатрабавала таго ж ад міліцыянта ды пачала здымаць падзеі на тэлефон. Вынік — 15 сутак арышту нібыта за тое, што «крычала і размахвала рукамі». Адбываць давялося на Акрэсьціна ў разгар навагодніх сьвятаў.

ФОто: RFE/RL

«Адзначылі Новы год тым, што перадушылі клапоў»

І якія ўражаньні ад Новага году на Акрэсьціна? — пытаюся ў праваабаронцы.

«Найперш, там жудасная антысанітарыя», — кажа Натальля Гарачка і пералічае:

- За 15 сутак ніводнага разу не адвялі ў душ, толькі на пяты дзень вывелі на шпацыр, і то пасьля таго, як усёй камэрай сталі пісаць скаргі.

- Туалетную паперу за 15 дзён выдалі 4 разы недзе па паўмэтра на сукамэрніцу.

- Столькі ж атрымала кавалачкаў гаспадарчага мыла памерам 1 на 1 на 2 сантымэтры.

Што да ўспамінаў Натальлі Гарачкі пра Новы год, дык галоўны зь іх — гэта як напярэдадні сукамэрніцы перадушылі на сабе ўсіх клапоў. «А потым налілі ў кубачкі звычайнай вады і гэтак адзначылі. Ані гарбаты, ані кавы не было».

Натальля Гарачка 15 сутак трымала галадоўку, таму якасьць ежы яе саму не хвалявала. Але згадала, што часам замест супу арыштанткі атрымлівалі нейкую «мяшанку з вады, салатаў і гарніру».

ФОто: RFE/RL

«А раніцамі давалі па тры лыжкі кашы і гарбату. Усё».

Арыштанткі ці нявольніцы?

Найбольш абуралася Натальля тым, як ставяцца ў ЦІП на Акрэсьціна да арыштантак. Паводле Натальлі Гарачкі, некаторых прымушаць прыбіраць іншыя памяшканьні, а ня толькі камэры, дзе іх трымаюць.

«Прыбіраньне камэр вязьнямі — звычайная практыка, але іншыя памяшканьні? Відаць, менавіта каб было каму прыбіраць увесь ЦІП, нармальных жанчын нападпітку адмыслова затрымлівалі на Новы год, бо бяздомныя і алькагалічкі ўсё роўна прыбіраць нічога ня будуць», — мяркуе Натальля Гарачка.

Праваабаронца расказала пра дзьвюх сукамэрніц, якіх умоўна назвала Настай і Алёнай, бо ня хоча ім нашкодзіць.

«Яны былі добра апранутыя, нармальныя, толькі крыху нападпітку — я ж пах чую. Насту, якой усяго 24 гады, затрымалі недзе на вуліцы ўвечары 31-га. Была ў кампаніі, ішла дамоў. Алёне недзе 40 гадоў, яе ўзялі на Нямізе, у ноч на 1 студзеня. Нібыта асудзілі, але яны так і ня ведаюць, за што дакладна, ім не сказалі. У ЦІПе няма прыбіральшчыкаў, на гэтым эканомяць, а тут — дармовая працоўная сіла. Амаль кожны дзень Насту як нявольніцу прымушалі мыць падлогу ды розныя памяшканьні. Проста крычалі, і яна пагаджалася — маладая ж. А Алёна адмовілася. Таксама крычалі на яе, але не паддалася», — кажа Натальля Гарачка.

ФОто: RFE/RL

Паводле праваабаронцы, у найбольш бяспраўным становішчы на Акрэсьціна тыя жанчыны, якіх трымаюць перад дэпартацыяй. Пакуль вырашаюць, ці не адправіць чалавека за мяжу, можа прайсьці некалькі месяцаў. За гэты час чалавек даходзіць да стану, калі згодны на ўсё, кажа Натальля Гарачка.

«Іх кухаркі крыху падкормяць, супчыку нальюць, вось і ўся плата. А так мусяць выконваць усё, што загадваюць. Ёсьць там такая Вера, беларуска, якую памылкова прызначылі на дэпартацыю ў Расею. Яна там ужо 8 месяцаў, дык сама казала, што ўвесь іхны ЦІП драіла, у тым ліку кабінэты на 4 паверсе», — кажа праваабаронца.

«Адзін прыціх, другая лаецца матам, як конюх»

Як праваабаронца ахарактарызавала міліцыянтаў, якія працуюць у ЦІП на Акрэсьціна?

ФОто: RFE/RL

Натальля Гарачка назвала імёны двух міліцыянтаў, якія, паводле яе, працуюць прыстойна, не дапускаюць грубасьці, карэктныя як у словах, гэтак і ў паводзінах. Праваабаронца нават зьбіраецца напісаць кіраўніцтву ізалятара ліст, каб адзначыць гэтых міліцыянтаў добрым словам.

«А ёсьць і такі міліцыянт, які зьбіў дзяўчыну і на яго завялі справу. Прычым неяк прымусілі тую дзяўчыну забраць заяву, але Сьледчы камітэт не адступіў, і сьледзтва нібыта працягваецца. Яго не адхілілі ад працы, але крыху сьцішыўся. Яшчэ ёсьць супрацоўніца, якая лаецца матам, як конюх, ёй усё роўна на каго — на мужчын, на жанчын».

Выразным паказьнікам праваабаронца лічыць тое, што 10 студзеня ў яе падчас праверкі забралі нататнік, у які яна запісвала ўсе заўвагі, скаргі, імёны і прозьвішчы міліцыянтаў, на якіх зьбіралася скардзіцца.

Таксама Натальля Гарачка згадала словы аднаго зь вязьняў-іншаземцаў, якога трымаюць у камэры для прызначаных на дэпартацыю.

«Ён крычаў, што „беларуская турма — гэта пекла“. Сама чула», — кажа праваабаронца.

12 студзеня Натальля Гарачка выйшла на волю зь вязьніцы на Акрэсьціна і спыніла галадоўку. Кажа, што ўжо памалу пачала есьці, адчувае сябе добра.

«Ведаю акупунктуру, займалася ёгай, у камэры рабіла сабе масаж і займалася зарадкай. Са мной усё добра, а вось людзям, якія там засталіся, трэба дапамагаць», — кажа Натальля Гарачка.

Пастанову Фрунзенскага раённага суду аб яе арышце на 15 сутак праваабаронца абскардзіла, чакае новага суду.

Памочнік дзяжурнага ў сталічным Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна адмовіўся перадаць слухаўку кіраўніцтву ізалятара, спаслаўшыся на нараду.

«Гэта недакладныя зьвесткі», — сказаў міліцыянт пра тое, што некаторых арыштантак ЦІПу нібыта прымушаюць працаваць прыбіральшчыцамі. «А хто ў вас прыбірае ў службовых памяшканьнях?» — спытаў карэспандэнт. На гэта міліцыянт адказаў, што ня можа «даць такую інфармацыю».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]