Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР рыхтуе круглы стол

13.02.2018 политика
Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя БНР рыхтуе круглы стол

Круглы стол з удзелам гісторыкаў будзе прысвечаны юбілею БНР.

Аргкамітэт па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі мае намер правесці ў пачатку сакавіка прысвечаны юбілею круглы стол з удзелам гісторыкаў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску 13 лютага паведаміў “Радыё Рацыя” сябра аргкамітэта, культуролаг Вацлаў Арэшка.

„Мы з гісторыкам Нінай Стужынскай рыхтуем навуковы круглы стол. Папярэдне, ён адбудзецца 4 сакавіка. Яго назва „БНР — людзі, падзеі, месцы”. Думаю, што нам удасца сабраць гісторыкаў з досыць арыгінальнай і цікавай інфармацыяй”, — адзначыў Арэшка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што многія гісторыкі, якія працуюць у дзяржаўных установах, адмаўляюцца ад удзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных 100-годдзю БНР, баючыся праблемаў на працы.

Сябра аргкамітэта звярнуў увагу, што гэта не адзінае такое мерапрыемства, якое плануецца правесці ў Менску да юбілею. Паводле яго інфармацыі, на канец лютага запланавана прысвечаная БНР навуковая канферэнцыя, якую арганізуе гісторык Мікалай Акаловіч. Акрамя таго, абмяркоўваецца магчымасць арганізацыі спецыяльнай выставы ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Пра намер правесці ў пачатку красавіка ў Палацы мастацтва прысвечаную даце выставу работ членаў Беларускага саюза мастакоў на прэс-канферэнцыі паведаміў мастак Аляксей Марачкін.

Аргкамітэт 13 лютага прэзентаваў візуальныя вобразы для афармлення святкавання 100-годдзя БНР. Сярод іх эмблема свята, у аснову якой пакладзена выява герба „Пагоня”, якая выкарыстоўвалася ў XX стагоддзі беларускай эміграцыяй. Падчас шэсця 25 сакавіка арганізатары маюць намер прапанаваць ўдзельнікам несці вялікія партрэты дзеячаў БНР.

Заяўка на правядзенне вулічнай акцыі ў дзень абвяшчэння БНР 25 сакавіка была пададзеная ў Мінгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт па правядзенні акцыі. Заяўнікі просяць Менгарвыканкам дазволіць не толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада. Раней яны распачалі чатыры беспаспяховыя спробы абмеркаваць з прадстаўнікамі гарадскіх улад правядзенне вулічнай акцыі ў цэнтры Менска 25 сакавіка. У тым ліку 2 лютага ў гарвыканкам быў накіраваны пісьмовы зварот з просьбай арганізаваць сустрэчу са старшынёй выканкама Андрэем Шорцам.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2018 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]