Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Андрусь Горват: Ёсць добрыя людзі, а ёсць тыя, з кім я яшчэ не знаёмы

22.02.2018 культура
Андрусь Горват: Ёсць добрыя людзі, а ёсць тыя, з кім я яшчэ не знаёмы

Знакамiты аўтар наведаўся ў Брэст, дзе ўзяў удзел у курсах «Мова нанова».

Тры гады таму журналіст Андрусь Горват кінуў жыццё ў сталіцы і пераехаў на радзіму сваіх дзядоў - аднаўляць стары дом у вёсцы Прудок на Гомельшчыне. А праз тры месяцы прачнуўся знакамітым. Яшчэ праз год пабачыў свет першы наклад дзённіка Андруся - «Радзіва "Прудок"». Малады аўтар стаў пераможцам прэміі «Дэбют» у намінацыі «Проза», увайшоў у шорт-ліст прэміі Гедройца і адзначаны за лепшую кнігу 2016 года па версіі Адама Глобуса суб'ектыўнай прэміяй «Залатая Літара». У аўторак, 20 лютага, Андрусь наведаўся ў Брэст, дзе ўзяў удзел у курсах «Мова нанова», пiша vb.by.

Мы сустракаемся на чыгуначным вакзале. Першы раз Андрусь быў у нашым горадзе яшчэ студэнтам. Час ад часу гутарку перабіваюць тэлефонныя званкі. Мінская крама хоча выставіць «Радзіва» на кніжнай выставе, пытаюцца, колькі асобнікаў засталося. Аказваецца, крыху больш за сотню. Агульны тыраж выдання - больш за 4000. Першапачаткова аўтар думаў выдаць каля 300 асобнікаў для чытачоў, што ахвяравалі грошы на выданне праз краўдфандынг. Жадаючых было ўдвая больш, потым дадрукавалі яшчэ 1000, і яшчэ...

- Пасля ўніверсітэта я працаваў у Мінску. Быў рэдактарам экалагічнага выдання, займаўся вёрсткай на фрылансе. Уладкаваўся працаваць дворнікам у Купалаўскі тэатр. Проста так - каб працаваць фізічна. У сталіцы заўсёды ёсць магчымасць зарабіць грошы. Але... Мне не хапала нейкай энергіі роднай зямлі. І вось адзін раз я паехаў у камандзіроўку ў Хойніцкі раён. І мы праязджалі міма маёй вёскі Прудок. Было лета, цёпла, жыта залатое, неба высокае. Мне стала так утульна ад гэтага ўсяго, што я зразумеў: не хачу ў Мінск. За зіму падрыхтаваў дом і 1 сакавіка пераехаў. Ужо тры гады як.

Як і ўсе, свае думкі пра працу дворнікам у тэатры, а пасля пра жыццё роднай вёскі Андрусь выкладваў у «Фэйсбук». Аднойчы яго дзённік надрукавала «Наша Ніва». І пачалося нейкае шаленства:

- Да гэтага ў мяне было каля 100 фрэндаў у «Фэйсбуку», а тут дадалося адразу 1000 і сотні паведамленняў. Я нават запанікаваў. А потым мне пачалі казаць, што гэты дзённік трэба выдаваць. Па праўдзе кажучы, на той момант я сеў пісаць раман. Але сябра сказаў мне, што пачынаць з рамана неяк дзіўна, трэба нешта просценькае. Вось і пачаў з просценькага. Той раман у выніку даўно выдаліў.

Яго «Радзіва» - яркі прыклад таго, што і ў Беларусі кнігі могуць карміць свайго аўтара. Але сам Андрусь, як і тысячы іншых, разам з літаратурнымі прэміямі атрымаў... паведамленне на выплату «дармаедскага» падатку. Плаціць яго ён не збіраўся. Нават хацеў паглядзець, чым гэта ўсё скончыцца. Але дэкрэт адмянілі. Цяпер аўтар працуе над новым праектам:

- Я планаваў выдаць другую кнігу да новага года. Але яна яшчэ ў працэсе. Нават не магу сказаць, што гэта будзе, бо твор змяняецца штодзень. Ведаю толькі, што яна будзе іншай ад дзённікаў. Што б я ні напісаў зараз, я ведаю, што прадам. Бо адна частка людзей захоча ўпэўніцца, што я нічога не варты, а іншыя захочуць набыць нешта падобнае на «Прудок». Але ж я не хачу выдаваць дзеля таго, каб зарабіць грошы. Мне падабаецца сам працэс. І кніга будзе выдадзена тады, калі я зразумею, што больш нічога не магу ў ёй змяніць. Калі другая кніга выйдзе, гэта будзе азначаць, што я яе люблю.

У родным Прудку пра пісьменніка са сталіцы, паводле слоў Андрэя, кажуць, што ён «сільна граматны». Некалькі экзэмпляраў «Радзіва» ходзяць па вёсцы: людзі любяць чытаць пра сябе. Частка персанажаў у кнізе падаюцца пад сваімі імёнамі, ёсць нейкія зборныя вобразы:

- Я лічу, што ёсць добрыя людзі, а ёсць тыя, з кім я яшчэ не знаёмы, - па-філасофску разважае Андрусь. Свой пераезд ў вёску ён лічыць не даўншыфтынгам, а, наадварот, узлётам. І аргументуе: калі жыў у Мінску, то працаваў дворнікам, а пераехаў у вёску - і стаў культавым пісьменнікам. І цяпер родны Купалаўскі ставіць п'есу па «Прудку».

...Мы развiталiся на скрыжаванні Пушкінскай і Савецкай. У гэты дзень Андруся прасілі аб інтэрв'ю з тэлеканала АНТ. Раптам я перанеслася гадоў на 15 назад. Калі мы ўсе, маладыя, з амбіцыямі і надзеямі, хадзілі адзін да аднаго на вячэры ў інтэрнаце № 10 БДУ. Як Андрусь Горват спрабаваў зарабляць грошы праз сеткавы маркетынг, а дзяўчаты казалі яму, што гэта глупства. Тады ніхто не мог падумаць, што наш разумны, але сціплы аднакурснік неўзабаве стане «культавым» пісьменнікам. Здзівіў, калега! Нічога не скажаш!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]