Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Яфім Бялевіч: баявы афіцэр, які адказваў за законы і фінансы БНР

27.02.2018 общество
Яфім Бялевіч: баявы афіцэр, які адказваў за законы і фінансы БНР

Сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння выбітнага дзеяча беларускага нацыянальнага руху.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, міністр юстыцыі і фінансаў ураду БНР Яфім Бялевіч нарадзіўся 27 лютага 1888 году ў Менску. Пачатковую адукацыю атрымаў у мінскай гімназіі, з якой быў у 1907 годзе выключаны за ўдзел у вучнёўскіх пратэстах. Тады не ўдалося пазбегнуць і арышту, піша racyja.com.

Неўзабаве Яфім Бялевіч быў вызвалены, гімназію скончыў пазней экстэрнам. Пасля гэтага паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэту, які скончыў у 1912 годзе.

З надыходам першай сусветнай вайны Яфім Бялевіч быў прызваны ў войска, ваяваў на фронце ў чыне прапаршчыка, а пасля штабс-капітана. У гэты час адбываецца фармаванне нацыянальнага светагляду асобы.

У 1917 годзе Бялевіч ад беларусаў-вайскоўцаў быў абраны дэлегатам Першага Усебеларускага кангрэсу, які адбыўся ў снежні. Пасля абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі Бялевіч займаў пасаду міністра юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе абвешчанай дзяржавы. У выніку палітычных разыходжанняў ва ўрадзе зышоў у адстаўку.

У чэрвені 1918 года для ўрэгулявання бежанскага пытання накіроўваўся ў Петраград, Маскву, Віцебск і Смаленск. Пасля дыпламатычны прадстаўнік ураду БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне. Яфім Бялевіч у другім радзе справа У 1919 годзе арыштаваны тагачаснай польскай уладай, але здолеў збегчы з пад варты. У гэты час Яфім Бялевіч відавочна «пахіснуўся» улева – ён стаў сябрам партыі сацыялістаў-федэралістаў, пазней – Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

З апошняй ён выйшаў у жніўні 1920 года з-за адмовы яе лідараў падпісаць Дэклярацыю пра абвяшчэнне незалежнасці БССР. Далей два гады служыў у Гомелі ў чыгуначных частках Чырвонай арміі. Аднак саветы не даравалі Бялевічу яго ўдзелу ў стварэнні БНР, у кастрычніку 1920 года ён быў арыштаваны асобым аддзелам Заходняга фронту па «падазрэнні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці». Праз шэсць месяцаў вызвалены.

Далей працаваў у сістэме фінансаў, цягам 1925-30 гадоў займаў пасаду ўпаўнаважанага наркамфіну БССР, яшчэ пазней быў на працы ў Белшвейаддзяленні Вышэйнага савета народнай гаспадаркі. Сталінскія рэпрэсіі не маглі абмінуць асобу з мінулым бэнээраўскага дзеяча. У сакавіку 1932 года Яфім Бялевіч быў арыштаваны і засуджаны да пяці гадоў зняволення ў савецкім канцлагеры. Этапаваны ў Свірскі канцлагер НКВД Ленінградскай вобласці.

Ужо там праз чатыры гады быў узяты пад варту. Ленінградскім судом засуджаны яшчэ да 5 гадоў зняволення і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Доўгі час было невядома, дзе і калі загінуў Яфім Бялевіч. Калі адчыніліся архівы, даследчыкі ўстанавілі, што загінуў ён у Магаданскім канцлагеры 13 снежня 1942 года. Праз даволі значны час пазней быў па першым прысудзе рэабілітаваны ў 1963 годзе прэзідыумам Мінскага абласнога суда, а па другім – пракуратурай Расейскай федэрацыі ў 1992 годзе.

Лёс Яфіма Бялевіча склаўся не зусім тыпова сярод айцоў БНР. Адны з іх пастанавілі і паспелі з’ехаць на эміграцыю, папрацавалі плённа там на беларускую справу, іншыя – адразу былі вызначаныя як «ворагі народу» і загінулі. Цяжка сказаць, ці Яфім Бялевіч сапраўды шчыра паверыў савецкай уладзе, ці спрабаваў нейкім чынам прыстасавацца да яе, але шанцаў выжыць у той сістэме ў яго не было.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]