Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Каб не «пратанчыць» незалежнасць

27.02.2018 культура
Каб не «пратанчыць» незалежнасць

Патрыёты працягваюць няроўную барацьбу за свабоду і незалежнасць краіны.

Спрэчкі вакол фармата мерапрыемства ў 100-ю гадавіну Дня Волі - гэта выразнае адлюстраванне падзелу, які існуе ў беларускай патрыятычнай апазіцыі. Адна яе частка працягвае няроўную барацьбу за свабоду і незалежнасць краіны, небяспека якой зараз зноў расце. Другая выбрала стратэгію прыстасоўвання да існуючай сітуацыі.

Гаворка нават не пра тое, што без першай часткі патрыятычных сіл не было б нават прадмету для дыскусіі. Бо ўлада адправіла б апазіцыю святкаваць юбілей на звыклы «сабачнік», а тая б звыкла пагадзілася.

Справа ў тым, што ёсць яшчэ трэці бок, ад якога, ў канчатковым выніку, будзе залежыць лёс краіны і яе незалежнасць. Гэта беларускі народ. Большасці простых людзей зараз вельмі цяжка. Яны ўжо ненавідзяць свайго былога куміра і шукаюць яму альтэрнатыву.

Год таму іх позіркі скіраваліся на патрыятычныя сілы. Людзі выходзілі на сацыяльныя пратэсты пад нашымі сцягамі і з нашымі лозунгамі. Упершыню 25 сакавіка мінулага года ўся Беларусь з увагай сачыла за нашым Днём Волі, надаўшы яму свой новы сучасны сэнс. Гэта гістарычнае дасягненне патрыятычных сіл.

Так, быў жорсткі разгон, дэпрэсія і расчараванне. Але нянавісць да ўладаў і жаданне зменаў нікуды не падзеліся.

Патрыёты павінны стаць выразнікамі інтарэсаў і надзей большасці, яе лідарамі. Ад гэтага будзе залежыць будучыня Беларусі.

Калі ў гадавіну жорсткага падаўлення народнага выступу за свае правы мы будзем толькі слухаць музыку і танчыць у загародцы за рамкамі, якую ўжо паабяцалі улады, то мы дыскрэдытуем сябе ў вачах тых людзей, якія пайшлі за намі год таму.

А згубіўшы павагу людзей, мы можам згубіць Беларусь, бо для большасці беларусаў, акрамя нас, ёсць яшчэ толькі адна альтэрнатыва ненавіснай ім уладзе. Гэта альтэрнатыва - варожыя нашай незалежнасці сілы.

Ці будзе тады што святкаваць 25 сакавіка, калі мы «пратанчым» з такой цяжкасцю заваяваны давер?

Мiкалай Статкевiч, Facebook

Источник charter97.org



Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2020 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]