Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Неверагодны лёс консула БНР

13.03.2018 общество
Неверагодны лёс консула БНР

Дасьледнік знайшоў магілу і нашчадкаў Міколы Вяршыніна.

Консул БНР доўгія гады ляжаў на праскіх могілках безыменна, прыкрыты імёнамі дачкі і зяця. Навейшыя спробы знайсьці магілу Міколы Вяршыніна былі беспасьпяховымі, пакуль не зьявіўся дасьледнік, які шукаў ... некага іншага, перадае «Радыё Свабода».

Інжынэр Сяргей Кнырэвіч ужо 20 гадоў жыве з сям’ёй у Чэхіі, працуе ў фірме, што выпускае абсталяваньне для вырабу паперы. І бальшыню вольнага часу праводзіць у чэскіх архівах, шукаючы сьлядоў беларускай гісторыі. Гэта той самы Сяргей Кнырэвіч, якому раней разам з гісторыкам Паўлам Котавым удалося знайсьці дакумэнтальныя сьляды нашчадкаў Францішка Скарыны.

Колішні інжынэр-электронік Менскага заводу вылічальнай тэхнікі, Кнырэвіч у гады перабудовы перамог на выбарах афіцыйнага кандыдата кампартыі і стаў дэпутатам Менскага гарсавету. У канцы дзевяностых сям’я пераехала зь Беларусі. У Чэхіі аселі ў Оламаўцы і адсюль Кнырэвіч амаль штомесяц выпраўляецца ў свае дасьледніцкія вандроўкі.

У Празе, на Альшанскіх могілках ён шукаў магілу Аляксандра Калошы. Дасьледніка зацікавіў яго лёс, бо Калоша стаў адзіным зь беларусаў, каму ўдалося вярнуцца ў Чэхаславаччыну са сталінскага гулагу. Пасьля доўгіх пошукаў магіла Калошы знайшлася, але хацелася знайсьці і нашчадкаў. Кнырэвіч запаліў на магіле сьвечку, паклаў пад яе запіску і чакаў... Яму сапраўды азваліся ўнучкі Аляксандра Калошы. Яны расказалі, што Калоша быў пахаваны ў гроб да Міколы Вяршыніна. Але па парадку пра тое, як злучыліся лёсы гэтых двух беларускіх эмігрантаў у Чэхаславаччыне і чаму яны апынуліся ў адной магіле.

Магіла Калошаў са свечкай і запіскай

Мікола Вяршынін зьявіўся ў Празе раней за астатнюю эмігранцкую хвалю, у канцы 1908 году. Працаваў настаўнікам рускай і польскай мовы ў адной з праскіх школ. Перад Першай сусьветнай вайной быў таксама сакратаром і бібліятэкарам ў праскім таварыстве імя Льва Талстога. У 1919-м годзе Рада БНР упаўнаважыла яго быць сваім прадстаўніком у справах ваеннапалонных, пазьней павысіла фактычна да рангу консула ў Празе.

Консульства, або місія ня мела свайго памяшканьня і месьцілася ў кватэры Вяршыніных у доме на Wenzigova 4. На гэтую ж адрэсу былі зарэгістраваныя большасьць беларускіх арганізацый міжваеннага пэрыяду (Беларуская грамада, пазьней Беларуская рада), ад імя якіх Вяршынін вёў сталыя перамовы з чэхаславацкім міністэрствам замежных спраў. Тут жа быў запачаткаваны Беларускі архіў. Вяршынін дабіўся ад чэхаславацкага ўраду выдзяленьня каля сотні стыпэндый для беларускіх студэнтаў.

Дом на Wenzigova 4 ў Празе, які стаў штаб-кватэрай БНР і цэнтрам беларускага жыцьця

Вяршынін быў жанаты з чэшкай Атыліяй Главачавай (Ot?lie Hlav??ov?, 1873-1959). У 1911-м годзе ў іх нарадзілся дачка Вольга. Паколькі ў доме было заўсёды поўна беларускіх хлопцаў-студэнтаў, было ёй суджана выбраць беларускага жаніха. У 1942-м Вольга выходзіць замуж за Аляксандра Калошу, які на той час ужо вывучыўся ў Празе на інжынэра. Неўзабаве пасьля вайны сям’я Калошаў перабралася ў вёску Худэнін (Chuden?n), дзе вяла гаспадарку.

У 1947-м Аляксандр Калоша атрымаў чэхаславацкае грамадзянства, што аднак пасьля прыходу камуністаў да ўлады ў ЧССР не перашкодзіла выдаць яго саветам. Калоша быў арыштаваны ў 1948-м адначасова з сям’ёй Ларысы і Івана Геніюшаў. Ад Вярхоўнага суду БССР Калоша атрымаў такі ж, як і Геніюшы, прысуд — 25 гадоў лягераў «за ўдзел у беларускіх антысавецкіх арганізацыях». Пакуль ён сядзеў на Калыме, у сям’і здарылася непапраўнае. Жонка Вольга трагічна сышла з жыцьця (1952).

Праз пару год пасьля сьмерці жонкі і сьмерці Сталіна, у 1955-м Калоша выйшаў на волю. Выглядае, ён стаў адзіным беларусам, каму ўдалося вярнуцца ў Чэхаславаччыну пасьля савецкіх лягераў. Перадусім ён спасылаўся на ранейшае чэхаславацкае грамадзянства і на асірацелых дзяцей.

Лідзія Калоша, дачка Вольгі і Аляксандра Калошаў, унучка Вяршыніна ў беларускай вышыванцы. 1950-я гады

Аляксандр Калоша пражыў у Чэхаславаччыне да 80 гадоў (1905-1985). Урна зь ягоным прахам была падхаваная ў сямейную магілу, аднак імя Калошавага цесьця Вяршыніна, праўдападобна, з перасьцярогі зьнікла ўжо ў 50-я гады, калі ўвабраліся ў моц камуністы. На абноўленай пліце напісалі імёны маладзейшага пакаленьня, у тым ліку зяця і дачкі: Alexandr Kolo?a, Olga Kolo?ov?. Так апошняе месца спачыну консула БНР, які памёр 6 траўня 1934-га году, страцілася на доўгі час.

Пахаваньне Мікалая Вяршыніна ў Празе. На вянках - чорныя стужкі з подпісамі ад сям'і і бел-чырвона-белыя з тэкстам "Мікалаю Вяршыніну — Змагару за волю і незалежнасьць Беларусі—яго сябры". 9 траўня 1934 г.

Дасьледніку Сяргею Кнырэвічу, які магілу знайшоў, удалося сабраць дзесяткі дакумэнтаў, што датычаць гісторыі гэтай вядомай эмігранцай сям’і. У размове зь ім мы больш падрабязна засяродзімся на асобе Міколы Вяршыніна і на момантах яго біяграфіі, што патрабуюць удакладненьня.

— Спадар Сяргей, аўтары большасьці публікацыяў, у тым ліку электроннай Вікіпэдыі, падаюць, што Вяршынін нарадзіўся ў слаўных Налібаках у 1878-м годзе.

— Гэта не зусім так. Мікалай Вяршынін нарадзіўся ў 1866 годзе ў вёсцы Прамухіна (Прямухино, па іншых зьвестках Каравайцава /Коровайцево) у Цьвярской губэрні. Дзесьці ў пачатку 1880-х гадоў сям’я пераехала на Беларусь. У адным зь лістоў Вяршынін згадвае, што ў яго бацькі быў маёнтак на пінскім Палесьсі. Аднак у нэкралёгу з нагоды сьмерці Вяршыніна (віленская газэта "Беларуская крыніца«, 30.5.1934 г.) аўтар А. Клімовіч, падпісаны б[ылы] пражак, піша: «Ведама толькі, што паходзіў М. Вяршынін зь сёньняшняй Наваградчыны, аб якой так любіў гаварыць». І дадае, што " нябожчык усьцяж мрыяў аб бацькаўшчыне, апісваючы яе (напр. Налібоцкую пушчу) у сваіх нідзе дагэтуль недрукаваных успамінах«. Магчыма, тут страчанае зьвяно ланцуга, якое зьвязвае Цьвер-Палесьсе-Налібакі. Зьвесткі пра маладосьць Вяршыніна скупыя і няпоўныя. Трэба яшчэ шмат папрацаваць у архівах, каб «белыя плямы» яго біяграфіі запоўніць.

Рамана Сітава і Сяргей Кнырэвіч сустрэліся ў праскай кавярні

— А адкуль новая вэрсія даты нараджэньня?

— Чэскія дасьледнікі Даніэла Колэнаўска і Міхал Плавэц апублікавалі ў сваёй кнізе «B?lorusk? emigrace v meziv?le?n?m ?eskoslovensku» складзены самім Вяршыніным сьпіс асоб, якія павінны былі выехаць з Прагі на Бэрлінскую канфэрэнцыю 1925-га году. Гэты сьпіс падаваўся ў органы чэхаславацкай паліцыі для выдачы замежных пашпартоў. Вяршынін піша пра сябе. народжаны 12.X.1866 у Цьвяры. У чэскіх архівах мне ўдалося знайсьці і тры іншыя рэгістрацыйныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць дату нараджэньня Вяршыніна — 1866.

Анкета М.Вяршыніна на выдачу замежнага пашпарту для выезду на Бэрлінскую канфэрэнцыю ў 1925 г. Нацыянальны архіў Чэхіі

— Такім чынам Ваша ўдакладненьне — год нараджэньня 1866 дабаўляе Вяршыніну 12 гадоў жыцьця! Атрымліваецца, што памёр ён не ва ўзросьце 56, але 68 гадоў. Потым пара Вяршыніных становіцца ў большую адпаведнасьць традыцыі, калі параўнаем яго ўзрост з гадамі жыцьця чэскай жонкі Атыліі (1873-1959). Пры ранейшым раскладзе, жонка была б старэйшая за Вяршыніна на 5 гадоў, у вашым варыянце — ён старэйшы за жонку на 7. Цяпер, калі паглядзець з гледжаньня ўзросту, наколькі верагодныя публікаваныя зьвесткі пра тое, што Вяршынін у 20-я гады нібыта вучыўся ў праскім электратэхнічным інстытуце (?VUT)? Акрамя таго, ён жа быў мовазнаўца?

— У ?VUT вучыўся іншы беларус Мікалай Верамей. Ні ў водным са знойдзеных чэскіх архіўных дакумэнтаў Вяршынін не зьвязваецца з гэтым прозьвішчам. Аднак у беларускіх публікацыях яму прыпісваецца прозьвішча Верамей як нібыта яго сапраўднае, з дому. Я схільны лічыць, што Вяршынін ня быў Верамеем. Той студэнт Мікалай Верамей нарадзіўся ў 1898 годзе, пасьля вучобы ў Празе вярнуўся ў СССР, дзе ў 1937-м быў расстраляны.

— Практычна ўсе беларускія студэнты праходзілі праз рукі Вяршыніна. Ён ня толькі складаў і падаваў сьпісы на выдачу віз, быў «паручальнікам» землякоў, але дабіўся для многіх зь іх выдзяленьня стыпэндый. Прычым, калі ўрад чакаў ад яго выключна мужчынскіх кандыдатаў, ён прапанаваў і некалькі дзяўчат. Каго з найбольш адметных асоб з гэтай студэнцкай хвалі можам згадаць?

— Згадаю толькі некалькі імёнаў студэнтаў, якія потым стануць віднымі дзеячамі БНР. У Празе і Падзебрадах вучыліся або працягвалі адукацыю Мікола Абрамчык, прэзыдэнт БНР з 1947 па 1970 год, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, старшыня Рады БНР (1971-1982), Лявон Рыдлеўскі, віцэ-прэзыдэнт Рады БНР (1947-1953). Без прысутнасьці і сувязяў Вяршыніна ў Прагу не пераехалі б і прэзыдэнты Пётр Крачэўскі з Васілём Захаркам.

— Што вядома пра кантакты Вяршыніна з тагачаснымі чэскімі палітыкамі?

— Многія кантакты ён навязаў праз сваю чэскую жонку Атылію. Яна была блізкай сяброўкай Рэнаты Тыршавай, жонкі Міраслава Тырша, заснавальніка чэскага Сокала, спартова-патрыятычнага руху. Менавіта праз жонку яшчэ да пачатку Першай сусьветнай вайны Вяршынін пазнаёміўся з многімі выбітнымі чэскімі інтэлектуаламі, у тым ліку з прафэсарам Томашам Масарыкам, будучым прэзыдэнтам Чэхаславаччыны. Верагодна, зблізіліся яны на базе сваёй прыхільнасьці да Льва Талстога.

— Ваша дасьледніцкае меркаваньне: ці ўспрымалі тагачасныя чэхаславацкія ўлады Вяршыніна менавіта як дыплямата БНР?

— Мы перажылі зьмену гістарычных канцэпцый — ад той, што Чэхаславакі прызналі БНР аднымі зь першых, да той, што насамрэч не прызналі, толькі паабяцалі падтрымку. Хачу спаслацца на меркаваньні як чэскага, так і беларускага дасьледнікаў. Так Даніэла Колэнаўска піша: " Чэхаславацкі ўрад прынамсі часткова памагаў беларускай эміграцыі, але Рада БНР дэ юрэ не магла праводзіць палітычную дзейнасьць, бо дзейнасьць усіх беларускіх арганізацый у Празе падпадала пад закон аб аб’яднаньнях (spolkov? z?kon).

Беларуская рада ў Празе (маецца на ўвазе арганізацыя, якая ўзьнікла ў 1924 г. замест Беларускай грамады -рэд.) па сутнасьці забясьпечвала арганізацыйную службу для Рады БНР і, хаця гэта закону не адпавядала, чэхаславацкія ўлады такую практыку талеравалі і на палітычную актыўнасьць Рады БНР заплюшчвалі вочы«. Паводле беларускага гісторыка Андрэя Бучы, «найбольш адэкватны варыянт, які падыходзіць да азначэньня пасады М.Вяршыніна ў кантэксьце прававога поля ЧСР, будзе — неафіцыйны прадстаўнік ураду БНР у ЧСР». Але падсумоўваючы зьмест і вынікі дзейнасьці Вяршыніна за 1920-1924 гады, гісторык А. Буча выказвае ўпэўненасьць, што " большасьць функцый дыпляматычнага прадстаўніцтва «Беларускім консульствам» у Празе былі споўненыя".

— І ўрэшце: які быў адказ на вашу запіску, што вы пакінулі на Альшанскіх могілках?

— На запіску адгукнуліся праўнучкі Мікала Вяршыніна (унучкі Аляксандра Калошы) Рамана Сітава і Міхаэла Свобадава. Мы зь імі доўга перапісваліся і сустракаліся, я запісаў іх успаміны. Жанчыны згадалі, што яны езьдзілі на Беларусь, у родныя мясьціны дзеда Аляксадра Калошы — вёску Заямнае каля Стоўпцаў. Многія дэталі з жыцьця іх сям’і яны самі даведаліся ўпершыню. У выніку ўнучкі-праўнучкі вырашылі вярнуць імя прадзеда на яго магілу. Спадзяюся, імя консула БНР Міколы Вяршыніна вернецца неўзабаве, ужо гэтай вясной. Верагодна якраз да 25 сакавіка.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]