Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Рызе на 100-годзьдзе незалежнасьці БНР узгадаюць Кастуся Езавітава

14.03.2018 общество
У Рызе на 100-годзьдзе незалежнасьці БНР узгадаюць Кастуся Езавітава

Мастак Вячка Целеш распавёў, як у сталіцы Латвіі сьвяткуецца юбілей абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Пра тое, як у сталіцы Латвіі сьвяткуецца юбілей абвяшчэньня незалежнасьці БНР, «Радыё Свабода» распавёў дзяяч беларускай дыяспары з Рыгі мастак Вячка Целеш.

Беларусы Латвіі, аб’яднаныя ў таварыства «Сьвітанак», адзначаць 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі канцэртам, мастацкай выставай і сяброўскай вячэрай. Імпрэзы пройдуць 24 сакавіка, бо 25 сакавіка ў Латвіі — дзень жалобы па ахвярах камунізму.

Манумэнт Свабоды ў Рызе

Рыга — сталіца БНР у выгнаньні

Рыга ў жыцьці заснавальнікаў БНР адыграла важную ролю, асабліва пасьля вымушанай эміграцыі зь Менску. Як піша ў кнізе «Падарожжа ў БНР» Сяргей Шупа, пад канец траўня 1920 году сюды з розных канцоў Эўропы зьехаліся амаль усе вышэйшыя асобы Беларускай Народнай Рэспублікі — сябры Прэзыдыюму Рады БНР і Рады Народных Міністраў. Да восені горад стаў галоўным асяродкам дзейнасьці, адной са «сталіц у выгнаньні». Было вырашана прасіць кіраўніцтва Латвіі пра часовы побыт Ураду БНР у Рызе.

Беларускі юбілей і латвійскі Дзень жалобы

Ужо ў найноўшай гісторыі многія дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, чый лёс аказаўся зьвязаны з Латвіяй, сталі героямі твораў Вячкі Целеша — мастака, грамадзкага дзеяча, аднаго з заснавальнікаў Таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» і мастакоўскага аб’яднаньня «Маю гонар», дырэктара беларускай школы ў Рызе.

Вячка Целеш, Рыга

Ягоныя арганізатарскія высілкі годна адзначаныя ўладамі Латвійскай Рэспублікі, ён кавалер найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды — ордэна Трох Зорак. Сёлета ў верасьні Вячка Целеш адзначыць 80-гадовы юбілей.

«Несумненна, будзем адзначаць адно з галоўных нашых сьвятаў, інакш і быць ня можа, — кажа спадар Целеш. — Праўда, давядзецца гэта зрабіць загадзя, бо ў нядзелю 25 сакавіка ў Латвіі будзе Дзень жалобы. У гэты дзень у Латвіі традыцыйна ўшаноўваюць суайчыньнікаў, рэпрэсаваных бальшавікамі ў 1941 годзе. У гэтыя дні дзяржаўныя сьцягі вывешваюцца з чорнымі стужкамі — у памяць пра землякоў, якія загінулі па дарозе ў Сыбір і ў высылцы. Таму юбілей абвяшчэньня незалежнасьці БНР справім напярэдадні, 24 сакавіка».

Рыскі сьлед Кастуся Езавітава

У рамках сьвяточнай імпрэзы ў Рызе будуць выстаўленыя працы сябраў аб’яднаньня беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар». Сярод іх карціна Вячкі Целеша «Пад сьцягам „Пагоні“. Кастусь Езавітаў».

Партрэт Кастуся Езавітава, аўтар Вячка Целеш

На палатне герой у атачэньні старажытных сымбаляў і на фоне двух знакавых будынкаў — менскага Чырвонага касьцёла і рыскага Дома Чорнагаловых. Першы сымбалізуе Менск, у якім Езавітаў меў непасрэднае дачыненьне да абвяшчэньня незалежнасьці БНР, другі — Рыгу таго часу, калі там працавала місія БНР.

«Я напісаў партрэт яшчэ 20 гадоў таму, — кажа Вячка Целеш. — Потым яго набыў мясцовы прадпрымальнік-патрыёт Янка Кабановіч, а калі памёр, праца перайшла да яго сына. На адметныя імпрэзы ён дае палатно, каб выставіць на агляд. На жаль, я ня меў часу заглыбіцца ў гісторыю БНР латвійскага пэрыяду, збольшага вяду пошук інфармацыі пра Езавітава. У архівах зьвестак дастаткова: ён працаваў у дзяржаўных установах як пэдагог, дырэктар, гэта адлюстравана ў біяграфічных дадзеных. На іх падставе рэальна знайсьці зьвязаныя зь яго дзейнасьцю мясьціны, высьветліць, кім былі бацькі, жонка. Усё гэта ёсьць, толькі няма каму грунтоўна заняцца».

Дом Чорнагаловых у Рызе

Кастусь Езавітаў нарадзіўся ў лістападзе 1893 году ў Дзьвінску (цяпер Даўгаўпілс), скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут, з пачаткам Першай усясьветнай вайны мабілізаваны на фронт. У ноч на 19 лютага 1918 году, калі бальшавіцкае кіраўніцтва бяз бою пакінула Менск перад наступам нямецкіх войскаў, горад застаўся без улады. Палітычны актыў прыняў рашэньне перадаць уладу Радзе Ўсебеларускага зьезду. Камэндантам прызначылі кіраўніка Цэнтральнай беларускай вайсковай рады Езавітава.

Архівы Езавітава ў Рызе чакаюць дасьледчыкаў

У кнізе «Імёны Свабоды» Уладзімер Арлоў пералічвае заслугі генэрал-маёра Кастуся Езавітава: удзельнік першага Ўсебеларускага зьезду і абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, вайсковы міністар у яе першым урадзе, шэф вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Дзякуючы яму названыя балтыйскія дзяржавы, а таксама Фінляндыя першымі прызналі беларускую незалежнасьць.

Ва ўмовах нямецкай акупацыі Езавітаў стварыў і ўзначаліў у Рызе Беларускі камітэт. Адкрываў беларускія школы, парадкаваў архівы БНР, займаўся навуковымі дасьледаваньнямі, больш за два дзясяткі гадоў вёў культурна-асьветную дзейнасьць сярод беларусаў Латвіі: кіраваў Беларускай Люцынскай гімназіяй, абудзіў тысячы беларускіх душаў.

Музэй акупацыі Латвіі

У 1945 годзе Кастуся Езавітава арыштавала савецкая контравыведка «СМЕРШ». Паводле афіцыйнай вэрсіі, Езавітаў памёр у 1946 годзе «ад тубэркулёзу лёгкіх пры дыстрафіі 3-й ступені». Дасьледчыкі перакананыя, што яго закатавалі як ворага савецкай улады.

Вячка Целеш шкадуе, што ва ўмовах адкрытасьці латвійскіх архіваў ня ў поўнай меры дасьледаваныя ўсе старонкі жыцьця слаўнага сына Беларусі. Наадварот, у некаторых колах усё яшчэ пашыраная думка, што ён быў ледзь не «падвойным агентам».

«Нехта пачынае пісаць, грунтуючыся на старых публікацыях ці „ўкідах“ з КДБ, — абураецца Целеш. — Хоць насамрэч трэба прыехаць у Рыгу і праштудзіраваць архівы. Езавітаў усім сваім жыцьцём заслужыў, каб пра яго напісалі праўдзівую кнігу. Прыкра чытаць, калі пачынаюць: зьвязаны з НКВД, супрацоўнічаў зь немцамі. А можа, гэта самі спэцслужбы фальсыфікуюць дакумэнты, каб дыскрэдытаваць сваіх ворагаў нават пасьля іх сьмерці? Бо латышы так справы ня робяць: калі чалавек годны, ён такім і застаецца. Я прагледзеў у архівах нават тэксты ягоных песень нямецкага часу і зразумеў, наколькі гэта вялікі патрыёт: нікога не прыніжаў, не здаваў, выступаў выключна з пазыцыі беларускай дзяржавы, культуры, гісторыі».

Вячка Целеш на прывакзальнай пошце

Паводле Вячкі Целеша, абмежаванасьць у сродках ня дасьць адзначыць 100-годзьдзе абвяшчэньня БНР у Рызе настолькі шырока, як таго хацелася б — з запрошанымі гасьцямі зь Беларусі.

«На жаль, фінансавая сытуацыя такая, што не дае запрасіць зь Беларусі нейкага сьпевака ці артыста, — наракае ён. — Але ў нас ёсьць ансамбль „Вытокі“, які мы клічам на такога кшталту імпрэзы. Яны хоць і ня з нашага таварыства, адгукаюцца на запрашэньні, выконваюць „Магутны Божа“, сьпяваюць беларускія і латыскія песьні. Таму гэтым разам будзем упраўляцца ўласнымі сіламі. Раскажам маладзейшаму пакаленьню пра значнасьць падзеі, якая спрычынілася да станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці, накрыем невялікі фуршэт, засьпяваем пад нашымі спрадвечнымі сымбалямі — „Пагоняй“ і бел-чырвона-белым сьцягам».

Беларуская дыяспара ў Латвіі і «русский мир»

Сёлета таварыства «Сьвітанак» адзначыць 30-годзьдзе сваёй грамадзкай і культурнай дзейнасьці. Сярод беларусаў Латвіі, як кажа спадар Целеш, шмат такіх, хто падтрымлівае існуючы ў Беларусі палітычны рэжым і мае прарасейскую арыентацыю — як Саюз беларусаў Латвіі.

Домскі сабор — адна з рыскіх візытовак

«„Сьвітанак“ паўстаў у 1988 годзе — гэта адно зь першых беларускіх таварыстваў, да якога я непасрэдна прыклаў руку, знайшоў паплечнікаў, — згадвае Вячка Целеш. — Пазьней такія арганізацыі пачалі ўзьнікаць у Рызе і ў рэгіёнах, у пераважнай большасьці прарасейскай скіраванасьці. У нас жа пазыцыя была і застаецца адназначная: за незалежныя Беларусь і Латвію. Зь першага дня і да сёньня мы стаім пад бел-чырвона-белым сьцягам і, канечне, заўсёды сьвяткуем Дзень Волі. Маем офіс у Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, куды ўваходзяць два дзясяткі этнічных аб’яднаньняў».

Колішняя парахавая вежа і гістарычная забудова

Як кажа Вячка Целеш, асобна сябе пазыцыянуюць аб’яднаньні, што прапаведуюць «русский мир»:

«Днямі прарасейскія сілы правялі шэсьце супраць „засільля латыскай мовы“, — кажа ён. — Пад расейскімі сьцягамі сабралі пад тысячу чалавек, хоць у сваіх „баявых лістках“ потым пісалі пра 10 тысяч. Былі там і прадстаўнікі беларускіх аб’яднаньняў, якія ніколі не адзначаюць незалежнасьць БНР і ня езьдзяць у Менск на зьезды беларусаў сьвету — усё ж „Бацькаўшчына“ хоча бачыць тых, хто стаіць пад сваім сьцягам, а не савецка-расейскім. І гэта праблема: 40% насельніцтва краіны — не латышы, у сталіцы суадносіны наогул 50?50. Вялізная колькасьць расейскамоўных, нездарма мэрам Рыгі стаў расеец. Гэта аб’ектыўны стан рэчаў — ні ў Літве, ні ў Эстоніі такога няма».

Замерзлая і засьнежаная Даўгава

Беларускі асяродак у Рызе малы, але актыўны

Беларусы на фоне такой расейскай экспансіі, паводле спадара Целеша, паступова раствараюцца ў «агрэсіўным асяродзьдзі», сапраўдных патрыётаў застаецца ўсё меней:

«Беларусаў-патрыётаў зусім мала, — наракае Вячка Целеш, — хіба наша таварыства вось ужо 30 гадоў стаіць пад нацыянальным сьцягам. У 1996-м я сам выводзіў беларусаў, мы стаялі пад дажджом каля беларускай амбасады, пратэстуючы супраць „канстытуцыйнай рэформы“ Аляксандра Лукашэнкі. Тады я быў дырэктарам беларускай школы, прывёў сваіх настаўнікаў, „сьвітанкаўцаў“, актывістаў латвійскіх партый. Мяне беларускія чыноўнікі да гэтага часу дакараюць, калі зьвяртаюся па дапамогу з арганізацыяй выставы ці з прэзэнтацыяй: вы ж пікет наладзілі „супраць дыктатуры“, чаго цяпер хочаце? Таму такое становішча — няма сродкаў, няма трыбуны».

Пры гэтым беларускі актывіст усьцешаны, што нацыянальныя аб’яднаньні, да зьяўленьня якіх ён мае непасрэднае дачыненьне, бяруць хай ня колькасьцю, але якасьцю:

«Нас няшмат, але нас ведае ўся Латвія. Я быў у Кансультацыйнай радзе пры ўсіх прэзыдэнтах Латвіі, апроч апошняга, абараняў інтарэсы беларусаў. Цяпер там дырэктарка нашай школы, а мяне летась на конкурснай аснове абралі ў Кансультацыйную раду па інтэграцыі Рыскай думы. Так, актыўных сябраў „Сьвітанку“ не параўнаць з той масай, якая выходзіць на прарасейскія акцыі, але ж мы пасьлядоўна робім сваю справу, стаім пад гістарычным сьцягам, крытыкуем палітыку Масквы. Калі расейцы ініцыявалі рэфэрэндум за „дзьвюхмоўе“, мы выступілі афіцыйна: беларусы за адну дзяржаўную мову — латыскую. У тутэйшую палітыку асабліва ня ўлазім, але свой незалежны голас маем», — падсумоўвае Вячка Целеш.

«Інтэграцыя. Натурморт з бальзамамі», аўтар Вячка Целеш

Паводле мастака, латышы надзвычай прыхільна ставяцца да беларусаў, якія паважаюць гісторыю іх краіны і зазіраюць глыбей за сёньняшнюю прапаганду. А агульнага ў суседзяў нашмат больш, чым адрознага, — перакананы ён.

«Латышы называюць нас „балткрывамі“, — кажа Вячка Целеш, — гэта вытворныя ад плямёнаў балтаў і крываў, ніякага „рускага духу“. І першыя эканамічныя сувязі беларусаў былі менавіта з латышамі, не з маскавітамі. Праз Даўгаву-Дзьвіну пралягаў так званы гандлёвы шлях з варагаў у грэкі. То бок выйсьце ў Эўропу празь „перавалачную базу“ — Беларусь. Але няма як давесьці праўду! У расейцаў і праграма на тэлебачаньні, і на радыё перадачы штодня, і газэты выходзяць. У беларусаў раз на месяц толькі радыёперадача, якой некалі дамогся „Сьвітанак“. Газэта „Прамень“ Саюзу беларусаў Латвіі — рэклямны лісток кіраўніцы арганізацыі Піскуновай са справаздачамі пра Лукашэнку і палітыку Расеі».

Вячка Целеш падчас пэрсанальнай выставы

Беларускі лідэр у Рызе

Вячка Целеш нарадзіўся 25 верасьня 1938 году ў Красным Сяле (цяпер пасёлак Краснасельскі на Ваўкавышчыне) Гарадзенскага ваяводзтва. Мастак, гісторык, пісьменьнік, сябра Саюзу мастакоў Беларусі і Латвіі.

У 20-гадовым узросьце выправіўся ў Латвію, працаваў рознарабочым, навучаўся ў мастацкай вучэльні. Быў мабілізаваны ў войска, служыў у Вільні. У 1975-м скончыў жывапісна-пэдагагічнае аддзяленьне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пазьней атрымаў ступень магістра мастацтва.

Апошнія 60 гадоў стала жыве ў Рызе. Адзін з арганізатараў таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», дзе ён намесьнік старшыні. Заснавальнік і кіраўнік суполкі мастакоў беларусаў Балтыі «Маю гонар», ініцыятар стварэньня беларускай школы, дзе працяглы час дырэктараваў. Быў дацэнтам катэдры культуры і мастацтва Інстытуту мэнэджмэнту інфармацыйных сыстэмаў у Рызе.

«Францішак Скарына, першадрукар», аўтар Вячка Целеш

Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі. Аўтар партрэтаў і эксьлібрысаў выбітных беларускіх і латыскіх дзеячаў: Францішка Скарыны, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Зоські Верас, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Яніса Райніса.

Вячка Целеш — адзін з самых вядомых эўрапейскіх філакартыстаў: ягоны альбом «Гарады Беларусі на старых паштоўках» на беларускай і ангельскай мовах вытрымаў некалькі перавыданьняў і прызнаны ўзорам дакумэнтальнага фотамастацтва.

Аўтар біяграфічнай кнігі «Адсюль наш род, тут мой прычал», якая прысьвечана радаводу краснасельскіх Целешаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]