Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Незалежнасць абвешчана!

20.03.2018 общество
Незалежнасць абвешчана!

Як адбывалася гістарычнае пасяджанне Рады Беларускай Народнай Рэспублікі 24–25 сакавіка 1918 года.

На жаль, стэнаграма гэтага пасяджэння, у адрозненне ад афіцыйнага пратакола, пакуль што, здаецца, не знойдзена, але захаваліся ўспаміны пра яго ход і атмасферу аднаго з «бацькоў БНР», аўтара праекта Трэцяй Устаўной граматы Антона Луцкевіча, апублікаваныя 25 сакавіка 1921 г. У віленскай газеце «Наша думка», галоўным рэдактарам якой быў класік нашай літаратуры Максім Гарэцкі, «Народная воля».

«Шэрыя світкі, шэрыя салдацкія шынэлі, якія яшчэ мала хто паспеў скінуць з плеч – узгадваў ён, – надавалі агульны тон сабранню. Але светлыя, рахманыя вочы, энергічныя твары іх валадароў гаварылі ясна, што то не простыя сярмягі сышліся, а цвет беларускае народнае інтэлігенцыі.

Настрой з самага пачатку быў урачысты, паважны. Відаць было, што штось сапраўды важнае мае вырашыцца ў зале Рады».

Далей Антон Луцкевіч расказвае пра дванаццацігадзінную «слоўную баталію», што набыла на пасяджэнні асабліва драматычны характар пасля таго, як была ўнесена прапанова аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Першую атаку на гэтую прапанову пачалі некаторыя прадстаўнікі земстваў.

Сярод іх найбольш яскравым было выступленне буйнога землеўласніка Мінскай губерні, а заадно і прадстаўніка польскай меншасці Канстанты Дэмідэцкага-Дэмідовіча. Антону Луцкевічу было вельмі дзіўна чуць менавіта з яго вуснаў гарачыя словы аб «дарагой матухне Расіі». У яго словах чулася відавочная фальшывасць, за якой хаваўся нейкі асабісты інтарэс. Падобнымі, няшчырафальшывымі выглядалі выступленні прадстаўнікоў найбуйнейшай на той час левай яўрэйскай партыі – Бунда. Апошнія казалі пра тое, што беларускаму сялянству ніяк не пражыць без адзінай Расіі. Аднак не ўсе яўрэі – удзельнікі пасяджэння трымаліся такой пазіцыі. Да прыкладу, прадстаўнік Віцебскай арганізацыі сацыялістаў-сіяністаў Мац (тут успаміны Луцкевіча ўдакладніў Макар Краўцоў, іншы ўдзельнік пасяджэння) горача падтрымаў ідэю абвяшчэння незалежнасці БНР.

Далей ізноў дадзім слова самому Антону Луцкевічу:

«Атмасфера станавілася ўсё больш цяжкой. Узрастала нервовасць прамоўцаў, і часта падалі рэзкія словы то з аднаго, то з другога боку. Усе спробы дайсці да кампрамісу нічога не далі. «Мы выйдзем з Рады!» – гразіліся «земцы». – «Шчаслівае дарогі!» – адказвалі з беларускіх месцаў.

Урэшце настаў рашучы момант: галасаванне. Новыя спробы сарваць справу новыя «адводы» з боку ворагаў незалежнасці. Дарэмна!

Ужо днее. Бляск світання так дзіўна спалучаецца са святлом электрычных лямпачак і так дзіўна асвятляе змучаныя, але ажыўленыя напружанай воляй твары людзей.

Каля шостае гадзіны раніцы старшыня ставіць на галасаванне фармулёўку: «Рада Рэспублікі абвяшчае Беларусь незалежнай і суверэннай дзяржавай і выдае аб гэтым Устаўную грамату.

Хоць ясна для ўсіх, што перамога забяспечана, усё ж глыбокая ціша пануе ў зале, пакуль лічаць галасы. Кожны адчувае, што вось-вось зараз нешта мае зрабіцца – нешта важнае, выключнае, такое, што двойчы не паўтараецца. Кожны разумее, што кліч, які зараз прыме ці адкіне Рада, – гэта кліч да новага, вольнага жыцця, гэта запаведзь яснае долі для ўсяго шматпакутнага беларускага народа…

І яно сталася: велізарнай перавагай галасоў фармулёўка прынята!

Радаснымі воклічамі парушаецца ціша. Пачынаюцца гарачыя авацыі».

У прынятай 25 сакавіка 1918 года Трэцяй Устаўной грамаце адзначалася, што «самі народы Беларусі ў асобе свайго Устаноўчага Сойму пастановяць аб будучых дзяржаўных саюзах Беларусі». На гэтай падставе павінны былі страціць сілу ўсе старыя дзяржаўныя сувязі, якія «далі магчымасці чужому ўраду падпісаць і за Беларусь» Брэсцкую дамову, што «забівае насмерць беларускі народ, дзелячы яго зямлю на часткі». У заключным абзацы дакумента адзначалася: «Абвяшчаючы аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада яе пакладае свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы».

Якую прававую моц мелі рашэнні, прынятыя ў Мінску 25 сакавіка 1918 года? Пэўны адказ на гэтае пытанне даюць сучасныя гісторыкі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў сваёй новай калектыўнай працы, што днямі выйшла з друку ў мінскім выдавецтве «Беларуская навука»:

«Канстытуцыйная і юрыдычная абгрунтаванасць Трэцяй Устаўной граматы вынікае з таго, што Рада БНР атрымала свае паўнамоцтвы ад Усебеларускага з’езда, дэлегаты якога прадстаўлялі большасць беларускага народа, а легітымнасць абвяшчэння незалежнасці БНР пацвярджаецца дэкрэтам СНК РСФСР ад 29 жніўня 1918 г., якім скасаваліся ўсе дагаворы і акты, заключаныя ўрадам былой Расійскай імперыі з урадамі Каралеўства Прускага і Аўстра-Венгерскай імперыі, якія датычыліся падзелаў Польшчы, з-за іх супярэчнасці прынцыпу самавызначэння нацый і рэвалюцыйнай правасвядомасці рускага народа». Я запярэчыў бы акадэмічным гісторыкам толькі ў адным: сам захоп улады бальшавікамі ў Расіі ў кастрычніку 1917 года не меў ніякага законнага абгрунтавання, і Радзе БНР абсалютна не было патрэбна «прававое» прызнанне або непрызнанне з боку неправавым чынам створанай Савецкай дзяржавы.

У сутыкненні з бальшавізмам адстаяць свае дзяржаўныя і нацыянальныя правы беларусы маглі толькі праз наяўнасць вялікай вайсковай сілы і спрыяльную кан’юнктуру на міжнароднай палітычнай арэне. За тое і за другое героям – стваральнікам Беларускай Народнай Рэспублікі яшчэ трэба было змагацца, не шкадуючы сіл.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]