Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Афрыканскі шлях у Еўропу

14.11.2010 политика
Афрыканскі шлях у Еўропу

А ці можа дыктатура вывесці краіну на еўрапейскі ўзровень? Ды без праблем! Дакладна вядомы ўжо нават час вялікага прарыву.

Той радасны дзень сустрэнуць беларусы ўсяго праз нейкія пяць год. Напярэдадні абрання свайго незаменнага на пяты тэрмін. І не надта вялікія намаганні спатрэбяцца ад народа, каб убачыць перспектыву ва ўсёй яе велічы. Яму трэба толькі дачакацца таго моманту, калі экзатычны орган пад назваю “Усебеларускі народны сход” бурнымі воплескамі ўхваліць праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гады.

Менавіта ў гэтай праграме ўвасоблены амбітныя мары кіраўніцтва пра тое, што прыярытэтным накірункам развіцця Беларусі будзе неверагодны рост чалавечага патэнцыялу. А ў выніку – непазбежны выхад на ўзровень, супастаўны з паказчыкамі сярэдняй еўрапейскай краіны.

Не, гэта не авантурызм і ніякое не нахабства. Няйначай правіцель успомніў той ўзор, які ён вызначыў для Беларусі на раптоўным узлёце сваёй кар’еры. Сапраўды пэўны аналаг створанаму ім рэжыму на Захадзе калісьці быў. Еўропа яго памятае добра. Як і час бясслаўнага адыходу ў нябыт – травень сорак пятага.

Каму невядома, якога ўзроўню дасягнуў там “рост чалавечага пантэнцыялу”. Шмат падабенства і нечаканых супадзенняў. Там таксама неабмежаваная ўлада належала аднаму чалавеку з катэгорыі незаменных і непрадказальных. Ад кожнага з грамадзян патрабавалася асабістая адданасць правадыру. Небяспечныя для ягонай улады апаненты, як і ў нас, знікалі там бясследна. А за неадпаведныя ўладным шаблонам думкі чалавек мог страціць усё. Нават жыццё.

Калі не пра гэтую, то пра якую краіну размова? Дзе сёння ў Еўропе бязмежная ўлада ў руках аднаго чалавека? Дзе яшчэ вынікам прэзідэнцкіх выбараў непазбежна застаюцца фальсіфікацыі, масавыя арышты, збіццё людзей, новыя хвалі палітычных уцекачоў?

А таму няма ніякіх падстаў параўноўваць нашы рэаліі з еўрапейскімі. Не тое вымярэнне. Курс, які семнаццаты год запар рэалізуе кіраўніцтва краіны, няўмольна, непазбежна аддаляе Беларусь ад Еўропы. І ці не заўчасна некаторыя нашы палітолагі паспяшаліся ў апошніх візітах заходніх чыноўнікаў угледзець прыкметы нармалізацыі стасункаў дыктатуры з Еўразвязам?

Якія б там падчас перамоваў абяцанні ні гучалі, але гэты рэжым, у выпадку ягонай кансервацыі, для еўрапейцаў па-ранейшаму будзе заставацца палітычнай анамаліяй. З усімі адпаведнымі высновамі. І калі хто-небудзь тут паквапіўся ўжо на магчымую еўрапейскую халяву, то з пустымі ілюзіямі давядзецца вельмі хутка развітацца. Ва ўсякім разе, той нафтавы афшор, скарыстаўшыся якім тут шмат хто прыкметна палепшыў дабрабыт, ні ў якім варыянце адрадзіць не давядзецца. І не толькі таму, што лішняй нафты на Захадзе няма.

А той вялікі сход, які фантастычным лічбам і пустым абяцанкам павінен надаць вытанчаную форму голага кручка для наіўнага электарата, безумоўна, сваю задачу выканае. Не такая ўжо адказная яму надаецца роля. Фактычна ён будзе вялікай групай клакераў, якая сваімі гарачымі воплескамі павінна ўзняць настрой грамадства перад выбарамі. І сапраўды, ўсё навокал так цудоўна. І перспектывы зайздросныя. Як некалі ў Савецкага Саюза. Толькі замест абяцанага калісьці партыяй камунізма праз дваццаць год кіраўніцтва гэтае абяцае нам выхад на еўрапейскі ўзровень. Але затое праз пяць. Усё рэальна. І валавы прадукт прыкметна ўзрасце. І заробкі будуць скакаць, як жаба на патэльні. Не верыць у тое немагчыма – улада гарантуе.

Узнікае хіба што адно прыкрае пытанне: а хто дасць грошы? Не Расія – гэта ўжо напэўна. І наўрад ці Еўропа. А ў такім разе хто?

Не выключана, што нават у старанна адфільтраванай залі сходу знойдуцца людзі, якія добра ведаюць пра сапраўдны стан краіны і яе магчымыя перспектывы. Але хто ж пра тое скажа? Крытычныя думкі там нікога не цікавяць. У схода іншы статус. Патрабуюцца толькі воплескі. І ўсе будуць пляскаць у далоні - дружна і натхнёна. Савецкі досвед не забыты.

Аднак не ўсё так кепска. І нават у гэтым тэатры абсурду ўжо зараз можна знайсці пэўныя паралелі з традыцыямі Старога Свету. Там пачынаюцца перадкалядныя карнавалы. Мінакі надзяваюць дзіўныя маскі. А тут шмат хто іх нават не здымаў. Там жартаўнікі паліваюць адзін аднаго таматным сокам і вадой. А тут улада рыхтуе ўжо гэбісцкія памыі для найбольш небяспечных кандыдатаў. На вялікі жаль, іншыя параметры для параўнання шукаць пакуль не выпадае. Куды большае падабенства з нашай рэчаіснасцю можна знайсці зусім у іншым накірунку.

На гэтым тыдні сродкі інфармацыі раптам узгадалі невялічкую афрыканскую краіну Гамбію. Там жыве надзвычай шчаслівы народ. У незабыўным 1994 годзе яму таксама ўдалося злавіць чароўную птушку ўдачы. Да ўлады прыйшоў нехта Яйя Джэме. Як і шклоўскаму вылучэнцу, яму дужа спадабалася краінай кіраваць. І ён таксама прыняў мудрае рашэнне сваё крэсла не пакідаць ніколі. У гамбійскім варыянце ёсць толькі адно адрозненне ад казуса нашага. Правіцель тутэйшы хоча стаць прэзідэнтам. У чацверты раз. А тамтэйшы – каралём. Упершыню.

Пры гэткіх неверагодных збліжэннях Еўропу ўзгадваць проста нетактоўна. Яшчэ ніколі мы не былі так далёка ад яе. Або так блізка. Калі з надыходам снежня беларусы ўсё ж успомняць, што яны – не афрыканцы. І што прэзідэнтаў з дваццацігадовым стажам у сённяшняй Еўропе быць не можа.

Нават на перадкалядным карнавале гэта выглядала б занадта грубым жартам.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2020 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]