Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Павел Севярынец: Вольная Беларусь, як раней ВКЛ, стане сэрцам Еўропы

29.04.2018 политика
Павел Севярынец:  Вольная Беларусь, як раней ВКЛ, стане сэрцам Еўропы

Гісторыя – гэта тое, што не можа адмяніць ніводны дыктатар.

Вядомы палітык, грамадскі дзеяч, пісьменнік і публіцыст Павел Севярынец некалькі дзён таму прэзентаваў у Бабруйску сваю кнігу «Беларусалім». Пасля заканчэння мерапрыемства госць адказаў на некалькі пытанняў «Бабруйскага кур'ера».

– Павел, агулам у турмах, на «сутках» ды ў ссылках па палітычных прысудах вы правялі больш за пяць гадоў. Не шкадуеце аб страчаным часе? Як на вас паўплывала няволя?

– Можа быць прагучыць нечакана, але гэта быў дабраславёны час. Канешне, я не хацеў бы зноў апынуцца ў турме, але зараз, калі я гляджу на той жыццёвы шлях, які ўжо давялося прайсці, я прыходжу да высновы, што ў турме бліжэй да Бога. У няволі, дарэчы, напісана значная частка «Беларусаліма» і іншых кніг. У турмах, на «хіміях» ты знаходзішся па-за сумятнёй. Гэта дае цудоўную магчымасць сканцэнтравацца, засяродзіцца на сваіх думках…

– Вы займаецеся палітыкай ужо два дзесяцігоддзі. Няма адчування стомленасці, не ўзнікае жадання кінуць гэты занятак і засяродзіцца выключна на журналістыцы ці на літаратурнай дзейнасці?

– Пісьменніцтва, будзем так казаць, гэта маё пакліканне, а палітыка – гэта хутчэй абавязак. Пісьменніцтвам я хачу займацца, а палітыка – гэта тое, чым я мушу займацца. Чаго будуць вартыя кнігі, калі іх нікто не будзе чытаць, альбо калі іх будуць забараняць? Мне хочацца, каб мае дзеці жылі ў вольнай краіне, а гэтага аднымі кнігамі не дасягнеш. Патрэбна яднаць людзей, рыхтаваць іх – гэта і ёсць палітыка. Падкрэсліваю яшчэ раз, мне гэта не вельмі падабаецца. Палітыка, ў яе традыцыйным разуменні, у сённяшняй Беларусі, адсутнічае. Яе проста няма, і яе яшчэ трэба ствараць. Стомленасці няма. Калі Бог даў такое пакліканне, трэба гэты шлях прайсці…

– Некалькі год таму адбылася рэвалюцыя ва Украіне, зараз народ дамогся змены ўлады ў Арменіі… Беларусы таксама жывуць у цяжкіх умовах, дзе адсутнічае дэмакратыя і народ вымушаны выжываць з-за цяжкага эканамічнага становішча, але масавых пратэстаў няма. Чаму?

– На ўсёй постсавецкай прасторы, калі браць еўрапейскую частку, і калі не браць азіяцкія краіны, напэўна, рэжым Лукашэнкі найбольш жорсткі. Рэчы, якія пачалі рабіць армяне, у першы ж дзень у Беларусі скончацца прэвентыўнымі затрыманнямі, жорсткім, дэманстратыўным збіццём. У Арменіі мы бачылі ў пэўным сэнсе стрыманую, еўрапейскую рэакцыю дзяржаўнай машыны. У нас – не. У нас нават гвалтоўны супраціў не дасць вынікаў, бо рэпрэсіі вельмі магутныя і жорсткія. Але акрамя супраціву – гвалтоўнага ці не гвалтоўнага, ёсць яшчэ Бог на свеце. Есць народ, ёсць гісторыя… Гэта тое, што не можа адмяніць ніводны дыктатар. І Лукашэнка, рана ці позна, вымушаны будзе здацца. Альбо здароўю, альбо гісторыі, альбо часу, альбо таксама – народу…

– Вось вы кажаце «рана ці позна». А калі такі час наступіць? Ваш прагноз? Увогуле, такое можна прагназаваць, ці не?

– У мяне нават ёсць дакладны адказ. Калі мы будзем гатовы ўзяць на сябе адказнасць за Беларусь, Бог нам гэту краіну дасць. Тое, што мы зараз не пры ўладзе, азначае, што мы самі яшчэ не гатовы. Я кажу пра партыі, пра дэмакратычную апазіцыю, якая раз’яднаная. Што рабіць з краінай, калі мы прыйдзем да ўлады? Мы яшчэ не згуртавалі такую колькасць людзей, каб замяняць 60 000 чыноўнікаў. Добра, мы скароцім іх у тры разы, хай іх будзе 20 000, якія патрэбныя новай Беларусі. Такой колькасці ў дэмакратычных сілаў пакуль няма. І мы іх зараз шукаем. Але калі мы будзем гатовыя, гэты час надыдзе…

– Што-небудзь звязвае вас з Бабруйскам? Ці часта вы тут бывалі, ці мелі магчымасць як след вывучыць горад?

– І крэпасць бачыў, і на Фарштаце бываў, і на Бярэзіне. Вельмі часта гасціў у Таісіі Карпаўны Кабанчук (кіраўніцы аргкамітэта па стварэнню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) ў Магілёўскай вобласці), дарэчы – вельмі цудоўнага чалавека. Мне тут даводзілася праводзіць нават цэлыя дні падчас мясцовых выбарчых кампаній. Мы падтрымлівалі Яўгена Васьковіча і іншых сябраў БХД з розных акругаў.

Гэта горад, які па-свойму ўражвае. Напрыклад, габрэйскі квартал. Заходзім у кватэры, а там амаль ва ўсіх жыхароў – габрэйскія прозвішчы. Хай сабе і з пэўным савецкім кшталтам, але там захоўваецца пэўная субкультура. Гэта вельмі цікава.

Мы сустракаліся з краязнаўцамі, якія распавядалі пра дзекабрыстаў, што ў свой час былі зняволеныя ў Бабруйскай крэпасці, пра часы Напалеона.

Бабруйск вельмі вядомы сваім касцёлам. Гэта ўнікальны аб’ект, які ўваходзіць у недарэчную пяціпавярхоўку… Касцёл – адна з кропак апоры для хрысціянскай гісторыі нашай краіны, у якім захоўваецца беларускасць.

У Бабруйску знаходзіцца знакамітая зялёная бібліятэка.

Шэраг габрэяў з Бабруйска стваралі ізраільскую дзяржаву, атрымлівалі Нобелеўскія прэміі. Гэта вельмі добры пласт гісторыі, аб якім, можа быць, не ўсе бабруйчане нават ведаюць.

Акрамя таго, Бабруйск – важны горад у плане Хрысціянскай дэмакратыі. Тут доўгі час пражыў чалец БХД, пастар Евангельскай царквы Эрнст Сабіла. Адсюль наш сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі, прэс-сакратар Максім Гацак. Адсюль, зноў жа, цудоўная сям’я Кабанчукоў, вядомы мецэнат Алесь Сапега…

– Як звычайнаму бабруйчаніну, які сёння не трапіў на нашу сустрэчу, набыць альбо прачытаць вашу кнігу «Беларусалім»?

– Гэта можна зрабіць вельмі проста. Можна звязацца праз сацыяльныя сеткі са мной. Можна зайсці на сайт Kniharnia.by – там ёсць электронны варыянт, платны, праўда, пакуль што. Ці можна замовіць праз cайты Symbal.by, Аkademkniga.by ці другія менскія буйныя кніжныя крамы.

– Аб чым марыць Павел Севярынец?

– Я мару пра Беларусь, як вольную краіну, аддадзеную Богу. Для мяне гэта азначае свабода ў самым высокім яе разуменні. Тысячагодовая гісторыя Беларусі – гэта скрозь хрысціянская, ахвярная гісторыя. Я мару яе традыцыі реалізаваць у сённяшнім часе, выкарыстоўваючы сённяшні узровень тэхналогій і камунікацый цывілізаваных краін. Я ўпэўнены, што вольная Беларусь можа стаць сэрцам Еўропы – духоўным, інфармацыйным, зрабіцца неафіцыйным цэнтрам гэтай часткі сусвету. У Беларусі ёсць такі патэнцыял.

У свой час, калі існавала цывілізацыя Вялікае Княства Літоўскае, гэта сэрца білася на поўную моц. Я веру, што яшчэ пры нашым жыцці мы сможам убачыць такую краіну-мару. Грамадства змяніць не складана, як сказаў Нельсан Мандэла. Цяжка змяніць сябе. Калі мы зможам змяніць сябе, мы зменім Беларусь. На нашай з вамі памяці Савецкі Саюз памяняўся на незалежную Беларусь, замест чырвонага, залунаў бел-чырвона-белы сцяг. Хай сабе гэта было на некалькі гадоў, але многія памятаюць той смак свабоды. Пасля таго, як пачалася вайна ва Украіне, мы бачылі, як падымаецца наш народ, дзесяткі тысяч людзей выязджаюць за мяжу на масавыя канцэрты, каб памахаць бел-чырвона-белым сцягам, спяваюць на стадыёнах па-беларуску, збіраюцца разам ля Опернага, альбо без страха выходзяць пад дубінкі на недазволеныя мерапрыемствы. Гэта даказвае, што Беларусь жыве!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]