Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные белорусские новости

Гэта космас: «Радзіва «Прудок» Горвата паставілі ў Купалаўскім тэатры

15.05.2018 культура
Гэта космас: «Радзіва «Прудок» Горвата паставілі ў Купалаўскім тэатры

16 траўня ў Купалаўскім адбудзецца доўгачаканая прэм?ера «Радзіва «Прудок» для шырокай публікі.

Космас ня толькі там, дзе зьзяе сонца і бягуць па сваіх арбітах плянэты. Ён значна бліжэй — кніга Андруся Горвата «Радзіва „Прудок“. Дзёньнік» ужо адкрыла многім цэлы сусьвет, у якім жывуць каза Цёця, кот Рома, цётка Дуня, а літара «е» — ня проста літара тамтэйшага альфабэту, а значна больш. Ад сёньня міжгаляктычнае падарожжа ў Космас перамясьцілася і на Камэрную сцэну Купалаўскага тэатру, пiша «Радыё Свабода».

Радзіва Прудок на сцэне Купалаўскага

Усе квіткі на чэрвень на «Радзіва «Прудок» раскупілі літаральна за 6 гадзін

15 траўня на Камэрнай сцэне прайшоў перадпаказ спэктакля «Радзіва «Прудок» па матывах аднайменнага дзёньніка былога тэатральнага дворніка Андруся Горвата. У якасьці рэжысэра дэбютаваў актор Раман Падаляка, ён жа зь Міхаілам Зуем — аўтары інсцэніроўкі. Усе шэсьць галоўных роляў выконваюць толькі тры акторы: Сьвятлана Анікей, Міхаіл Зуй і Дзьмітры Есяневіч.

Спонсары і партнэры пастаноўкі — кампанія velcom і Міністэрства культуры.

Што тычыцца кнігі «Радзіва „Прудок“», зь ёй velcom зьвязаны даўно, кажа Дар’я Пракаповіч. Кніга Андруся Горвата год таму стала часткай сацыяльна-культурніцкага праекту «Movabox». Кароткамэтражны фільм «Ягор» па Горвату на міжнародным фэстывалі мабільнага кіно velcom Smartfilm заваяваў прыз глядацкіх сымпатый і спэцыяльны прыз ад velcom.

«Я спадзяюся, што посьпех спэктакля будзе вялікі, бо ўсе квіткі на чэрвень раскупілі літаральна за 6 гадзін», — перакананая прадстаўніца кампаніі Дар?я Пракаповіч.

«Горват — наша беларускае літаратурнае Эльдарада»

«Радзіва „Прудок“» Андруся Горвата стала сапраўдным бэстсэлерам сучаснай беларускай літаратуры. Беларускім літаратурным Эльдарада назвала Горвата спэцыяліст аддзелу зьнешніх сувязяў Купалаўскага тэатру Дыяна Даражок.

«У першы дзень продажу кнігі разышлося 800 асобнікаў з 1 тысячы надрукаваных за лічаныя гадзіны, па кнігі стаяла вялізная чарга», — кажа Дыяна. Дарэчы, і на перадпаказе да Андруся выстраілася чарга па аўтографы.

Андрусь Горват: «Рома — пэрфэкцыяніст, таму я ўпэўнены, што гэта будзе выдатна»

Сам Андрусь Горват вельмі хваляваўся, казаў, што сёньняшні дзень адцягваў, як толькі мог.

«У мяне нават былі фантазіі, што я памру, не дажыву, і кожны спэктакль будзе пачынацца хвілінай маўчаньня. На жаль, дажыў, і трэба трымаць такі складаны іспыт: перадаць „Радзіва“ з рук у рукі. Я разумею, што сёньня скончыцца мая гісторыя і пачнецца новая. Мне, з аднаго боку, радасна, зь іншага — страшна», — сказаў ён.

Андрусь прызнаўся, што ня бачыў ніводнай рэпэтыцыі, не чытаў сцэнару, наагул не ўяўляе, што на тэатральнай сцэне можа быць пастаўлена, але сказаў, што цалкам давярае Раману Падаляку. За ім ён назіраў вельмі даўно, калі яшчэ працаваў у тэатры дворнікам.

«Рома — пэрфэкцыяніст, таму ў мяне няма ніякага страху, што гэта будзе добра ці кепска. Я ўпэўнены, што гэта будзе выдатна. Проста страшна будзе глядзець на гэта збоку», — кажа Андрусь.

Раман Падаляка: «Самае складанае было — захаваць аптымізм да канца»

Рэжысэр Раман Падаляка кажа, што ён разумеў — уціснуць усю кнігу ў спэктакль немагчыма. Трэба было выбіраць асобныя гісторыі, скарачаць, многае мяняць. Ён падзякаваў Андрусю, што той дазволіў нават перарабляць простую мову.

«Першая думка ў мяне была, што зрабіць з кнігі спэктакль проста немагчыма, бо складаная сама форма кнігі: дзёньнік, запісы... Аказваецца, усё можна, калі вельмі захочацца.

З мастачкай Кацяй Шымановіч мы працавалі хвалямі, ладзілі штурмы па 3–4 гадзіны, каб прыйсьці да нейкага мінімалістычнага, але вобразнага рашэньня спэктакля. Каця — вельмі таленавіты мастак, гэта яе трэцяя праца ў Купалаўскім тэатры.

Для мяне важна, каб людзі, якія прачыталі кнігу, паглядзелі і спэктакль. Мне самому цікава, як гэта ўсё трансфармавалася. У кожнага ёсьць свае любімыя старонкі, моманты гэтай кнігі. Але гэта наш погляд — нашай каманды на тое, як можна вандраваць па плянэце Прудок», — кажа Раман Падаляка.

А самае складанае было — захаваць аптымізм да канца, бо, акрамя творчых цяжкасьцяў, былі няпростыя тэхнічныя моманты, прызнаўся рэжысэр.

Мастачка, аўтарка строяў і сцэнаграфіі Кацярына Шымановіч прачытала кнігу запоем, вельмі хутка, шмат сьмяялася, бо кніга ёй падалася вельмі блізкай і цёплай. Ухапілася адразу за Космас, які яе вельмі натхніў. У выніку атрымаўся такі моцны тандэм мастацкага, візуальнага і дзейнага боку.

Пінігін даў маладым калегам поўную свабоду

Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін, які ўключыў «Радзіва „Прудок“» у рэпэртуар, на адной з прэс-канфэрэнцый прызнаўся, што нічога лепшага ў беларускай літаратуры такога фармату ён не чытаў.

«Я лічу, што тое, што зьявіўся Андрэй Горват, — гэта цуд! Якія чэргі стаялі па яго кніжку ў касах тэатру! Я лічу, што гэта геніяльна таленавіты чалавек. Гэта па-першае. Па-другое, там ёсьць шлях эміграцыі, шлях эміграцыі на вёску — дамоў. Пры тым гэта не маніфэст, ня заклік да чагосьці. Паехаў чалавек на вёску, завёў казу, піша...

У яго цудоўныя тэксты, ён цудоўна назірае. Я лічу, што гэта падзея ў беларускай літаратуры», — казаў Пінігін.

Мастацкі кіраўнік абсалютна ня ўмешваўся ў працу сваіх маладых калегаў.

На брыфінгу перад паказам прадстаўнікоў Мінкульту не было, але за хвіліну да пачатку спэктакля ў залі зьявілася першая намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга, якую суправаджаў генэральны дырэктар Купалаўскага Павал Палякоў.

Казы Цёці на сцэне не было

Амаль дзьве гадзіны спонсары, журналісты, запрошаныя госьці як зачараваныя назіралі за міжгаляктычным падарожжам былога дворніка тэатру Андруся Горвата, рагаталі зь некаторых сцэнаў зь цёткай Дуняй, у адной зь фінальных сцэн некаторыя нават пусьцілі сьлязу.

Праўда, жывой казы Цёці на сцэне не было. Затое быў дзіцячы ровар, а таксама шлем касманаўта Горвата.

Галоўную ролю — Андруся Горвата — выканаў Міхаіл Зуй. А вось Сьвятлана Анікей пасьпяхова пераўвасаблялася і ў цётку Дуню, і ў маладзіцу, і ў старую. Вельмі кранальны і сьмешны вобраз вясковага мужыка стварыў Дзьмітры Есяневіч, які, дарэчы, напісаў і музыку.

А вось сам герой дня — Андрусь Горват — падзяліцца ўражаньнямі ад спэктакля адмовіўся.

16 траўня ў Купалаўскім адбудзецца доўгачаканая прэм?ера «Радзіва «Прудок» для шырокай публікі.

Усе 440 квіткоў на чэрвень разышліся літаральна за 6 гадзін. А летам спэктакль пакажуць і на гістарычнай радзіме — у вёсцы Прудок Каленкавіцкага раёну.

Источник charter97.org

Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2018 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и в мире.
Пресс-центр [email protected]