Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як беларусы будавалі Ізраіль

09.06.2018 общество
Як беларусы будавалі Ізраіль

Дзяржава Ізраіль была ўтворана 70 гадоў таму, і ўраджэнцам Беларусі было наканавана адыграць у гэтым велізарную ролю.

Мы шмат ведаем пра асобаў, якія спрычыніліся да гэтай дзейнасці, але небагата — пра падзеі, якія змусілі іх з’ехаць у Палесціну, піша Юрый Глушакоў для novychas.by.

Беларускае гета

Да пачатку ХХ стагоддзя многія гарады і мястэчкі Беларусі ўяўлялі сабой яўрэйскія гета, дзе яўрэі складалі ад 60 да 80 працэнтаў насельніцтва. Звычайна гэта прынята звязваць з сумнавядомай «рысай аселасці», усталяванай у Расійскай імперыі неўзабаве пасля падзелу Рэчы Паспалітай. Але і задоўга да гэтага мноства яўрэяў бегла ў ВКЛ ад пагромаў, напрыклад, у Германіі.

У дачыненні да яўрэяў палітычны і сацыяльны прыгнёт дапаўняўся нацыянальнай і рэлігійнай дыскрымінацыяй, таму іх удзел у рэвалюцыйным руху быў вельмі актыўным. Потым у іх асяроддзі з’явіліся настроі на стварэнне і ўласна яўрэйскіх рэвалюцыйных арганізацый. У 1897 годзе быў утвораны Яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі, больш вядомы як «Бунд». У савецкай гістарыяграфіі «Бунд» было прынята вінаваціць у «яўрэйскім нацыяналізме». Прычым — цалкам беспадстаўна. Бундаўцы бачылі інтарэсы яўрэйскага пралетарыяту неаддзельнымі ад барацьбы расійскага і міжнароднага працоўнага класа. Але знайшліся і тыя, хто такую розніцу ўсё ж убачыў.

Рабочыя Сіёна

У канцы XIX стагоддзя зараджаецца рух сіяністаў, і адным з яго цэнтраў становіцца Беларусь. У 1899 годзе гомельскі лекар Рыгор Брук быў абраны ў Савет Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. Маладыя сіяністы абвінавачвалі фанатычных паслядоўнікаў рэлігійнай традыцыі ў дэградацыі яўрэйскага насельніцтва і, як і належыць радыкалам, прапаведавалі культ маладосці, сілы і энтузіязму. Пры гэтым у Беларусі вельмі ўплывовым былі не толькі буржуазныя сіяністы, але і левае сіянісцкае крыло, вядомае як «Паалей-Цыён» — «Рабочыя Сіёна». Але і левых, і правых яўрэйскіх нацыяналістаў аб’ядноўвала адно: намер вярнуць «гістарычную радзіму». Зрэшты, акрамя Палесціны, называліся і іншыя месцы — у Лацінскай Амерыцы, і нават Уганда ў Афрыцы.

У Беларусі сацыялісты-сіяністы працавалі сярод яўрэйскіх рабочых і інтэлігентаў. У Гомелі малады яўрэйскі паэт Іосіф Брэнер наведваў адначасова сходы і паалей-цыяністаў, і бундаўцаў.

Але не было ў бундаўцаў больш лютых ворагаў, чым сіяністы. У гомельскім архіве захоўваюцца ўспаміны відавочцы, які апісвае падпольную сходку ў Чэрыкаве ў пачатку XX стагоддзя. Дыскусія паміж сіяністамі і бундаўцамі нават перарасла ў бойку, і толькі з’яўленне паліцыі прымусіла і тых, і другіх сыходзіць агародамі.

Цікавы факт: нягледзячы на антысемітызм, уведзены ў ранг дзяржаўнай палітыкі, стаўленне ўладаў Расійскай імперыі да сіянізму было неадназначным. Паміж сіяністамі і царскай паліцыяй завязаўся дзіўны раман. Гэта адбылося падчас знаходжання на чале МУС Вячаслава фон Плеве. Ідэолагам новай палітыкі, падобна, быў начальнік Асобага аддзела Дэпартамента паліцыі Сяргей Зубатаў. Ён сам прыцягваўся па справе аб палітычным дазнанні, перайшоў на бок уладаў і стаў адным з лепшых паліцэйскіх Расіі. Зубатаў вырашыў ствараць падкантрольныя працоўныя партыі і арганізацыі. Сіяністы былі прызнаныя ў гэтым сэнсе аднымі з найбольш перспектыўных. Чаму?

Многія з сіянісцкіх дзеячаў і тады, і пазней выказваліся ў рэчышчы «час перастаць аплачваць яўрэйскай крывёю чужыя рэвалюцыі». Маўляў, яўрэі павінны берагчы сілы для стварэння сваёй дзяржавы. Такая мадэль «не дзеі» ўнутры Расійскай імперыі задавальняла ўлады. Мабыць таму сіяністам вырашана было даць «зялёнае святло».

Паліцэйскія і пралетарыі

У 1902 годзе ў Мінску легальна прайшоў з’езд сіяністаў. На ім было 600 дэлегатаў, з’езд асвятляла 70 карэспандэнтаў СМІ! А за год да гэтага разгарнула дзейнасць «Яўрэйская незалежная рабочая партыя» (ЯНПР) на чале з Маняй Вільбушэвіч, дачкой яўрэйскага купца з-пад Гродна, якая з ідэйных меркаванняў стала грузчыцай. Характарыстыка партыі як «незалежнай», відаць, была павінна падкрэсліць свабоду партыі ад уплыву сацыялістаў і іншых крамольнікаў. Хаця менавіта былыя сацыялісты, якія сталі лаяльнымі манархіі, яе і ўзначальвалі. Падцягнуліся да «незалежнікаў» і левыя сіяністы.

У кароткі час ЯНРП стала папулярнай сярод працоўных, яе філіі дзейнічалі ў Мінску, Гомелі, Адэсе і іншых гарадах. Сакрэт поспеху быў просты: страйкі пад кіраўніцтвам «незалежнікаў», як правіла, выйграваліся. Папросту ў гэтых выпадках паліцыя «рэкамендавала» гаспадарам прыслухацца да патрабаванняў рабочых.

Падобныя поспехі «паліцэйскага сацыялізму» не маглі не выклікаць занепакоенасці сапраўдных рэвалюцыянераў. Але буржуазія была ўстрывожаная поспехамі «зубатаўцаў» яшчэ больш і змагла знайсці дарогу да высокага кіраўніцтва: неўзабаве «незалежная» партыя спыніла сваю дзейнасць. Пасля і сам аўтар інтрыгуючай сацыяльна-паліцэйскай гульні Зубатаў быў адстаўлены. А Маня Вільбушэвіч і яе муж Ісраэль Шохат прынялі ўдзел у каланізацыі Палесціны.

Пачатак ЦАХАЛ — у Гомелі

Пасля правалу «паліцэйскага сіянізму» спецслужбы сталі вяртацца да рэпрэсій. Але, паколькі працоўны рух быў занадта масавым, кропкавых арыштаў ужо было недастаткова. Вырашылі «біць па плошчах», і для гэтага быў абраны стары апрабаваны сродак — яўрэйскі пагром. Першая хваля пагромаў пракацілася яшчэ ў 1880-х, і да гэтага часу дакладна не высветлена яе паходжанне. Некаторыя кажуць пра дачыненне да іх рэвалюцыянераў-нарадавольцаў, якія спрабавалі, выкарыстоўваючы нянавісць да эксплуатацыі з боку яўрэйскага капіталу, падняць народны рух. Іншыя, наадварот, лічаць, што гэта была рэакцыя цёмных нізоў на забойства цара сацыялістамі. Але менавіта пагромы 1880-х гадоў выклікалі першую хвалю эміграцыі яўрэйскага насельніцтва, у тым ліку — і ў Палесціну.

Цяпер жа пагромы павінны былі насіць антырэвалюцыйны характар. Запалохваючы яўрэйскае насельніцтва, яны павінны былі прымусіць іх адмовіцца ад падтрымкі сацыялістычнага і вызвольнага руху. Але ўсё атрымалася з дакладнасцю да наадварот.

У красавіку 1903 года жудасны пагром адбыўся ў Кішынёве. Натоўп беспакарана граміў яўрэйскія кварталы некалькі дзён, вынікам чаго былі дзясяткі забітых і тысячы параненых. Тады беларускія габрэі вырашылі супраціўляцца. У Гомелі, Пінску і іншых гарадах пачалі ствараць атрады самаабароны і запасацца зброяй. У Гомелі, па дадзеных паліцыі, самаабарона практыкавалася ў стральбе з рэвальвераў на «Мельнікавым лузе», спяваючы пры гэтым песню «На хрысціян, на сабак, на праклятых...» на матыў «Дубінушкі». Апошняе сцвярджэнне можна пакінуць на сумленні і антысеміцкім настроі сведак царскага суда і паліцыі.

Але, калі ў канцы жніўня 1903 года ў Гомелі на Базарнай плошчы ляснік князя Паскевіча ўдарыў яўрэйку, што гандлявала селядцом, самаахоўцы з нажамі і кісцянямі хлынулі з усіх бакоў. Яны атакавалі і тых, хто ўдзельнічаў у бойцы, і тых, хто стаяў убаку. Лічыцца, што самаабарона прадухіліла пагром, іншыя ж кажуць, што распаліла жарсці.

Праз два дні натоўп рабочых майстэрняў Лібава-Роменскай чыгункі рушыў у горад «біць жыдоў». Самаабарона сустрэла пагромшчыкаў і, верагодна, сапраўды спыніла б іх. Але ў канфлікт умяшаліся роты 160-га пяхотнага абхазскага палка, які страляў залпамі ў абодва бакі. У выніку пагром закрануў пераважна бедныя кварталы, куды вайскоўцы і паліцыя выцеснілі чарнасоценцаў. Большасць загінулых пры беспарадках былі сябрамі самаабароны.

Сёння кажуць пра тое, што сучасная Армія самаабароны Ізраіля (ЦАХАЛ) вядзе радавод ад той самай гомельскай самаабароны. Гэта і так, і не так. Сапраўды, падзеі жніўня-верасня 1903-га былі першым прыкладам арганізаванай узброенай абароны яўрэйскага насельніцтва ў найноўшай гісторыі. Шмат хто з удзельнікаў самаабароны, адбыўшы тэрмін за ўдзел у «міжплемянным пагроме» ў Гомелі або схаваўшыся ад пераследу ўладаў, эміграваў у Палесціну. Яны заснавалі там адну з першых камун і ўдзельнічалі ў стварэнні ўзброенай арганізацыі «Ха Шомэр» («Вартавы»). У сваю чаргу, на яе аснове склалася знакамітая «Хагана», якая адыграла вырашальную ролю ў «бітве за Ізраіль».

Аднак гомельская самаабарона не была справай выключна сіяністаў і сіяністаў-сацыялістаў. У яе фармаванні прымаў удзел і «Бунд», які на той час з’яўляўся галоўнай яўрэйскай сілай. Да ідэі ж абвяшчэння Ізраіля-2 і, адпаведна, яго будучай арміі бундаўцы ставіліся больш чым абыякава. Відавочна, што руку да абароны прыклалі «беспартыйныя яўрэйскія масы», непрабудная бяднота легендарнай гомельскай «Малдаванкі» — Кагальнага рова, і іншыя.

Беларускія кібуцы

Пасля паразы рэвалюцыі 1905 года многія яўрэйскія дзеячы перайшлі да легальнай працы. Шырокую дзейнасць разгарнулі каланізацыйныя таварыствы, якія накіроўвалі яўрэяў у палесцінскія паселішчы.

Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 года ў яўрэйскіх грамадах сустрэлі неадназначна. «Бунд» і «Паалей-Цыён» яе збольшага прынялі. Правыя сіяністы і рэлігійныя партыі — не. Антысавецкі паўстанцкі рух не бачыў розніцы паміж «правымі» і «левымі» яўрэямі і знішчаў усіх запар. Што, відавочна, вымушала яўрэйскіх дзеячаў устрымлівацца ад барацьбы з Саветамі.

Хутка левыя сіяністы таксама апынуліся ў падполлі. У 1920-я гады ў Беларусі разгарнула нелегальную дзейнасць моладзевая арганізацыя «Ха-Шомэр Ха-Цаір». Яна была пабудаваная на паўвайсковым прынцыпе, мела раённыя штабы і «легіёны». Асноўнай мэтай была вярбоўка моладзі для каланізацыі Палесціны. Савецкую ўладу «шамэры» крытыкавалі з левых пазіцый, сцвярджаючы, што толькі ў Палесціне будзе пабудавана «камуністычная дзяржава».

Камунізму ў Ізраілі няма, а вось заснаваныя «шамэрамі» і іншымі піянерамі камуны-кібуцы дзейнічаюць і дагэтуль.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]