Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Мінчанка з балам атэстата 10 і 100 баламі па ЦТ: Дома ў нас гучыць толькі беларуская мова

27.06.2018 общество
Мінчанка з балам атэстата 10 і 100 баламі па ЦТ: Дома ў нас гучыць толькі беларуская мова

Паступаць дзяўчына будзе ў БДУІР.

«Наша Ніва» пагаварыла са школьніцай, якая набрала 100 балаў на ЦТ па беларускай мове.

Настасся Краснова — выпускніца 15-й мінскай гімназіі, абсалютная выдатніца з сярэднім балам атэстата 10!

Дзяўчына кажа, што вырашыла здаваць беларускую мову, бо ў яе сям'і гавораць па-беларуску.

«Мае бацькі працуюць на «Беларусьфільме», дома гучыць толькі беларуская мова. А таксама я апошнія 4 гады ўдзельнічала ў алімпіядах па мове», — кажа яна.

«З бацькамі я гавару па-беларуску, натуральна. Але ў паўсядзённасці я гавару збольшага па-руску. Але часта збіваюся і пачынаю шчабятаць па-нашаму. Ёсць жаданне, канечне, цалкам перайсці на беларускую мову. Але я блытаюся, калі са мной гавораць на іншай мове, паглядзім», — дадае Настасся.

Паступаць дзяўчына будзе ў БДУІР, хоча быць праграмістам, здавала яшчэ матэматыку і фізіку — па другім прадмеце нават удзельнічала ў алімпіядах (але вынікі пакуль невядомыя — НН.)

Матывацыя такая, што «з дыпломам юрыста-эканаміста работы не знойдзеш», а з тэхнічнай адукацыяй падабраць нешта лягчэй.

Ну і вабяць высокія праграмерскія заробкі, вядома.

Таксама Наста лічыць, што стан беларускай мовы ў цяперашнім грамадстве несправядлівы.

«Цяпер адносіны мяняюцца: нават у маім асяродку равеснікі, спрабуюць размаўляць па-беларуску. Пры гэтым спрабуюць самі, без прымусу: гэта модна, гэта цікава. У краіне нешта зменіцца, я ўпэўнена. Бывае, штосьці расказваеш доўга па-беларуску знаёмым, а пасля яны самі пачынаюць рэфлексаваць па-беларуску», — расказвае дзяўчына.

«І папулярнай робіцца сімволіка беларуская. Тыя ж вышыванкі, вершы, вопратка, тату з арнаментам… Па-першае, гэта прыгожа. Але шмат чаго прыгожага ёсць, тут карані не толькі ў гэтым. Да гэтых маркераў год дзвесце ніхто не звяртаўся, а тут зразумелі, што гэта класна. Наўрад ці будзе нейкі адкат», — мяркуе дзяўчына.

Як чалавек, што ўжо скончыў школу, Наста разважае пра хібы выкладання нацыябудаўнічых прадметаў — мовы і літаратуры.

«Беларускую мову ў школе выкладаюць нецікава, — адрэзала дзяўчына. — Прымушалі вывучаць правілы, але не звярталіся пры гэтым да моўных прыкладаў, прыкладаў камунікацыі. Словам, адна тэорыі і ніякай практыкі. Так мову не вывучыць. Чалавеку проста незразумела, што тыя грувасткія правілы рэгламентуюць, калі ў паўсядзённасці большасць аднакласнікаў не гавораць на мове. А літаратура беларуская нам падабалася, асабліва ў параўнанні з рускай — вельмі незвычайныя тэмы падымаліся, было цікава чытаць».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]