Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

На ўрачыстасці ў Будславе пешшу і на роварах прыбышлі 2662 пілігрымы

02.07.2018 общество
На ўрачыстасці ў Будславе пешшу і на роварах прыбышлі 2662 пілігрымы

Рэкардсменамі па колькасці пройдзеных кіламетраў сталі пілігрымы з Брэста.

2662 пешых і роварных пілігрымаў з усёй Беларусі прыбылі 1 ліпеня ў Будслаў на каталіцкае святкаванне 20-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай, паведамляе catholic.by.

Рэкардсменамі па колькасці пройдзеных кіламетраў сталі пілігрымы з Брэста, якія ў складзе пілігрымкі Брэст – Баранавічы – Будслаў за 16 дзён прайшлі 537 кіламетраў. Яшчэ на шляху ў Будслаў пераадолелі больш за 200 кіламетраў пешыя пілігрымкі Брэст – Баранавічы – Будслаў (537 км), Віцебск – Будслаў (290 км), Ліда – Будслаў (250 км) і Росіца – Будслаў (218 км), а таксама роварныя пілігрымкі з Баранавіч (270 км) і Віцебска (250 км).

Самая масавай стала пілігрымка з Брэста – 271 вернік. 250 чалавек прыйшло ў Будслаў з Маладзечна, 221 — з Нарачы, 220 — з Глыбокага.

Асобнай пілігрымкай у Будслаў прыбылі вернікі на чале з ксяндзамі салезіянамі (Салезіянская пілігрымка Смаргонь – Будслаў), а таксама сямейная пілігрымка Equipes Notre-Dame Пузыры – Будслаў, пакутная пілігрымка пакаяння Мінск – Будслаў, пілігрымка цвярозасці Бягомль – Будслаў і асобная пілігрымка дзяўчат-скаўтак «Нацыянальная вандроўка правадніц».

Святую Імшу для пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, адказны ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за моладзь. Вітаючы пілігрымаў, іерарх прыгадаў прыпавесць, якая вучыць, што знайсці мора можна ідучы па цячэнні рэк.

«З усіх напрамкаў Беларусі, а таксама і з-за мяжы, нібы рачныя патокі, у Будслаў гадамі ішлі дзясяткі тысяч пілігрымаў, прапітваючы сваёй малітвай асяроддзе і запрашаючы ўсіх да Каралевы сем’яў — да абраза Маці Божай Будслаўскай.

«Мяркую, што дзякуючы вам — пілігрымам — шмат людзей абудзілася ад сну нявер’я», — адзначыў біскуп.

«Словы падзякі пад абразом Маці Божай Будслаўскай скіроўваем да ўсіх, з кім ствараем адну вялікую сям’ю, імя якой Беларусь. Божа, благаславі нашу краіну!» — дадаў іерарх.

У сваёй гаміліі біскуп Станеўскі засяродзіўся на тэме распазнавання сябе і свайго паклікання:

«Стагоддзямі вернікі пры сустрэчы з Марыяй у Будслаўскім санктуарыі паўтараюць за св. Альжбетай поўныя даверу і любові словы: „Благаслаўлёная Ты, Панна Марыя, якая паверыла, што споўняцца словы, сказаныя Табе ад Пана“. Альжбета распазнае прыходзячага Пана ў сваёй сваячцы — гэта не проста. А як цяжка бывае нам распазнаць Бога, якога добра ведаем? Як лёгка не заўважыць Бога ў тым, што нам блізка!»

Біскуп падкрэсліў, што багацце духоўнага жыцця чалавека залежыць ад паглыблення яго веры. «Чалавек, які не распазнае Бога, які прыходзіць да яго ў звычайнай штодзённасці, губляе магчымасць спазнання сябе самога», — дадаў іерарх.

Біскуп Юзаф Станеўскі нагадаў, што быць сабой і распазнаваць сябе дазваляе малітва — асабістая, шчырая і дабравольная: «Не можа чалавек лічыць сябе веруючым, калі не моліцца. Яго вера застаецца тэарэтычнай, яе не відаць, яна не пакідае слядоў».

Як дадаў іерарх, у сваім жыцці чалавек не заўсёды ўсведамляе прысутнасць Езуса, але гэтая прысутнасць «з’яўляецца неўміручай крынічай чалавечай сілы».

«Хрыстус стаіць побач з намі. „Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, — кажа Езус, — увайду“. Ці адкрылі мы ўжо сэрцы для Хрыста?» — звярнуўся біскуп да моладзі.

Іерарх нагадаў, што 2018 год у Касцёле ў Беларусі праходзіць пад дэвізам «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства».

«Папа Францішак на сустрэчы моладзі ў Кракаве сказаў: „Вы маеце патрэбу ў тым, каб адчуць, што хтосьці сапраўды верыць у вас“. Дык ведайце, што Пантыфік верыць у вас, што Касцёл верыць у вас! Даверцеся Касцёлу! Дарагія сябры, паўтараю за Папам Рымскім: Касцёл у Беларусі верыць у вас, давярае і ўскладае надзею на вас! Бо вы — «пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай», — заключыў іерарх.

Біскуп заклікаў моладзь не баяцца будаваць свой дом «у Касцёле і з Касцёлам», а таксама дзейнічаць. «Недастаткова сядзець за камп’ютарам ці ляжаць на канапе перад тэлевізарам і паўтараць: „Я не грашу“, „Я веру ў Бога“. Трэба ўстаць з канапы, каб быць побач адно з адным і дзяліцца са светам Хрыстом у сабе», — дадаў біскуп.

Аб адвазе і запрашэнні Хрыста ў штодзённае жыццё біскуп заклікаў прасіць у Маці Хрыста.

«Любая моладзь, вы — будучыня касцёла і грамадства. Дык будуйце ж яе разам з Хрыстом, нашым Збаўцам, і Марыяй, Каралевай Беларусі!» — заключыў іерарх.

Завяршыў св. Імшу сумесны спеў, напісаны адмыслова да 20-годдзя каранацыі папскімі каронамі абраза Маці Божай Будслаўскай, які падрыхтаваў гурт Ubi Caritas з Івянца.

Арцыбіскуп Кандрусевіч на начной Імшы ў Будславе: «Мы хочам Бога!»

Познім вечарам у Будславе пад дажджом прайшла традыцыйная працэсія са свечкамі. Пасля яе працэсіі цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

«Касцёл у Беларусі як частка паўсюднага Касцёла заклапочаны маральным становішчам сучаснага чалавека і асабліва маладога пакалення і хоча яму дапамагчы. У гэтым пастырскім годзе, прысвечаным моладзі — надзеі Касцёла і грамадства, мы прыходзім да Божай Маці Будслаўскай, каб шукаць паратунку»,— акрэсліў на пачатку сваёй гаміліі тэму сёлетняга будслаўскага фэсту арцыпастыр.

Ён нагадаў, што 50 гадоў таму была зроблена чарговая спроба адкінуць Евангелле як падмурак еўрапейскай культуры. Гэты працэс быў звязаны з сексуальнай рэвалюцыяй, скіраванай на дасягненне прыемнасцяў за любы кошт, у тым ліку з дапамогай наркотыкаў і алкаголя.

Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што адказам на маральныя паталогіі таго часу і адначасова заклікам да навяртання стала абвешчаная ў 1968 годзе энцыкліка папы Паўла VI Humanae vitae, якая казала пра годнасць чалавечага жыцця. У ёй падкрэслівалася, што з мэтай будавання грамадскага парадку неабходна глядзець на чалавечае жыццё ў святле творчага Божага плану, беручы пад увагу ўстаноўлены Творцам звышнатуральны і вечны парадак, а таксама агульны вобраз дасканалага чалавека, увасоблены ў Езусе Хрысце.

«Энцыкліка папы Паўла VI пра чалавечае жыццё не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. Перад сучасным чалавекам, перш за ўсё маладым, узнікае маса праблем, асабліва ў тым, што датычыцца яго паклікання да сямейнага жыцця і нараджэння патомства як аднаго з галоўных заданняў, якое Бог даручыў чалавеку»,— сцвердзіў іерарх.

Пры гэтым ён зазначыў, што ў наш час вельмі моцна праяўляюцца тэндэнцыі будавання свету без Бога, а таму нам «патрэбна святло веры, каб вярнуцца да Створцы і жыць Ягонай праўдай, бо Бог не памёр, не пайшоў у адпачынак, а жыве і заўсёды дзейнічае».

Іерарх нагадаў, што Хрыстус заклікае нас быць дасканалымі, як наш Нябесны Айцец, і Касцёл сёння зноў звяртаецца да гэтых словаў Збаўцы: апошняя Апостальская адгартацыя папы Францішка Gaudete et exsultate — «Радуйцеся і весяліцеся» — прысвечана шляхам дасягнення святасці ў наш час.

«Чалавек пакліканы да святасці, а свет стараецца яго пераканаць, што замест таго, каб быць верным Евангеллю і прысвячаць сваё жыццё іншым, лепш думаць пра свае ўласныя інтарэсы. Ён хоча, каб хрысціяне згаджаліся на ўсё: на разводы, аборты, эўтаназію, гендарную ідэалогію: на ўсё тое, што нязгодна з вучэннем Хрыста. Сёння Евангелле замяняецца гуманізмам. Але праблема ў тым, што гуманізм без духоўнай складанай не збаўляе, не адпускае грахоў, не абвяшчае Уваскрасення», — сцвердзіў кіраўнік беларускага епіскапату.

«Дзе шукаць паратунку ў такой сітуацыі?» — задаў ён рытарычнае пытанне.

Адказ на яго, паводле словаў арцыбіскупа, дае Марыя.

«Як Каралева Беларусі, Марыя прабывае з намі ў Будслаўскім абразе больш за 400 гадоў, каб умацоўваць нашу веру ў спрыяльныя і неспрыяльныя часы. Сёння мы прыходзім да нашай духоўнай Маці ў 20-годдзе каранацыі гэтага абраза папскімі каронамі, якое здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк»,— сказаў арцыбіскуп, зазначыўшы, што сёння мы жывем у вельмі супярэчлівыя часы.

«З аднаго боку, мы цешымся свабодай веравызнання, а з іншага перажываем новыя праяўленні атэізму, занядбанні ў жыцці паводле духа Евангелля, маральнай разбэшчанасці, скажэння паняцця Богам устаноўленага інстытуту сям’і… Наш народ здаў экзамен, захаваўшы веру ў часы ганенняў. Мы вытрывалі ў выпрабаванні несвабодай, але ці вытрываем выпрабаванне свабодай? Гэтае пытанне датычыцца кожнага з нас і асабліва моладзі, якая знаходзіцца на скрыжаванні шляхоў і часта не ведае, які з іх выбраць», — сказаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Нагадаўшы Евангелле, у якім ідзе гаворка пра цуд у Кане Галілейскай, арцыпастыр звярнуўся да вернікаў з пытаннем: «Сёння, калі ў нас саміх, у нашых сем’ях і грамадстве няма „віна“ моцнай веры, ці мы звяртаемся да Марыі? Ці верым у тое, што калі будзем слухаць яе, то Езус пераменіць „ваду“ нашага жыцця ў якаснае „віно“ моцнай веры? Сёння мы ўсе, асабліва моладзь, павінны ўслухацца ў голас Марыі», — сцвердзіў іерарх.

Звяртаючыся з Нацыянальнага санктуарыя Апякункі Беларусі да ўсіх людзей нашай краіны, арцыбіскуп Кандрусевіч прамовіў:

«Нам і нашаму народу, які сёлета адзначае 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі — факту, якога нельга ігнараваць, бо гэта частка нашай гісторыі, — неабходная духоўная перамена.

Распачаць яе неабходна з сябе, не шукаючы вінаватых. Неабходна на шляху шчырага дыялогу шукаць шляхоў вырашэння існуючых праблем нашага грамадства. Не кампрамісу, а дыялогу, бо калі кампраміс мае на мэце атрымаць „большы кавалак торта“, то мэта дыялогу — дасягненне супольнага дабра».

Падводзячы выснову, арцыпастыр сказаў: «Калі мы будзем слухаць Езуса, да чаго заклікае нас Марыя, то станем удзельнікамі цуду перамянення, каб на евангельскіх каштоўнасцях будаваць нашу будучыню».

Іерарх згадаў, як падчас візіту св. Яна Паўла II на яго Радзіму, у Польшчу, у 1979 г. мільён людзей, сабраных у цэнтры Варшавы, у адзін голас скандавалі: «My chcemy Boga! — Мы хочам Бога!»

«Ці мы заўсёды хочам Бога? Ці ён займае першае месца ў нашым жыцці? Ці імкнемся мы да Яго і ці баронім Божы закон, як рабілі гэта нашыя продкі ў часы ганенняў?

Перад абліччам Божай Маці Будслаўскай адкажам сёння на гэтыя пытанні воклічам: „Мы хочам Бога!“ Хочам, бо ў ім наша надзея!»— заклікаў усіх прысутных арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У цэлебрацыі начной св. Імшы удзельнічаў таксама прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. Ён прывітаў усіх прысутных на будслаўскай урачыстасці і, у прыватнасці, сказаў:

«Прымаючы ўдзел у цудоўнай працэсіі і ў гэтай cвятой Імшы, дзе кожны момант прасякнуты жывой і глыбокай верай, я не магу працягваць па-іншаму, як толькі ізноў звярнуцца разам з вамі да нашай Нябеснай Маці».

І пасля гэтага іерарх узнёс малітву праз заступніцтва Багародзіцы, у якой даручыў Богу Касцёл і ўвесь народ Беларусі:

«Мы ўцякаем пад Тваю апеку, о Найсвяцейшая Божая Маці: аддаем Твайму матчынаму клопату нашыя гарады і вёскі, Касцёл Беларусі. Мноства патрэб падштурхоўваюць нас звяртацца да Цябе, нашая магутная Заступніца. Маем патрэбу ў большай шчодрасці сужонкаў, каб велікадушна дарылі новае жыццё; маем патрэбу ў большай увазе да бедных і самотных; маем патрэбу ў абароне працы, каб пазбегнуць трагедый людзей і сем’яў, выкінутых на вуліцу; маем патрэбу ў любові і праўдзе. Маці нашая міласэрная, хто, як не Ты, найлепш ведае нашыя сэрцы, радасць і гора, цярпенні і трывогі, мары і надзеі. Не адкідай нашыя просьбы. Вазьмі наш народ, кожнага з нас, пад сваю апеку».

Пасля малітвы Апостальскі Нунцый прамовіў да прысутных:

«Дарагія браты і сёстры, ад імя Святога Айца, Папы Францішка, шчыра дзякую вам, дочкам і сынам Каралевы Беларусі, за прыклад веры, за сведчанне, якое даеце ўсяму свету, за любоў і вернасць Касцёлу і нашай Будслаўскай Маці. Жадаю вам, каб кожны дзень вашага жыцця быў напоўнены свядомасцю мацярынскай прысутнасці і абароны Марыі!» — сказаў прадстаўнік Папы Рымскага.

Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр: Матчын позірк Марыі — найбольшы падарунак

Цэлебрацыю галоўнай св. Імшы ў дзень урачыстасці 2 ліпеня ўзначаліў пра Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр. «Велічае душа мая Пана», — гэтымі словамі Марыі іерарх на пачатку цэлебрацыі выказаў сваю радасць ад магчымасці разам з вернікамі з усёй Беларусі адзначаць урачыстасць Божай Маці, якая ўшаноўваецца ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.

«Я вельмі ўдзячны, што гэты санктуарый застаўся такім, якім і быў, і якім заўсёды павінен быць: месцам веры і малітвы, месцам аднаўлення, пакаяння, месцам святочных літургій, месцам, дзе мы перажываем Касцёл, як мацярынскую супольнасць, якая нас падтрымлівае, месцам сустрэчы, месцам гасціннасці»,— зазначыў прадстаўнік Папы і дадаў:

«Усім вам перадаю прывітанне Святога Айца Францішка, які добра ведае вашу жывую веру і любоў да нашай нябеснай Маці Марыі».

Гэтыя словы Апостальскага Нунцыя суцешылі вернікаў, якія не пакідаюць надзеі, што калісьці нага наступніка святога Пятра, які неўзабаве наведае краіны Балтыі, ступіць таксама на беларускую зямлю.

Прадстаўнік Папы нагадаў, што пасля апошняй сусветнай сустрэчы моладзі Святы Айцец сказаў: «Падчас гэтай вандроўкі я наведаў таксама санктуарый у Чэнстахове і перад абразом Марыі атрымаў падарунак — позірк Маці».

Працягваючы думку папы Францішка, арцыбіскуп Пінтэр дадаў:

«Сёння ў Будславе мы з вамі таксама можам сказаць, што атрымалі ў падарунак позірк Божай Маці. Як і Святы Айцец у Чэнстахове, молячыся перад абразом Марыі з Яснай Гары, так і мы тут, стоячы на каленях перад святым алтаром Будслаўскай Багародзіцы, сапраўды атрымліваем у падарунак Яе позірк, позірк Маці».

Нунцый таксама ўзгадаў, як год таму ўпершыню быў у будслаўскім санктуарыі і стараўся ўважліва ўглядацца ў вочы Панны Марыі, падкрэсліўшы, што толькі ў малітве магчыма атрымаць дар позірку Божай Маці. Паводле яго словаў, вернікі наведваюць марыйныя санктуарыі ва ўсім свеце, каб у гэтых благаслаўлёных мясцінах прыпасці да асаблівай крыніцы моцы, каб сустрэцца з позіркам Божай Маці і праз блізкасць да Маці Божага Сына сэрцам адчуць прысутнасць Усемагутнага Айца.

«Прызнаемся шчыра, што гэтага нам часта балюча не стае. Таму, стаміўшыся, мы шукаем прысутнасці Айца ў любячым і суцяшальным позірку Марыі, просячы Яе аб матчыным заступніцтве», — вызнаў іерарх, адзначыўшы, што гэтая супольная малітва сведчыць пра еднасць у веры з іншымі братамі і сёстрамі, дапамагае адчуць, «што мы належым адзiн аднаму, што мы — народ, які любіць Бога».

Апостальскі Нунцый падзяліўся з удзельнікамі ўрачыстасці духоўнай парадай папы Францішка, які запрашае вернікаў глядзець на іншых вачамі Марыі.

«Калі аднойчы вы заўважыце, — кажа Папа, — што ваш позірк стаў жорсткім з-за працы, стомленасці — з кожным здараецца, — што, сустракаючыся з людзьмі, вы адчуваеце, што яны вас раздражняюць або вам абыякавыя, спыніцеся і паглядзіце на Яе зноў, глядзіце на Яе вачамі самых маленькіх з вашага народа, якія жабруюць і шукаюць матчына ўлонне, і Яна ачысціць вашыя вочы ад кожнай „катаракты“, якая не дазваляе бачыць Хрыста ў душах; Яна вылечыць вас ад любой блізарукасці, што робіць для вас раздражняльнымі патрэбы людзей, якія, па сутнасці, з’яўляюцца патрэбамі Уцелаўлёнага Пана, і ацаліць вас ад любой дальназоркасці, пры якой губляюцца дэталі, нататкі, запісаныя маленькімі літаркамі, але ад якіх залежаць жыццёва важныя аспекты ў жыцці Касцёла і сям’і. Позірк Божай Маці лечыць», — нагадаў словы Святога Айца яго прадстаўнік у Беларусі.

Гаворачы пра прыклад Марыі, які пакліканы наследаваць усе хрысціяне, прымаючы Божую волю так, як Яна, арцыбіскуп заахвоціў вернікаў палюбіць сваё жыццёвае пакліканне, як Марыя любіла сваё. Ён таксама заклікаў ствараць шлях да Бога, пракладаючы шляхі паміж братамі.

Напрыканцы іерарх падзякаваў удзельнікам урачыстасці за прысутнасць і паабяцаў расказаць пра іх саміх і пра іх веру Святому Айцу Францішку.

«Я бачу, што вы ганарыцеся тым, што вы — католікі і беларусы. Пра гэта сведчыць вашае нястомнае жаданне ісці да Марыі, а таксама безліч сцягоў і плакатаў, якія вы прынеслі сюды. Божа, благаславі Беларусь і яе цудоўны народ! Няхай Марыя благаславіць вас усіх, хто любіць Бога, хто любіць сваю Радзіму, хто любіць свае сем’і!»— сказаў напрыканцы Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр і завяршыў сваю гамілію заклікам разам з Марыяй сказаць сваё «так» Богу: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]