Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пра «нашых» і «немцаў»

29.07.2018 общество
Пра «нашых» і «немцаў»

І тут Лукашэнку ёсць пра што задумацца.

У дзяцінстве ўсё было проста, як і ўсе падлеткі мы гулялі ў вайну, і два бакі дзяліліся ролямі напалам – на “нашых” і “немцаў”. Хоць з канца Другой сусветнай вайны прайшло ўжо багата часу, падзел гэты заставаўся доўга нязменным і полюсным. Цяперашнія дзеці ўжо так не дзеляцца, дзякуй Богу, ды і гульні ў іх пераважна іншыя – усялякія кампутарныя пстрыкалкі ды стралялкі, дзе хутчэй супернічаюць не “нашы” і “немцы”, а розныя супергероі з разнастайнымі монстрамі. А мы даўно сталі дарослымі, нібыта разабраліся ў той далёкай вайне, і аднолькава не любім “нашых” і “немцаў”. Любіць іх у нашай, беларускай гісторыі, сапраўды няма за што.

Пасля распаду Савецкага саюзу беларусы яшчэ некалькі гадоў па інерцыі называлі ўсе расейскія спартовыя каманды “нашымі”, потым гэтае азначэнне ў дачыненні да суседзяў паступова стала знікаць. Усё ж такі свая суверэнная дзяржава, ды і многія беларускія каманды і спартоўцы годна праявілі сябе на міжнароднай арэне. Спакваля самасцверджанне нацыі ішло ў тым ліку і праз спорт. Аднак, апошнія гады, пасля акупацыі Расеяй Крыма, пайшла зноў зваротная тэндэнцыя. Характэрным тут стаў нядаўні чэмпіянат свету па футболе, што праводзіўся на бяскрайніх расейскіх прасторах. Паводле апытання “Прессбола”, найбольш папулярнага спартовага рэсурсу Беларусі, ажно 48% беларускіх аматараў футболу заўзімалася за зборную Расеі, 52% – не. Але варта адзначыць, што ў гэтым апытанні ўдзельнічала пераважна рафінаваная публіка. Што датычыць “народных пралетарскіх масаў”, то, думаецца, працэнт падтрымкі суседзяў там быў намнога большы. І тут Аляксандру Лукашэнку ёсць пра што задумацца. Хоць бы пра тое, што папулярнасць умоўнага Арцёма Дзюбы (форвард дружыны Расеі) вышэй за папулярнасць цэлага начальніка беларускай дзяржавы. Пра нас ён думаць не будзе, то хай хоць пра сябе падумае.

Расейскі кіраўнік Пуцін са сваёй прапагандысцкай машынай абсалютна запісаў мінулы мундыяль на сваю карысць. Дзеля большай эфектыўнасці з дапамогай роднаснай “братняй ФІФы”, якая раней зрабіла ўсё, каб аддаць права на гэтае першынства Расеі, былі выпісаныя славутыя футбольныя зоркі мінулых часоў. Кожны з іх атрымліваў шчодры чэк на кругленькую суму за наведванне кожнага канкрэтнага матча. Запрашаліся і кіраўнікі практычна ўсіх дзяржаў – удзельніц чэмпіянату. Лідары Вялікабрытаніі і Польшчы не скарысталіся такім запрашэннем – за гэта ім, як кажуць, чэсць і павага. Але бальшыня палітыкаў іншых краін паляцела ў Маскву і іншыя гарады па першым поклічы. Многія беларусы шчыра захапляліся прэзідэнтшай Харватыі Каліндай Грабар-Кітаравіч, якая прыляцела ў Расею звычайным рэйсавым самалётам. Калі б яна была ў цэнтры Заграба разам са звычайнымі заўзятарамі – іншая справа. А так – прабачце. А вось галоўны трэнер футбольнай харвацкай дружыны Златка Даліч хутка паставіў на месца членаў ўраду сваёй дзяржавы – маўляў не трэба падмазвацца да нашага поспеху, калі ў краіне няўдала ідуць рэформы, за якія вы адказныя.

Кожны з высокіх чыноў, што прыехаў у Расею на гэты турнір – каралі Бельгіі і Іспаніі, прэзідэнты Харватыі і Францыі, ды іншыя – паўдзельнічалі ў спектаклі, сцэнар якога напісалі ідэолагі Крамля. Уладзімір Пуцін меў шанец выцягнуць з гэтага мундыялю ў канцоўцы яшчэ большыя дывідэнды, але не змог у сілу сваёй натуры. Маю тут на ўвазе паказальны момант пасля фінальнага матчу, калі на поле ў час узнагароджвання пераможцаў і прызёраў абрынулася сапраўдная залева. Для расейскага кіраўніка адразу знайшоўся вялізны парасон. Парушыўшы пратакол, Пуцін мог адразу пад яго ўзяць і французскага прэзідэнта Макрона і згаданую Грабар-Кітаравіч, але тыя працягвалі стаяць убаку і мокнуць яшчэ некалькі хвілін, пакуль не прынеслі яшчэ пару парасонаў. Тым самым яскрава было паказана, хто гаспадар на гэтым футбольным фэсце, а хто, хоць і высокапастаўленая, але ўсё ж абслуга.

Ну а беларусы ў сваёй масе яшчэ доўга будуць разбірацца, хто насамрэч “нашы”, а хто – не.

Уладзімір Хільмановіч, «Гарадзенская вясна»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]