Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Меліціна Станюта: Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта

30.07.2018 общество
Меліціна Станюта: Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта

Досьвед падарожжаў ад знакамітай гімнасткі.

Меліціна (Меліта) Станюта — заслужаны майстар спорту, адна з наймацнейшых прадстаўніц мастацкай гімнастыкі. Шматразовая прызэрка ўсясьветных і эўрапейскіх першынстваў у камандных спаборніцтвах. Удзельніца Алімпійскіх гульняў 2012 і 2016 гадоў. Меліце 24 гады, паходзіць з мастацка-артыстычнай сям’і: прапрадзед Міхась — мастак, прабабка Стэфанія — акторка, дзед Аляксандар — літаратуразнаўца, бацька Зьміцер — журналіст.

Пасьля заканчэньня спартовай кар’еры паспрабавала сябе ў бізнэсе — адкрыла краму біжутэрыі і аксэсуараў Variety. Выступае мадэльлю падчас дэманстрацыі модных калекцый беларускіх аўтараў. Меліта Станюта зь ліку нешматлікіх спартоўцаў, якія свабодна валодаюць роднай мовай. У сацыяльных сетках актыўна посьціць здымкі з падарожжаў па сьвеце, перадае svaboda.org.

Як вы праводзіце гэтае лета?

Як і шмат хто, баўлю час у падарожжах — Гішпанія, Мэксыка, Злучаныя Штаты, Эстонія, Турэччына, Кітай. Усюды файна, цікава. Збольшага такія вандроўкі сумяшчаю з працай — гэта і майстар-клясы, і ўдзел у журы разнастайных турніраў. А сапраўдны адпачынак у мяне будзе ў верасьні — я паеду ў Італію, дзе жыве мая блізкая сяброўка. Я вельмі люблю гэтую краіну, Апэніны проста ня могуць надакучыць. Таму зь нецярплівасьцю чакаю гэтага моманту.

Які ваш найлепшы летні ўспамін зь дзяцінства?

Памятаю першы замежны адпачынак, гэта была Баўгарыя. Там сустрэла дзяўчынку Сашу, сваю аднагодку. Разам гулялі, на пляжы вучыла яе розным гімнастычным рэчам — круціць кола, сядаць на шпагат. У апошні дзень на мяне нават зьвярнуў увагу трэнэр акрабатыкі, паказаў некалькі трукаў, ставіў мяне на руку. А калі я вярнулася ў Менск і пайшла 1 верасьня ў школу, першая, каго сустрэла ў клясе, была... тая самая Саша, зь якой мы пасябравалі ў іншай краіне. Вось дык нечаканасьць!

Урэзаўся ў памяць яшчэ адзін адпачынак, калі ўжо была даволі дарослай. Шмат было спаборніцтваў, але маршрут адзін — ад лётнішча да арэны. Паміж турнірамі нам зь сяброўкай удалося трапіць у мястэчка Залейкі пад Лідай, на бераг Гаўі. Драўляны дамок, лазьня, гэткі агратурызм. Вельмі спадабалася, хоць ня без экстрыму: уявіце стан чалавека, калі празь яго перапаўзае... вужака! Ляжала ля вады, чытала кніжку — і раптам такая містыка! Справа ў тым, што я захапляюся паданьнямі. У кнізе «Беларусь у фантастычных апавяданьнях» Яна Баршчэўскага ёсьць легенда пра караля вужакаў, дык гэта такое прывітаньне адтуль... Памятаю, як назірала там за бусламі — тата, мама і двое іхных птушанят. Зьбірала грыбы, абдымала-цалавала коціка, бо ў нас дома жыўнасьці не было. Дагэтуль у памяці.

Што вы заўсёды бераце з сабой?

Абавязкова бяру з сабой кнігі — дзьве ці нават больш. Без чытва сябе не ўяўляю, гэта важная частка любой маёй вандроўкі і, вядома ж, адпачынку. Тут і сусьветная клясыка, і творы на ангельскай мове, каб адначасова яе ўдасканальваць. Бяз кнігі за мяжой — як бяз пашпарта, гэта неабходнасьць. Тое ж датычыць і музыкі. Яна заўсёды са мной у тэлефоне, даволі розная, у залежнасьці ад настрою і сытуацыі. Ну, і калі еду на мора, то абавязкова ў сумцы крэм ад загару: каб вярнуцца дадому шакаляднай, а не чырвонай.

Ці адключаеце вы тэлефон і інтэрнэт у адпачынку?

Мой тэлефон уключаны. Але калі некаторыя першым чынам купляюць мясцовую SIM-карту, каб заўсёды быць онлайн, то мне на пляжы ці падчас прагулкі па горадзе гэта не патрэбна. Вось зайду ў кавярню ці вярнуся ў гатэль, злаўлю wi-fi і цягам гадзіны ўсім абавязкова адпішуся, што са мной усё добра, што адпачываю, што атрымліваю задавальненьне. То бок на сувязі я ў прапорцыі 50 на 50. Але адназначна не адчуваю сябе дрэнна без інтэрнэту.

Што вы дазваляеце сабе толькі ў адпачынку?

Што я дазваляю сабе ў адпачынку, дык гэта свабоду. Найперш свабоду дзеяньняў, якой усім нам бракуе ў штодзённым жыцьці. Падчас заняткаў спортам у 8.30 трэба было ўжо быць на трэніроўцы, цяпер гэта перанеслася на працу, усе абкладзеныя абавязкамі. А тут хачу — устану а 7-й раніцы, хачу — апоўдні. Хачу пазагараю, хачу пачытаю. Што ў гэты канкрэтны момант хачу, тое і раблю. Таму адпачынак для мяне — гэта поўная індывідуальная свабода.

Ваша парада на адпачынак

Максымальна жывіце той краінай, дзе знаходзіцеся. А галоўнае, зьбірайце ня рэчы, а ўспаміны. Напрыклад, я заўсёды хаджу ў мясцовыя рэстарацыі, стараюся апранацца так, як гэта робяць тутэйшыя жыхары. Вучу словы і выразы з мовы, каб лепш разумець людзей, якія вакол мяне. Хачу цалкам адаптавацца да той краіны, дзе я адпачываю. Таму вельмі адказна падыходжу да выбару месца свайго адпачынку — найперш мне самой павінна быць там цікава.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]