Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Фотафакт: Уладзімір Караткевіч на паштоўках і канвертах

16.08.2018 общество
Фотафакт: Уладзімір Караткевіч на паштоўках і канвертах

Як беларускага класiка ўшаноўвалi на канвертах і паштоўках.

Уладзімір Караткевіч — без сумневаў, пісьменнік сусветнага маштабу. Ён не толькі з’яўляецца зачынальнікам жанру гістарычнага дэтэктыву — «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі». Ён здолеў дасканала раскрыць душу нашага народа у творах «Каласы пад сярпом тваім», «Ладдзя роспачы» і многіх іншыя, пiша «Новы час».

За раманы «Нельга забыць» і за раман «Чорны замак Альшанскі» Уладзімір Караткевіч быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Івана Мележа і Дзяржаўнай прэміяй імя Якуба Коласа. Творы яго перакладаліся на многія мовы свету. Уявіць сёння нашую краіну без Караткевіча, бязмежна закаханага ў Беларусь, проста немагчыма. Пра яго творчасць пішуцца кнігі, здымаюцца фільмы, наладжваюцца навуковыя канферэнцыі, адкрываюцца помнікі і мемарыяльныя шыльды.

Ушаноўваўся Караткевіч і на канвертах і паштоўках.

Першы канверт, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу, пабачыў свет у Оршы ў 1996 годзе. Яго выпусціў калектыў газеты «Беларускі калекцыянер», якая на той час выдавалася ў Оршы і яе рэдагаваў Алесь Сярожкін. На жаль, найцікавейшая беларускамоўная газета спыніла сваё існаванне на 25-м нумары з-за фінансавых праблемаў. На канверце быў выяўлены партрэт Уладзіміра Караткевіча аршанскага мастака Алеся Кажамякі. Над партрэтам — герб Пагоня і герб Оршы, а таксама бел-чырвона-белая стужка. Пад партрэтам пісьменніка тэкст: «Ёсць і ў вас, як у іншых, святыня, не давайце святыні псам!».

Выпуск гэтага першага канверта з Уладзімірам Караткевічам з’яўляўся водгукам на сумнавядомы рэферэндум 14 траўня 1995 года, які правёў Лукашэнка, і пасля якога дзяржаўныя псы рвалі нашу святыню — бел-чырвона-белы сцяг і скідвалі герб Пагоня.

Канверт выйшаў накладам 150 асобнікаў.

Другі канверт, прысвечаны беларускаму пісьменніку, надрукавала рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта» ў 2005 годзе. Канверт выйшаў з друку з нагоды 75-годдзя з дня нараджэння Караткевіча. На ім — каляровы партрэт пісьменніка і малюнак да аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха». Мастак А.Хвясюк.

Трэці канверт выйшаў з друку да 80-годдзя пісьменніка. Пастаралася з выданнем зноў «Белпошта». Гашэнне канверта адбылося ў Оршы 26 лістапада 2010 года. На канверце на месцы паштовай маркі надрукаваны партрэт Уладзіміра Караткевіча ў берэце, намаляваны героі яго твораў. З адваротнага боку канверта змешчана біяграфія пісьменніка. Мастак канверта Я. Сіманенка.

Яшчэ адзін канверт, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу, таксама выпусціла «Белпошта» ў 2015 годзе. Гашэнне яго адбылося 26 лістапада 2015 года. На канверце змешчаны партрэт маладога Уладзіміра Караткевіча, якога некалі сфатаграфаваў паэт Сяргей Панізьнік, малюнак Арлена Кашкурэвіча да рамана «Каласы пад сярпом тваім» і тэкст: «Уладзімір Караткевіч. Беларускі пісьменнік, паэт, драматург, публіцыст, перакладчык». Канверт быў выпушчаны, дзякуючы праекту, які падрыхтавалі «Белпошта» сумесна з установай культуры «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны». Дызайн канверта В. Бабундзінай.

Першая паштоўка з выяваю Караткевіча з’явілася ў Маладзечне ў 1998 годзе. Яе выдаў маладзечанскі краязнаўца, літаратуразнаўца і бібліяфіл Міхась Казлоўскі. А аўтарам паштоўкі з’яўляецца мастак Юрый Герасіменка-Жызнеўскі.

Міхась Казлоўскі разам з Алесям Сярожкіным у 2010 годзе выдаюць яшчэ адну паштоўку з партрэтам Уладзіміра Караткевіча. Партрэт намаляваў мастак Г.Санькоўскі. Паштоўка выйшла да 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

27 чэрвеня 1992 года ў Оршы да яе 925-годдзя быў адкрыты помнік слыннаму земляку. Першапачаткова ёе знаходзіўся на месцы згарэлага ў вайну дома, у які сям'я Караткевіча засялілася ў 1939 годзе, але пазней гэты помнік быў перанесены ў цэнтральны парк Оршы. У 2011 годзе Аршанскае міжраённае аддзяленне УП «Віцебскаблсаюздрук» выпусціла набор паштовак, прысвечаны Оршы. На адной з іх адлюстраваны і прыгожы помнік Уладзіміру Караткевічу.

Набор паштовак «Уладзімір Караткевіч — пісьменнік, грамадзянін, чалавек» быў выпушчаны ў Оршы ў 2012 годзе. Ён складаецца з 12 паштовак, на якіх выяўленыя фотаздымкі пісьменніка і яго сям’і, а таксама радкі з ягоных вершаў. На адным з фотаздымкаў бачым Валодзю Караткевіча ў 1931 годзе, яму 1 годзік, на другім ён — з сястрой Наталляй у Оршы ў 1937 годзе, на трэцім — бацька пісьменніка Сямён Цімафеевіч Караткевіч ў 1912 годзе, на наступным — вобраз маці Надзеі Васільеўны Караткевіч, потым — уся сям’я Караткевічаў у 1953 годзе, кадр з фільма «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», дзе сам Караткевіч грае роль татарына і гэтак далей. У наборы былі выкарыстаны фотаздымкі з фондавых збораў установы культуры «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны».

Гэта пакуль усе канверты і паштоўкі, якія былі прысвечаныя вялікаму пісьменніку Беларусі. Хочацца спадзявацца, што і надалей яго вялікае імя па-ранейшаму будзе ўшаноўвацца на розных беларускіх выданнях дзеля нашчадкаў і будучыні нашай літаратуры і культуры.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]