Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Леанід Кулакоў: У абласной ДАІ я спытаў – у чым справа?

16.09.2018 политика
Леанід Кулакоў: У абласной ДАІ я спытаў – у чым справа?

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» распавёў пра змаганне за Курапаты.

Пацярпелым абаронцам Курапатаў ставяць супярэчлівыя дыягназы і адмаўляюць у расследаванні збіцця.

На актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова 27 чэрвеня ля рэстарана «Поедем, поедим» падчас курапацкай варты наехала машына (за рулём была Злата Савостава). Людзі, якія знаходзіліся побач, выклікалі ДАІ, таксама пазванілі ў хуткую. Медыкі забралі Кулакова ў шостую гарадскую клінічную лякарню, дзе актывісту зрабілі здымак пашкоджанай пры наездзе рукі. Рэнтгенолаг канстатаваў, што ў Леаніда пералом рукі з абломкамі косткі. Траўматолаг, прагледзеўшы здымак, гэта пацвердзіў, і Кулакову наклалі гіпс.

Медыцынская даведка, выдадзеная Кулакову ў лякарні пасля наезду
Фота Дзіяны Серадзюк

Праз месяц, 27 ліпеня, актывіст прыйшоў да ўрача па месцы жыхарства, зрабіў здымак, які паказаў, што пералом не зросся. Гіпс пакінулі яшчэ на тры тыдні, і агулам Леанід Кулакоў прахадзіў з ім амаль два месяцы.

Даведка, выдадзеная Кулакову праз месяц пасля наезду ў паліклініцы па месцы жыхарства
Фота Дзіяны Серадзюк

Аднак судмедэкспертаў, якім ДАІ накіравала паперы Кулакова, двойчы пацверджаны дыягназ не пераканаў. Абласная судмедэкспертыза дала заключэнне, што пералому няма. Праўда, сфатаграфаваць гэтае заключэнне актывісту не дазволілі, ён перапісаў яго ад рукі.

Заключэнне судмедэкспертызы: дыягназ не пацвердзіўся
Фота Дзіяны Серадзюк

– Калі я ў абласной ДАІ падчас азнаямлення з дакументамі спытаў, у чым справа, маю медыцынскую карту адазвалі і накіравалі на экспертызу паўторна. Прайшло ўжо больш за месяц, а адказу ўсё яшчэ няма, увесь час прыходзяць лісты, што праверка працягваецца, – распавёў «Новаму Часу» Леанід Кулакоў. – У такім выпадку я сказаў, што буду падаваць на дактароў у суд, бо навошта я два месяцы насіў гіпс, калі пералому не было?

Прызначэнне дадатковай экспертызы
Фота Дзіяны Серадзюк

Хоць гіпс актывісту знялі яшчэ 20 жніўня, але рука ў яго ўсё яшчэ не згінаецца і не распрамляецца цалкам, ён не можа нічога ёй падняць, успухла запясце. Фактычна, Кулакоў часткова страціў дзеяздольнасць і перажывае, што ў яго атрафіраваліся мышцы.

Апроч таго, 14 ліпеня ля рэстарану «Поедем, поедим» была збітая яшчэ адна абаронца Курапатаў Мая Навумава. Па яе словах, у той дзень актывісты трымалі бусік, сіні «Форд», які выязджаў з рэстарану.

– Звычайна машыны выпускаюць, але мы трымалі яе таму, што пры нас яна на тэрыторыю рэстарана не заязджала (мы стаялі з 12 гадзін), – паведаміла Мая Навумава. – Мы падазравалі, што гэты бус заехаў з іншага боку па зялёнай зоне і парушыў ПДР. ДАІ паабяцала разабрацца. Але ў нейкі момант Зайдэс сказаў, што прыменіць да нас сілу, і неўзабаве даў адмашку сваім людзям, каб нас разагналі. З тэрыторыі рэстарана выйшла чалавекі чатыры – пяць, нас адцягнулі ад машыны, і яна паехала. Я стала яе даганяць, кіроўца спужаўся, што я кінуся пад колы, і спыніўся, і я адна стала перад гэтым «Фордам». Але мяне дагналі і зноў адцягнулі.

Па словах жанчыны, яна не ведае, у які момант ёй паставілі сінякі і не ведае чалавека, які гэта зрабіў. Пасля здарэння яна паехала ў судмедэкспертызу, каб зафіксаваць атрыманыя пашкоджанні.

Вынікі экспертызы Маі Навумавай
Фота Дзіяны Серадзюк

– Яна была ўся ў сіняках, былі гематомы на руцэ, на грудзях. Напісала заяву аб збіцці ў міліцыю, але Бараўлянскі РАУС даў адказ аб спыненні вытворчасці па справе, бо гэта (збіццё. – заўв. НЧ.) было зроблена ненаўмысна, – кажа Леанід Кулакоў.

– Як мне патлумачыў міліцыянт Чарняўскі, у чалавека, які мяне збіваў, не было злога намеру, – пацвердзіла сама Мая Навумава.

Паведамленне Бараўлянскага РАУС аб спыненні справы адносна збіцця Маі Навумавай
Фота Дзіяны Серадзюк

Адметна і тое, што пазней за гэты эпізод суд аштрафаваў саму актывістку.

– Значыць, нас можна збіваць, давіць машынамі, ламаць косткі – і ўсё гэта будзе беспакарана, – робіць выснову Леанід Кулакоў.

Тым часам сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, які 15 верасня выйшаў з чарговых 10 сутак, якія ён адбываў за заклік прыйсці 9 верасня на сход у Курапаты, заявіў, што варта ля рэстарану «Поедем, поедим» будзе трываць як мінімум да Дзядоў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]