Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Прыпынак Адамовіча» зьявіўся ў роднай вёсцы пісьменьніка

06.10.2018 общество
«Прыпынак Адамовіча» зьявіўся ў роднай вёсцы пісьменьніка

Пасьля зьяўленьня прыпынку «Адамовіча» у пасёлку чакаюць усталяваньня бюста пісьменьніка.

Арт-аб’ект, прысьвечаны Алесю Адамовічу (1927–1994), прэзэнтавалі на яго малой радзіме ў пасёлку Глуша ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласьці, передае «Радыё Свабода».

Зь ініцыятывы бабруйскай суполкі «Прыпынак Адамовіча» мастак Аляксандар Благі размаляваў прыпынак на вуліцы, якую ў сярэдзіне 1990-гадоў не дазволілі назваць імем літаратара. Пасьля зьяўленьня прыпынку «Адамовіча» у пасёлку чакаюць усталяваньня бюста пісьменьніка.

«Мы хочам зрабіць Алеся Адамовіча цікавым для цяперашніх беларусаў»

ФОта: svaboda.org

На прыпынку намаляваны вялікі партрэт Алеся Адамовіча, пададзеная цытата зь яго аповесьці «Vixi», у якой ён падкрэсьліваў сваю любоў да родных глушанскіх мясьцін. Намаляваная і мапа Беларусі, на якой пазначаны родны пасёлак Адамовіча.

Ушанаваць памяць Адамовіча ў Глушы задумаў бабруйскі актывіст Андрусь Архіпенка. Вакол яго згуртавалася суполка маладых рупліўцаў беларушчыны «Прыпынак Адамовіча». Ад распрацоўкі ідэі, узгадненьня праекту з уладай і яго ажыцьцяўленьнем мастаком Аляксандрам Благім прайшло шэсьць месяцаў.

Сваім праектам, кажа Андрусь, мы імкнуліся прыцягнуць увагу да Алеся Адамовіча, яго творчасьці і роднай яму Глушы.

«Мы хочам зрабіць Адамовіча цікавым для цяперашняга пакаленьня беларусаў, — тлумачыць актывіст. — Цяпер тыя, хто будзе ехаць па шашы, будуць бачыць прыпынак з Адамовічам. Яны даведаюцца, што ў гэтым пасёлку ён жыў. Прыпынак Адамовіча — першы крок ушанаваньня памяці Адамовіча. Наступны наш крок яго бюст і нарэшце стварэньне музэю».

За «Прыпынкам Адамовіча» яго бюст

На прэзэнтацыі «Прыпынку Адамовіча» прыехала дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч. Яна выбрала фотаздымак бацькі, на якім яму 55 гадоў. Натальля таксама папрасіла, каб на прыпынку быў урывак з аповесьці «Vixi».

ФОта: svaboda.org

«Я не чакала, што будзе так прыгожа, — кажа яна. — Мне радасна і я ўдзячна за тое, што так ушанавалі майго тату. Мяне цешыць, што пасялкоўцам падабаецца. Цяпер будзем чакаць пакуль зьявіцца ў Глушы бюст Адамовіча».

Андрусь Архіпенка сабраў неабходных 9 тысяч 600 рублёў і на бюст Адамовіча, які зьбіраюцца паставіць ля будынку старой аптэкі, якую пісьменьнік згадвае ў дакумэнтальнай аповесьці «Вайна пад стрэхамі». Аптэка знаходзіцца непадалёк ад прыпынку.

Прыпынак і аптэка знаходзяцца на вуліцы Кастрычніцкай. У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі перайменаваць яе ў вуліцу Алеся Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, і Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў, ініцыятыву падтрымалі. Але ўлады яе не ўхвалілі. Пазьней вуліца Адамовіча ў Глушы зьявілася, але на ўскрайку мястэчка.

ФОта: svaboda.org

Бюст Адамовіча таксама паставяць на вуліцы Кастрычніцкай. Паводле старшыні сельскага выканкаму Марыі Сушчанкі цяпер праект праходзіць працэдуры ўзгадненьня ў Магілёўскім аблвыканкаме. Міністэрства культуры дазвол на ўстаноўку дало.

Рабіць бюст будзе скульптар Генадзь Лойка. У Глушу на прэзэнтацыю «Прыпынку Адамовіча» ён прывёз макет, каб на месцы пабачыць, як помнік будзе глядзецца з вуліцы.

«Для мяне гэта дужа адказная праца, таму буду вельмі старацца», — кажа Генадзь Лойка.

На музэй Адамовіча бракуе грошай

На стварэньне музэю Адамовіча ў Глушы не хапае грошай. За амаль тры гады на дабрачынны рахунак пералічана каля 12 тысяч рублёў — гэта дзясятая частка патрэбнай сумы. 5 тысяч даляраў ахвяравала на музэй Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

ФОта: svaboda.org

Існуе альтэрнатыўная прапанова зрабіць музэй у пасялковым Доме культуры, а будынак аптэкі стане пры гэтым адным з экспанатаў. Пляцоўка ля Дому Культуры разглядаецца, як альтэрнатыўная для бюста Адамовіча.

Алесь Адамовіч пахаваны на глушанскіх могілках. Яны знаходзяцца за тры кілямэтры ад пасёлку. На магіле пісьменьніка ўсталяваны вялікі валун з выгравіраваным крыжам Ефрасіньні Полацкай і надпісам «Алесь Адамовіч». Побач зь пісьменьнікам пахаваны ягоны брат Яўген. Непадалёк і магіла іх маці Ганны.

Ганна Адамовіч працавала ў аптэцы, у будынку якой зьбіраюцца рабіць музэй. У дакумэнтальнай аповесьці «Вайна пад стрэхамі» Алесь Адамовіч у працы вясковай аптэкі перадаў атмасфэру жыцьця пасялкоўцаў пад нацысцкай акупацыяй. Яго дачка Натальля хоча, каб у музэі адчувалася тая атмасфэра. Будынак аптэкі ў аварыйным стане.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]