Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Нарэшце ачомаліся

23.10.2018 политика
Нарэшце ачомаліся

Прыкметны крок на шляху да крушэння аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.

У сучасным свеце, дзе суіснуюць дэмакратычныя і блізкія да гэтага стану краіны, аўтарытарныя рэжымы і жорсткія дыктатуры, многае залежыць ад прынцыповасці і паслядоўнасці ў дзеяннях прагрэсіўных сіл. Як толькі яны расслабляюцца і памыляюцца, адразу ў жыцці чалавецтва парушаецца баланс дабра і зла.

Назіраючы за палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі падзеямі ў Еўропе, я ўжо выказваў у друку думку пра тое, што апошнім часам не заходнія дзеячы перавыхоўваюць постсавецкіх узурпатараў улады, якія засядзеліся на «царскіх тронах», а наадварот, яны, выкарыстоўваючы ўвагу да сябе, разбуральна ўплываюць на міжнародныя працэсы і на «дэмакратызатараў».

Шляхам стварэння лепшых умоў для асобных заходніх прадпрымальнікаў, банкіраў, спартыўных чыноўнікаў, дзеячаў культуры і шоу-бізнесу, подкупу палітыкаў, палітолагаў, журналістаў афіцыйныя Масква і Мінск зладзілі ў Еўропе прарасійскае і прабеларускае лобі. Яно дзейнічае даволі эфектыўна, накладаючы маскіровачны грым на антыдэмакратычныя дзеянні аўтакратаў.

Што тычыцца правіцеля Беларусі, які выгадна боўтаецца паміж Расіяй і Захадам, то яго неаднаразова ратаваў ад краху неверагодна ўдалы збег міжнародных абставін. Часам можна падумаць і пра дапамогу «нячыстай сілы».

На жаль, нават сумленныя і прынцыповыя чыноўнікі Еўразвяза, занятыя місіяй «дэмакратызатарства», доўга «не бачылі», што палітыка «крытычнага ўзаемадзеяння» і «больш цеснага супрацоўніцтва» з аўтарытарнымі рэжымамі правальная, што ў постсавецкім рэгіёне, дзе Расія вядзе імперскі ўціск на суседзяў, сітуацыя неймаверна складаная, што трэба ўлічваць закасцянеласць бюракратычных сістэм, моц сямейных і сяброўскіх кланаў, кругавую паруку карумпіраваных службоўцаў, асабістыя негатыўныя якасці канкрэтных узурпатараў.

Зразумела, што людзям, звыклым да цывілізаванага жыцця, да верхавенства закона, цяжка ўявіць, што тут робіцца. Не жывучы ў Беларусі або Расіі, немагчыма адчуць, які абсурд зладзілі аўтакраты за апошні перыяд.

Расійскі публіцыст Я. Емяльянаў саркастычна піша: «Наивные европейцы! Они и вообразить себе не могли, что совсем скоро эти перемены вызовут у них лишь горькую ностальгию по старому доброму СССР и милому предсказуемому дедушке Брежневу».

Але, як бы ні было, радуе тое, што частка чыноўнікаў Еўразвяза нарэшце ачомалася і пачала разумець, з кім мае справу, займаць больш прынцыповую пазіцыю. На пасяджэнні Еўрапейскага парламента, дзе абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі, дэпутат з Галандыі М. Дэмесмэкер падкрэсліў: «Давайце не будзем наіўнымі. Лукашэнку не цікавяць рэформы. Ягонае імкненне да збліжэння з Захадам выклікана яго сквапнасцю да грошай, прагай улады і прызнання. Лукашэнка разумее толькі простую мову. Пакуль не захоўваецца свобода прэсы, не можа быць і гаворкі пра збліжэнне». Рашуча выступіў і дэпутат з Іспаніі К. Ітургаіс: «Еўрапейскім інстытутам неабходна дзейнічаць і папярэдзіць беларускі бок, што яны перасеклі ўсе чырвоныя лініі, і што з прычыны сур’ёзнасці сітуацыі павінны быць уведзены санкцыі супраць ураду дыктатара Лукашэнкі ў Беларусі».

Згадка пра «чырвоныя лініі» мне здаецца надзвычай важнай, бо рэакцыйны рэжым сапраўды займаецца антызаконнай дзейнасцю не ў адным або двух, а ў многіх кірунках. Хоць ахапіць увесь спектр парушэнняў складана, але ёсць неабходнасць глыбейшага вывучэння чыноўнікамі Еўразвяза негатыўных працэсаў, якія адбываюцца ў нашай краіне. Чаму б не наладзіць больш строгую праверку выкарыстання грошай, якія перадаюцца беларускаму ўраду на розныя праекты? Не сакрэт, што частка іх ідзе не на вызначаныя мэты, а на ўціск грамадства. Пра гэта часта пішуць заходнія і незалежныя мясцовыя СМІ.

Няма навіны і ў тым, што эканамічныя або палітычныя махінацыі лягчэй праводзіць у краіне, дзе ўсё засакрэчана. Беспрынцыпныя заходнія дзеячы якраз з гэтай прычыны аблюбавалі Беларусь. Відаць, Еўрапарламенту варта ўважлівей прыглядацца да стасункаў з аўтарытарным рэжымам асобных еўрапейскіх палітыкаў, бізнесоўцаў, банкіраў, журналістаў і рабіць належныя высновы.

Пакуль што гаварыць пра паслядоўнасць у дзеяннях Захаду немагчыма, бо адны чыноўнікі і дэпутаты крытыкуюць адыёзныя рэжымы Беларусі і Расіі, а другія галасуюць за зняцце санкцый, едуць да аўтакратаў у госці, каб пачаставацца дранікамі і выслухаць «мудрыя» павучанні.

Напрыклад, А. Лукашэнка параіў Генеральнаму сакратару АБСЕ зрабіць у сваёй арганізацыі рэформы, і той згодна ківаў галавой, удзячна ўсміхаўся. А пра тое, калі ж будуць праводзіцца палітычныя і эканамічныя рэформы ў Беларусі, госці спытацца «саромеюцца». Яны быццам бы не ведаюць, што ў краіне, дзе цяпер знаходзяцца, не праводзяцца сумленныя, дэмакратычныя выбары, што ў турмах сядзяць палітвязні, што грамадзянам няма магчымасці свабодна арганізоўваць пікеты, мітынгі і маніфестацыі.

Мясцовае тэлебачанне ўзахлёб расказвае пра выдатныя стасункі краіны з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. А між тым Камітэт па правах чалавека ААН правёў апытанне афіцыйнай дэлегацыі Беларусі па тэме свабоды сходаў і свабоды асацыяцый. Яго старшыня Ю. Шані заўважыў, што краіна два гады не адказвае на прапановы прыслаць інфармацыю. Ён зрабіў выснову: «Калі грамадзянская супольнасць не мае магчымасці законна весці працу па прасоўванні правоў чалавека, то такім чынам вы не ствараеце грамадзянскую прастору, у якой фарміруюцца ўмовы, што забяспечваюць яе дзейнасць».

Прадстаўнік Беларусі Ю. Амбразевіч даў зразумець членам камітэта, што яны наўрад ці атрымаюць інфармацыю па зададзеных пытаннях. Яно і не дзіўна, бо парушэнне свабод і правоў чалавека — гэта стыль жыццядзейнасці любой аўтарытарнай дзяржавы…

Усё трэба рабіць своечасова — нараджаць дзяцей, засяваць палі, збіраць ураджай, рамантаваць жыллё і дарогі, у тым ліку і спыняць амбіцыйных уладалюбцаў, пакуль яны не выраслі ў пачвараў-узурпатараў і не нарабілі шмат зла. У беларусаў і расіян, многія пакаленні якіх жылі ў атмасферы хлусні і прымусу, гэта не атрымалася. Аўтакраты выйшлі з-пад кантролю, цяпер яны валодаюць землямі, нерухомасцю, бюджэтамі і самімі людзьмі як уласным набыткам. А новаспечаным рабам даводзіцца толькі рабіць выгляд шчасліўцаў, якія маюць «выдатных правіцеляў», або абурацца на кухнях, у чэргах паліклінік, аптэк і магазінаў.

У нараджэнні аўтарытарных рэжымаў вінаваты і чыноўнікі Еўразвяза, якія з самага пачатку «не раскусілі» сутнасць «новых палітыкаў», хоць пастаянна атрымлівалі папярэджанні ад незалежных экспертаў. Замест гэтага яны распачалі гульню з сумніўнымі партнёрамі і ніяк не могуць спыніцца.

Не думаю, што пасля вострых дыскусій пра становішча ў Беларусі на пасяджэннях Еўрапейскага парламента, ПАСЕ (там крытычная гаворка ішла пра будаўніцтва БелАЭС) і прыняцця прынцыповых рэзалюцый, адразу будуць пазітыўныя змены. Усё зайшло далёка, выходзіць з тупіку няпроста.

Тым не менш публічнае абмеркаванне антызаконных, антыдэмакратычных дзеянняў афіцыйнага Мінска стала пробліскам здаровага сэнсу ў бясконцай і бяззубай выхаваўчай валтузні Захаду. Гэта прыкметны крок на шляху да крушэння аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]